epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

«Збірае ландышы нямко...»

Збірае ландышы нямко,

нібы абрад святы спраўляе.

Маўчыць зацятае слаўко,

ды сэрца салаўём спявае.

 

Тут толькі і спраўляць абрад

як храм,

маёвая дуброва.

Ён дзівіцца:

чаму ягоны брат,

што можа выказацца словам,

які не знае глухаты —

здалёку чуе песню,—

прыходзіць па дубцы сюды,

каб дома ў кошыкі

уплесці?..


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан