epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

«Прыстанеш ціха ля парэнчы...»

Прыстанеш ціха ля парэнчы,

павойкай одум абаўе:

жыццё тваё,

як гэта рэчка,

сплывае хваляю.

Сплыве...

 

Тугі струмень сярод кустоўя,

падказвай мне,

як трэба жыць...

Як ні вазьмі,

яно пустое,

багацце тое,

якім знаёмы твой

дрыжыць...

 

Каменьчык з дна

адшліфаваны,

і сінявы паднебнай

даль,

і плёс,

ляском акаймаваны,—

маё багацце,

мой крышталь...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан