epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Я шукаю вас

От і ўсё. За светлы край азёрны,

За вясну ў палёх,

Неба сіняе у кроплях зорных

Я навек тут лёг.

А. Коршак

 

На зямлі былой Усходняй Прусіі,

дзе з раллёю напалам свінец,

я шукаю вас,

паэты Беларусі,—

Коршак,

Мілюць

і Крывец.

 

Бачу вас жывымі

і шукаю

між травы, пасёлкаў і ракіт...

Плач матулін,

а ці голас кані

пранізаў душу,

нібы блакіт?

 

З Капыля,

з-пад Скідаля,

Карэліч

я прывёз чаромхі, бэзу пах:

вы ж зусім-зусім не пастарэлі —

гэты пах вам сніўся па начах...

 

З сэрцаў юных у радкі заходзіў

і хмяліў, хто дакранаўся іх...

«От і ўсё...»

На дваццаць пятым годзе...

На трыццатым...

Не жыццё — а міг...

 

Я і сам у маладым узросце.

Ваш равеснік. Зразумела мне...

Хлопцы, адгукніцеся, дзе ёсць вы

на апошняй выклятай вайне?..

 

На зямлі былой Усходняй Прусіі,

дзе з раллёю напалам свінец,

я шукаю вас, паэты Беларусі,—

Коршак,

Мілюць

і Крывец...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан