epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Курто

Памяць сэрца

 

Пачну з самага істотнага, з таго, што вызначае адметны характар творчасці Міколы Ваданосава. А каб зрабіць гэта болей-меней грунтоўна, трошкі збочу на сцежку лірыкі...

Мікола Ваданосаў, як і ягоныя аднагодкі, людзі таго пакалення, чые юначыя мары апаліла апошняя вайна, пакалення, якое, хоць і моцна парадзелае, усім смерцям назло жыць засталося. Жыве яно, працуе, творыць, ды... ніяк не можа пазбыцца жудаснай памяці вайны...

Дзе б ні працаваў былы партызан, франтавік, а ўсплыве, запалоніць памяць чорна-жахлівае мінулае, адаб’ецца на тваім настроі, уладарна пагоніць думкі па сваім рэчышчы.

Пакаленне пісьменнікаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў вайне, зведалі і слату і нягоды, не маленькае. У кожнага з іх сваё творчае аблічча, свой голас. Некаторыя пішуць выключна пра перажытае, пра вайну. У Міколы Ваданосава амаль усе творы пачынаюцца з мірных пасляваенных дзён, хоць пасля не раз і не два ён вернецца разам са сваімі героямі ў віхуру таго ваеннага часу калатнечы і лакальна, невялікімі адступленнямі раскажа пра самае жахлівае, што перажылі яны, яго героі. І разам з імі — сам аўтар...

Бо не расказаць пра гэта нельга. Яно, тое мінулае, жыве ў душы, у сэрцы, і як незагойная рана ўвесь час нагадвае пра сябе.

Колькі мірных гадоў прайшло, а балючае рэха вайны ўсё не сціхае. Жыве яно ў велічных манументах і ў сціплых помніках-абелісках на нашай зямлі, жыве ў цяжкіх ранах, залечаных і не залечаных дагэтуль.

Рэха вайны. Яно жыве і не можа не жыць у свядомасці тых, хто прайшоў вайну ад пачатку да канца. Прайшоў яе і Мікола Ваданосаў, спачатку партызанскі радыст, а пасля вызвалення роднай Беларусі — радыст-франтавік. Чалавек, які вярнуўся з вайны з ордэнамі і медалямі, так і не здолеў канчаткова вырвацца з палону ўспамінаў пра той жахлівы час. Ён помніць усё. Ён разумее, што абавязаны расказаць пра вайну і пра сябе на дарогах вайны людзям, сваім чытачам.

Мікола Ваданосаў умее расказаць пра вайну і сурова, і сціпла, і разам з тым цікава, захапляюча. Які твор ні прачытай, аповесць гэта ці апавяданне, дзецям ён адрасаваны ці дарослым, пра мінулае ці пра дзень сённяшні, усюды чуецца даўкі пах ваеннага пораху, бо на жахлівых дарогах вайны спазнаў аўтар і голад, і холад, і раненні. Не раз глядзеў смерці ў вочы, і яна, бязносая, не раз заносіла над ім, тады яшчэ зусім юным, сваю няўмольную касу.

Юнак Мікола пісаў тады, у вайну, вершы, і амаль кожны дзень, і ўсё — пра баі-паходы. Першыя радкі тады маладога паэта Міколы Ваданосава ўбачылі свет на старонках партызанскай лістоўкі. Праўда, як прызнаецца зараз, у свае шэсцьдзесят сталых год, сам аўтар тых вершаў, былі яны слабаватыя і рытарычныя. Але, дададзім мы, па-юначаму шчырыя. Пісаць хацелася. А нарадзілася цяга пісаць даўно, яшчэ да вайны, калі Мікола вучыўся ў дарожна-механічным тэхнікуме ў Мінску.

Пасля вайны гэтае жаданне пісаць перарасло ў паўсядзённую неабходнасць. Ну як жа не расказаць тым, хто прыйшоў на змену пакаленню, апаленаму вайной, хаця б пра частачку бачанага і перажытага?

І вось у «Чырвонай змене» з’яўляецца першае апавяданне Міколы Ваданосава «Атака», неўзабаве — другое, затым — яшчэ і яшчэ. І так за год каля дзесятка. Амаль на цэлую кніжку.

А паралельна ідзе праца над аповесцю «У Баркоўскай пушчы». Яе ахвотна бярэ да друку старэйшы і самы аўтарытэтны ў Беларусі часопіс «Полымя». Гэта было прызнанне, яно акрыліла, абнадзеіла...

І хаця былы партызанскі радыст па-ранейшаму працаваў па сваёй спецыяльнасці — тэхнікам на Беларускім радыёцэнтры,— ягонай паўсядзённай працай стала і літаратура. Услед за кніжкамі «Першае знаёмства» (1954) і «У Баркоўскай пушчы» (1956) адна за адной выходзяць усё новыя, адрасаваныя як дарослым, так і дзецям. Гэта «Аднагодкі» (1959) ,«Пабярэжцы» (1960), «Рачны госць» (1961), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Здарэнне на Сцюдзёнцы» (1967), «Адзінай маці сыны» (1968), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзе віруе Бяроза» (1973), «Лясныя прыгоды» (1976), «Жыць, каб змагацца» (1978)... У апошнюю кнігу ўключаны дзве аповесці, якія на рэспубліканскім конкурсе на лепшую дзіцячую кнігу, былі адзначаны прэміямі. Асабліва плённымі былі гады пасля вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах пры літінстытуце імя М. Горкага ў Маскве, якія Мікола Ваданосаў скончыў у 1959 годзе. Яго кнігі чытаюць юнакі і дарослыя, чытаюць з цікавасцю, бо пісьменнік піша так, што, адгарнуўшы першую старонку, не адарвешся, пакуль не дачытаеш да канца. Той-сёй можа зазначыць, нібыта Ваданосаў спецыяльна для чытабельнасці «закручвае» сюжэт.

Не і не!

Сюжэты ўсіх кніжак Міколы Ваданосава ідуць ад жыцця. А каб ведаць жыццё, трэба не назіраць яго, а жыць у ім, жыць разам са сваімі героямі. Бо чытачу патрэбна толькі праўда жыцця. І калі ты ў сваіх творах адлюстроўваеш яе, то можаш не хвалявацца, што кніжкі твае будуць безнадзейна старэць, пыліцца на паліцах. Мікола Ваданосаў усё гэта даўно і добра разумее. Таму і піша гранічна-коратка, сцісла, без традыцыйна-дакучлівых адступленняў, якія часцей за ўсё нічога істотнага ў твор не ўносяць, а толькі замаруджваюць дзеянне.

Возьмем да прыкладу такое апавяданне, як «Галасы на вадзе», якое найбольш адпавядае творчасці пісьменніка. Нездарма яно прагучала па-руску, па-малдаўску, па-чэшску. У ім — багата матэрыялу, каларытнейшыя вобразы, напружанасць дзеяння. З усяго гэтага можна б было стварыць вялікую аповесць, а то і раман.

Дык не ж. Мікола Ваданосаў немалы матэрыял «заганяе» ў рамкі сярэдняга па сваіх памерах апавядання. І чытач выразна бачыць усіх герояў, ведае, чым яны жывуць, чым будуць жыць заўтра, праз год...

Такой мне ўяўляецца і новая аповесць пісьменніка «Скарб Загорскага касцёла», якая на Рэспубліканскім конкурсе на лепшую кнігу для дзяцей і юнацтва 1981—1982 гадоў адзначана заахвочвальнай прэміяй.

Аўтарам гэтага двухтомніка, Заслужаным работнікам культуры БССР, пройдзены па жыцці шлях у шэсцьдзесят гадоў. У яго шмат новых, цікавых задум. Яны ўжо набываюць абрысы будучых кніг. У іх мы, безумоўна, пачуем водгулле мінулай вайны і, вядома ж, зноў сустрэнем новых герояў, якія жылі ці жывуць на Бярозе-рацэ, рацэ-калысцы пісьменніка.

Вось як гаворыць пра гэта сам Мікола Ваданосаў: «Амаль у кожным маім творы ёсць часцінка роднага куточка на Барысаўшчыне (вёска Ніўкі.—Я. К.). І колькі б новых кніжак яшчэ ні было, у кожнай з іх знойдзецца месца маім слаўным землякам, маёй любімай рацэ, якая ўзгадавала мяне, дала крылы для палёту...»

Так вобраз роднага куточка становіцца вобразам літаратурнага твора. Амаль у кожным творы адчуваецца подых лясоў і дуброў Барысаўшчыны з яе гаманкой ракою, з яе паплавамі і азёрамі, якія з дзіцячых год і на ўсё жыццё глыбока запалі ў сэрца...




Тэкст падаецца паводле выдання: Ваданосаў М. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Аповесці/[Аўт. прадм. Я. Курто] - Мн.: Маст. літ., 1983. - 439 с. 1 л. партр.