epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Крайняя хата

Крайняя хата...

Да вуліцы ўступ.

Душ падарожных прычасце.

Згледжу з гасцінца цябе

за вярсту —

сэрца затахкае часта.

 

Хто тут ні быў!

Кірзачы, чаравікі...

Песня ўзлятала да столі.

Проста малеча,

нехта вялікі...

Толькі адна

не была тут ніколі,

тая,

што сэрца маё паланіла

недзе ля Нёмана

ці каля пушчы

зорку ў душы назаўжды запаліла

і адпусціла

ў шлях невідушчы.

 

Шмат пахадзіў я, пабачыў нямала,

меў я набыткі, меў я і страты.

З пыльных дарог

дамоў ты

вяртала,

родная

крайняя хата...

 

Стрэне бяроза,

як мама ў веснічках,

дуб пастарэлы —

як тата,

гляне ў вочы

півоня нявестаю,

што не прывёў я

ў хату...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан