epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Яблыня Марыя

Пасадзіў яе ў садзе на тым месцы,

дзе карнікі спалілі хату разам з жонкай Марыяй — 26 гадоў;

сынам Міхаськам — 4 гады; дачушкай Вольгай — 2 годзікі; сынам Янкам — 4 месяцы. Назваў яблыню Марыяй...

З расказу М. С. Ясючэні, былога партызана, жыхара вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна

 

— Як жывеш ты,

яблыня Марыя? —

Кожны дзень пытаю на двары я.

З хаты выйду... Да яе іду,

а пасля — па дровы, па ваду.

Хата новая — даўно старая.

Яблыня Марыя — маладая:

стройны стан — сярэбраны зімою,

рукі-голле — ў белені вясною...

Побач тры атожылкі-праменьчыкі:

большы,

серадольшы,

самы меншы.

Падыду — у роспачы спынюся

і ад прыгажосці — здрыгануся.

Чуў: шаптала яблыня —

«Люб-лю...»

Браў адчай, падносіў мне пятлю...

Ды ў імгненне яблыня ўставала —

жыць і помніць вечна загадала.

Хто ж тых злыдняў —

з пекла а ці раю?—

памяццю пякельнай пакарае?

Хто,

як я,

пакажа ўсяму свету

сэрца, што абвуглена,

пад цветам

і раскажа пра маю бяду?..

 

Ціха з саду ў хату я іду

і слязу — гаручую —

на распал нясу:

дровы

удаўцовы

не гараць —

сырыя...

Дзякуй за слязу,

яблыня Марыя!


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан