epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Да Маўзалея

Аляксандраўскі сад...

Лісце жоўтае восені,

што злятае з галін,

з неба ранішняй просіні.

 

Пад нагамі лісты...

Падыходзяць,

становяцца людзі...

Як на споведзі ты —

сэрца стукае ў грудзі.

 

Аляксандраўскі сад...

Ці адгэтуль

чарга пачынаецца,

калі досвіткам росным

Масква прачынаецца?

 

Пачынаецца там,

дзе аулы, станіцы і вёскі,

дзе адмералі ногі

крокі першыя,

вёрсты...

 

Аляксандраўскі сад...

Людзі рушылі

ўздоўж сцен Крамля...

Дзе пачатак чаргі?

Апаясана ёю

Зямля...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан