epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Казка пра кракадзіла

Бераг кракадзілаў...

Як дзіўна і страшна!

Не пальмы, секвоі,

А елкі і сосны шумяць...

І рэчкі, лугі —

У лілеях і смолках...

Дык як жа ты трапіў сюды,

кракадзіл?

 

Я чуў у маленстве —

я верыў тым чуткам:

як страшылі імі дома малых!

аднекуль —

адкуль жа? —

па рэчцы дзяцінства плыў

кракадзіл...

 

— Купацца — бронь божа! —

—сынок, не ідзі...

Бо з’есць ён:

не зубы — а вепра клыкі.

 

— Дачушка, на лузе

не рві ты квятоў,

бо, кажуць, выходзіць

у кветкі ён грэцца...

І летась касцу,

бязногаму Янку,—

вунь, бачыла ты,—

адкусіў ён нагу...

 

Казалі,

дзяцей нарадзіў ён сваіх,

якія раслі не па днях —

па гадзінах,

і гэтак, як продак,

хапалі здабычу сваю,

а часам былі

і ахвяраю бацькі...

 

...Наіўная казка дзіцячая,

скажаце?

Падумайце лепей:

адкуль жа быў родам

той

кракадзіл?..


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан