epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Стыхія (Споведзь кахання)

...шар зямны, што ад стыхій знямог.

Пімен Панчанка

 

Зялёны калаўрот —

Зямля —

нас па адной арбіце кружыць...

Ды толькі вейкі я прымружу —

як чую: плача немаўля,

заспетае стыхіяю знянацку

на невядомай лёсу паласе...

Пакутны век куды яго нясе,

няўжо шпурне малечу,

быццам цацку?

Няўжо гатовы замахнуцца

на спаконвечны гэты цуд?

Маёвы сад у шэры груд —

і сэрцу больш не адгукнуцца?

А толькі магма —

без паветра —

ці заімшэлы горкі друз?..

 

Я пратэстую,

землятрус,

які б ні быў —

ваенны,

з нетраў...

Я сам табе прысуд пішу

святой стыхіяю кахання:

яна — маё выратаванне...

Да сонца ўзнось маю душу!

 

* * *

Якою сілай незямной

занесла нас,

дваіх,

сюды?

Рабіннік над Масква-ракой...

І твой уздых,

і мой уздых...

 

Той вераснёвы зарапад,

кляновага лісця свячэнне...

І ўсё было —

як прысвячэнне

табе,

узбечка Мухабат.

 

* * *

...Наш першы курс.

Світанкі...

Ночы...

Ракі ў граніце берагі.

Яшчэ быў воблік дарагі:

смоль броў і кос,

чарніцы-вочы.

Прызнанне-споведзь

пудкіх сэрцаў...

З чым параўнаць я мог яго?

Так запалаюць,

як сустрэнуцца,

бяроза ў цемры і агонь.

 

* * *

Нас несла ў высі, несла ў далі,

што свет забыты быў ушчэнт.

І раптам страшнае —

Ташкент...

Пачулі ў дзень той, прачыталі.

Пра горад ведаў я нямала,

дзе землятрус быў,

каменяпад.

А слова,

імя

Мухабат

ў мяне на вуснах расцвітала.

Ты мне расказвала: яно

«каханне» значыць па-ўзбекску

Такое блізкае —

даўно

яго я вымаўляў, здаецца,

І вось — Ташкент...

Нібы вулкан,

пад ім прачнуўся.

«Родны го-рад...» —

шаптала мне ты,

слёзна, горна...

У руцэ маёй —

твая рука...

 

А тут, нібы на голаў снег:

прынеслі позву ў войска мне...

 

* * *

Раскочваю гадоў сувой,

з пары далёкай чую,

той:

«Чаму ж нам лёс калючы выпаў?

Што мне рабіць?»

«Адзіны выбар...

Цябе чакае горад твой...»

 

* * *

Я помню вечар непагодны

і тое з штэмпелем пісьмо...

«Як служыцца табе, салдат?

Бы птушка Фенікс —

наш Ташкент...

Слядоў не знойдзеш страшнай

драмы

Ну, што сказаць табе яшчэ?

Я тут...

я тут...

выходжу замуж...

Узбек ён...

Зваць яго Пулат.

Бывай навекі!..

— Мухабат —»

 

* * *

Я кляўся: «Дзень той не забуду!..

Але завошта я віню?

Падзякуй сённяшняму дню,

яшчэ таму —

што прыйдзе, будзе...»

 

* * *

Я прызнаю такі агонь,

зямное гэткае пламенне,

каб закаханыя ў здзіўленні

пылалі вечна ад яго.

 

Любві агонь хай будзе з намі,

а мнагабальныя штуршкі

у час прызнання трапяткі

хай толькі сэрца адно знае!


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан