epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Язмін

Стаю ля белазорых я кустоў —

праз столькі год вярнуўся я сюды-

І белы дым язміну малады

хвалюе зноў, хвалюе сэрца зноў.

«Люблю» —

гучыць праз белы дым,

праз песню лета

і гады...

Пяшчотны мой, чароўны успамін —

язмін, язмін...

Нясмелымі губамі я шаптаў

тваё світальна-роснае імя,

як дакранаўся да пялёсткаў я...

А сэрца трапяталася,

як птах.

 

Мне белы сум застаўся назаўжды...

Нашто вініць,

пытаць цяпер каго?

Калі з кахання светлага майго

той не сплыве язміну белы дым...

«Люблю» —

гучыць праз белы дым,

праз песню лета

і гады...

Пяшчотны мой,

чароўны успамін —

язмін,

язмін...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан