epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Міні-верлібры

* * *

Адыходзячы — азірніся:

ці паперадзе будзе твой след?..

 

* * *

Пакуль у рэчкі віхлясты шлях —

шлях яе ў будучыню прамы...

 

* * *

Есць нешта страшнае ў сонцы,

якое заходзіць на небасхіле між хмар:

здаецца, яно не само памірае,

а памірае душамі блізкіх людзей...

 

* * *

Хаты вечарам —зоркі на Зямлі:

свецяць вокны таемным святлом:

Хто вы, зоркі?

 

* * *

Пасівелі дзьмухаўцы пад маімі нагамі —

так доўга ішоў да цябе...

 

* * *

Жанчына —

ластаўка, якая ў вечнай

трывозе:

то кідаецца ўніз з гнязда,

то вяртаецца зноў...

 

* * *

Просьба дачкі-першакласніцы:

купіць ёй глобус, бінокль і мальберт —

сімвалы Зямлі, пільнасці і прыгажосці...

Як дзіўна — не дадумаўся б дарослы...

 

* * *

Тэлескопы дамоў,

аэрастаты дымоў, цыгарэты ракет

у неба імкнуцца, у неба...

І толькі знічкі, якім надакучыла неба,

падаюць з радасцю на зямлю...

 

* * *

Чалавек — жывы адрэзак часу:

не ўкараціце і так кароценькага яго...

 

* * *

Боты прашоргалі па дарозе,

падвода натужна праскрыпела,

машына, тармозячы, праскрыгатала,

а дарога...

дарога не войкнула...

 

* * *

Апускаюць нябожчыка ў магілу...

Слізгануў па ілбе апошні прамень сонца...

І быццам пясок аб рыдлёўку,

скрыгатнуў у сэрцах жывых боль...

Стаяць у маўчанні мужчыны, жанчыны...

Кожны ў сабе хавае надзею:

яшчэ далёка...

Яшчэ не хутка

слізгане па ягоным ілбе апошні прамень сонца,

і быццам пясок аб рыдлёўку,

скрыгатне ў сэрцах жывых боль...

 

* * *

Іканастас неба —

зоркі і поўня...

Месячная ноч —

храм,

у якім я малюся

на цябе,

мая адзіная...

 

* * *

У дзень прыняцця Закона аб Мове,

26 студзеня,

неба над вёскай працялі

маланка і гром...

Свечку маці мая запаліла,

пацеры перад іконай вымавіла...

— Праява...— перажагналася.—

Дзяды такога не помняць...

Вёска назаўтра за ёю паўторыць...

А я падумаў:

«Есць Бог на свеце ўсё-ткі...

Гэта ж ён громам — басам

у міжзім’і пацвердзіў жаданы Закон

і ў канцы паставіў маланкаю

клічнік!»

 

* * *

Цэлае стагоддзе

вёснаў, летаў, восеняў, зімаў

панесла з сабою

бабка Магдалена...

Цэлае стагоддзе

радасцяў, смуткаў, боляў, пакут...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан