epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Валошка

Сіняя кветка

на жытнім палетку

мне даражэй,

чым півоня улетку.

 

Абцалавалі

дажджы маладыя

модныя кветкі —

часцей гарадскія...

 

Ружы, півоні,

вяргіні, герані,

тайны кахання

спазналі вы рана.

 

Ці не таму

вы так хутка завялі,

непрыцягальнымі,

бляклымі сталі.

 

Вас прадаюць

і купляюць на рынку,

з вамі на вечар

толькі ў абдымку.

 

Глянь, як валошка

цвіце незалежна

на родным палетку,

на росным узмежжы.

 

Сініх пялёсткаў

цнатлівыя вусны

ціха цалуюць

паднебную вусціш.

 

І не хацеў бы я

лепшага лёсу —

вечна цвіла б толькі

ў жыце валошка.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан