epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Лецка

Ад складальніка

 

Задума выйсці да чытача з творамі нашага слыннага празаіка А.Мрыя жыла ў мяне даўно, яшчэ са студэнцкіх і аспіранцкіх часоў, калі хрушчоўская адліга дала магчымасць з імі пазнаёміцца. Але здолела ажыццявіцца яна толькі з пачаткам другога этапу дэмакратызацыі нашага грамадства, вядомага напачатку пад назвай перабудовы. Вось тады творы А.Мрыя, своеасабліва лучачы паміж сабой дзве эпохі, паяднаныя агульнасцю ідэалаў і імкнення народа да незалежнасці і Адраджэння, пачалі з «балонак» беларускай перыёдыкі 20-х гадоў спакваля перасяляцца на старонкі такіх сучасных часопісаў, як «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», Нёман».

Лёгка было з тым, што напачатку друкавалася таксама ў часопісах і магло быць без цяжкасцяў адшукана, калі толькі выданні не былі ў трагічных перакрутах часу знішчаны. Значна цяжэй было з газетамі, дзе А.Мрый (Андрэй Шашалевіч) асабліва на пачатку свайго творчага часу ахвотна друкаваўся. І тут ужо давялося абкладвацца такой багатай тагачаснай беларускамоўнай газетнай перыёдыкай і, узрадаваўшыся знаходцы, перапісваць ад рукі знойдзены матэрыял. Зразумела, дазволіць выносіць з сабой з архіўных і бібліятэчных сховішчаў рэдкія выданні ніхто не мог дазволіць. Хацелася б тут, карыстаючыся нагодай, сказаць слова ўдзячнасці супрацоўнікам і кіраўніцтву Дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Беларусі, Дзяржаўнай нацыянальнай і ўрадавай бібліятэцы, дзе гэты пошук найперш вёўся.

Але гэта быў толькі адзін шлях магчымых знаходак, і абрываўся ён, на жаль, разам з драматычнай датай жыцця празаіка — ягоным арыштам і высылкай у далёкія сібірскія краі. Пасля гэтага, зразумела, творы выгнанца ў друку ўжо з’яўляцца не маглі. Але ж жыло спадзяванне, што, і будучы ў выгнанні, ён мог і ў тых, зусім не прыстасаваных да творчай працы, умовах выяўляць тое, у чым толькі і магла па-сапраўднаму выявіцца ягоная сутнасць, сэнс ягонага існавання. Пра тое, што ён яе выяўляў, сведчыў і вядомы ліст да «бацькі ўсіх працоўных І.В.Сталіна», дзе згадваецца напісаны ў выгнанні раман «Жывы дом». Апрача гэтага лагічна ўзнікала думка, што частка напісаных твораў была забрана ў А.Мрыя пад час яго арышту органамі НКУС.

Менавіта кіруючыся гэтым, і звярнуўся я тады праз Саюз пісьменнікаў, сябрам якога з’яўляюся, у органы КДБ з просьбай паглядзець тут, у Беларусі, і звярнуцца ў Магадан, дзе пісьменнік адбываў выгнанне, загубленыя творы нашага выдатнага сатырыка. Прасіў і пра А.Мрыя і пра другога, не менш цікавага і значнага, але цалкам па манеры пісьма адрознага празаіка Лукаша Калюгу, якога на ўзлёце творчых магчымасцяў напаткаў той жа трагічны лёс.

Кажучы па праўдзе, слаба тады верылася на станоўчыя вынікі маёй просьбы і рабілася гэта хутчэй з патрэб маральных.

Можаце ўявіць маю радасць і здзіўленне, калі дзесьці праз год органамі КДБ быў перададзены на маё імя ў Саюз пісьменнікаў ладны пакунак рукапісаў Лукаша Калюгі, сярод якіх, у дадатак, апынуўся і арыгінал славутага «Тастамэнту» Уладзіміра Жылкі. Пісаў свае творы ў выгнанні Лукаш Калюга не на той паперы, якой звычайна карыстаюцца пісьменнікі, а на ўсім, што шэнціла там здабыць для пісання, пераважна на бухгалтарскіх і канцылярскіх бланках. І пераважна не асадкай, а алоўкам, што, зразумела, абцяжарвала расчытванне. Але ўрэшце ўсё было перадрукавана, апублікавана ў часопісах і высока ацэнена крытыкай. Гаворка пра незакончаныя творы (раман і аповесць). Цікава, што, даючы запыт, я пра іх нават і не ведаў, а прасіў вярнуць тое, што было па звестках сябра Лукаша Калюгі па Белпедтэхнікуму Франца Гінтаўта забрана незадоўга пасля арышту Лукаша Калюгі.

Твораў А.Мрыя, на жаль, я з тых патаемных сховішчаў так і не дачакаўся. Пішу ж гэтыя радкі не проста як успамін пра мінулае, але і з не да канца згаслай надзеяй, што выхад твораў А.Мрыя паспрыяе даследчыцкаму пошуку, а з улікам таго, што тыя патаемныя сховішчы ўсё больш прыадчыняюць перад грамадскасцю свае дзверы, хочацца спадзявацца, што спадчына ці не самага таленавітага беларускага сатырыка, якая нібы пісалася і пра нашы дні, будзе нарэшце адшукана і ў поўным аб’ёме вернута нашай літаратуры, нашаму народу.

Яўген Лецка


1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мрый А. Творы: Раман, апавяданні, нататкі / Уклад. і прадм. Я. Лецкі. - Мн.: Маст. літ., 1993. - с. 314-315
Крыніца: скан