epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Элегія

У гэтым доме сярод бору

таемнасць ціхая жыла.

Над соснамі гулялі зоры

і асвятлялі кут жытла.

 

Заходзілі, стаяк распальвалі —

зляталі іскры на далонь.

А дом маю трывожыў памяць —

яна зырчэла, як агонь.

 

Між дрэў, зямлі, святла і неба

высока лёсу тут было...

Ды надламалася крыло,

і зоры дзесь за лес аднесла...

 

Зноў вечарэе,

зноў світае —

як калаўрот,

за годам год...

Мне чалавека аднаго

у гэтым доме не хапае...

 

Каму я мог душу даверыць,

як зорцы той,

што аднясло...

Рыпяць журботна, сумна дзверы,

як жураўлінае вясло...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан