epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Пад ценем крыла чарнобыльскай бяды

1. Рэквіем пакінутай хаты
2. Горкая памяць


Лістапад 1986 г.

 

Сястра мая,

сагрэй бацькоўскі дом

сваім дыханнем і душы цяплом...

Мікола Мятліцкі

 

 

1. Рэквіем пакінутай хаты

Словы — па-за рысай...

Гаворым

рухамі,

жэстамі,

мімікай,

яшчэ — маўчаннем душы.

Як хата...

Дзверы,

якія страчалі калісьці нас

рыпам-абдымкам,

застылі наросцеж,

нібы чалавек,

які анямеў ад страху...

Парог,

абшарпаны галёшамі,

ботамі, чунямі,

на які мы смела ступалі,

сцярожка пераступаем —

не зачапіць бы сучок,

хаты аголены нерв...

Печ,

на чарэні якой мы ляжалі,

быццам Ямеля казачны,

ехалі ў сне,

дзе пачулі

пра забойства Індзіры Гандзі,

халодная, нібы лёд...

Вокны,

праз якія

мы зоркі шчасця выглядвалі,

глядзяць у вечнасць

і моляць:

не стаць бы жалобным позіркам

усёй планеты...

 

2. Горкая памяць

Дронькі... Кажушкі...

І Бабчын...

Хто з вас лёс ценю

прадбачыў?

Мёртвая цішыня...

Хоць бы пачуць пяюна...

 

Пуста.

Як неба пустыня...

 

Людзі!

Сэрца застыне...

Час які?

Век які?

Атамны!

Дом не сагрэе

сястра твая,

яблыняў цвет не пакратае...

Аvе, Наталля!

Запомнім

сцежку да весніц, калодзежа,

вуліцу, месяц-малодзіва...

 

Памяць —

прашчураў памяць —

промнямі руні абпаліць...

Цень-уздых сонца

сплыве

па роснай

трагічнай

траве...


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.