epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Новы Свержан

Мястэчку Новы Свержан — у трылогіі Я. Коласа «На ростанях» Панямонь — споўнілася 500 гадоў.

 

Равеснік Адраджэння і Скарыны,

маё мястэчка па дарозе на Нясвіж...

Дзе твой загадкавы «вой-крыж»,

якія ворагі скарылі?

 

Царква Успенская —

з адвечнай тайнай,

і Петрапаўлаўскі касцёл замёр

пад позіркам зыбучых зор...

Вякоў сустрэчы

і расстанні...

 

Тут шведаў і французаў «калыхала»

зямля,

нібы шматбальны землятрус.

Поўз прусаком сюды фашысцкі гнюс,

гадзюкаю «карычневай» паўзла навала...

 

Ты выжыла ў «эпоху» Радзівілаў —

о колькі табе снілася князёў!

Наднёманскі суглінак,

чарназём

не раз сляза твая крапіла...

 

З зямлі тваёй прабіўся Колас,

рос дух яго да неба тут...

Сыны твае ірвалі петлі пут,

каб словы песняра

«Мой родны кут»

Клімук аднойчы ўзняў у космас.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан