epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

«Ты прадвесне тое шкадуеш...»

Ты прадвесне тое шкадуеш —

незваротная маладосць...

Ты не думай, што я гадую

ў сэрцы сцюжна-зімовую злосць...

 

Замуціць жа крыніцу лёгка...

Пры сустрэчы на нейкі міг

апускаем — не суджана лёсу —

мы з табою вочы ўдваіх...

 

А ў вачах тваіх —

зыркіх маланках —

я навекі адбіцца хацеў.

Будзе сум мой лупаць беражанкай

над вадой, сярод неба і дрэў...

 

Прылятаць мне з дарог дадому,

сцежкай жытняй хадзіць табе...

Адбалелае пакрыёма

адыходзіць ціха ў журбе.


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан