epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Элегія неперспектыўнай вёскі

Вечаровая вёска...

Вусціш...

Сон над крынічкай...

Зор у небе — няма.

Беласнежнаю просцінай

адгарэўшыя знічкі

накрывае зіма.

 

Я маўкліва стаю

на тваім раздарожжы:

хаты ўсе —

як звязаныя хатулі.

На пагост вокны-вочы

глядзяць насцярожана,

хоць душою вазьмі

затулі.

 

Будзе бегчы жыццё,

спаконвечнае,

звычнае,

каля вёсак, сяліб

па шашы.

Над табой ліхтары

на слупах электрычных,

быццам свечкі,

гараць у цішы...

Снег ідзе...

Зноў зіма

ахінае прасторы...

Зор у небе — няма.

Спадзяешся на зоры...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан