epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Лецка

У слове – душа народа

 

Лукаш Калюга (Кастусь Пятровіч Вашына) нарадзіўся 27 верасня 1909 года і дажыў да 1937-га. Убачыўшы апошнюю дату, чытач, мяркую, здагадаецца адразу, па чыёй віне пісьменніку суджана было пражыць такі кароткі век. У які дзень завяршыўся яго жыццёвы кругабег — невядома, як невядома і месца, дзе сатлелі костачкі аднаго з соцень тысяч выгнанцаў з роднай зямлі...

Кастусь быў немаўляткам, калі памерла мама, але сірочая доля абмінула яго: за маці стала бацькава сястра, незамужняя, якая ўзялася даглядаць малое. А калі памёр і бацька, то ў прымы да цёткі прыстаў брат Кастусёвай памерлай маці, Уладзімір Івашын, ён і замяніў бацьку. Паходзілі Вашыны з моцнага сялянскага роду, былі рослымі, фізічна моцнымі і здаровымі, жылі ў дастатку. Але працавалі ад відна да відна, часта не разгінаючы спіны.

Маленства будучага празаіка прайшло ў вёсцы Скварцы былога Койданаўскага павета, цяперашняга Дзяржынскага раёна. Менавіта тут пісьменнік сфармаваўся як асоба, увабраў у сябе тое, што складае адметнасць яго творчасці: мову, мараль, этыку, традыцыі, сам дух народны. Убачыў і спазнаў прататыпаў сваіх будучых персанажаў. З твора ў твор будзе пераходзіць вёска Баркаўцы, за назвай і за самымі рознымі прыкметамі якой лёгка ўгадваюцца родныя пісьменніку Скварцы.

Кастусёва маленства, як і ў кожнага вясковага дзіцяці, было пазбаўлена сузіральнасці і марнатраўства, а большасць радасцяў вынікала з далучанасці да клопатаў дарослых — вадзіць каня на начлег, вазіць з бацькам снапы з поля, вучыцца касіць, араць,— усё гэта было не пакараннем, не цяжкім абавязкам, а шчасцем, якое яшчэ трэба было заслужыць, бо сведчыла пра сталасць, паўнацэннасць як чалавека, як гаспадара. Гэта была вялікая школа жыцця, здабываць хлеб уласным мазалём, а не круцельствам і балбатнёй. Трываласць такой жыццёвай філасофіі адчуў Лукаш Калюга і пазней зрабіў яе грунтам уласнай творчасці.

Пасля вучобы ў Станькаўскай сямігодцы Кастусь Вашына паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум у Мінску і паспяхова закончыў яго ў 1931 годзе. Пакуль што не напісана гісторыя гэтай унікальнай па ўкладу ў станаўленне нацыянальнай культуры навучальнай установы, якая нечым нагадвае Царскасельскі ліцэй, з той толькі розніцай, што там навучалася элітарная моладзь, а ў нас дзеці сялян, рабочых і дэмакратычнай інтэлігенцыі. Выкладалі ў Белпедтэхнікуме людзі вядомыя, сярод якіх былі і Якуб Колас, і яго дзядзька — найбольшы аўтарытэт у мовазнаўчай навуцы Язэп Лёсік, і многія іншыя. Тэхнікум быў прасякнуты духам патрыятызму, жаданнем аддаваць свае сілы роднаму народу, беларускай культуры і навуцы. Усё гэта не магло не ўплываць станоўча на далейшае станаўленне Лукаша Калюгі, на тое, што зарад духоўнасці, атрыманы ў вясковым асяроддзі, арганічна спалучыўся ў яго з гарадской беларускай культурай.

Няма дзіва, што жудасная хваля сталінскіх рэпрэсій, якая ў першую чаргу падмінала пад сябе ўсё чалавечнае, дэмакратычнае, народнае і нацыянальнае, падмяла і амаль цалкам накрыла сабой Белпедтэхнікум разам з яго выкладчыкамі, навучэнцамі і выпускнікамі. Уратавацца здолелі толькі адзінкі.

Сябры Лукаша Калюгі па вучобе — Ніна Казлоўская і Франц Гінтаўт, які быў таксама рэпрэсіраваны,— захавалі ў сваіх сэрцах самыя цёплыя ўражанні пра надзвычай чулага, зычлівага, кампанейскага, вясёлага норавам хлопца, які вылучаўся сярод іншых сваёй высознай, даўгавязай постаццю і часамі, каб выкінуць бяскрыўднага коніка, мог лёгка, быццам праз зэдлік, пераступіць праз выкладчыцкі стол і сігануць на месца за партай.

Пасля вучобы Калюга два гады працаваў стыль-рэдактарам у навукова-даследчым інстытуце прамысловасці ВДНГ і вельмі нядоўга на беларускім радыё.

Арышт не быў для яго чымсьці нечаканым; ужо сядзелі па турмах і лагерах многія знаёмыя, у тым ліку і сябры па згуртаванні «Узвышша», а яго самога не адзін раз выклікалі ў адпаведныя органы — прапаноўвалі, папярэджвалі, пагражалі. Да гонару пісьменніка, чалавека і грамадзяніна, трэба сказаць, што ён быў адным з нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку не выступаў з якімі-небудзь абвінавачваннямі, разноснай крытыкай у адрас тых, каго білі ці збіраліся біць, не каяўся за памылкі ўласныя, якіх не было, але прымушалі прызнаць. Такога, безумоўна, тэарэтыкі і практыкі чалавеканенавісніцтва дараваць не маглі. І для Лукаша Калюгі ў гэтай сітуацыі пытанне заключалася не ў тым, возьмуць ці не, а калі і якія абвінавачванні прад’явяць, на які тэрмін пакараюць...

У 1933 годзе, калі ўзялі Лукаша Калюгу, яшчэ захоўваліся сякія-такія фармальныя прыкметы следства і асуджэння. Сядзеў празаік у мінскай турме, той самай, дзе да рэвалюцыі за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе адбываў пакаранне Якуб Колас. Такім чынам, па волі злога лёсу наладжвалася пераемнасць былога і цяперашняга, вольналюбівых традыцый бацькоў і дзяцей, кажучы ходкім Калюгавым выразам, лучнасці нядолі тых, хто змагаўся за волю і хто гэтую волю атрымаў ад старэйшага пакалення як найвялікшы дар жыцця.

На Калюгавых «творах з-за крат» рукой пісьменніка пазначана «сутарэнне ў Мінску», а потым ужо «на выгнанні ў Ірбіце.» Відавочна, пачынаў ён іх пісаць у мінскай турме, а канчаў ужо ў сібірскай высылцы. Там, зразумела, было ўсё ж лягчэй і зручней працягваць пачатае. А вось як яму ў турме пашанцавала здабыць канцылярскія бланкі, аловак, хто засцерагаў яго ад НКУСаўскай агентуры, ствараючы ўмовы для пісання? Рабіў гэта нехта адзін, кіруючыся прынцыпамі дабрыні, чалавечнасці, клопатам пра родную літаратуру, ці тут існавала нейкая заканспіраваная падпольная група супраціўлення? — вось пытанні, на якія, на жаль, мы не можам даць ніякага пэўнага адказу...

Цікава паслухаць сведчанне паплечніка Лукаша Калюгі Франца Гінтаўта, які ў лісце да мяне піша: «Не верыцца, што Лукаш мог многа чаго напісаць, седзячы ў мінскай турме. Тут ён мог на нейкіх шматках паперы натаваць тое-сёе, для памяці, а пасля перапрацаваць у Ірбіце. Пра гэта сведчыць і тая папера з канцылярскіх кніжак. Лукаш, як ён мне пісаў адтуль, пэўны час працаваў у нейкіх установах перапісчыкам, бо меў прыгожы, чытэльны почырк. Ён нават перапісваў ролі артыстаў у тамтэйшым тэатры. З гэтых крыніц чэрпаў паперу для сваёй пісаніны, на ёй пісаў лісты да Ніны. У той час не было сучасных самапісак, і часта многія для пісьма выкарыстоўвалі аловак. Лукаш паважаў аловак».

Следства па справе Лукаша Калюгі закончылася звыклым абвінавачваннем на выгнанне ў далёкі сібірскі край, куды пісьменнік «па этапе» быў далучаны да такіх жа, як сам, нявінных пакутнікаў, якіх, пачынаючы з канца 1929 года, нібы вар’яцкім канвеерам, гурт за гуртам, гналі з любай іх сэрцу Беларусі ў нязведаную, таямнічую далеч. Гэта пазней, на прыканцы 30-х гадоў, каб прыспешыць абароты рэпрэсіўнага махавіка, «слугі народа» пачнуць дзейнічаць больш эфектыўна і эканомна (у сэнсе эканоміі выдаткаў), адпраўляючы свае ахвяры ў недалёкія ад Мінска Курапаты.

Ужо згадваўся горад Ірбіт Краснаярскага краю. Менавіта тут адбываў Лукаш Калюга высылку з 1933-га па 1937 год. Якіх-небудзь падрабязных звестак пра ягоны побыт мы не маем. У паперах, перададзеных з органаў КДБ, ніякіх дакументальна занатаваных пісьменнікам фактаў, падзей і здарэнняў няма. Адзіныя весткі адтуль — некалькі лістоў, адрасаваных Ніне Іванаўне Казлоўскай. Але ж, зразумела, пісаць у іх пра жахі «сацыялістычнага выхаваўчага лагера» Лукаш Калюга проста не мог, каб не наклікаць яшчэ большай бяды і на сябе, і на сваю сяброўку. Ясна адно: жыццё ў далёкай сібірскай няволі было не салодкім, да краю перапоўненым тугою і смуткам па родным краі, па усім тым, што засталося ў любай ягонаму сэрцу Беларусі. Пачуццём настальгіі прасякнута літаральна кожная старонка ягоных твораў «з-за крат», дзе амаль кожнае слова трымціць болем па знявечанай маладосці, растоптаных марах і спадзяваннях. Яму ж, калі гвалтоўна пазбаўлялі жыцця, не было яшчэ і трыццаці...

Так, Лукаш Калюга загінуў ва ўзросце, калі творчая асоба звычайна толькі набірае разгон, а здараецца, пачынае свой шлях.

І ён, быццам прадчуваючы заўчасную смерць, пачаў пісаць вельмі рана, будучы вучнем Станькаўскай сямігодкі. Спачатку дасылаў у надзвычай папулярную ў 20-я гады газету «Беларуская вёска» допісы пра добра знаёмае яму жыццё ў родных Скварцах, потым перайшоў на апавяданні. Дасылаў іх у «Чырвоны сейбіт» — літаратурны дадатак да «Беларускай вёскі», які выдаваўся асобна ад яе, накшталт своеасаблівага часопіса. Рэдагаваў яго Кузьма Чорны. Менавіта ў ягоныя рукі трапілі Калюгавы творы, і, блаславіўшы іх у друк, вядомы ўжо тады пісьменнік стаўся хросным бацькам маладога празаіка, якому не было тады яшчэ і дваццаці гадоў.

«Пісьменнік... і не абы-які пісьменнік, братачка. Богам дадзены талент...» — так, паводле слоў Янкі Скрыгана, атэставаў Кузьма Чорны Лукаша Калюгу.

Калі гаварыць пра маладую літаратуру Беларусі, дык яна развівалася пад сцягам «Маладняка», які ў спрыяльнае для станаўлення нацыянальнай культуры паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе здолеў шырока разгарнуць дзейнасць і да 1926 года згуртаваць у сваіх шэрагах звыш пяцісот сяброў. Ідэі і дзейнасць суполкі даходзіла да глухіх куткоў Беларусі. На першай пары маладнякоўцы былі моцна з’яднанымі паміж сабой і ўяўлялі адзінае цэлае не толькі ў арганізацыйным, але і ідэйна-творчым, мастацкім плане. Разам яны быццам складалі аднаго аўтара, які выступаў у розных іпастасях, відах, жанрах, тэмах і г. д.

«Маладняк», за рэдкім выключэннем, аб’ядноўваў у сваіх шэрагах усіх маладых пісьменнікаў Беларусі. Да такога выключэння якраз і належаў Лукаш Калюга. Уступленню ў суполку, можна меркаваць, перашкаджала тое, што ён жыў на вёсцы, а, наколькі вядома, філіі «Маладняка» на Койданаўшчыне не было. Але ж не зрабіў ён гэтага і потым, калі пераехаў у Мінск. Прычынай таму, бадай, была адметнасць таленту, моцна заглыбленага ў рэальнае жыццё, пазбаўленага рамантыкі, рэвалюцыйнага пафасу, дэкларацый, на якія такой шчодрай была маладнякоўская творчасць. Нават псеўданім пісьменніка быў нібы знарок палемічна скіраваны супраць распаўсюджанай у той час завядзёнкі браць гучна-рэвалюцыйныя, узнёсла-рамантычныя, раслінна-квяцістыя літаратурныя імёны.

І ўсё ж пэўны ўплыў на пачаткоўца «Маладняк» аказаў, магчыма, міжвольна, падсвядома, бо, напэўна, дапытлівы юнак чытаў і часопіс, і творы з кніжыцы «Маладняка».

Пра далучанасць, а ў пэўным сэнсе і паглынутасць «маладнякоўствам» уласнага «я», досыць выразна сведчыць апавяданне «Вясна», першае з надрукаваных у «Чырвоным сейбіце».

Яго назва тыпова маладнякоўская, яна вар’іравалася ў іншых творах і асацыіравалася з улюблёным матывам рэвалюцыйных пераўтварэнняў і змен. Распаўсюджаным для «Маладняка» было падпарадкаванне індывідуальнага, псіхалагічнага класаваму, сацыяльнаму, хоць, да гонару Лукаша Калюгі, схема не забівае ў яго жывога характару. Сваё і чужое, агульнае для ўсіх, выяўляецца і ў мастацкай тканіне апавядання. Вось пачатак:

«Як маленечкія люстэрачкі, мяняюцца ад прамення вясенняга сонца растрэсеныя па полі сняжынкі. Весела міргае шыр палявая, як вокам скінуць, ад вуглоў трох новых хат з прыбудоўкамі хлеўчукоў ды такоў, што, як дзіця старчыхі ў цёплай хаце, туляцца ля іх, да бярэзнічку шляхечага хутара. Заве шыр на свае загоны».

У такім жа стылі, дзе малады аўтар нібы знарок дэманструе сваё майстэрства, сваё ўменне пісаць прыгожа, карыстацца распаўсюджанай маладнякоўскай вобразнасцю, разгортваецца апавяданне і далей, але не да канца, бо, уцягнуўшыся ў апісанне, у даследаванне характара, празаік нібы забыўся пра сваю першапачатковую зададзенасць і пачаў пісаць проста і дакладна, падпарадкоўваючы слова таму, што трэба было сказаць. Пазбаўляцца штучных прыгостваў, мяркую, яго найперш змушала тыпова свая, ні на чыю не падобная, мова, якая нават у першых Калюгавых творах радуе свежасцю і багаццем фарбаў.

Так, паспрабаваўшы, і зусім, заўважым, не без поспеху, пісаць пад «Маладняк», Лукаш Калюга тут жа і адышоў ад яго, выступаючы ў сваіх іншых творах цалкам непаўторным, са сваёй яскрава выяўленай індывідуальнай манерай. І ён гэтым самым, нібы ў мініяцюры, паўтарыў шлях найбольш выяўленых маладнякоўцаў, якія адчулі для сябе вузасць маладнякоўскіх рамак і заявілі 26 мая 1926 года аб выхадзе з гэтай суполкі і стварэнні новага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша».

Новае аб’яднанне мела разгалінаваную праграму самасцвярджэння, але асноўны кірунак быў на самабытны нацыянальны шлях развіцця, шырока раскрыты як для засваення мінулых здабыткаў роднай культуры, так і, кажучы іхнім слоўцам, для апанавання культурных дасягненняў іншых народаў.

Прыехаўшы ў Мінск, Лукаш Калюга становіцца не толькі студэнтам Белпедтэхнікума, але і сябрам згуртавання «Узвышша». Рэкамендацыю яму напісаў Кузьма Чорны. Трэба сказаць, што доступ у суполку быў строга абмежаваным,— сюды залічалі толькі бясспрэчна таленавітых, і ўзвышэнцаў было ўсяго каля дзесяці чалавек. Яны выступалі за свабоду творчасці, незалежнасць літаратурнага згуртавання («Маладняк», як вядома, працаваў пад апекай ЦК ЛКСМБ), заахвочвалі мастацкі пошук, у тым ліку і эксперыментаванне, заклікалі павышаць культуру творчасці ўвогуле і мовы ў прыватнасці, стварыць мастацтва, «якое ўбачаць вякі і народы». Узвышэнцы, карацей кажучы, распрацавалі праграму нацыянальнага культурнага адраджэння, якая ў параўнанні з папярэднім, маладнякоўскім, перыядам нацыянальнага абуджэння і самавызначэння, колькаснага збірання сіл, сведчыла аб якасных зрухах у асяроддзі маладых беларускіх літаратараў, аб усведамленні імі сваіх задач у абсягах не толькі ўласна літаратурных, суполкавых, а адраджэння народа, яго духоўнага самавызначэння і самасцвярджэння, выхаду на гістарычную арэну як раўнапраўнага і незалежнага суб’екта развіцця.

Падзеі ў краіне не дазволілі ўзвышэнцам разгарнуць творчую дзейнасць на поўную моц, у больш-менш спрыяльных умовах яны працавалі ўсяго тры гады (1927—1929), але зробленае і надрукаванае за гэты час у часопісе «Узвышша» ўвайшло, не пабаімося гэтага сцверджання, у залаты фонд роднай літаратуры. Назаву тут раманы Кузьмы Чорнага «Сястра» і «Зямля» ды яшчэ каля дзесятка апавяданняў, сярод якіх і славутыя «Вераснёвыя ночы», апавяданні і раман «Запіскі Самсона Самасуя» А. Мрыя, лепшыя сатырычныя вершы і байкі Кандрата Крапівы; лірыку і эксперыментальныя паэмы У. Дубоўкі «Штурмуйце будучыні аванпосты» і «Пурпуровых ветразяў узвівы»; аповесць «Салавей» і першую кнігу рамана «Язэп Крушынскі» Змітрака Бядулі; крытычную спадчыну А. Адамовіча і А. Бабарэкі...

Большасць пералічаных імён і твораў добра знаёмы сучаснаму чытачу яшчэ са школы, іншыя, спадзяюся, неўзабаве ўвойдуць у нацыянальны духоўны набытак. Ужо адзін гэты кароткі пералік паказвае, якой індывідуальна своеасаблівай, па-нацыянальнаму самабытнай і адначасна расчыненай насцеж агульначалавечым духоўным памкненням, па-мастацку значнай была праца узвышэнцаў.

Творчасць Лукаша Калюгі ўжо на самым пачатку стаяла наўзбоч асноўных маладнякоўскіх плыняў, дзе выразна сцвярджала сябе і рамантычная прыўзнятасць над жыццём, і квяціста-стылёвая аздобленасць, і чуллівы лірызм, і гучна-эфектная рытмізаваная фраза, і прыгодніцтва, замешанае на неверагодных здарэннях у час змагання з «класавым ворагам». У Калюгі ж усё было проста і звычайна — спакойная і нібыта цалкам традыцыйная плынь вясковай прозы, звыклыя, часамі ўзятыя быццам паза часам сялянскія характары, свядомая арыентацыя на роднае, змалку дарагое і блізкае, прытым і на такое, што лічылася забабонным, абсалютна чужым новай рэчаіснасці. Усё гэта ніяк не стасавалася з «Маладняком», але было прыхільна сустрэта ва «Узвышшы», дзе маладому празаіку былі створаны вельмі спрыяльныя ўмовы для творчасці і друкавання.

Што ж датычыць стасункаў паміж згуртаваннямі, то адразу, пачынаючы з заявы аб выхадзе з шэрагаў «Маладняка», паміж былымі супольнікамі ўсталяваліся далёка не мірныя дачыненні — чым далей, тым больш палеміка набывала зацяты і непрымірымы характар. Пасля ж таго, як «Маладняк» падпаў пад уплыў РАППа і страціў нацыянальную самастойнасць, ператварыўся ў БелАПП, нападкі пачалі насіць рэзка выяўлены палітычны характар з патрабаваннем расправы над «носьбітамі варожай пралетарыяту нацыяналістычнай і кулацкай ідэалогіі...».

«Узвышша» першым пала пад ударамі сіл, якія неўзабаве паўнаўладна запануюць ва ўсіх сферах савецкага грамадства. Ужо ў канцы 1929 года былі арыштаваны Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча — пакуль што, дарэчы, належна не ацэнены паэт. Пазней такая ж доля напаткала Антона Адамовіча1, Фелікса Купцэвіча, а потым Лукаша Калюгу і А. Мрыя...

Шал пракурораў ад ідэалогіі не меншаў, а ўсё большаў — яны не толькі працягвалі бэсціць, абвінавачваць, але і дамагліся таго, каб узвышэнцы самі сябе асудзілі. Неўзабаве маглі і ўсцешыцца: спачатку было апублікавана рашэнне сходу згуртавання аб прызнанні ўласных памылак, а потым і заява з характэрным для таго часу загалоўкам «Агентам міжнароднага імперыялізму патрабуем жорсткай кары!». Гэта ў адносінах і да тых, хто сядзеў у турмах і лагерах!

Такім чынам захопліваліся, разбіваліся, дэмаралізаваліся асяродкі нацыянальнай культуры, прыстанішчы нацыянальнага духу, самасвядомасці і духоўнасці народа. І ў гэтым сэнсе лёс «Маладняка» і «Узвышша», справакаваных на літаратурную барацьбу, быў аднолькава трагічны, як і лёс іншых беларускіх культурных і інтэлектуальных цэнтраў — Акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага універсітэта, іншых вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, таварыства краязнаўства і г. д. Нацыя планамерна пазбаўлялася сваёй інтэлігенцыі, а тая яе нязначная частка, якая фізічна ацалела, была духоўна зломленай, маралізаванай, завербаванай на абслугоўванне бесчалавечнай машыны па знішчэнні ўласнага народа...

І няхай сабе на долю такіх, як Лукаш Калюга, выпалі нялёгкія выпрабаванні, і яны не здолелі раскрыцца на ўсю моц сваіх творчых магчымасцяў, не кажучы пра звычайнае чалавечае шчасце, якое іх абмінула, усё ж яны не сталі пярэваратнямі, не здрадзілі чалавечнасці і назаўсёды засталіся перад сваім народам чыстымі душой.

Аддаўшы ў першым апавяданні «Вясна» пэўную даніну маладнякізму, выяўленню шырока распаўсюджаных у той час у літаратуры матываў размежавання бедных і заможных сялян, так званым класавым канфліктам на вёсцы, якія сапраўды існавалі і адпаведнымі ідэалагічнымі службамі распальваліся, Лукаш Калюга ўсё ж узяў у наступных апавяданнях курс на мастацкае выяўленне традыцыйных для беларускай рэчаіснасці характараў, на сцверджанне маральных каштоўнасцяў, перш за ўсё дабрыні і спагады чалавека да чалавека, якія складваліся вякамі і працягвалі існаваць і ў новым грамадстве.

Наватарства маладога празаіка выявілася ў тым, што ён на традыцыйнае здолеў паглядзець свежым, нетрадыцыйным вокам. Перш за ўсё звернем увагу на адкрыццё ім вобраза дзівака, падобнага на таго, які значна пазней цікава заявіць пра сябе, скажам, у апавяданні В. Адамчыка «Дзікі голуб» і як цэласная, шматгранная з’ява замацуецца ў творчасці рускага празаіка В. Шукшына. У кірунку шматвыяўнага асэнсавання нацыянальнага характару ў яго спецыфічным «дзівацкім» увасабленні разгортвалася і навелістычная творчасць Лукаша Калюгі.

Тыпы людзей у гэтых індывідуальна і нацыянальна вельмі своеасаблівых, самабытных пісьменнікаў розныя, як розніцца псіхалогія, побыт, натура, прынцыпы паводзін, тэмперамент рускага і беларуса. Але пафас аўтарскіх пазіцый, мяркую, зводзіцца да аднаго і таго ж — да сцверджання права кожнага чалавека быць самім сабой, паважаць іншага, хто хоць у чымсьці істотным адрозніваецца ад цябе, ад тваіх пераконанняў, але не перашкаджае жыць, таксама быць самім сабой.

Права гэтае героямі Лукаша Калюгі сцвярджаецца нібы само сабой, іх жыццёвай сутнасцю, хутчэй падсвядома, чым усвядомлена, шукшынскі ж герой, чалавек зусім іншай грамадскай фармацыі, нацыянальнага і гістарычнага вопыту, актыўна і цалкам усвядомлена змагаецца за сваё права чалавекам звацца, быць такім, а не іншым.

Зразумела, Лукаш Калюга і Васіль Шукшын, як літаратурныя з явы, узніклі незалежна адзін ад аднаго, аднак многія матывы іх творчасці народжаны шмат у чым падобнай атмасферай, якая ў першым выпадку папярэднічала, ці, дакладней, была звязана са станаўленнем сталінізму, а ў другім — фарміравалася ў грамадстве пасля яго ідэйнага, палітычнага і маральнага краху.

Шукшынскія дзівакі — воля і дух народныя, якія прабіліся з-пад цяжкай камандна-адміністрацыйнай, рэпрэсіўнай пліты, што глушыла творчую думку, эмоцыі, свабоду самавыяўлення кожнага чалавека, прымушаючы яго паводзіць сябе як усе, таймаваць прыродны покліч уласнай натуры. І вось пасля ХХ з’езда партыі чалавек, набраўшы ў лёгкія паветра свабоды, узбунтаваўся супраць прымусу ў любых яго праявах.

Дзівакі Лукаша Калюгі яшчэ не зведалі на сабе прымусовых «прывабнасцяў» новай сістэмы, яны жывуць традыцыйным запаволеным жыццём, іх канфлікты і непаразуменні маюць не сацыяльнае, як у В. Шукшына, а амаль выключна бытавое, псіхалагічнае, маральнае напаўненне. Але і там, і тут перад намі не стандартныя характары, што сваімі паводзінамі і прынцыпамі выломліваюцца з агульнага ходу жыцця, яны ўяўляюць сабой не правіла, а выключэнне, якім нібы знарок выпрабоўваецца гуманная сутнасць грамадства.

Лукаш Калюга, быццам прадчуваючы небяспеку глумлення над народнай душой, ператварэння чалавека з самабытнай, годнаснай асобы ў бязлікага выканаўцу волі вялікага правадыра і яго шматлікіх правадырчыкаў-памагатых, выбіраў з безлічы добра вядомых яму вясковых тыпаў найбольш самабытныя і найменш прыдатныя для стандартызацыі і сляпога паслушэнства.

Яго героі бываюць смешнымі (згадаем Трахіма з Пагулянкі, які ў знак пратэсту супраць жонкі аб’яўляе галадоўку, а сам цішком заглядвае ў шафу з ядой), камічнымі, непрыстасаванымі ў жыцці, ахочымі на дармавінку выпіць і закусіць. Але што значаць гэтыя дробязі супраць рэк народнай крыві, якая ж не сама сабой лілася, а пускалася тысячамі выканаўцаў, якім трэба было віжаваць, пісаць даносы, арыштоўваць, судзіць, трымаць людзей у турмах, выконваць смяротныя прысуды...

Кампанія чалавеканенавісніцтва і людажэрства пачалася задоўга да 30-х гадоў, яна ўсяго толькі лагічна завяршыла ў другое паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе тое, што пачалося ў першае.

Бачыў, усведамляў, прадчуваў ці інтуітыўна станавіўся на абарону чалавечнасці малады дваццацігадовы празаік — сёння не так і важна. Галоўнае, што пафас, маральна-этычная сутнасць твораў пісьменніка аб’ектыўна супрацьстаялі дэгуманізацыі савецкага грамадства, якое з кожным годам усё больш катастрафічна набліжалася да той страшнай мяжы, за якой было перараджэнне і ператварэнне зусім у іншую, чым задумвалася напачатку, рэальнасць. У гэтай сітуацыі важна было не сварыць людзей, а з’ядноўваць і кансалідаваць нацыю. Для пісьменніка і людзі, і вёска, пра якую ён піша,— свае, родныя, блізкія, незаменныя. Характэрная ў гэтым сэнсе канцоўка апавядання «Баркаўцы — добрая вёска, і баркаўчане — вясёлыя людзі»:

«Але хто што ні гаворыць, а я адно кажу: за нашы Баркаўцы ў свеце лепшай вёскі няма. Нізашто б я з яе не выбраўся, хоць бы мне й прыплочвалі».

У гэтым апавяданні, як і ў іншых, ёсць і светлыя лірычныя старонкі, народжаныя любасцю да вёскі і яе жыхароў, і гумар, але новым, бадай, з’явіўся погляд у глыбіню вякоў, разуменне жыцця як вечна рухомай і жывой плыні, дзе дзень учарашні пераходзіць у дзень сённяшні, высвечвае чалавечыя характары новымі гранямі.

Чалавекалюбны зарад, які несла ў сабе творчасць Лукаша Калюгі і іншых пісьменнікаў-гуманістаў, быў надзвычай патрэбным тагачаснаму грамадству, хоць, зразумела, і не мог перакрыць дарогу грубай сіле «праваахоўных» органаў, франтальнаму наступу пануючай ідэалогіі, што ўвасабляла сабой уладу, яе магутную рэпрэсіўную моц.

Пісьменнік не толькі сцвярджаў каштоўнасці традыцыйнай народнай маралі, але і адным з першых паспрабаваў разабрацца ў сутнасці новага грамадства, у тых маральных і ідэалагічных дэфармацыях, якія адбываліся ў ім. З найбольшай паўнатой яго роздум і трывога ўвасобіліся ў аповесці «Ні госць ні гаспадар» — вялікім эпічным творы, які з працягам друкаваўся ў некалькіх нумарах часопіса «Узвышша», але, на жаль, не быў завершаны, па сутнасці абарваны на палавіне, што, безумоўна, не магло не паўплываць на паўнату ўвасаблення аўтарскай канцэпцыі, нашага яе разумення.

Твор напісаны на хадавую ў «Маладняку» тэму — жыццё камсамольскай моладзі. Аднак не заўсёды маладнякоўцам удавалася намаляваць жывы і праўдзівы характар маладога сучасніка, хоць яны і лічылі, што толькі адны здольныя здзейсніць гэта. Менавіта ў піку ім Якуб Колас, якога маладыя задзірыста крытыкавалі за нібыта няздольнасць адчуць і паказаць новае, напісаў аповесць «На прасторах жыцця». Твор гэты і да сённяшняга часу застаецца хрэстаматыйным, ёсць у ім шмат прывабнага і жывога, аднак нельга не заўважыць і таго, што пісьменнік тут арыентаваўся не так на глыбокае асэнсаванне жыцця, як на гатовыя ўзоры, на тое, што пра камсамольцаў пісаў тагачасны друк, гаварылася з трыбун. А і тады ўжо гаварылася і пісалася не пра тое, што ёсць, а што быць павінна згодна з высокімі ўстаноўкамі і рэгламентацыямі. Шмат у чым, праўда, Колас не пагаджаўся, палемізаваў, і калі б ён дасканала ведаў тое, пра што пісаў, то, напэўна, твор набраў бы большай глыбіні і праблемнасці. Але галоўнае, што паўплывала на мастацкую спецыфіку аповесці, дык гэта тое, што пісьменнік, спаборнічаючы, а значыць, і палемізуючы з маладнякоўцамі, сам, строгі, да прыземленасці дакладны рэаліст, падпаў пад іх рамантычны стэрэатып досыць аблегчанага асэнсавання жыцця, і гэта абумоўлівала, быццам загадзя праграмавала эстэтычную сутнасць гэтага самага «нетыповага» коласаўскага твора.

Нетыповага не для тагачаснай літаратуры, а для самога Якуба Коласа, яго творчай манеры. Тут пісьменнік, чыя творчасць вызначаецца надзвычай трывалай заглыбленасцю ў жыццё, пайшоў бадай што на свядомы адыход ад свайго асноўнага прынцыпу, і пабуджальным матывам для творчасці сталіся яму літаратурныя імпульсы, жаданне даказаць маладым пісьменнікам, што ён не толькі здольны адлюстроўваць тыя ж, што і яны, тэмы, але і рабіць гэта на значна вышэйшым мастацкім узроўні. І, зазначым, народны пісьменнік досыць бліскуча сцвердзіў сваю мэту, але ўжо не ў кантэксце сваёй, а іх, маладнякоўскай, творчасці.

Што датычыць Лукаша Калюгі, дык ён не палемізаваў, а апісваў жыццё такім, якім яго бачыў на свае вочы, але менавіта такі прынцып і абумовіў арганічную скіраванасць аповесці супраць пэўных тэндэнцый, што зараджаліся тады ў жыцці і так ці іначай адбіваліся ў дзейнасці «Маладняка», які ад самага пачатку быў моцна ідэалагізаваным, шчыльна прывязаным да палітычных падзей у краіне. Калюга ж арыентаваўся на народнае светабачанне, ва ўсёй сваёй творчасці быў арганічна далучаным да традыцый, глыбінных вытокаў мовы, маралі і духоўнасці свайго народа, арыентаваўся, карацей кажучы, на тое, чым была моцнай творчасць і Якуба Коласа. Гэта, мабыць, гучыць парадаксальна, але Калюгава аповесць «Ні госць ні гаспадар» успрымаецца куды больш коласаўскім творам, чым яго ўласны — «На прасторах жыцця»...

І ўсё ж, падладжваючыся пад стыль маладнякоўцаў, пад манеру паказу характару маладога героя, Я. Колас за асобнымі выключэннямі (згадаем старонкі, дзе аддавалася даніна шырока распаўсюджанай вульгарнай антырэлігійнай прапагандзе) не дазваляў сабе яўных перабораў і адыходаў ад народнай маралі, павароту да таго, што так ці іначай спрыяла дэгуманізацыі літаратуры, чалавека і грамадства.

Адна з самых небяспечных тэндэнцый заключалася ў распальванні варожасці паміж людзьмі, нянавісці адных сацыяльных груп да іншых, выпрацоўцы своеасаблівага кодэкса вышэйшасці толькі на падставе пралетарскага паходжання ці партыйнай прыналежнасці.

Многія з ідэалагічных установак адбіліся, не маглі не адбіцца і на дзейнасці «Маладняка». Памылковае разуменне сутнасці традыцый і наватарства, складаных узаемаадносін мінулага вопыту з новымі тэндэнцыямі прывяло да шматлікіх пралікаў ідэйна-эстэтычнага плана, характэрных для творчасці маладнякоўцаў. Новае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Узвышша», якое вылучылася з «Маладняка», імкнулася сваю дзейнасць будаваць на цалкам новай платформе. Тыя асноўныя тэндэнцыі, якія выяўляліся ва ўзаемаадносінах абодвух згуртаванняў, былі ўласцівы пераважнай большасці іх сяброў, у тым ліку і Лукашу Калюгу, які належаў да «Узвышша». Найбольш выразна палемічная накіраванасць супраць «маладнякізму» выявілася ў аповесці «Ні госць ні гаспадар».

Твор належыць да так званай юнацкай аповесці. Упершыню гэты жанр асвойваецца ў маладнякоўскіх творах рамантычна-прыгодніцкага кірунку.

Што ж уяўляе сабой аповесць Лукаша Калюгі «Ні госць ні гаспадар», напісаная на блізкую да маладнякоўскіх твораў тэму?

У творы адлюстраваны той перыяд жыцця грамадства, калі яшчэ не вялася шырокая калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ва ўсякім разе, не было яе такіх найбольш жорсткіх формаў, як масавасць і прымус. Менавіта гэта найбольш глыбока ўскалыхне вясковае жыццё, зрушыць са сваіх падвалінаў традыцыйны сялянскі побыт, адарве ад яго многіх насельнікаў і адправіць ці ў далёкую Сібір, ці ўвогуле на свой свет. Водгулле гэтых трагічных падзей са шчымлівым болем увасобіцца пазней у напісаных пісьменнікам на выгнанні творах «з-за крат». Тут жа, у аповесці, вёска малюецца, можа, і занадта традыцыйна, аднак і на такім, знешне спакойным, жыцці празаік здолеў разгледзець і паказаць вельмі істотныя для развіцця нашага грамадства працэсы і тэндэнцыі, якія ў той час толькі наклёўваліся, спакваля набіралі сілу, што здолее неўзабаве імпэтна развіцца, набраць размах, які нялёгка ўтаймаваць і ў нашы, аб’ектыўна нібыта скіраваныя супраць гэтай сілы, дні.

У свае няпоўныя дваццаць гадоў Лукаш Калюга «тайнамі» сацрэалізму не валодаў, а пісаў жыццё з натуры, без аздоб, рамантызацыі і прыхарошвання. Але яго аповесць «Ні госць ні гаспадар» пазбаўлена бяскрылага натуралізму, бо вернасць жыццёвай праўдзе пры наяўнасці таленту заўсёды выводзіць мастака на праблемнае асэнсаванне існага. У свае маладыя гады Калюга глядзеў далёка, куды далей, чым, напэўна, і сам на тое спадзяваўся.

За яго абагульненнем «ні госць ні гаспадар» бачыцца нам адна з найбольш цяжка пераадольных і задаўненых грамадскіх хвароб. Спакваля, яшчэ з 20-х гадоў, чалавек адлучаўся ад усяго, што павінна было яго прывязваць да жыцця, надаваць сэнс зямному існаванню, абуджаць пачуццё адказнасці за матэрыяльныя і духоўныя вартасці. У выніку ж палітыкі глабальнага адчужэння мы бачым здратаваную і забруджаную «ні гасцямі ні гаспадарамі» зямлю, амаль дарэшты знішчаную нацыянальную культуру, знявечаныя душы, якім абыякава ўсё, што не датычыць непасрэднай матэрыяльнай выгоды альбо насалоды менавіта ў гэтае імгненне жыцця. Заслуга Калюгі ў тым, што ён не толькі паказаў гэтую пошасць, але і заўважыў яе тады, калі мала хто пра глабальную небяспеку і здагадваўся...

Праблема «ні госця ні гаспадара», калі глядзець на яе ў святле тагачаснага літаратурнага працэсу, была ні чым іншым, як своеасаблівым, хоць, магчыма, і не дастаткова ўсвядомленым адказам маладога празаіка на надзвычай распаўсюджаную ва ўсёй паслярэвалюцыйнай савецкай літаратуры тэндэнцыю пошукаў новага чалавека, станоўчага ідэала. Яе практычнаму вырашэнню спадарожнічала «тэарэтычнае» асэнсаванне, якое працягвалася амаль што да самага апошняга часу. І, бадай, не было яшчэ такой па-кан’юнктурнаму хадавой тэмы, на якую б было абаронена столькі доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Іх асаблівасцю была апалагетыка пошукаў літаратурай гэтых самых «новых» людзей, нават безадносна да іх маральнай сутнасці, да таго, у імя чаго ўсё гэта рабілася і на якім мастацкім узроўні вырашалася.

Так, нават класік беларускай літаратуры, адзін з яе шчырых і сумленных працаўнікоў Кузьма Чорны, не здолеў усцерагчы сваю творчасць ад падпарадкаванасці ідэалагічным запатрабаванням часу. А што казаць пра многіх іншых! У гэтым плане нашым літаратуразнаўцам трэба перавярнуць горы, пераасэнсаваць створанае ў святле гуманнасці і мастацкасці, чаму, на жаль, наша літаратура, хоць і не па сваёй, вядома, ахвоце, вельмі часта здраджвала.

А літаратурны працэс пры гэтым не парушыцца: на месца ўяўных, штучных і дутых велічынь стануць сапраўдныя, гісторыя набудзе пэўнасць і трываласць. Належнае месца ў ёй, упэўнены, зойме і Лукаш Калюга, чыё імя да нядаўняга часу амаль нідзе не згадвалася.

Тое, супраць чаго быў унутрана скіраваны твор Лукаша Калюгі, тады большасцю прызнавалася прагрэсіўным, адпаведным духу часу, патрабаванням пануючай ідэалогіі з яе ўстаноўкай перайначыць чалавечую пароду ў патрэбным для сябе кірунку. Аповесць Калюгі ўсёй сваёй сутнасцю выломвалася са схем і стандартаў, і таму не дзіўна, што ў час свайго з'яўлення яна не набыла іншага, апрача адмоўнага, асэнсавання і дасюль не прыпісана па-сапраўднаму ў гісторыі беларускай савецкай літаратуры.

Лічу, што сама пастаноўка пытання аб стварэнні новага чалавека, як у грамадстве, так і ў літаратуры, з'яўляецца заганнай і амаральнай, бо мае на ўвазе гвалт над чалавечай пародай, натуральна-эвалюцыйным ходам развіцця. І дзе гарантыя, што прынцыпы, паводле якіх мы імкнёмся стварыць ці ўдасканаліць «старую» пароду, на самой справе з’яўляюцца прагрэсіўнымі, не чужымі чалавеку? Пра чалавека, аднак, якраз ніхто і не дбаў, бо задача заключалася ў тым, каб паставіць яго на службу ідэалогіі, зрабіць паслухмяным выканаўцам волі вялікіх і малых правадыроў, гэта значыць цалкам пазбавіць уласнага «я». А гэта ў дачыненні да літаратуры прыводзіла да страты ёю сваёй праўдзівай сутнасці, да падпарадкавання ідэалогіі, да дэгуманізацыі, у выніку чаго развіццё мастацкага слова губляла сэнс, ператваралася ў сваю супрацьлегласць.

Тады, калі пісаўся твор Лукаша Калюгі, ідэалагічны наступ яшчэ не заглушыў магутнага духоўнага патэнцыялу, назапашанага літаратурай за тысячагадовы шлях развіцця. Але імкненне глуміць натуральныя парасткі было выразным. Дэфармацыі найбольш выяўляліся там, дзе паказваліся падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Згадаем засілле «скураных куртак», якія ўвасаблялі людзей без душы і сэрца, што на пэўным часе запаланілі левае крыло рускай літаратуры. Леваавангардысцкія плыні пачыналі ўсё больш настойліва пранікаць і размываць традыцыйна не крыклівую, не экстравагантную беларускую літаратуру. Найбольш падатлівымі да навацый аказаліся, што цалкам зразумела, маладыя літаратары.

Аповесць «Ні госць ні гаспадар», напісаная на маладзёжную тэматыку, выглядала занадта традыцыйнай на агульным фоне. У творы паказана жыццё беларускага сялянства, якое здабывае хлеб мазольнай рукой і корміць ім не толькі сябе, але і тых, хто амаль што ў завоблачных вышынях «генерыруе» ідэі, людзям працы абсалютна не зразумелыя і не патрэбныя. Але гэтыя ідэі часамі знаходзяць водгук у душах іхніх дзяцей, што нават згодны прызнаваць іх чымсьці куды больш вартым і патрэбным, чым нялёгкая і няўдзячная праца на зямлі. Такім чынам, спакваля пачынае фарміравацца ўсведамленне вышэйшасці перад бацькамі, перавагі пустога над тым, на чым трымаецца жыццё на зямлі. А гэта, у сваю чаргу, не можа не ўплываць на маральны стан недаростка, які пачынае сябе адчуваць у нейкім сэнсе «звышчалавекам» у адносінах да іншых.

Гэтая надзвычай важная для новага грамадства праблема ўвасабляецца ў вобразе Бладзіка Мотуза, няўрымсліва-бунтоўны характар якога найбольш «прыстасаваны» да засвойвання ўсяго новага, незвычайнага, што з вялікага свету даходзіць у глухі беларускі куток праз друкаванае слова і вусныя выступленні заезджых таварышаў. Бладзіка, які не мае ні прыроджанай, ні набытай праз кнігу культуры, заносіць, што называецца, на паваротах — ён непрадказальны і нечаканы ў сваіх паводзінах і ўчынках.

Можна толькі здагадвацца, як гэты вобраз раскрываўся ў другой, ненадрукаванай, частцы аповесці, але мы ведаем, што такія безаглядна-апантаныя, нецярплівыя і нецярпімыя да іншых людзі імкліва паўсплывалі на паверхню ў крывава-трагічных вірах наступнага дзесяцігоддзя, станавіліся прыдатнай зброяй у руках больш вопытных палітыканаў. І ўжо ад збегу абставін ці сляпога выпадку залежала, быць ім надалей катамі, ці стацца ахвярамі ў тым драматычным часе...

Нягледзячы на эксцэнтрычнасць і эгацэнтрызм, жаданне выбіцца ў «правадыры», Бладзік Мотуз на фоне падобных на яго тагачасных вобразаў камсамольцаў успрымаецца свойскім, жывым і натуральным. Ідэалагічнае не заглушыла ў ім свайго, прыроднага. Сказанае яшчэ ў большай ступені датычыць іншых хлопцаў з Калюгавай аповесці. Дапускаю, што нават сама назва хатніцкай ячэйкі ўзнікла не выпадкова, а каб знарок падкрэсліць свойскасць камсамольцаў.

Паказваючы, што камсамольцы ўжо не могуць задаволіцца традыцыйна-сялянскімі адносінамі да жыцця, пісьменнік разам з тым не малюе іх адарванымі ад спрадвечнага сялянскага ладу, штучна ізаляванымі ад таго гаспадарчага, псіхалагічнага і маральнага вопыту, які набываўся вякамі. Дзеля прыкладу паглядзім на Ігналю Чвардоўскага і Пётру Хвалісінага. Першы з іх прадстаўнік таго пакалення, чый светапогляд фармаваўся ў дакастрычніцкі час, другі ж, наадварот, як індывідуальнасць разгортваецца ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. У хлопцаў рознае кола інтарэсаў — Ігналя ўвесь захоплены імкненнем авалодаць сталярскім рамяством: Пётра ж апантаны прагай да ведаў. Але пры ўсёй рознасці праяўлення натур, абумоўленай логікай гістарычнага развіцця, колькі падобнага, нацыянальна своеасаблівага ў іх характарах! Абодвум уласціва стараннасць, шчырая адданасць любімай справе, памяркоўнасць у абыходжанні з людзьмі.

У аповесці ў досыць выразнай форме праводзіцца думка аб тым, што маладое пакаленне павінна пераняць ад бацькоў усё тое каштоўнае, што маецца ў іх сэрцах і душах, што здабыта і засвоена на працягу стагоддзяў.

Галоўная вартасць твора ў праўдзівасці жывых чалавечых характараў, нязмушанасці іх самавыяўлення, псіхалагічнай дакладнасці рухаў і ўчынкаў персанажаў, натуральнасці і багацці народнай мовы. Адмаўляючыся ад надуманасці і схематызму, чым нярэдка грашыла маладнякоўская проза, аўтар засяроджваецца на штодзённым побыце сваіх герояў, найбольш увагі аддае паказу спраў, думак і пачуццяў, якімі заняты ў будзённым жыцці члены хатніцкай ячэйкі. Яны не выступаюць з гучнымі дэкларацыямі, не мараць аб тым, каб адразу перавярнуць свет і ўстанавіць у ім новы лад жыцця. Ім уласцівы практычны сялянскі розум, і іх думы заняты тымі справамі, якія можна здзейсніць у бліжэйшы час: арганізацыя хатаў-чытальняў, наладжванне спектакляў, прыём у ячэйку новых камсамольцаў і г. д. Кола іх інтарэсаў, праўда, нешырокае, і яны самі добра не ведаюць, чым мусяць займацца, у чым выяўляць сваю камсамольскасць. Дый уступілі яны ў камсамол не па нейкіх усвядомленых перакананнях, а хутчэй з-за тагачаснай моды, завядзёнкі, што існавала ў іншых месцах, перш за ўсё ў далёкім і таямнічым горадзе. Кажу пра гэта проста дзеля канстатацыі таго, што пісьменнік без усякай прадузятасці ў сваім творы паказваў.

У аповесці ён сутыкнуўся з цяжкасцю ў кампазіцыйнай арганізацыі матэрыялу. Твор напісаны няроўна, здараюцца ў ім расцягнутыя, не ўзмоцненыя думкай і не ацепленыя лірычным пачуццём сцэны, доўгія дыялогі, неабавязковыя сцэны. Усё гэта пэўным чынам зніжае чытэльнасць, асабліва калі браць пад увагу тое, што аповесць вельмі прыдалася б у сучаснай школе, бо дае не менш праўдзівую карціну з жыцця моладзі дваццатых гадоў, чым «На прасторах жыцця» Якуба Коласа. Мяркую, што было б вельмі дарэчы стварыць адаптаваны «школьны» варыянт.

Зусім магчыма, што пісьменнік спісваў жыццё з натуры, паказваў яго такім, якім бачыў на ўласныя вочы. Такая канкрэтызацыя, у пэўнай меры падразаючы крылы мастацкаму абагульненню, у той жа час засцерагала твор ад надуманага паказу маладога пакалення не такім, якое яно было, а якім яго хацелася бачыць. Якраз гэта і стане вызначальнай асаблівасцю ў многіх творах савецкай літаратуры, пазбавіць іх счэпленасці з жыццём, без чаго літаратура ператвараецца ў пустую, нікому не патрэбную забаўку. Аповесць жа Лукаша Калюгі і сёння ўспрымаецца жывым і непаўторным дакументам часу.

Паводле сведчання блізкага сябра, Антося Адамовіча (ён рэкамендаваў Лукаша Калюгу ў згуртаванне «Узвышша»), другая частка аповесці «Ні госць ні гаспадар» мелася друкавацца з першага нумара часопіса «Узвышша» за 1929 год, аднак была завернута аўтару Галоўлітам на перапрацоўку. У першым раздзеле, як зазначае Антось Адамовіч, «абазначыўся ўжо з поўнай вастрынёю той канфлікт між селавымі камсамольцамі і іхнімі «гаспадарамі». Аднак малады пісьменнік станоўка занаравіўся (рыса наогул характэрная і для ягонае собскае, і для ягоных герояў натуры) і заявіў катэгарычна, што ані папраўляць, ані пісаць далей аповесці наогул не будзе, «калі так»...»

«Калюгу,— піша далей Адамовіч,— угаворвалі пайсці на ўступкі Змітрок Бядуля і Максім Гарэцкі, але ён рашуча адмовіўся: «Тады і дапішацца, калі ўжо папраўляць не трэба будзе»,— было апошняе Калюгава слова, поўнае зразумелага ўсім сэнсу...»

У гэтым сведчанні выразна выяўляецца творчае крэда Лукаша Калюгі, аднаго з нямногіх, хто ў тых трагічных абставінах не паступіўся ні сваім чалавечым, ні мастакоўскім сумленнем і, па сутнасці, не напісаў ніводнага радка, дзе было б відаць падладжванне, фальш, здрада ўласным прынцыпам. Такіх нязломных, адораных унутранай духоўнай сілай волатаў не так і шмат набіраецца ў нашай літаратуры...

Калі аповесць «Ні госць ні гаспадар» пісалася на жывым матэрыяле сучаснасці, дык у «Нядолі Заблоцкіх» празаік асэнсоўвае «вечныя» праблемы існавання чалавека, гістарычнага развіцця народа.

Ведаючы пра тое, што друкаванне папярэдняга твора было спынена па прычынах яго надзённасці і вастрыні ў асэнсаванні спецыфічных канфліктаў паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці, можна разважаць аб спробах пісьменніка ісці абыходным шляхам, аб знароклівым адмаўленні ад паказу сучаснасці, каб такім чынам забяспечыць сабе магчымасці далейшага выхаду да чытача. Аднак у дачыненні да Лукаша Калюгі такое меркаванне выглядае занадта легкаважкім. Справа ў тым, што той, хто халтурыў ці быў апанаваны страхам, звычайна падладжваўся пад абставіны не адыходам ад сучаснасці, а шляхам яе свядомай фальсіфікацыі і падгонкі пад ідэалагічна дэклараваныя схемы і стандарты. «Адыход» жа адназначна ўспрымаўся як з’ява адмоўная.

Як памятаем, ужо з першых апавяданняў Лукаш Калюга браў накірунак на спрадвечнае, самабытнае, на стабільны нацыянальны характар, які ў сваёй аснове застаецца нязменным, нягледзячы на пераўтварэнні ў грамадстве. Змяняецца ён, калі няма прымусу, гвалту і свядомай ломкі, вельмі марудна, незаўважна. Менавіта са стабільнасці нацыянальнага жыцця арганічна вынікала аповесць «Нядоля Заблоцкіх». Зусім верагодна, што яе задума выношвалася спакваля, як твора значнага эпічнага гучання і напаўнення.

Аповесці непасрэдна папярэднічала апавяданне «Тахвілін швагер». Маецца на ўвазе не час напісання, нават не тое, што тут і там дзейнічаюць адны і тыя ж героі з роду Заблоцкіх. Найбольш істотным уяўляецца ідэнтычнасць тыпу мастацкага асэнсавання жыцця, які намацваўся ў папярэдніх навелах і цэласна ўвасобіўся ў гэтых двух творах. Назавём яго міфічным рэалізмам. Калі шукаць паралелі ў сучаснай літаратуры, дык найбольш паслядоўна рэалізуецца ён у творчасці лацінаамерыканскіх пісьменнікаў, перш за ўсё — калумбійца Гарсія Маркеса. Адной з істотных асаблівасцяў іх творчасці з’яўляецца арганічнае спалучэнне нацыянальнай самабытнасці, заснаванай на асэнсаванні глыбінных вытокаў самасвядомасці народа, з актуальнымі праблемамі жыцця сучаснага чалавецтва.

Лукаш Калюга заспеў існаванне беларусаў на пераломе іх гістарычнага развіцця, калі яшчэ моцным было міфічнае бачанне свету, вера ў рэальныя сілы, якія, аднак, успрымаліся зусім зямнымі, такімі, што жывуць і выяўляюць сябе зусім побач. Пазней усё гэта аб’яўляецца забабонамі, шкоднай чартаўшчынай і паступова знікае пад уплывам шумных прапагандысцкіх кампаній, выветрываецца з людской свядомасці пад наступам куды больш адчувальных рэалій, як магніткі, турксібы, калгасы, масавыя рэпрэсіі, голад... Значна даўжэй рэшткі старажытнага светаадчування ў свядомасці беларусаў патрывалі ў Заходняй Беларусі, дзе яшчэ ў пасляваенны час пра здарэнні з рознымі нячысцікамі апавядалася, як пра штосьці цалкам рэальнае. І, мабыць, Беларусь была апошняй славянскай краінай з такімі асаблівасцямі. Міма іх можна было прайсці, але для мастака-філосафа, які бачыць развіццё свайго народа з прадоння стагоддзяў, з надзвычайнай увагай адносіцца да ўсяго, што было на роднай зямлі, які бачыць сэнс ва ўсіх праявах народнага самавыяўлення, гэта магло б стаць спрыяльным грунтам для цікавых мастакоўскіх назіранняў і абагульненняў. І пра тое, што тут можа напаткаць творцу вялікі поспех, сведчыць усё тая ж лацінаамерыканская літаратура. У беларускай таксама рабіліся спробы адкрыццяў у гэтым кірунку. Бадай, прафесійнай міфатворчасці найбольш адпавядае «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага, твора, апранутага ў моўны польскі «сурдут», але па сваёй сутнасці глыбока па-беларуску самабытнага.

«Шляхціц Завальня...» як бы непасрэдна прывязаны да вуснай народнай творчасці, уяўляе сабой яе прафесійнае пісьменніцкае афармленне. «Нядоля Заблоцкіх» ствараецца па іншых законах. З народнага ўзяты і пакладзены ў аснову аповесці адзін факт: прыпавесць пра міфічнага Заблоцкага, які вырашыў абхітрыць мытнікаў і дзеля гэтага замацаваў скрынкі з мылам да споду свайго карабля. Правезці правёз, але калі пачаў даставаць тое мыла, дык аказалася, што яно размылася ў вадзе. Адсюль і прыказка: зарабіў, як Заблоцкі на мыле! Прыказка гэтая вядомая па ўсёй Беларусі. Яе філасофскі сэнс і скарыстаў у сваёй аповесці Лукаш Калюга.

Аповесць «Ні госць ні гаспадар» лёгка ўпісваецца не толькі ў кантэкст беларускай, але і ўсёй савецкай маладзёжнай аповесці 20-х гадоў, дзе яна, зусім зразумела, займае сваё адметнае месца. А вось «Нядолю Заблоцкіх» так проста нікуды не ўпішаш і не прапішаш — яна адна такая ў сваім родзе.

Ад папярэдняй гэтая аповесць адрозніваецца не толькі тэматыкай, філасафічнасцю ў поглядзе на жыццё, не толькі тыпам яго асэнсавання, але і самім стылем, скандэнсавана афарыстычным, па-барочнаму віртуозным. А гэта сведчыла аб плённым росце маладога празаіка, аб тым, што ў літаратуру ішла самабытная творчая асоба.

Ужо зазначалася пра тое, як напачатку здолеў «разгадаць» Лукаша Калюгу Кузьма Чорны. Але не менш высока шанаваў яго, як сведчыць Антось Адамовіч, другі выдатны беларускі пісьменнік старэйшага пакалення: «Ні госць ні гаспадар» была адзначана Максімам Гарэцкім як выдатная падзея ў нашай літаратуры.

Тут была якраз тая праблема, якую ўпершыню паставіў на кон і ўвесь час распрацоўваў у нашай літаратуры сам Максім Гарэцкі. Галоўны герой Калюгавай аповесці, як і галоўны герой усяго творства Максіма Гарэцкага,— гэта выхадзец з сялянства ў інтэлігенцыю, які, аднак, варочаецца назад у сяло з тым, каб служыць яму, ды пры гэтым апыняецца і пачуваецца там «у палажэнні «ні госця ні гаспадара», паводле Калюгі, або «ад зямлі адарвалага і да неба не дасталага», паводле Гарэцкага. Адно што Калюгаў герой дзеіць у новым часе і ў новых абставінах».

Сказанае ў значнай меры стасуецца і да аповесці «Нядоля Заблоцкіх», дзе таксама даследуецца праблема «выхадцаў» з народа, якія імкнуцца здабыць сабе шчаслівую долю розным «крутам-мутам», не зважаючы на нядолю тых, з чыйго асяроддзя яны павыходзілі.

Праблема народа і адрыву ад яго тых, хто выбіваецца ўгару, знаходзіцца ў верхніх эшалонах улады, была асабліва актуальнай для Беларусі, пачынаючы з XVII стагоддзя, калі маёмасныя пласты паступова здраджвалі свайму народу, адракаліся ад яго мовы і традыцый, спачатку паланізаваліся, а потым русіфікаваліся. Працягвала яна заставацца па-трагічнаму актуальнай да апошняга часу, ператварыўшыся ў выніку глабальнай дэнацыяналізацыі і чарнобыльскай аварыі ў праблему фізічнага і духоўнага выжывання народа на мяжы катастрофы...

Калі пісалася «Нядоля Заблоцкіх», нічога такога і ў зародку не было, але ўдумлівы мастак, які пільна ўглядаўся ў мінулае свайго народа, асэнсоўваў яго шлях на прыкладзе самабытных нацыянальных характараў, не мог не думаць пра долю і нядолю як асобнага чалавека, так і народа ўвогуле. Ці трэба казаць, што такі падыход менш за ўсё адпавядаў тагачаснай ідэалагічнай атмасферы, калі рашуча адмаўляліся агульначалавечыя каштоўнасці, усякім чынам распальвалася варожасць і класавая барацьба, насаджваўся вульгарна-сацыялагічны погляд на гісторыю. Падобнага ў аповесці Лукаша Калюгі не было, і таму няма нічога дзіўнага ў тым, што яе, як і папярэднюю, перасталі друкаваць, абарваўшы на першай частцы.

Другая палова твора дапісвалася ўжо ў далёкім сібірскім краі, куды быў вывезены аўтар. Ад яе, на жаль, дайшлі да нас толькі асобныя фрагменты. Але якія фрагменты! Вядомы яны з падачы Антося Адамовіча, які ў канцы аповесці змясціў «Дасказаньне зьместу нявыдрукаваных частак «Нядолі Заблоцкіх» (на аснове ўспамінаў пераказу гэтага зьместу самым аўтарам у лісьце да сябра на выгнаньні)». Надрукаванае сведчыць, што жыццёвыя нягоды, допыты і катаванні не зламалі, не паставілі на калені Лукаша Калюгу, гэтага моцнага душой чалавека. Маецца на ўвазе не толькі светапоглядная нязломнасць, але і захаваная здольнасць эмацыянальна ўспрымаць і перажываць жыццё. Гэта, спадзяюся, адразу адчуе чытач, прачытаўшы невялікі ўрывак з твора, дзе паказана прымусовая ростань галоўнага героя, за якім бачыцца сам пісьменнік з любай ягонаму сэрцу Бацькаўшчынай:

«Вясна-красна на дварэ была зусім, калі вывозілі Савосту з роднага краю — туды некуды, дзе вясна ці й бывае калі, а яшчэ, каб «красна»... Тут жа поўнае ёю было паветра таго досьвітку, калі ўстаўлялі на турэмным дварышчы этап на станцыю гнаць (ганялі досьвіткам заўсёды, каб менш вачэй). І падалося на мамэнт Заблоччыку, што ня этап гэта, а валачобнікі — гэтыя шэрыя людзі зь мяхамі (сідарамі па-вастрожнаму) за плячыма. Зараз вось пачынальнік высока завядзе — і «вясна-красна на дварэ з усіх грудзей грымне...

Ды дзе тыя валачобнікі, дзе тая песьня! Зьвінела яна адно ў самога Савосты ў душы, як калісь, у маленьсцьве, у родных Баркаўцох:

 

Ды ляцела пава ды павістая.

Вясна-красна на дварэ.

Пагубляла пер’е залацістае.

Вясна-красна на дварэ.

 

І дармо, што ўсё, дармо што й этап гэты — ізноў, як тады пачынала зьвінець нанова і тая ж надзея: «Ану, можа! Можа калі і на наш гразкі, скапытаваны двор згубіць пава залацістае пяро... Ня век жа разводзьдзе, і ў гразі ня векаваць будзе».

«Вясна-красна на дварэ... будзе — ану ж!

— Ану, давай! — гукнуў сваё турэмна-стандартнае канвой, і этап цяжка захлюпаў па тэй жа гразі векавечнай векавечнымі лапцямі і ў рэдкую — падкоўкамі ботаў...»

Аб тым, наколькі глыбока запаў гэты твор у душы Калюгавых паплечнікаў па «Узвышшы», крытыкаў Антося Адамовіча і Адама Бабарэкі, сведчыць і сам факт, і змест іх перапіскі, якую яны вялі ў жудасных умовах сталінскай лагернай рэчаіснасці, чэрпаючы ў «Нядолі Заблоцкіх» для сябе натхненне, суцяшэнне і радасць. Ці ж гэта не сведчанне глыбокага эмацыянальнага ўздзеяння твора высокага мастацтва на душу высокаразвітай, інтэлігентнай асобы?!

Лёс лістоў Адамовіча невядомы, як і тое, траплялі яны ў рукі да самога празаіка ці не, але наконт Бабарэкавых сумнявацца не даводзіцца — яны былі сярод Калюгавых папер, перададзеных нам з органаў КДБ.

Ці трэба даводзіць, якім апірышчам і падтрымкай для вязня было слова сяброў, крытычны аўтарытэт якіх высока шанаваўся і ва «Узвышшы», і сярод іншых сур’ёзных літаратараў. Думкі і ацэнкі крытыкаў былі тым дадатковым стымулам, які падштурхоўваў і натхняў, нягледзячы ні на што, да апошняга ўздыху аддаць сябе роднай літаратуры, беларускаму народу. І вось мы маем выпадак, калі чалавек пераадольвае абсалютна варожыя ўсякай творчасці абставіны і стварае значныя, у пэўным сэнсе унікальныя рэчы.

Пра іх пагаворым крыху пазней, а пакуль што вернемся назад, бо «Нядоля Заблоцкіх» не была апошнім творам, напісаным і апублікаваным «на волі». Пасля яе з’явіліся апавяданні «Цеснаватая куртачка» і «Вам знаёмае».

А цяпер уявім становішча пісьменніка — два яго папярэднія творы спыняюць друкаваць, а ў гэты час усё большую сілу набірае магутная прапагандысцкая кампанія з патрабаваннямі фізічнай расправы над «класавымі ворагамі» і тымі, хто іх падтрымлівае ці хоць бы застаецца ў баку ад зацятага змагання.

Большасць беларускіх пісьменнікаў ужо былі арыштаваны, пасаджаны ў турмы, высланы ў далёкія сібірскія лагеры. Сярод тых, што засталіся, распальвалася варожасць, паклёпніцтва, у выніку чаго многія дэмаралізаваліся, паводзілі сябе без усякай годнасці як у жыцці, так і ў літаратуры. Былі сярод іх і такія, хто дасюль ужо набраў значны духоўны і эстэтычны патэнцыял, чыя папярэдняя творчасць вызначалася чалавекалюбствам і дэмакратызмам. Каб адчуць жахлівасць такога «перападу», дастаткова, скажам, параўнаць першую і другую часткі рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі», папярэднюю творчасць і надрукаваную ў сталінскія гады паэму К. Крапівы «Хвядос — Чырвоны Нос». У творах былых узвышэнцаў (як і ў паэме іх колішняга антыпода белаппаўца Андрэя Александровіча «Цені на сонцы»), многія старонкі якіх напісаны ў жанры палітычнага даносу, ёсць шмат агульнага, такога, што да літаратуры не мае ніякага дачынення. Але такі быў час, які заахвочваў выжыванне адных коштам ліквідацыі іншых, такія былі норавы, як вынік і прадукт запатрабаванняў гэтага часу...

У атмасферы фізічнага і маральнага тэрору захоўваць алімпійскі спакой было проста немагчыма — чалавек быў пазбаўлены нават магчымасці схавацца ў манастыр, бо і манастыры грамілі, а іх насельнікаў-мніхаў разам з усімі адпраўлялі на Салаўкі і ў іншыя не менш прыдатныя для гэтага месцы. Ды не ўсе людзі ў гэтых бесчалавечных умовах спакушаліся здрадай і аддавалі сябе ва ўслужэнне д’яблу, у чалавечым, вядома, абліччы. Не спакусіўся гэтым і Лукаш Калюга. Ды яму трэба было не проста жыць, а яшчэ пісаць і друкавацца. Самавыяўляць сябе ў творчасці — гэта арганічная патрэба сапраўднага таленту, і гэта яшчэ раз пацвярджаецца на прыкладзе Лукаша Калюгі, які не пераставаў пісаць датуль, пакуль не перастала біцца ягонае сэрца.

З таго часу, калі многія пісьменнікі каяліся ў сваіх «грахах» («сія чаша», як вядома, не абмінула і Коласа з Купалам, хоць аўтарства пакаянных лістоў, пад якімі стаялі ў друку іх подпісы, і выклікае сумненне і патрабуе даследавання), кляліся, што цвёрда сталі на пазіцыі пралетарыяту і будуць правільна адлюстроўваць савецкую рэчаіснасць, да нас дайшла толькі адна невялікая нататка, змешчаная ў трэцім нумары «ЛіМа» за 1933 год, дзе Лукаш Калюга інфармаваў «грамадскасць» пра свае планы і пазіцыю. Прывядзём яе цалкам:

«У 1933 годзе мяркую выдаць зборнік навэл пад назваю «Вам знаёмае» і працаваць далей над гэтым жанрам.

На маю думку, навэла найбольш падыходзіць у наш час. Яна паўней, яскравей можа адлюстраваць сацыялістычныя тэмпы нашага жыцця. Класавыя ж супярэчнасці, асабліва абвостраныя цяпер, якраз і дадуць удзячны матэрыял для вострай сюжэтнай канструкцыі.

Цяпер мяне найбольш цікавіць, як селянін, уласнік у мінулым, у калгасах, саўгасах, на сацыялістычных прадпрыемствах гораду ператвараецца ў свядомага будаўніка радаснага грамадства.

Акрамя таго маю напісаць за гэты год невялікі сама больш на 5 друкаваных аркушаў — раман, таксама актуальны, дынамічны, радасны».

Чытаць пра пачуцці нястрымнай радасці, якія нібыта былі ўласцівы жыццю і самому Лукашу Калюгу, можна толькі з пачуццём горкай усмешкі, бо добра вядома, якімі пачуццямі быў перапоўнены тады народ і чаму пісьменнік казаў так, а не іначай. Бо вымушаны быў хоць неяк апраўдвацца, дакляраваць, заслужыць сабе права друкавацца. І таму не будзем дакараць яго за такі ход, які на агульным фоне выглядае чымсьці бяскрыўдным і непрыкметным. Важней, у імя чаго гэтыя хітрыкі рабіліся і стаў ці не пісьменнік фальшывіць у сваёй творчасці...

У «Цеснаватай куртачцы» аўтар звяртаецца да таго, з чаго пачынаў сваё першае апавяданне «Вясна» і што легла ў аснову аповесці «Ні госць ні гаспадар»,— да сучаснай яму праблематыкі, асэнсоўваючы яе сродкамі рэалістычнага пісьма.

Ці меў права празаік на такі тып мастацкага мыслення і ці крывіў ён пры гэтым душой? Мяркую, што не. І гэта можна пацвердзіць не адцягненымі разважаннямі, а самой сутнасцю мастацкага твора — праўдзівага, кампазіцыйна зладжанага, па-мастацку завершанага і дасканалага. У цэнтры яго — псіхалагічна праўдзівыя вобразы вясковых людзей, натуральная жыццёвая плынь, чаго, заўважым, усё больш не ставала ў тагачаснай літаратуры, бо стандарт і схема вельмі часта забівалі ў ёй усё жывое.

Калі ў ранейшых навелах пісьменнік займаў пазіцыю бясстраснага апавядальніка, то тут яго стаўленне больш эмацыянальна трапяткое, непасрэднае. Зусім новымі былі характарыстыкі ад аўтара, накшталт: «Быў непаваротны, цельпукаваты Адась Банькоўчык — акурат традыцыйны герой беларускай літаратуры». З усмешкі, з якою пісьменнік глядзіць не толькі на Адася, але і на калгаснага брыгадзіра Антося Драніцу, вынікае і смешная, займальная лінія анекдатычнага сватаўства, у выніку чаго Адась вымушаны жаніцца на выпадковай дзяўчыне, пакідаючы вабную, душэўную Вольку.

Тон, дзе ўсмешка мяжуе са слязой, выдурнянне з трагедыяй, быў навіной у творчасці празаіка. І ўменне ўзняць канкрэтную рэалію жыцця на ўзровень мастацкага і жыццёвага абагульнення — таксама. «Цеснаватая куртачка» — гэта не толькі апратка, але і сімвал жыцця, якое не ўкладваецца ў застарэлыя формы, погляд на чалавека, які нібы закансерваваўся, застыў, страціў, застаючыся добрым працаўніком, душэўную чуласць. Карацей кажучы, апавяданне асветлена харошым чалавечым пачуццём і думкай, якія не супярэчылі, здавалася б, і тым патрабаванням, якія дэклараваліся афіцыйнымі інстанцыямі. Але ўсё адно праз два гады пасля надрукавання вядучы на той час крытык Якаў Бранштэйн на старонках «Полымя» (1934, № 8) настолькі «глыбока» пранік у палітычны кантэкст твора, што ад яго рэальнага зместу не засталося і знаку...

І хто ведае, можа, навелу «Вам знаёмае» празаік знарок пісаў крыху спрошчана, аднамерна, каб унікнуць падобных інсінуацый. Яна пазбаўлена выдумкі, віртуознасці, іроніі, якія сведчылі аб бясспрэчным творчым росце пісьменніка. Не прэтэндуючы на колькі-небудзь значныя мастацкія адкрыцці, навела «Вам знаёмае» выглядае сімпатычнай сваёй непасрэднасцю, уменнем аўтара бачыць і паказваць чалавека такім, які ён ёсць у жыцці. Мова і стыль твора, у параўнанні з ранейшымі апавяданнямі, беднаватыя і паснаватыя, пазбаўлены адценняў, таноў і фарбаў, што, магчыма, звязана было і з тым, што тут пісьменнік упершыню звярнуўся да паказу гарадской рэчаіснасці. Адбівалася агульная атмасфера, той дыктат, які ўстанаўліваўся ў грамадстве і не мог не адбіцца згубна на самой сутнасці мастацкага твора. Пісьменнік не мог цяпер, у атмасферы ўсеагульнай падазронасці, абвінавачванняў і страху дазволіць сабе тое, што было ў яго ранейшых творах і з’явіцца ў пазнейшых, напісаных без усякіх шанцаў надрукавацца, але з надзеяй на аднаўленне праўды, справядлівасці і чалавечнасці. Цяпер жа, як гэта ні парадаксальна, «звышзадача» заключалася ў тым, каб адмовіцца ад набытых і ўласцівых сапраўднай літаратуры якасцяў: ад падтэксту, ад здольнасці да шырокіх абагульненняў, паказу па-грамадску значных, па-нацыянальнаму самабытных характараў, самавітай і сакавітай беларускай мовы. З гэтым, наступаючы на горла ўласнай песні, пісьменнік справіўся, хоць мы і не ведаем, якою цаною гэтая навука яму давалася. Але, мяркуючы па горкай іроніі, сказанай нібыта пра іншага пісьменніка з якое пачыналася навела, не лёгка давалася гэтае «самазабойства» ў творчасці...

Калі гаварыць пра перспектывы творчасці і магчымасці самавыяўлення на гэтым этапе, дык зняволенне ў чалавечым плане было страшэннай, пакутлівай бядой, а ў творчым — своеасаблівым вызваленнем ад ідэалагічнага і цэнзурнага дыктату, які, пачынаючы з канца 20-х гадоў, усё больш пагрозліва навісаў над культурай, не даваў магчымасцяў для натуральнага самавыяўлення творчай асобе. Літаратура паступова выдыхалася, задыхалася; фальш, прыстасавальнасць, пустазвонства набывалі масавы характар, не абмінулі і творчасці жывых класікаў, якія яшчэ ў дакастрычніцкі час сцвердзілі сябе як волаты духу, выказнікі запаветных дум і імкненняў свайго народа. Яны, забыўшыся на свой народ, вымушаны былі славіць «правадыра» і тыя сілы, якія стаялі за ім і складалі грунт камандна-адміністрацыйнай, таталітарнай сістэмы.

А цяпер уявім «на свабодзе» (падаём гэты выраз у двукоссі, бо мяжа паміж воляй і няволяй была хісткай, няўлоўнай, краіна ўяўляла сабой адзін велізарны лагер, дзе ў любы час кожны мог апынуцца за кратамі ці дротам) Лукаша Калюгу, які абсалютна не быў прыстасаваны да такой рэчаіснасці як чалавек і творца. Яго талент — не «заказны», які можна паварочваць у патрэбным кірунку, а глыбінны, арганічны, такі, што нават не залежыць ад волі свайго ўладальніка, гэта значыць самога пісьменніка. Мяркую, што ён, каб і захацеў, не здолеў бы адгукнуцца на спушчаныя зверху тэмы і праблемы, напісаць, скажам, заказны твор пра Асінбуд ці Беламорканал, як гэта рабілі некаторыя, не пазбаўленыя таленту, аўтары.

Найбольш верагодным мне ўяўляецца, што Лукаш Калюга проста паспрабаваў бы адмовіцца ад друкавання, зашыўся б у які-небудзь ціхі куток на непрыкметную працу, а ў вольны час пісаў для сябе, у стол, не спадзеючыся ўбачыць створанае апублікаваным. Але ці дазволілі б яму паводзіць сябе менавіта так? Маўчанне ж тады таксама ўспрымалася як выклік і пратэст. Бо ад пісьменнікаў патрабавалася не маўчаць, а славіць тое, што патрабавалася, асуджаць і бэсціць тых, на каго ўлада скіроўвала свой гнеў і нянавісць. Сітуацыя, карацей кажучы, была тупіковай, і яе не здолеў пазбегнуць ніводзін пісьменнік...

Але Лукаша Калюгу напаткаў лёс вязня. Тыповы для беларускага пісьменніка той пары. Аднак ад соцень рэпрасаваных, за адзінкавым выключэннем, нічога не засталося, ці, дакладней, не дайшло да нас. Магчыма, неўзабаве расчыняцца «спецхраны» і ў нас складзецца зусім іншае ўяўленне пра «нявольніцкую» літаратуру, хоць у мяне на гэты конт асабліва спадзяванняў няма.

Што датычыць твораў Лукаша Калюгі, дык дайшлі яны да нас хутчэй па шчаслівай, амаль неверагоднай выпадковасці: іх, па-першае, трэба было неяк умудрыцца напісаць ва ўмовах спачатку турмы, потым выгнання і захаваць ад розных «шмонаў». «Изъятые» перад пакараннем, яны маглі, як іголкі ў стозе, згубіцца ў тайніках НКУСа, як згубіўся там ужо згадваны напачатку скрутак Калюгавых папер, перададзены туды з сям’і Антося Адамовіча. І, нарэшце, проста пашанцавала, што папера з просьбай вярнуць Калюгавы творы трапіла ў рукі спрыяльнага чалавека, які адшукаў і вярнуў літаратуры тое, што ёй па праву належыць.

Творы гэтыя напісаны не на звычайнай паперы, а на канцылярскіх дакументах, на іх адваротным баку, не чарнілам, а алоўкам, след якога ў шмат якіх месцах стаў невыразным. Такім чынам узнікла праблема расчытання напісанага. На дапамогу прыйшлі Ніна Казлоўская і Алена Шарахоўская — жанчыны са светлымі душамі, сапраўднай адухоўленасцю і бескарыснасцю, якія назаўжды засталіся вернымі ідэалам маладосці, сяброўскім сімпатыям яшчэ з часоў сумеснага навучання з Лукашом Калюгам у Белпедтэхнікуме.

Да нас дайшло з няволі чатыры, на жаль, няскончаныя Калюгавы рэчы — раман і тры аповесці. Узнікае пытанне: чаму ўсе яны засталіся незавершанымі? Адказаць на гэта цяжка, бо мы ўвогуле незнаёмыя з лабараторыяй і псіхалогіяй творчасці пісьменніка нават «на волі». Ва ўмовах жа поўнай несвабоды ўсё залежала ад яго вялікасці выпадку, які ў пэўны момант спрыяў ці цалкам перашкаджаў творчаму самавыяўленню. І, зусім верагодна, празаіку даводзілася з-за неспрыяльных абставін адкладваць на невядомы час распачатую рэч, а потым, калі надаралася нагода пісаць, ён ужо быў эмацыянальна настроены на іншае.

І ўвогуле, фактар нечаканасці пачуццёвых усплёскаў, звязаных са шчымлівым перажываннем таго да болю дарагога і балючага, што засталося ў далёкай Беларусі, быў, мяркую, для Лукаша Калюгі вельмі істотным. Усе чатыры напісаныя ў няволі Калюгавы рэчы надзвычай эмацыянальныя, душэўныя, у іх адсутнічае традыцыйны сюжэт, выразная кампазіцыя, акрэсленая тэма і праблема (прычына такога ўспрыняцця яшчэ і ў незавершанасці твораў), але б’ецца трапяткая чалавечая душа, якая гневаецца, абураецца, смуткуе, плача, пакутуе, радуецца. Такая эмацыянальная насычанасць вынікала з аўтарскага неспакою, непрымірымасці са становішчам, у якое ён трапіў, з душэўнай нязломнасці і ўнутранай сілы, што не ўдалося зламаць і знявечыць турмой і выгнаннем. Фізічна ён ніяк не мог вырвацца з няволі. Заставалася творчасць, якая дазваляла зрабіць немагчымае — перанесціся ў любую ягонаму сэрцу Беларусь. Менавіта ў гэтай бязмежнай любові да бацькоўскага краю і яго людзей бачыцца нам прычына таго, што ў гэтых творах не знайшла належнага адлюстравання турэмная і лагерная рэчаіснасць — яна, як правіла, саступае месца вяртанню ў дарагое і роднае...

На прыкладзе аповесцяў «Ні госць ні гаспадар» і «Нядоля Заблоцкіх» мы бачылі досыць шырокую, ад побыта-рэалістычнай да метафарычна-міфалагічнай, амплітуду пошукаў празаіка. Значныя «хістанні» праглядваюцца і ў апавяданнях. У творах «з-за крат» ён выступае стылёва адназначным, цэласным, быццам знаходзіць сябе ў сінтэтычным, калі мець на ўвазе папярэднія пошукі, стылі, дзе рэальны чалавек выяўляе сваю сутнасць праз ёмістае, метафарычнае слова, а канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі набываюць такую эмацыянальную скандэнсаванасць, што ўздымаюцца да сімвала.

У кожным з чатырох, у стылёвых адносінах, аднародных, творах пісьменнік вырашыў свае спецыфічныя задачы, асвойваў новыя тэмы і жыццёвыя пласты. Аднак мы разумеем, што не было ў яго пры гэтым нейкай рацыяналістычнай запраграмаванасці, а ўздзейнічаў найперш эмацыянальны імпульс, які скіроўваў позірк пісьменніка на той ці іншы жыццёвы абсяг.

Самыя свежыя яго ўражанні былі звязаны з горадам, адкуль яго нкусаўцы сілком адарвалі, з жыццём нацыянальна свядомай творчай інтэлігенцыі. Гэтай праблеме і тэме, дарэчы, вялікае значэнне надавалі ўзвышэнцы, найбольш цікавае іх тут дасягненне — раман Кузьмы Чорнага «Сястра». Да горада, як памятаем, звярнуўся ў сваім апошнім, напісаным «на волі», творы Лукаш Калюга. Гаворка пра навелу «Вам знаёмае». Але ў параўнанні з вясковымі апавяданнямі яна прайгравала, была пазбаўлена самабытных моўных і стылёвых фарбаў. Уласна кажучы, названыя асаблівасці будуць уласцівы ўсёй беларускай гарадской літаратуры наступных дзесяцігоддзяў. Яе кволасць найчасцей выводзіцца са спецыфікі жыцця беларускага горада, які паступова змушаны быў адрачыся ад сваёй самабытнасці, у значнай ступені дэнацыяналізавацца, страціць родную мову, на месца якой прыйшла руска-беларуская трасянка, штамп, калька, інфармацыйнасць. Але ў часы Лукаша Калюгі становішча яшчэ не было такім пагрозліва-трагічным, русіфікацыя пад шыльдай інтэрнацыяналізму яшчэ прыйдзе. Аднак і з таго часу да нас дайшло не так і шмат па-мастацку яркіх, па-нацыянальнаму самабытных твораў. Адна з прычын, мяркую, заключалася ў вясковым паходжанні большасці беларускіх пісьменнікаў, якім спачатку трэба было ладна пажыць у горадзе, зжыцца з ім, каб адчуць яго такім жа свойскім, як пакінутая вёска, бо гарадское і вясковае жыццё ва ўсіх народаў мае сваю выразную спецыфіку. Беларускае ж насельніцтва ў горадзе ў першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе займала ад агульнай колькасці жыхароў Беларусі досыць нязначную частку. Таму і пісьменнікаў з яго асяроддзя выходзіла значна менш, чым з вясковага. Увогуле ж патрэбен быў пэўны час, каб народ, які дасюль быў пазбаўлены элементарных правоў, усвядоміў сваю нацыянальную цэласнасць і непадзельнасць, свой дзяржаўна незалежны, а не каланіяльна-паднявольны статус. Ва ўмовах палітыкі беларусізацыі працэс гэты адбываўся досыць хутка, літаратура наша пераставала быць толькі сялянскай і ўздымалася да ўсведамлення сваіх па-дзяржаўнаму агульнанацыянальных задач. Ці не найбольш магутным выяўнікам гэтых тэндэнцый меўся стацца раман Міхася Зарэцкага «Крывічы». Аднак яго друкаванне было гвалтоўна спынена, да чытача дайшлі ўсяго некалькі раздзелаў, а лёс твора застаецца да нашага часу невядомым.

У рэчышчы нацыянальна ўсвядомленай літаратуры развівалася і «нявольніцкая» творчасць Лукаша Калюгі, у тым ліку і напісаная на гарадскую тэму аповесць «Зоры вам вядомага горада». У ёй арганічная для вясковых твораў празаіка моўнастылёвая плынь не засталася нязменнай, а набыла характэрныя гарадскія асаблівасці, забруіла новымі колерамі, але не страціла натуральнасці, засталася такой жа па-беларуску арганічнай, як і творы пра вёску.

На вялікі жаль, шматмерны пласт гарадскога жыцця, які так арганічна ўваходзіў у творчасць Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі, потым зробіцца адчужаным ад нацыянальнага мастацтва, перш за ўсё ў выніку глабальнай дэнацыяналізацыі, якая найбольш паўплывала і духоўна паралізавала горад, звёўшы да мінімуму яго ўклад у самабытную культуру, а не ў тое памнажэнне яе масавых, тыражыраваных ад акіяна да акіяна формаў, якія, уласна кажучы, культурай і не з’яўляюцца. За дзесяцігоддзі панавання камандна-бюракратычнай сістэмы гарады нашы страцілі сваё нацыянальнае аблічча, а мова іх жыхароў засмецілася, абмялела, згубіла свае натуральныя барвы і сваё непаўторнае хараство, якое яшчэ захоўвалася ў часы Калюгавай маладосці. Але і тады, паўторым, пісьменніку, выхадцу з вёскі, яе вялікаму патрыёту і адналюбу, выхаванаму на традыцыйным грунце вясковай маралі і этыкі, было няпроста пераключацца на новы жыццёвы матэрыял, новыя стылёвыя пласты, новую лексіку, новыя тэмы, праблемы, вобразы.

Нам невядома ўнутраная духоўная праца, якая папярэднічала і суправаджала напісанне новых твораў. Але яе вынікі маюць выразны мастацкі сэнс і пазбаўлены рэшткаў чарнавой пакутніцкай працы — і друкаваць іх трэба без усякіх рэдактарскіх правак і ўмяшання. Што датычыць аповесці «Зоры вам вядомага горада», дык урыўкі з яе напісаны лёгка, зграбна, нязмушана, з унутранай свабодай, віртуознай стылёвай дасканаласцю і дасціпнасцю як у вядзенні апавядання ад аўтара, так і ў размовах персанажаў. Не шмат, бадай, набярэцца ў нашай літаратуры твораў, прысвечаных не толькі, як тут, мастакам, але ўвогуле людзям творчым, чыё б літаратурнае жыццё было напоўнена такім значным духоўным сэнсам, а самі творы гучалі так арганічна нязмушана і па-беларуску натуральна...

Натуральнасць, нязмушанасць гучання ўласцівы і адзінаму дзіцячаму твору Калюгі, няскончанай аповесці «Зэнка малы ніколі не быў». Тэматычна, з улікам узросту героя яна нібы стаіць паперадзе «Ні госця ні гаспадара», дзе дзейнічаюць хлопцы-камсамольцы. Тут жа паказана набліжэнне Зэнкі да гэтай узроставай, палітычнай рысы.

Загаловак напісанага ў зняволенні твора быццам знарок парадаксальны, але ў ім ніякі не намёк на нейкія незвычайныя якасці хлапчука, а своеасаблівы ключ да разумення аповесці, дзе і лагодная ўсмешка, і гумар, і пакепліванне, і боль за малога чалавечка, які імкнецца выглядаць больш сталым, дарослым, бачыць сэнс жыцця ў гэтым сваім самаадрачэнні, заўчасным пасталенні і далучэнні да. дарослых клопатаў і праблем. Працэс станаўлення характару хлапчука, фарміравання ў ім асобы, абуджэння грамадзяніна, гарманічнага выяўлення сацыяльнага і інтымнага, спалучэння добрага і дрэннага паказаны без усякай прадузятасці, псіхалагічна тонка і па-мастацку нязмушана.

Аповесць пазбаўлена апісальнасці, што, як памятаем, у пэўнай меры было ўласціва «Ні госцю ні гаспадару». Кампазіцыйная кампактнасць, сюжэтная скандэнсаванасць на адным героі і праблеме дазволілі пісьменніку на невялікай плошчы паказаць рух часу, але не як яго падзейную канву, а праз унутраны рух чалавечай душы да пасталення, якое адбываецца ў складаных умовах паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці, дзе абуджэнне народа да свайго нацыянальнага адраджэння, да свабоды і дэмакратыі сутыкалася са з’явамі супрацьлеглымі, скіраванымі на прыглушэнне і нават задушэнне заваяванага рэвалюцыяй.

З любасцю гледзячы на свайго героя, празаік ніколькі яго не ідэалізуе, тонка прыкмячае дэфармацыі, якія адбываюцца пад уздзеяннем агульнай атмасферы. Рыхтуючыся стаць камсамольцам, Зэнка ўжо з пагардай глядзіць на сялянскую працу, збор каласкоў на ніве. А вось як ён рэагуе на прывітанне Марылі:

«— Памажы божа! — было сказана, як добраму чалавеку, але Зэнку, як камсамольцу праз паўтара года, нават дзеля ветласці не выпадала дзякаваць».

А як камічна выглядае Зэнкава імкненне чыста чалавечыя адносіны вытлумачваць дзесьці пачутымі сацыяльна-эканамічнымі катэгорыямі. Так заляцанні Вінькі Вароніча да Марылі ён называе эксплуатацыяй, а потым, крыху падросшы, намаўляе дзяўчыну, якая, дарэчы, і яму падабаецца, напісаць, што Варэнічы яе эксплуатавалі. Але такімі ж прыёмамі будзе дзейнічаць супраць яго самога старшыня сельсавета Рыжы Пярун, помсцячы за змешчаную Зэнкам карыкатуру ў газеце. У графе анкеты пра сацыяльнае становішча чыноўнік паставіць яму «заможны селянін», што ў тых умовах класавай дыскрымінацыі абазначала калі не высяленне ў Сібір, дык «каставую» непаўнацэннасць у грамадстве.

У краіне тады адбывалася штосьці незразумелае. Не магло не ўздзейнічаць на кволую, незагартаваную дзіцячую душу, на яго псіхалогію тое, што адбывалася ў грамадстве:

«Гэна той з блішчастымі вачыма малы ўдаў, што бацька з абагуленае нівы сваёй карове ўночы мяшок канюшыны прынёс. «Амерыканца» пагналі, а маці і сына выштырыла ўслед. І ад тых дат — ні на парог!

Так малое і вылочыцца: дзе ноч пераначуе, дзе дзве. Ото бо пайшоў свет! Каб яго пярун ясны,— казала,— высмаліў!»

Колькі за гэтым фактам балючай праўды таго часу, сваёй трагічнай сутнасцю скіраванага не толькі супраць дарослых, але і дзяцей, які, па сутнасці, пазбаўляў іх нармальнага і натуральнага маленства. І ў гэтым сэнсе загаловак Калюгавага твора гучыць сімвалічна.

Сімвалічнасць не чужая творчасці празаіка, а ўнутрана арганічная яе якасць. У некаторых творах (гэта найперш датычыць аповесці «Ні госць ні гаспадар») яна спалучалася, ці, дакладней, выяўляла сябе праз амаль натуралістычнае адлюстраванне жыцця ў быццам адэкватнай яму форме. У творах, напісаных у зняволенні, пісьменнік нібыта ўзвысіўся над добра вядомым яму жыццёвым матэрыялам, паглядзеў на яго здалёку, пранікаючы ў найбольш істотны сэнс. Незалежна ад таго, пісаў ён пра вёску ці горад, дарослых ці дзяцей, інтэлігенцыю ці сялянства, імкнуўся ўлавіць тое галоўнае, вызначальнае, што ўласціва было чалавеку, грамадству, лёсу народа.

Аповесць «Дзе косці мелюць» (звернем увагу на гэту метафару) сваёй назвай непасрэдна стыкуецца з лагернай доляй празаіка. Горкай іроніяй і боллю прасякнуты яе пачатак, той абзац, дзе гаворыцца, «што людзі кручаных дзён сіверынаю смярдзяць». А потым пачынаецца па-біблейску эпічнае апісанне глабальнай, амаль што ўсечалавечай бяды. Празаік на сваёй скуры зведаў вось такое жыццё: «...на дварэ восень, на дарогах гразь, і па цэлым свеце сячэ аблудных бесхацімцаў дробненькі сеены дождж. Золкі ён і вастрэйшы за голку і праз усякія цыраты і брызенты лёгка працінае да самага цела».

І, безумоўна, мог бы напісаць пра яго пранізаны шчымлівым болем твор. Але, хлюпаючы па гразі, калеючы на марозе, жывучы ў чужым яму Краснаярскім краі, ён, напэўна, у думках, душой і сэрцам увесь быў на Беларусі, сярод яе людзей, бароў і азёр. А таму ў творчасці неадольна вяртаўся да роднага і блізкага, якое асвечвала высокай паэзіяй, грэла лагодным цяплом, цешыла спакутаваную душу светлымі ўспамінамі. Вось чаму ў аповесці «Дзе косці мелюць» з душэўнай прасветленасцю апісаны абрадавыя святы: дзяды, куцця, каляда, усё тое, што свяціла нязгасным святлом, клікала назад на Бацькаўшчыну.

Боль, спакутаванасць, пратэст супраць існага асабліва моцна і паслядоўна гучаць у рамане «Пустадомкі», у прыватнасці, перадаюцца праз адчуванні і перажыванні аднаго з яго галоўных герояў, Маркі, які ў лісце да брата так перадае свой штодзённы стан пад час захаду сонца:

«Я не магу... Не магу, калі надвечар бачу яго на захадзе. Гэта ж недзе там над нашым, Шылавіцкім, борам свеціць нашай зямлі, нашаму народу. Ледзьве ногі валачэш, а вабіць... Як воўка да таго, усім вядомага кусту. Цяжка вытрываць — тых пакутных сноў не спраўдзіць. І тое можа стацца калі не ў гэты чацвер — цераз сем (а то і ў дубальт таго) ненавідных нядзель можа выйсці з цярпення».

У гэтым урыўку, хоць ён і не адзіны ў шэрагу падобных, знаходзіцца ключ да ўсяго твора, заключаны яго эмацыянальны код, які расшыфроўваецца з тугі пісьменніка па сваёй Бацькаўшчыне. І нездарма скразным для твора з’яўляецца вобраз сонца, якое ўвасабляе любоў да Беларусі і яе людзей. Але чым бліжэй пад канец, тым часцей сонца зацягваецца хмарамі, тым большай трывогай, неспакоем і боллю напаўняецца эмацыянальны лад твора, тым часцей знешне спакойная, традыцыйная для Калюгі, крыху нават замаруджаная плынь узрываецца, узвіхурваецца, выяўляючы гэтым самым трагічныя прадчуванні пісьменніка наконт уласнага лёсу, лёсу свайго народа, выяўляючы пратэст супраць гвалту над жыццём. Прадчувалася, што і вось гэты твор застанецца незавершаным. Апошні яго абзац — гэта голас чалавека на ростанях паміж існым і наканаваным, куды ён па злой волі вымушаны быў адысці ў свае няпоўныя трыццаць гадоў. Пісьменнік нібы звяртаўся да ўсіх голасам скрухі, адчаю, горкай іроніі, спасцярогі: адумайцеся, спахапіцеся... Але голас яго патануў у голасе далёкай тайгі.

«Новы — куды цікавейшы, непараўнальны сюжэтны пачынаўся раман. І месца дзеяння небывалае — адваротны свет. Толькі пра гэта бадай што ніколі ад мяне не будзе працягу».

Вось з такімі словамі, унутрана нібы ўсё яшчэ супраціўляючыся наканаванаму і прадвырашанаму (звернем увагу на «бадай што»), у росквіце жыццёвых і творчых сіл адышоў ад нас адзін з самых патэнцыяльна моцных, але, на глыбокі жаль, толькі ў малой долі выяўленых працаўнікоў роднай літаратуры.

Гэты агульны абрыс жыццёвага і творчага шляху Лукаша Калюгі завяршаем, спадзеючыся, што наперадзе яшчэ будзе па-сапраўднаму ўдумлівае і кваліфікаванае даследаванне яго мовы, стылю, мастацкай манеры, характараў.

Яўген Лецка

 

1 Лёс Антося Адамовіча склаўся асабліва драматычна. Друкавацца ён пачаў у 1926 г. семнаццацігадовым юнаком, пасля сканчэння БДУ стаў адным з самых вядомых тагачасных літаратурных крытыкаў. Адным з першых быў рэпрэсіраваны, у 19 г. высланы ў Сібір. Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, апынуўся у Мінску, дзе стаў актыўна супрацоўнічаць з акупацыйнымі уладамі. Выехаў на Захад і з 1960 г. жыве ў ЗША. За мяжой апублікаваў шэраг кніг па гісторыі Беларусі, яе культуры і літаратуры. Далёка не з усім, напісаным у пасляваенны час, можна пагадзіцца, аднак ёсць нямала і таго, асабліва з напісанага ў 20-я гады, што не страціла свайго значэння ў гісторыі нашай літаратуры.— Рэд.


1990-1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я.Р.Лецкі; Камент. Н.В.Гаўрош, Т.М.Трыпуцінай. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1992. - 607 с., [5] л. іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан