epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Я – адтуль...

Палі жытнёвыя, рамонкі...

Дубровы, ландышы ў расе...

Зямлі адвечную гамонку

насустрач вецер мне нясе.

 

Душа ў бацькоўскім гойным краі

спрабуе крылы буслянём.

Я за падманным гнаўся раем,

нібыта выгнаны анёл.

 

Чакаў з’яўлення сіняй птушкі,

але кугала мне сава.

Валошку ў жыце вецер гушкаў,

ажно хмялела галава.

 

Валошка? Не, не папракніце:

Яе забыць — забыць і край.

Я зразумеў: у спелым жыце —

мая любоў і мой там рай.

 

Там каласы на мове роднай

шапочуць ціха: «Бе-ла-русь,

ты не была ніколі моднай,

затое ў кветках, як абрус».

 

Зямля мая — каласавіна...

Ты — мой выток, і вусце — ты.

Не вер чужынцу, вер ты сыну —

ён твой заступнік праваты.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан