epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Вырай лістоў

Адлятаюць з клёнаў лісты,

толькі голля ўскалых...

Пасядзім... Памаўчым...

І душу лепш настроім

на слых.

 

Хай пачуе яна цішыню —

развітальную музыку лісця.

Гэта будзе з табой...

Гэта з некім

было ўжо калісьці...

 

І далонь з вышыні

клён нам падасць,

залатую да жылкі.

Будзеш помніць

поціск яе,

як дзень незваротны,

пражыты.

 

Адлятаюць лісты,

нібы птушкі,

над небам журлівым.

Захістай раўнадушша

ствалы,

жоўты вырай,

як кліч жураўліны...


1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Зялёны прамень аеру: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 86 с.: іл.
Крыніца: скан