epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Хвалей

Жорсткая музыка

Вянок санетаў
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15


Вянок санетаў

 

Зноў пакаленне зменіць пакаленне,

Але пакуль людскі не звёўся род —

Пры ўсіх аркестрах голасам сумлення

Спявак павінен думаць пра народ.

Яўгенія Янішчыц

 

 

1

Казаў: пачуеш музыку ў душы,—

Вясковы лірнік, ты ў мяне за Бога,—

Няма ў цябе імгнення больш святога:

І дух, і цела, нібы спарышы,

 

Імкнуцца ў бездань высі... Два стрыжы

Жыцця твайго адзінага зямнога,

Якога не было нідзе замнога:

Ні ў буры дзён, ні ў ранкавай цішы.

 

Твой вобраз, быццам знічка, прападае,

Вяртаецца загадкаваю зданню...

Куды нас лёс вандроўны занясе?

 

Каму паклонімся ў журбе расстайна?

Не той скразной мелодыі ў расе,

Што з-пад нябёс крутых зыходзіць тайна?

 

2

Што з-пад нябёс крутых зыходзіць тайна —

Таму адвеку жыць і на зямлі.

Цябе пад скрыпку сцюжы нараклі

Аднойчы ноч калядная, світанне.

 

Узносіліся гукі, як вітанне,

І ты — нібы анёл святы, калі

Яшчэ твой горды прадзедаўскі кліч,

Як маладзік, наперадзе, змаганне.

 

Міг нараджэння! Музыка бацькоў,

Сяброў, знаёмых, блізкіх, сваякоў.

Адведзіны... Ну, як без гожых слоў?

 

Як не ўгадаць, кім першынец твой стане?

Гудзе бяседа шчыра за сталом.

Жыццё ў палоне роздуму, пытанняў...

 

3

Жыццё ў палоне роздуму, пытанняў...

Далёка ад маленства я адбег...

Гады расцягнуты, нібыта мех

Двухрадкі на каленях хутараніна.

 

Ах, гульбы, скокі з вечара да рання —

Дзявочы і хлапечы звонкі смех!

«Каробушку» іграе дзядзька Лех,

Я ў бубен бухаю старанна.

 

Малы, я ў шосты клас хадзіў тады,

А ён крывавых рэк прайшоў брады.

Гармонік латаны, нібы апратка.

 

Калі ў кутку асушваў барышы,

Казаў: «Паслу-хай маю праў-ду, братка...

Кі-дай усё, садзі-ся і пішы...»

 

4

«Кідай усё, садзіся і пішы...» —

Ці мне, падлётку-птаху, было лёгка,

Надрыў пачуўшы, споведзь дзядзькі Лёхі?

Мо лепей бы з лазы плясці кашы?

 

«Сібір... Зіма... Жыццё на скавышы...

Пасля, бы крот, сядзеў у мёрзлых лёхах.

(Той час ліхі не так ужо далёка...)

За што? Чаму? Да трох ты не кажы!

 

Я, пэўна б, косці ўласныя паклаў,

Каб не гармонік-сябар, не іграў...

Ён мой заступнік родны быў, пацеха —

 

А то з жыццём бы, можа, парашыў!..

Пішы... Часіна гэта, хлопча, «веха».

Ты толькі супраць Музы не грашы».

 

5

«Ты толькі супраць Музы не грашы...»—

Сказаў — і зноў на коленкі гармонік.

І «Полька» з «Яблычкам» пяюць-гамоняць...

Сляза ў музыкавых вачах імжыць.

«За што?» — як звон на ростані-мяжы...

«За што?» — этапамі людзей пагоніць

«Хват-следчы» пешшу і ў вагонах.

Арган заплача ад нямой імшы...

 

«За што?» — ідзе-брыдзе, нібы па пятах...

Адзін... Два... Тры... Мільёны паўраспятых...

Якой зямной аплочана цаной?!

 

Імёны дарагія святататна

Чыёй запэцканы гразёй-маной

За нейкі ржавы медны грошык танны?

 

6

За нейкі ржавы медны грошык танны —

Было — сусед суседа прадаваў:

Не на шарманцы даўняй ён іграў,

А на жыцці, на мігу тым астатнім...

 

Дзяцюк мажны, як дуб надрэчны, статны

Павязку паліцая ўраз напяў...

А мо на здраду блізкім права даў

Яму звыродны 37-мы страшны?

 

Бо жорсткую навуку меў той год:

Пужай чужых — таму бі свой свайго!

З гармонічкам нямецкім у губах,

 

З нянавісцю тупой арангутана

Дзяцюк наводзіў на суседзяў страх —

«Тварыў», як Бог, «бунтоўна», «апантана»...

 

7

Твары, як Бог, бунтоўна, апантана...

О гэты ратавальны наш дэвіз!

Душа, к душы ідзі — спяшай без віз!

Ты зразумееш — позна альбо рана,—

 

Чаму тваё няшчаснае каханне

Жыве, дзе мілы кут зямной любві?

Адчай душу павоем апавіў.

Ты ўвесь напяты, чуйны, як мембрана.

 

Ты—быццам сіратлівая струна,

На ёй іграе чорт ці сатана...

Я добра помню джаз-аркестр вясковы —

 

Выходзіць спешна замуж Зоя Шых,

З якой хацеў, жадаў я быць да скону

Не ў хаце — ў вечным райскім шалашы...

 

 

8

Не ў хаце — ў вечным райскім шалашы

Я ёй прызнаўся, помню, ясным летам:

Цвілі лугі альпійскім разнакветам,

Іграла сонца ў ззоранай вышы.

 

Нібы ад срэбных росных парушын,

Зажмурыліся — паплылі над светам.

Ды гэты міг быў — проста песняй спетай.

Ах, Зоя, Зоя!.. Што ж ты, Зоя Шых!..

 

Як мог зманіць, скажы, якімі чарамі

Цябе сельпоўскі спешчаны начальнік,

Што на паўлітра падка пазіраў,

 

Як воўк сівы ў Піліпаўку на поўню?!

Калі куляў, ён тут жа паўтараў:

«Хай дух няўтольны свет стары напоўніць...»

 

9

Хай дух няўтольны свет стары напоўніць...

Ах, дзе вы, скрыпкі, бубны і басы?!

Нібыта рэха, чую галасы

Музыкаў родных—лірнікаў апошніх.

 

Кларнет пяшчотна дзядзька Нічыпорык,

Пяюху-скрыпку, як нявесту, сын

Больш не прылашчаць... Ціха на спачын

Пайшлі ад нас труба, баян, гармонік,

 

Што між баёў, агню на ратным полі

Дух воям уздымалі, сілу волі.

Удовы горка плакалі пад іх.

 

(Ігралі на вяселлі ў вёсках потым)

Нявеста-сірата... І ён — жаніх...

Жыві наканаваны век і помні...

 

10

Жыві наканаваны век і помні...

Глядзіць на Спаса яблык на траву —

Калі не ты, дык, пэўна, я сарву

Ці вецер шустры раніцой, апоўдні...

 

І горкі наш адчай бывае позні,

Нібыта сакавіцкі мокры снег.

Хто верне музыку маёй сасне,

Што між сясцёр панікла ў скрушнай позе?

 

Ты вырваў языкі ў святых званоў —

Сам анямеў на цэлых сто гадоў.

Ды спеў званоў заўсёды будзе з намі —

 

Я чую векавечны іх «бом-дзын»,

Які мне зноў штодня напамінае:

Ты крочыш па зямлі такі адзін...

 

11

Ты крочыш па зямлі такі адзін...

Табою неспазнаны шлях — пачаты...

Ты малады яшчэ, хоць біты-мяты.

Але хто сочыць сумна, паглядзі,

 

Вунь за табой з-за цюлевых гардзін?

А ці не Зоя — боль святы і страта?

А побач з маці хлопчык зухаваты

Свой нос кірпаты ў шыбіну ўсадзіў.

 

Ён грае губкамі ў аконнай раме...

А тата дзе яго? Прагнала мама...

Пад хмелем дэбашырыў у сям’і,

 

Жыў, як залётны салавей у маі.

Акно... Ты безгалосая у ім...

Як дрэва, птушка,— кожны голас мае...

 

12

Як дрэва, птушка,— кожны голас мае...

Навошта ж тады голасам чужым

Ты падпяваў не раз і сім, і тым?

Ішоў ты па крывой, калі прамая

 

Цябе, як дзень, даўным-даўно чакае?

Бяссрэбранік ты быў і пілігрым,

Чаму ж наклаў густы на твар ты грым?

І кожны ад сябе нібы ўцякае...

 

Ды ад сябе ніколі не ўцячэш —

Праплыў наўзбоч, не вернецца каўчэг...

Абняць бы ля старога тракту з жалем

 

Бярозак жоўтых купку і асін...

Ты напішы, як прашчур на скрыжалях:

— Не пасынак ты краю — родны сын.

 

13

Не пасынак ты краю — родны сын:

Зайграй на скрыпцы, дудцы ці кларнеце,

І адгукнецца продак даўні недзе...

А ты ўсё на гітары — дрын ды дрын...

 

І музыка са струн, нібы з адрын

Цапоў удары — пыл адзін, абмецце...

Чуваць здалёк альты: — Нас зразумейце...

Няўжо не заўважалі вы радзін

 

Нязвычных нашых? Нас вы спарадзілі

І час ваш зімны, горкі, як рабіна...

Я разумею даўкую віну —

 

Не па дарозе мне, прызнацца, з вамі...

Крану зямлі адвечную струну:

— Будзь там, дзе люд твой плача ці спявае...

 

14

Будзь там, дзе люд твой плача ці спявае,

Бо прыйдзе некалі няўмольны час,

Калі мяне, цябе і, пэўна ж, вас

Не пад гітары бор закалыхае...

 

І на памінках нехта паўздыхае...

Успомняць, што ты ў спадчыну прыпас,

Ці проста быў, нібы пусты баласт,

Транжырыў дні — сцінала аж дыханне.

 

Чужое ўсё, заморскае любіў —

Як попка-папугай, яго хваліў

І ад яго рабіў жыцця адлікі...

 

Сваё ты бэсціў, ганьбіў і крышыў...

А з гэтым, як казаў вясковы лірнік,

Хіба пачуеш музыку ў душы?

 

15

Казаў: пачуеш музыку ў душы,

Што з-пад нябёс зыходзіць тайна

(Жыццё ў палоне роздуму, пытанняў),

Кідай усё, садзіся і пішы...

 

Ты толькі супраць Музы не грашы

За нейкі ржавы медны грошык танны.

Твары, як Бог, бунтоўна, апантана

Не ў хаце — ў вечным райскім шалашы.

 

Хай дух няўтольны свет стары напоўніць.

Жыві наканаваны век і помні:

Ты крочыш па зямлі такі адзін...

 

Як дрэва, птушка,— кожны голас мае...

Не пасынак ты краю — родны сын.

Будзь там, дзе люд твой плача ці спявае.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Хвалей Я. Квадры памяці: Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 191 с.
Крыніца: скан