epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Белы агонь, або Жукаў Барок

Дыялогі стагоддзяў
  Голас будучыні
Замест эпілога


Дыялогі стагоддзяў

У вярхоўі Нёмана ў своеасаблівым «салаўіным гняздзе» —

у Жукавым Барку ці непадалёк ад яго, што на тэрыторыі

цяперашняга Стаўбцоўскага раёна, у розныя вякі жылі

славутыя людзі свайго часу:

у 18 стагоддзі — філосаф, аўтар больш як 30 прац па этыцы,

эстэтыцы, атэізму, а таксама аўтабіяграфічнай аповесці,

якія былі шырока вядомы ў Еўропе, Саламон

Майман;

у 19—вядомы польска-беларускі паэт Уладзіслаў

Сыракомля, беларускія літаратары-дэмакраты В і н-

цэсь Каратынскі, Адам Плуг, Карусь Ка-

ганец;

у канцы 19 і пачатку 20 стагоддзяў — Фелікс Дзяр-

жынскі, Янка Купала, Якуб Колас.

 

Голас будучыні

Зямля, дзе Нёман заламаў луку,

дзе бор і поле —

як скрыжалі...

Паселішча, тваю чытаю памяць

на скрыжаваннях мечаных вякоў...

У глыб калодзежа гляджу —

там бачу:

не зор адбіткі,

а вачэй святло.

З далёкіх дзён яно струменіць,

як рэчкі плынь,

у вечную душу...

Стаю на камянях,

што некалі падмуркам

былі,

падрубы спарахнелі...

А постаці ідуць,

ідуць,

як волаты...

Страчайце іх,

вякі...

 

Голас постацяў

(да стагоддзяў)

Па волі аўтара

сышліся мы на веча,

нібы князі

пасля апошняй сечы...

Мястэчка знакамітае,

як люд наш паспаліты.

Святыя карані

зямлі дзядоў

і прашчураў далёкіх...

 

Уладзіслаў Сыракомля

У «вандроўках

па маіх былых ваколіцах»

я голас Буднага

з Нясвіжа чуў,

з-пад Крошына —

стук молата Багрыма...

Яны ў радок мой заляталі,

як пчолы ў вулея ляток...

 

Саламон Майман

Я птушкаю-сіроткай

ляцеў з наднёманскага бору

ў саноўную Еўропу.

Хацеў навуку забрытаць,

як верхнік стрыгунка.

У Кёнігсбергу

Кант руку паціснуў,

сам Гётэ

у Берліне папытаў:

— Ну, як жывеш, Маймане?

Твой шлях праменны...

Будучыні вер...

 

Вінцэсь Каратынскі

Лядашчае жыццё...

А думка як шугала,

як полымя апоўначы на Яна...

Мы кветку-папараць шукалі

сярод палян, дрыгвы, трысця...

Жыла надзея-матылёк,

што час наш апярэдзіць

слова,

апусціцца на кветку шчасця

хоць калі...

 

Уладзіслаў Сыракомля

Я верш тут з сэрца выплеснуў —

ці помніш ты, Вінцэсь?

Гісторыю ад фурмана паштовага

пачуў я ў карчме

ў Міры...

Каханая яго зблудзіла ў завіруху

і клікала яго,

як пошту вёз.

Не голас — здань...

І ён не адазваўся...

Калі вяртаўся,

знайшоў дзяўчыну змёрзлай

на дарозе...

Верш песняй стаў

«Ямщик» —

так пераклаў па-руску Трэфалеў.

У сэрцы маім вобраз той дзяўчыны

жыў да сканання...

Здавалася яна —

«Айчызна моя...»

 

Адам Плуг

Мае аповесці,

раманы...

Хто вас чытае?

Ведае хто вас?..

Гняздо паэтаў —

Жукаў мой Барок...

Сябры мае —

і Людвік,

і Вінцэсь

(і ты, Вінцэнт з Люцынкі,—

хадзіў я ў госці да цябе).

Без вас мне горасна было б,

як старцу пры дарозе...

 

Саламон Майман

Паглянь,

Адам,

на нашы сцежкі —

сляды ўтравелі, крокаў не чутно...

А ў сэрцы — той шынок,

дзе гамузуюць мужыкі...

І дзежка з кіслаю капустай

мне даражэй была,

чым пачастунак караля...

Жыў тут Савон —

памешчык-самадур,

што бацьку звёў майго са свету:

вядро вады ён выпіць загадаў —

так я кармільца страціў назаўсёды...

Без грошыка ў кішэні,

як галітар,

я рушыў пешшу ў Кёнігсберг...

Пакінуў бацькаўшчыну я...

Але ў дарозе, у вандроўках

я помніў, пупавіна дзе мая...

У Кёнігсбергу

і ў Берліне,

дзе я жабрачыў,

стаў ерэтыком,

мне пах капусны сніўся па начах

і гам мужыцкі у шынку...

Хацеў Айчыны летапіс я выдаць,

ды бюргеры мяне не зразумелі...

 

Уладзіслаў Сыракомля

Тутэйшы гаспадар,

вясковы лірнік,

я гербы мажнаўладцаў паспытаў...

Ды словы родныя літвінаў

з грудзей збалелых,

быццам птушак,

выпускаў...

 

Вінцэсь Каратынскі

Твой сакратар,

дзесяць тамоў тваіх я выдаў,

Людвік,

і ведаю цану вясковай ліры...

Як песні Беранжэ,

якія пераклаў я,

былі і твае песні з-пад страхі...

 

Адам Плуг

У замку радзівілаўскім, касцёле

у Нясвіжы,

у Вільні і Варшаве,

і ў нашай жукабораўскай царкве

гучала наша слова,

і кнігі нашы

мужыкі чыталі...

 

Карусь Каганец

О людзі! Так было спрадвеку:

вы светачаў зямлі гасілі,

як лучыну...

На шыбеніцу трапіў Каліноўскі,

а бацька мой — адважны касінер —

у сцюжную Сібір,

дзе я ў Табольску нарадзіўся.

Вяртанне на радзіму,

у Засулле,

што ля Нёмана,

было нам — нібы з выраю буслам...

Я Будзімірам стаў —

будзіў людзей.

нёс агонь асветы:

мой лемантар чыталі дзеці

ў Жукавым Барку...

Дух Беларусі уздымаў,

як крылы жорава,

над парнаю вясноваю зямлёй...

 

Янка Купала

З сястрою Лёдзяй быў я у Няшоце,

на хутары, што побліз Рубяжэвіч

(Бальшак адсюль

бяжыць да Жукава Барка).

Гасцілі мы у цётак і дзядзькоў...

Мой радавод па маці —

Валасевічы:

жылі тут з незапамятных часоў...

Камілія, Антон,

Францішак і Садалія,

Міхал і Зося —

сёстры і браты —

чыталі Будзіміра

«Наш сымболь»:

«Адважна, брацця, наперад ідзіце

Цвёрдай і правай ступою!

Кожнаму смела ў вочы глядзіце,

Праўду нясіце з сабою!

За родну краіну, звычай і мову,

За гонар груддзю ставайце!

Да будзьце верныя сваему слову,

За праўдай заўсёды трывайце!»

Ці не тады агеньчык «боскай іскры»

у сэрцы разгарэўся у маім?..

 

Карусь Каганец (да Коласа)

Турэмны замак мінскі —

мой астрог,

як бацьку некалі —

Сібір...

Ці думалі, што стрэнемся мы тут?

«Паэт, што слаў у «Нашу ніву»,

тутака...

Завецца ён Якуб...»

Шчэ год назад я вокладку

тваёй «Чытанкі» маляваў...

А сёння — нары ў нас адны...

 

Якуб Колас (да Каганца)

На Нёмане ў сваіх Мікуцічах

Я чуў пра Будзіміра,

што недзе побач жыў...

І нат радкі запомніў:

«У трубу зайграема —

Голас лесам пусціма,

Гукнем па балоту жа,

Каб усім было чутненька!»

А цяпер во пачытайце

мае «Песні-жальбы»...

(Дастаў з-за пазухі

свой першы зборнік вершаў.)

 

Карусь Каганец (чытае)

«Сонца ўстане, сонца зайдзе,

Дзень заменіць ночкі цьма.

А над намі чорнай хмарай

Вісне цесная турма.

Птушкі вылятуць на зіму,

Птушкі зноў лятуць сюды,

А мы томімся ў астрозе,

Трацім лепшыя гады».

 

Якуб Колас

Я вобраз дзядзькі

Казіміра Кастравіцкага

ці Будзіміра-Каганца

пранёс па сцежках палыновых

да канца...

І тых «12 рысуначкаў»,

што ён намаляваў у камеры

да вершыкаў маіх,

былі — як месяцаў 12:

з іх кожны радасць —

ад зімы да восені —

прыносіў мне

і пах вясною крыгаломнаю,

бунтоўнай...

 

Фелікс Дзяржынскі

Дзяржынава маё...

І пушча налібоцкая...

І рэчкі Вуса, Нёман...

Хоць не паэт я —

думаў, як аб казцы:

я часта бачыў у астрозе

дом наш,

сосны

і горкі белага пяску...

А там, за пушчаю, за рэчкаю —

мястэчка,

дзе вы,

спадзвіжнікі,

жылі...

І дух вясновы ваш,

што рваў душы апоны,

мяне з-за царскіх кратаў

узносіў да нябёс...

 

Замест эпілога

Качагар Бяспамятны

(ля кастра з кніг

на месцы былой царквы)

Заняпала мястэчка...

Нехта жыў тут калісьці...

Во й не стала царквы,

як анёлы ў неба ўзнеслі.

Старадаўнія кнігі...

Здаецца, хлам’ё,

а чаму ад іх белы агонь —

не дацямлю?

Бляск такі, як ад поўні,—

слепіць ажно...

 

Намеснік старшыні райвыканкома Улучкоў

(убягае, засопшыся)

Улучыў вось хвіліну...

Пастой! Не палі!

Палаюць не кнігі царкоўныя

(нам пазванілі),

а кнігі вялікіх людзей,

ды, кажуць, яшчэ і тутэйшых...

Расцяпы... Расцяпы...

Ну, вось табе... белы агонь...

 

Рэха царкоўнага харалу

Анафема!

Анафема тым,

хто не помніць

роду свайго,

і вечная памяць,

вечная памяць,

хто светачам быў

у народзе!

(З верша Максіма Багдановіча

«Каганцу»)

«Гэтак часам уходзіць у землю крыніца,

Дзесь у нетрах таемна бяжыць,

Але мусіць урэшце на волю прабіцца.

Шмат яшчэ па зямлі будзе ліцца-каціцца

І радзімаму краю служыць».


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан