epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Савінаў

Паклон Беларусі

 

На балатах, у цесных хатках,

Ля курадымнага кастра

Ты сустракала, як салдатка,

Дарыла ласку, як сястра.

 

Блукала выгаралай пожняю,

Залела ў зрэбным палатне,

Ты несла бульбіну апошнюю

З слязою радаснаю мне.

 

Так адкрывала нам, пяхоце,

Сваю трывожную красу:

Дарыла воблака ў палёце,

Пралескай разганяла сум.

 

І ў цішы, і ў трывожным гуле

Я ўчуў, запомніў назаўжды,

Як лічыць мне гады зязюля,

З надзеяй светлыя гады.

 

Ты чаравала сумнай песняй

Наш змораны хадою полк.

І смех дзяўчыначкі палескай

І зараз ува мне не змоўк.

 

І з цеплынёю невычэрпнай

Зноў памяць да цябе нясе.

Люблю цябе ў смузе вячэрняй,

У ранішняй люблю красе.

 

Твае ласкавыя прасторы,

Тваіх сінічак галасы,

Твае зялёныя азёры,

Твае чарнічныя лясы.

 


1969

Пераклад: Сымон Блатун
Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 218-219
Крыніца: скан