epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

«Мая даверлівасць...»

Мая даверлівасць —

чародка дзікіх качак

на азярыне.

Вунь яна плыве

па промнях сонца

да берага,

дзе шуміць чарот...

— Дзень добры!

Будзь маёй надзеяй,

чарацінка...

Ды што гэта?

Нечая дзікая рука

вырывае танюткую,

замахваецца ёю...

І чародка даверлівасці

рассыпаецца ўбакі

па хвалях —

зыбкасці лёсу,

па сонечных бліках сполаху.

Ды зноў праз нейкі час

чародка вяртаецца

да берага —

а раптам была памылка?

А раптам пашанцуе?

Усё бліжай

і бліжай бераг...

— Дзень добры!..

— ?! —

пытальнікам надзьмуўся чарот,

рулю-клічнік

напагатове трымае,

пільна ўглядаецца ў «мушку»...

Яшчэ секунда...

Яш-чэ...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан