epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

«На зямлі маёй ружы цвітуць і цюльпаны...»

Герою Савецкага Саюза

Мікалаю Чэпіку,

воінам, якія загінулі

ў Афганістане.

 

На зямлі маёй ружы цвітуць і цюльпаны,

як і там,

каля гор Гіндукуша...

Мы жыццё аддалі у гарах вельмі рана,

там, у скалах, гараць нашы душы...

 

Самалёт... Самалёт...

Ты ні ў чым не павінен —

хто празваў цябе «чорным цюльпанам»?

Ты нясеш сябрука —

падарваўся на міне —

і мяне,

што не здаўся душманам...

 

За аблокамі мы,

мы цяпер — толькі цені:

праплывём над зямлёю,

над вамі,

суайчыннікі нашы,

няўжо вы хацелі,

каб над вамі мы так праплывалі?..

 

Будзе хутка пасадка на аэрадроме,

стрэнуць слёзы нас,

а не цюльпаны.

І баюся, баюся я роднага дому,

маці немага крыку,

сёстраў,

сяльчанаў...

 

Недзе Зорка гарыць Залатая,

як свечка,

толькі мне пра яе ўжо не ведаць...

Хай бы лепей на небе

свяцілася вечна,

закаханым пад ёй было б светла...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан