epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Перадапошняе пісьмо

13 жніўня 1956 года

«...праз трыццаць гадоў

пісьменніцкі пленум разглядаў

пытанне: пісьмо, з якім Якуб Колас

хадзіў у ЦК партыі ў дзень

сваёй смерці... Пісьмо — пра

становішча з роднай мовай...»

Янка Брыль

На стале песняра засталося недапісаным апошняе пісьмо

маскоўскаму перакладчыку Яўгену Мазалькову.

 

Калышацца пад лёгкім ветрам жыта,

вартуюць сосны знакаміты дом.

Апошні дзень...

Яшчэ ён не пражыты...

Схіляецца чало над аркушам, сталом.

 

«Што напісаць? Ці праўдай гэта будзе?

Ці зразумееш, браце Мазалькоў...»

Не промні жніўня —

злая сцюжа студзеня

залезла ў жылы і халодзіць кроў.

 

...На сосны глянуў, зачыніўшы брамку,

акінуў навуковы гарадок.

Кірунак ясны... Як і неба зранку...

Жыве надзея...

Рызыкоўны крок...

 

Хоць у паветры не было задушша —

спаў тры гады злавесны той мікроб,

што вытраўляў, гнаіў людскія душы,

ссылаў туды, дзе гаспадарыў крот...

 

Ішоў, люляў, шаптаў, нібы замову,

радкі свайго балючага ліста.

У ім слязой нявыплаканай — мова,

якой служыў,

якую страціць страх...

 

Яе адну хацеў аддаць нашчадкам,

як лёс Айчыны,

свой палынны лёс...

...Радкі ліста —

загадку часу —

душа таемна несла да нябёс...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан