epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

У напрамку Ваганькаўскіх

У гэтым кірунку

між дрэў

па тратуары

міма калгаснага рынка

побач са мною ішлі

героі Шэкспіра —

у штруксах,

джынсах,

«бананах»:

клікаў іх Гамлет

у груба вязаным світэры...

 

«Быць ці не быць?» —

колькі стагоддзяў,

як лісце з таполяў,

упала яму да ног,

а пытанне вісела,

як ліст апошні на дрэве...

 

Вось і ўваход у Вечнасць...

Справа смяецца клоун Енгібараў,

злева — лепшы лірык Расіі Ясенін,

і прама перад усімі —

Гамлет...

Ён прыйшоў сюды,

апярэдзіўшы час свой,

што ўвесь у каросце, калючках...

Стаў перад саборам Вечнасці,

коней узняў на дыбкі

струною гітары...

Перад вамі,

героі Шэкспіра,

спавядаецца словам

«Быць!..»


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан