epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

У Алма-Аце

Заліты пікі серабром —

даліна Алатау.

За горна-снежную любоў

тут плаціцца не танна.

Такое дзіва, пэўна, раз

ты бачыш у жыцці...

А сонца, быццам снежны барс,

у горы мерыцца зайсці.

Шырокі тварам,

як казах,

на небе месяц гляне,

нібы на здымку, на гарах,

пакіне мяккі глянец.

На горад кіне позірк з гор,

зліе яго з фантанамі,

а імі — ведаю я, госць,—

алмаацінцы апантаны.

На схіле ўрук цвіце наўкруг —

сцякае пенаю ружовай.

І сам «Медэо» —

рух,

рух,

рух—

каньком накрэсліць словы:

што мне тут без цябе —

нібы Цянь-Шань

без Кок-Цюбе1.

1 Кок-Цюбе — адна з прыгожых мясцін ў гарах Алатау каля Алма-Аты.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан