epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Матыў

«Нарву цветов

и подарю букет

той девушке, которую люблю...»

артыст спявае адмыслова.

А сэрца, як страла, працяў

мне верш Рубцова...

...Увесь у смолках, незабудках,

цвіў луг надрэчны.

Тым летам я

сваю адзіную

навекі страціў недарэчна.

Гучала музыка ў дуброве,

было і зорна, і азёрна...

А мне хацелася гукаць,

спяваць: «Мая князёўна!..»

І кветкі росныя ў траве,

што часта рваў на лузе,

крычалі нема:

— Не цяпер...

Дык больш яе не будзе!..

Я вёў яе праз луг і гаць,

а потым — праз калоссе...

З-пад вей зірнула:

— Што ж, бывай!

І дзякуй, дзіўны хлопец...

Адкуль зацьменне наплыло

на сэрца, як на сонца?

Чаму паверыў я тады,

што гэты міг бясконцы?..

А ён жа быў — як выдых слоў:

«Нарву цветов...»


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан