epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

У навагоднюю ноч у Фаніпалі

Калі агорне скруха,

успомні,

памяні

чатыры пацалункі

між зорнай цішыні.

 

Ніхто не вінаваты...

Мы не хаваем воч...

Яднала ўсё прырода

у тую ноч.

 

Дзе снежная пустыня,

на ветры-скразняку

здавалася — аб зоркі

я вусны апяку...

 

Гадаў я: хто ты?

Фаня?

А можа, Поля —ты?

Рагнеда непакорная

з далёкай Палаты?..

 

Ды хвілі не хапіла,

каб разгадаць твой лёс...

Згарала ноч,

знікала,

чароўная,

з нябёс...

 

Калі агорне скруха,

успомні,

памяні

чатыры пацалункі

між зорнай цішыні...


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан