epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

«Маналог снегу, якога не было...»

Куды?

Дзе?

Што? —

Пытанні вы задаеце, людзі...

Я ў гэтых пытаннях сам растварыўся,

як цукар у шклянцы чаю.

Сіноптыка збіў з панталыку:

«мінус» мяняю на «плюс»,

«плюс» на «мінус»,

як мяняе капрызная модніца

свой гардэроб...

Я — ў мройных дажджынках,

што падаюць з неба нявіннага,

даўно асуджанага позіркамі

лыжніка, зайца і курапаткі,

а яшчэ — азімага жыта...

Кажуць, вулкан незвычайны зямны

мяне растапіў...

Не верце...

Вулкан чалавечых страсцей,

які аж кіпіць на планеце,

куды верагодней...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан