epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Крапіва

Сцябала малышоў,

Пякла, як плойма мурашоў,

Слыла спрадвеку вогненнай травой.

І вось з паклонам

чалавек прыйшоў

У дзень блакадны і галодны той.

 

Ён рваў яе, хоць пухірамі рукі абдало,

І клаў, нібы жамчужыну, у кош.

А заўтра будзе есці боршч з яе сяло,

І словы прагучаць:

«Раскоша ўсіх раскош...»

 

Сягоння непрыкметная ля плоту, як палын,

Расце-кусціца жгучка-крапіва.

Ды часам крапівой

па сэрцы сцебане ўспамін,

Калі спрабуе хтосьці тлушчам аплываць...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан