epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Адзіночная камера

1
2
3


 

1

Ён астаўся адзін. На ўсім белым свеце — адзін.

Не, вакол яго былі людзі — і ў доме, і на вуліцы, і нават у кватэры былі — жонка і дзеці: дваццацігадовы сын-студэнт і дачка-васьмікласніца. Ды сувязь з імі, зносіны з імі былі страчаны цалкам. І жонка, і дзеці, і наогул усе людзі існавалі самі па сабе, а ён — сам па сабе. Ды і ці можна было ўжо назваць існаваннем тое становішча, у якім ён апынуўся?..

Гэта здарылася чатыры з паловаю месяцы таму назад, сярод начы. Тады ён раптам прачнуўся ад дзікага, проста нясцерпнага болю ў галаве. Боль быў кароткі, як стрэл: здалося, што яму ляснулі з нечага ў галаву, і тая разляцелася на кавалкі. Павел Пятровіч закрычаў — моцна, на ўсю сілу, і вельмі здзівіўся, што не пачуў свайго голасу. Потым яшчэ больш здзівіўся з таго, што ніхто не кінуўся на дапамогу, а жонка, якая ляжала побач на ложку, нават не варухнулася. Ён хацеў быў закрычаць зноў, але боль ужо аціх, толькі ў галаве з’явілася адчуванне нейкага незразумелага, невядомага дагэтуль цяжару, які націскаў з усіх бакоў, асабліва на патыліцу. Павел Пятровіч наважыўся памацаць галаву рукою і раптам жахнуўся: рукі ў яго не было. Ён хацеў падняць другую, але і яе таксама не было. У страшэнным узрушэнні ён памкнуўся ўскочыць з ложка, але зрабіць гэта яму не ўдалося, бо і ног у яго не аказалася. І наогул не было нічога, аніводнае часцінкі цела, нібы ўсё адразу некуды знікла, прапала. І тады ён зразумеў, чаму ніхто не кінуўся яму на дапамогу, чаму жонка не азвалася на ягоны крык,— ніякага крыку і не было, бо голас таксама знік, прапаў. Яму адняло ўсё — і рухавасць, і мову.

А цяжар у галаве большаў, ён пачаў ціснуць і спераду, і дужа балюча зрабілася вачам, быццам хтосьці мерыўся выціснуць іх з вачніц. Потым здалося — нешта недзе моцна трэснула: ці то лямпачка пад столлю, ці то ложак пад ім, ці то сэрца ў грудзях...

Павел Пятровіч страціў прытомнасць.

Раніцай яго адвезлі ў бальніцу.

Там адбывалася тое самае — ён то прытомнеў, то зноў ляжаў без памяці. Гэтак было некалькі дзён, і дактары нават сумняваліся, ці будзе ён жыць. Але яны рабілі ўсё, што маглі, каб уратаваць яго, і на другі тыдзень ён перастаў траціць прытомнасць. Ён усё чуў, усё бачыў, усё разумеў, аднак ні хоць адно слова сказаць, ні зрабіць хоць які рух не мог. Ні мова, ні рухомасць так і не вярнуліся. Два месяцы ён адбыў у бальніцы. Увесь гэты страшэнна доўгі час ад яго амаль не адлучалася Настася, ягоная жонка. Дзеці навучыліся збольшага гатаваць сабе і ёй, і от яна адскочыць на якую гадзіну дамоў, каб укінуць у рот сёе-тое з ежы ды зрабіць што-колечы па гаспадарцы, і зноў бяжыць у бальніцу. Яна змарнела настолькі, што хоць самой кладзіся на бальнічны ложак.

Тады яна забрала яго дамоў.

Яна штодня гаварыла, што скора яму стане лепей, што ён ачуняе і ўсё будзе добра, але Павел Пятровіч ведаў, што лепей яму ўжо не стане, што ён ужо не ачуняе і добра яму ўжо ніколі не будзе.

Ён ляжаў у сваёй невялічкай кватэры на другім паверсе старога драўлянага, амаль струхлелага дома, які даўно чакаў зносу, і адно думаў, што ўжо ніколі не спусціцца ўніз, не пабачыць свету, не пачуе людзей і сам нічога не скажа ім. Ён мог гаварыць цяпер толькі сам з сабою, у думках. «Я нібы ў адзіночнай камеры,— сказаў ён сабе аднаго разу.— Як той вязень без тэрміну зняволення».

Ён ляжаў у дальнім пакоі, і ўсе дамачадцы чамусьці размаўлялі ледзь не шэптам, хадзіць стараліся таксама як найцішэй, хоць яму хацелася, каб яны рабілі якраз наадварот — гаманілі на ўвесь голас і тупалі на ўсю моц. Дзеці рэдка заходзілі да яго ў пакой, а калі і заходзілі, твары ў іх былі разгубленыя, бы вінаватыя, і трымалі яны сябе як напятыя. Жонка карміла яго, паіла, абмывала, мяняла бялізну, а ён быў як бервяно, якое дзе і як пакладзеш, так яно і ляжыць. Ён глядзеў на яе працавітыя натруджаныя рукі, якія не ведалі ні хвіліны спачынку, і яму вой як хацелася прыпасці да іх губамі, каб хоць гэтак выказаць сваю ўдзячнасць за ўсё тое, што яна робіць для яго, але і гэтага ён зрабіць не мог. У яго быў цяпер толькі адзін сродак зносін з тымі, хто вакол яго — вочы. Але іхнюю мову не навучылася яшчэ як след разумець нават Настася, яна, напрыклад, ніяк не магла даўмецца, чаму ён так пільна глядзіць на яе рукі, і спачатку сама гэтак жа ўзіралася ў іх, а пасля пачала хаваць за спіну. Беспамылкова яна вызначала толькі два, але затое галоўныя, выразы ягоных вачэй — сцвярджэнне і адмаўленне. І яшчэ — калі ён хвалюецца або злуецца: тады зрэнкі расшыраліся, а бялкі паліваліся чырванню.

— Нічога, Паша, нічога, усё будзе добра,— не стамлялася гаварыць яна,— ты скора паздаравееш, скора станеш на свае ногі і пабяжыш, куды толькі табе захочацца, ды яшчэ і песню заспяваеш, хоць ты раней і не любіў спяваць. Я ведаю, чаму ты не любіў спяваць — ты саромеўся свайго голасу, затое цяпер ты не станеш саромецца, ты будзеш спяваць і спяваць, а я буду слухаць і цешыцца, слухаць і цешыцца.

«Трасцу я буду спяваць»,— адказваў ён Настасі вачыма, і хоць яна бачыла, як расшыраюцца ў іх зрэнкі і чырванеюць бялкі, яна гаварыла сваё далей, і голас у яе рабіўся ўсё больш мяккі і ласкавы.

— А потым мы паедзем на курорт, куды-небудзь на Чорнае мора. Мы ж з табою ні разу не былі на курорце, усё толькі рабілі і рабілі, а на адпачынак забываліся. Не, не, я праўду кажу, ты не думай, што я маню. Дактары кажуць — табе вельмі прыдасца Мацэста, гэта каля саменькага Сочы. Там вада дужа гаючая, і ты канчаткова паздаравееш.

«Трасцу я паздаравею»,— уздыхаў Павел Пятровіч і прасіў вачыма, каб яна перастала малоць гэтую сваю святую лухту, але Настася не разумела яго або рабіла толькі адзін выгляд, што не разумее, і ўсё гаварыла і гаварыла.

— А чаго б табе зараз хацелася з’есці, мой любы, мой харошы? — пыталася яна.— Можа, катлету даць, га? Не хочаш? Тады я табе дам грэцкай кашы з малаком, яна дужа карысная. Таксама не хочаш? А-а, ведаю, табе хочацца дранікаў. То я хуценька напяку іх, ты от пачакай хвіліначак колькі, а я хуценька ўпраўлюся! Гэта ж я і забылася, што ты вельмі любіш дранікі. Пачакай трошачкі, я зараз!

Ніякіх дранікаў ён не хацеў. Яму раптам падумалася, што цяпер ён, бадай, з найвялікшай ахвотаю хапянуў бы паўнюткую шклянку гарэлкі, а закусіў бы селядцом з цыбуляй. Так, так, іменна шклянку гарэлкі, а на закусь — селядца з цыбуляй, вось ад чаго ён бы цяпер не адмовіўся. Зведаў бы хаця, што гэта за праява такая — гарэлка, бо ніколі ў жыцці, ніводнага разу не ўзяў у рот нічога спіртнога. Нават піва і таго не пакаштаваў. Ён яшчэ ў маладыя гады забараніў сабе спажываць тое, ад чаго людзі даходзяць да становішча, у якім апынуўся яго бацька, хранічны алкаголік: аднойчы таго знайшлі на вуліцы мёртвым.

«Так, так, цяпер мне сама што глынуць бы таго акаяннага зелля, ад якога можна, кажуць, хоць на нейкі час забыцца на ўсё на свеце. Забыцца на сваё ўбоства, хоць трошкі ўзбадзёрыць сябе і, мажліва, нават паверыць у тое, што ты і папраўдзе здатны на паездку да таго райскага Чорнага мора, у тую благаславенную Мацэсту, і што ты наогул ніякі не жывы труп, а здаравейшы за ўсіх здаравякаў, асілак з асілкаў!.. Ды Настася нізавошта не здагадаецца, чаго б я з велізарнейшай асалодаю пакаштаваў зараз, пра гэта ёй у галаву ані не прыйдзе, яна ж ніколі не бачыла ў нашай хаце гарэлкі, не ведае, што такое п’яны, або хоць бы проста падпіты, муж... Эх, мілая Настася, святы мой чалавек, ты не ведаеш не толькі гэта, але і штосьці больш важнае — з кім пражыла жыццё, хто быў побач з табою ўсе гэтыя доўгія гады!.. Нічога ты не ведаеш, і цяпер ужо не даведаешся. А меўся ж я сказаць табе ўсё. Меўся... але от адняло мне мову, і я нічога ўжо не скажу... Не здолею сказаць...»

Еў ён цяпер мала, апетыту ў яго ані не было, і калі б не Настася, ён наогул перастаў бы есці. Яна карміла яго з лыжкі і з відэльца, налягаючы найбольш на вітаміны, і яму прыходзілася вунь колькі піць усялякіх сокаў і каўтаць рознакаляровых дражэ. А тады яшчэ таблеткі, парашкі, мікстуры... А то прыходзілі сёстры і стаўлялі побач з ложкам на высокім штатыве чортаву «кропельніцу», і ён з нейкім шчымлівым пачуццём назіраў, як са шклянога слоіка крапае ў гумавую трубачку і бяжыць па ёй у ягонае цела нейкая празрыстая вадкасць. Тады яму цокала думка, што цяпер ён увесь чыста складаецца з адных хімічных рэчываў і вітамінаў і нічога іншага ў ім ужо няма.

Сёння была пятніца, гэта ён ведаў пэўна. Спазнаваць дні ён умеў, толькі чыслаў не ведаў і пра тое, які цяпер месяц, таксама мог толькі здагадвацца. Мажліва, думаў ён, быў яшчэ ліпень, а мажліва, ужо і жнівень настаў. Дзяцей дома не было — сын з’ехаў са студэнцкай будаўнічай брыгадай у Сібір, а дачка во нядаўна пабегла з сяброўкамі ў кіно. Сказала, што, як вернецца, раскажа яму пра фільм. Ды яна і ў нядзелю гэтак гаварыла, а як прыйшла з кіно — адразу за ежу, і на абяцанне сваё забылася. А мажліва, і не забылася, а падумала, што ён забыўся, і не стала турбаваць напамінкам ні яго, ні сябе. Павел Пятровіч не крыўдаваў на яе за гэта, ён дужа любіў Галю і дараваў ёй многае,— мабыць, таму, што яна была меншая ў сям’і, а меншым дзецям заўсёды перападае больш бацькоўскіх пяшчотаў.

— Налета мы абавязкова паедзем з табою ў Мацэсту,— зноў пачала сваё Настася, папраўляючы яму падушку пад галавою.— А можа, у Цхалтубу. Праўда, там мора няма, але вада таксама, кажуць, проста цуды робіць. Мёртвых стаўляе на ногі, а не тое што...

«Гэта яна хоча, каб я падтакнуў ёй,— здагадаўся Павел Пятровіч.— Каб я таксама сказаў, што мы паедзем, што я згодзен».

І ён два разы лыпнуў вачыма: так, так, ён, вядома ж, за тое, каб паехаць, ён не пярэчыць, наадварот — галасуе «за»! Абедзвюма сваімі хімічна-вітаміннымі рукамі! Ён нават зірнуў на свае рукі — на адну і на другую, а тады ўзняў вочы ўгору.

Усміхаючыся і ківаючы галавою ў знак таго, што яна зразумела яго, Настася ўключыла тэлевізар і падалася на кухню мыць посуд. Яна часам, сама не заўважаючы гэтага, пачынала гаварыць з ім на мігі, як з глуханямым.

Якое гэта шчасце, што ёсць на свеце ні з чым не параўнаны цуд — тэлевізар! «У маёй адзіночнай камеры я без яго проста прапаў бы»,— узрушана сказаў сам сабе Павел Пятровіч.

На экране быў пісьменнік Сяргей Сяргеевіч Смірноў. Ён вёў перадачу «Апавяданні пра гераізм».

І тады раптам зрэнкі вачэй у Паўла Пятровіча імгненна расшырыліся, а бялкі паліліся чырванню... «Не, не! — закрычаў ён усімі звілінамі мазгоў.— Гэтага я не хачу бачыць, не хачу чуць! Не хачу!..»

Ён моцна заплюшчыў вочы. Але заткнуць вушы не мог.

І словы з перадачы біліся ў барабанныя перапонкі, і тым было вельмі балюча, нясцерпна балюча. «Выключы яго, Настася, выключы гэты пракляты тэлевізар! Я не хачу нічога бачыць, нічога чуць! Выключы, мілая Настася! Бо я звар’яцею, калі ты не выключыш!..»

Тэлевізар і папраўдзе аціх. Павел Пятровіч спачатку здзівіўся, чаму так сталася, а тады падумаў: гэта нечага вярнулася Настася і, убачыўшы, што ў яго заплюшчаны вочы, рашыла, што ён заснуў. І выключыла тэлевізар. Дзякуй жа табе, родная Настася! Тысячу разоў дзякуй!

Ён не расплюшчваў вачэй. Каб супакоіцца і пазбыцца цяжкіх думак, пачаў лічыць. Адзін, два, тры, чатыры...

— Паша, ты спіш? — пачуў ён раптам Настасін голас.— Прачніся, калі ласка. Паглядзі, хто да цябе завітаў.

Настася яшчэ была каля тэлевізара, у левым кутку, а направа, у дзвярах, стаяў высокі хударлявы мужчына з гладка паголенай галавой, у пакамячаным гарнітуры — светла-сінія штаны і шэрая клятчастая куртка з сінтэтыкі,— які надаваў незнаёмаму выгляд падарожніка. «Нібы турыст нейкі,— зазначыў Павел Пятровіч.— Але хто гэта, хто такі? І навошта я яму спатрэбіўся?..»

— Здарова, Паша! — ненатуральна гучна, як да глухога, загаварыў тым часам незнаёмы.— Не пазнаеш? Ну вядома ж, не пазнаеш! Я і сам цябе не пазнаў бы, каб сустрэў дзе на вуліцы. Гэта ж колькі гадкоў не бачыліся? Лічы, ажно трыццаць, во колькі! Дык што ж тут дзіўнага, што ты не пазнаў мяне. Нічога дзіўнага няма. Праўда, Настася Філімонаўна?

— Вы сядайце, сядайце,— сказала Настася, паказваючы мужчыну на крэсла, што стаяла непадалёк ад ложка.

— Дзякую, гаспадынька. Наш народ даўно прыкмеціў, што ў нагах справядлівасці няма.

— У нагах праўды няма, так кажуць,— заўважыла Настася.

— Ага, точна, точна, дзякую вам. Хоць расседжвацца я не збіраюся. Справы, ці ведаеце, справы. У наш атамна-касмічны век чалавеку ні па што не хапае часу, нават на тое, каб пасядзець са старым другам, пагаманіць, паўспамінаць. Але хто б мог падумаць, што з Паўлам такое здзеецца! Што — ён і не чуе нічога?

— Чаму ж, Паша чуе добра, вельмі добра, усё чыста чуе.

— Га, тады гэта іншая справа,— ужо цішэй сказаў чалавек і перасмыкнуў плячыма.— То ты ж малайчына, Паша, яй-богу, малайчына! Тады я адкрыюся табе, бо бачу, што ты мяне дагэтуль так і не пазнаў. Ведаеш, хто я? Васька Котавіч, вось я хто. Змікіціў?

Настася бачыла, як паступова пачалі расшырацца зрэнкі і ружавець бялкі вачэй у мужа. «Хвалюецца,— падумала яна.— Ды як жа не хвалявацца, калі такая сустрэча, такая неспадзеўка!..»

— Успомніў? Пачакай, я табе яшчэ сёе-тое нагадаю. Адзін год... Здаецца, гэта было ў восьмым класе... не, у дзевятым, мы той год ігралі з табой у самадзейнасці, помніш? Ставілі «Рэвізора» Мікалая Васільевіча Гогаля. Я быў за гараднічага, а ты за Хлестакова. А можа, гэта было ў дзесятым класе? Ну, канечне ж, у дзесятым! Ты тады здорава іграў гэтага самага Хлестакова!

— Вы штосьці блытаеце,— мякка сказала Настася і прысела на мужаў ложак, ля яго ног.

— Блытаю? Хм, хм...— Мужчына пільна зірнуў на Настасю, на Паўла Пятровіча, тады ўзняў вочы ў столь.— Відаць, і праўда блытаю. Старэчы, ведаеце, склероз, ха-хаха... Точна, Настася Філімонаўна, точна: мы з Пашам пасля сёмага класа больш і не бачыліся, дарогі нашы разышліся. Як гэта спявалася ў нашай даўняй песні, яшчэ ў грамадзянскую вайну? «Дан приказ ему на запад, ей в другую сторону...» Эх, бягуць гадкі, Настася Філімонаўна, бягуць... Не паспееш азірнуцца — а ўжо і стары, а там...— Ён шумна ўздыхнуў, палез рукою ў кішэню штаноў, выняў бялюткую насоўку, развінуў яе, працёр вочы, потым зноў акуратна склаў у чатыры столкі і гэтак жа акуратна засунуў у тую самую кішэню. І яшчэ раз шумна ўздыхнуў.

«Дзіўна,— думала Настася,— ён выглядае значна маладзей за Паўла. Яму нізавошта не дасі сорак восем гадоў. Ну ад сілы сорак. А то дык і сорак не дасі. Калі б не сказаў, што ён вучыўся разам з Пашам, я б падумала, што яму гадоў трыццаць пяць, ну, можа, трыццаць сем, не больш...»

— А я спярша не паверыў, што ты хворы,— зноў пачаў гаварыць чалавек да Паўла Пятровіча.— Жонка твая кажа — няможна да яго, ён у цяжкім стане, а я думаю сабе: эге, гэта яна не хоча, каб пабачыліся старыя дружбакі, бо пойдуць успаміны, а дзе ўспаміны — там і чарка, а жонкі ж дужа не любяць, калі іхнія мужы заліваюць за каўнер.

— За гальштук,— зноў машынальна паправіла яго Настася.— Але гэтага я якраз не баюся. Павел у мяне непітушчы.

— Няўжо? Тады вам дужа пашанцавала... Вось я і кажу. Не паверыў я, значыцца, тваёй жонцы. Маніць яна мне, думаю. Трэба будзе, думаю, у што б там ні было прарвацца. І прарваўся. Ажно бачу — праўда... А жонка ў цябе слаўная. Дзе ты такую ўхапіў?

— А мы тут і ажаніліся, у гэтым горадзе,— сказала Настася.— Павел як дэмабілізаваўся пасля вайны, прыехаў сюды, паступіў на наш завод. Мы і пазнаёміліся. Праз два гады згулялі вяселле.

— І дзеці ў вас ёсць?

— Двое. Сын і дачка.

— Вялікія?

— Сын у педінстытуце вучыцца, а дачка сёлета ў восьмы клас пойдзе.

— А што ж я іх не бачу? Дзе яны?

Настася пачала расказваць. Мужчына слухаў уважліва і нібы нават зацікаўлена.

Павел Пятровіч не зводзіў вачэй з мужчыны. Не моргаючы, ён прыглядаўся да яго твару, да адзежы, да рук. Найбольш ён узіраўся ў ягоныя вочы — светла-шэрыя, крыху звужаныя, з выразам надзвычайнай самаўпэўненасці і нават пагарды да субяседнікаў.

Гэтага чалавека ён не ведаў. Не бачыў яго дагэтуль ніколі. Не страчаўся з ім ні разу нават выпадкова.

Так — не страчаўся. Не бачыў. Не ведаў.

Затое заўсёды ведаў другое: ён прыйдзе. Павінен прыйсці. І чакаў яго. Чакаў даўно — усе гэтыя доўгія пасляваенныя гады.

І вось ён прыйшоў...

«Як гэта ён сказаў? Васька Котавіч? Котавіч... Ад слова, значыцца, кот... Не, ты не кот, ты звер куды больш страшны!»

 

2

Горадам Паўлавага маленства быў амаль ужо забыты ім цяпер Новасібірск. Там ён рабіў першыя крокі па зямлі, там сказаў першае слова, там прачытаў першую кнігу. Але яшчэ да таго, як ён навучыўся чытаць і пісаць, ён ужо ўмеў трымаць у руках напільнік і ведаў, як карыстацца дрылем. І так атрымалася, што ён паступова прыкіпеў усёй душою да машын і наогул да тэхнікі. Атрымалася гэта, вядома, не само па сабе, а праз тое, што бацька ягоны быў інжынерам-машынабудаўніком і часта расказваў сыну пра сваю працу, і не толькі расказваў, але і на свой завод вадзіў, дзе ўсё паказваў і тлумачыў.

Любімымі яго прадметамі былі фізіка, хімія і матэматыка. Ён чытаў многа тэхнічнай літаратуры — у бацькі была даволі багатая бібліятэка, у якой поруч з кнігамі на рускай мове стаялі тамы і на іншых мовах. Каб уведаць, што там у іх ёсць цікавага, Павел узяўся грунтоўна вывучаць замежныя мовы. У восьмым класе ён ужо свабодна чытаў і гаварыў па-нямецку і па-англійску, здзіўляючы гэтым сваіх аднакласнікаў і нават настаўнікаў,— тады, да вайны, не надта пяліся вывучаць мовы другіх народаў.

Бацька быў таленавітым інжынерам і добрай душы чалавекам, але па натуры слабавольным і бесхарактарным. Неяк так сталася, што ён прыахвоціўся да гарэлкі і ўсё часцей стаў прыходзіць дамоў п’яны.

Скончылася гэта трагічна. Калі Павел перайшоў у дзевяты клас, бацькі ў яго не стала.

Маці і раней часта хварэла — у яе было штосьці з сэрцам — а пасля гэтага ёй зусім стала блага. Дактары параілі ёй перамяніць клімат, ды яна і сама хацела з’ехаць куды-небудзь з горада, дзе страціла мужа, якога вельмі любіла. У адным з паўднёвых гарадоў жыла яе старэйшая сястра, от маці з Паўлам і падалася да яе. У саракавым годзе Павел скончыў дзесяцігодку. Ён марыў аб тэхнічным інстытуце, не ўяўляў сваёй будучыні без інжынернай дзейнасці. Але, як кажуць, бяда не ходзіць адна. Матчына сястра — яна была незамужняя — спяшаючыся аднаго разу на работу, трапіла пад трамвай і асталася без ног. На Паўлавы плечы лёг увесь цяжар клопату аб дзвюх хворых жанчынах. Ён пайшоў працаваць на суднарамонтны завод — спачатку вучнем токара, але хутка стаў токарам, а потым і фрэзероўшчыкам. Асвоіў ён таксама даўбежны і стругальны станкі, не кажучы ўжо аб свідравальным. Прапанаваў некалькі рацыяналізацый. Перад самай вайной яго, васемнаццацігадовага юнака, прызначылі майстрам цэха.

Эвакуіравацца разам з заводам Павел не здолеў — не было як пакінуць бездапаможных маці і цётку.

Пацягнуліся чорныя дні акупацыі.

Першы час яны жылі з таго, што ўдавалася Паўлу выменяць у навакольных станіцах. Спачатку пайшлі на абмен цётчыны туфлі, сукенкі, паліто, потым матчыны рэчы. А як не стала чаго несці з дому, Павел падаўся шукаць якое работы. Яго ўзялі ў дэпо змазчыкам.

Аднак трэба было дбаць не толькі пра жывот, але і пра тое, каб у хаце было хоць трошкі цёпла. Палілі мэблю, кнігі. Потым Павел пачаў па начах цягаць з дэпо вугаль— балазе яны жылі непадалёк. Гэта было вельмі рызыкоўна, але іншага выйсця Павел не бачыў. І аднаго разу яго затрымаў патруль. Паўла прывялі ў камендатуру. Дзяжурны афіцэр пачаў допыт — хто такі, адкуль, дзе ўзяў вугаль. Каб афіцэр лепей зразумеў яго тлумачэнні, якія ён прыдумаў па дарозе, Павел пачаў гаварыць па-нямецку.

— О, — здзівіўся афіцэр.— Ты ведаеш нямецкую мову? То, можа, ты немец?

Павел адказаў, што ён не немец, а мову вывучаў у школе.

— Усе рускія вывучалі ў школе нямецкую мову, і ніхто яе не ведае,— зарагатаў афіцэр.— Рускім удаецца завучыць толькі «гутэн таг» і «аўхвідэрзэен». На большае яны не здатны.

Павел чамусьці рашыў пахваліцца і сказаў, што акрамя нямецкай ведае яшчэ і англійскую мову.

— О! — зноў здзівіўся афіцэр.— Няўжо ў рускіх школах адначасова вывучаюць дзве замежныя мовы?

Не, сказаў Павел, ён займаўся самастойна. А наогул ён ніякі не злодзей, ён рабочы чалавек, гэта можна праверыць, а вугаль купіў у нейкага старога на рынку, а што ідзе позна дамоў, дык на гэта ёсць прычыны...

Афіцэр перапыніў яго і спытаў:

— А навошта табе спатрэбілася вывучаць аж дзве замежныя мовы? Можа, для таго, каб паслужыць, калі прыйдзе час, вялікай Германіі? Або, наадварот, для таго, каб больш эфектыўна шкодзіць ёй? Адказвай, толькі кажы праўду.

Павел пабляднеў і не знайшоў, што сказаць.

— Раніцай я далажу аб табе пану каменданту,— скончыў гаворку афіцэр.— А цяпер — у камеру.

Усю ноч Павел прадрыжаў у камеры, і пе столькі ад холаду, хоць холад быў сабачы, колькі ад страху, што яго расстраляюць або павесяць за крадзеж. Паклікалі яго толькі ўдзень, гадзін у дванаццаць. Камендантам быў высокі і хударлявы немец у пенснэ. Зноў пачаліся роспыты — хто, адкуль, дзе ўзяў вугаль. Задаваў камендант і іншыя пытанні, якія не мелі ніякага дачынення да асобы Паўла і да праклятага вугалю, і Павел толькі пасля зразумеў, што гэтыя пытанні маюць на мэце адно — праверыць яго веданне нямецкай мовы.

Пасля камендант сказаў сваім ціхім, спакойным і нават лагодна-ветлівым голасам:

— Вы зрабілі злачынства супраць Германіі, супраць фюрэра. Вы паквапіліся на маёмасць, якая належыць нямецкай нацыі, і павінны несці за гэта адказнасць. Мы вымушаны вас павесіць. Так, павесіць. І мы зробім гэта на вачах у вашых блізкіх, на вачах усяго горада, каб нікому не было панадна абкрадаць нямецкі народ, нямецкую армію, якая выконвае сваю вялікую свяшчэнную місію.— Ён зрабіў паўзу, зняў і працёр пенснэ, зноў асядлаў імі гарбаты нос, потым гаварыў далей.— Але мы, немцы, гуманныя, мы зусім не такія, якімі малююць нас бальшавікі. Дарэчы, вы не бальшавік, не?

— Не... — выціснуў з сябе Павел.

— I ў камсамоле не былі?

— Не...

Гэта была праўда, Павел не ўступіў у свой час у камсамол, калі ўступалі яго аднагодкі, ён падумаў тады, што сходы і розныя пагрузкі возьмуць у яго шмат часу, які так патрэбен хворым маці і цётцы.

— Я веру вам. І магу пахадайнічаць за вас, улічваючы, што ў вас на руках дзве бездапаможныя жанчыны, якія без вас загінуць. Дарэчы, што ў вашай маці?

«Выходзіць, яны ўсё ведаюць, усё праверылі. Паспелі, выходзіць, схадзіць дамоў, а мо нават і ў дэпо».

— Сэрца...

— А-а, сэрца. З сэрцам жарты дрэнныя. Яно, вядома, не вытрымае, калі маці пабачыць, як будуць вешаць яе адзінага сына. Дык вось, мы можам даць вам магчымасць скупіць сваю віну, уратаваць маці і цётку. Вы ж іх любіце, ці не праўда?

— Што я павінен зрабіць? — ціха спытаў Павел.

— Вы павінны сумленна і шчыра служыць вялікай Германіі. Мне патрэбен перакладчык. Вы згодны стаць маім перакладчыкам?

«Ён патрабуе не так ужо і многа,— узрадаваўся Павел.— Падумаеш — перакладчык. Звычайная работа».

Так ён апынуўся на новай службе. І не надаў асаблівага значэння паперы, якую яму далі падпісаць у той жа дзень. «Простая фармальнасць,— сказаў ён сам сабе.— Звычайнае нямецкае імкненне да парадку і пунктуальнасці». Дома ён, вядома, нічога не сказаў аб перамене ў сваім службовым становішчы, а тое, што ён пачаў хадзіць на работу ў чыстым, вытлумачыў тым, што яго перавялі ў кантору. Ён, маўляў, цяпер учотчык.

Суседзі адразу перасталі хадзіць да іх, і гэта дужа здзіўляла маці. Яе здзіўляла і тое, што Павел стаў часцяком затрымлівацца на рабоце, і тады да іх прыходзіў нямецкі салдат і паліў у печы,— вугалю ў іх цяпер хапала. Паўлу даводзілася шукаць хоць трошкі падобныя на праўду тлумачэнні. Ды ён бачыў — маці не верыць гэтым ягоным тлумачэнням.

Між тым у Паўла з’явіліся новыя абавязкі. Яго пачалі клікаць у гестапа, каб ён прысутнічаў на допытах, таксама ў якасці перакладчыка... Адбываліся допыты часцей за ўсё ноччу...

Ніколі, ніколі не забыць яму тых допытаў!.. І паглядаў, якія кідалі на яго зняволеныя — падпольшчыкі, партызаны, а то і проста ні ў чым не вінаватыя, але сумленныя савецкія людзі,— не забыць ніколі!.. Да скону дзён сваіх.

У студзені сорак трэцяга памерла маці. А праз два тыдні ён адвёз на могілкі і цётку.

І астаўся зусім адзін.

Цяпер нішто ўжо не трымала Паўла на ягонай акаяннай службе. Ён мог уцячы, знікнуць, тым больш што зрабіць гэта было няцяжка — у яго быў пропуск, які дазваляў яму хадзіць па горадзе ў любы час дня і ночы. Але...

Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі нямала добрых якасцей — прагу да ведаў, працавітасць, інтэлігентнасць, сціпласць і шмат яшчэ чаго. Але атрымаў ён і другое — бесхарактарнасць, слабавольнасць. Яны, гэтыя апошнія якасці, аказаліся тады рашаючымі. Ён не ўцёк, не знік. Ён па-ранейшаму хадзіў на сваю сабачую службу, кожны дзень адно праклінаючы сябе за гэта.

Камендант Рудольф Пільц быў здаволены ім і не раз гаварыў яму пра гэта. Павел стрымана дзякаваў.

А савецкія войскі, ведучы кровапралітныя баі, няўпынна прасоўваліся на захад. У нямецкіх зводках усё часцей гаварылася аб «планамерным скарачэнні лініі фронту». Па ўсім адчувалася, што баі ідуць недалёка ад іхняга горада.

У пачатку лютага сорак трэцяга года, нешта чысла трэцяга ці чацвёртага, пад вечар, Рудольф Пільц запрасіў Паўла ў свой кабінет. Яны былі толькі ўдвух. Пільц узяў дзверы на ключ, выняў з шафы і паставіў на круглы філіграннае работы столік каля канапы пляшку французскага каньяку і дзве маленькія чарачкі. Рабіў ён гэта моўчкі і з нейкім нібы таямнічым выглядам. Тады зусім нечакана загаварыў па-руску.

— Сядайце, Павел Пятровіч, і адчувайце сябе як дома.

— Вы ведаеце рускую мову? — пабляднеў Павел.

— І англійскую, і французскую,— самаздаволена сказаў Пільц.— Разведчыку веданне моў гэтак жа неабходна, як доктару — уменне беспамылкова ставіць дыягназ. Я маю на ўвазе добрага доктара, а не проста лекара.

— Хіба вы разведчык, пан камендант?

— Не задавайце лішніх пытанняў. Дасюль я якраз за тое і цаніў вас, што вы не задавалі лішніх пытанняў. І што дакладна адказвалі на пытанні, якія задаюць вам. І што старанна выконвалі загады і просьбы, з якімі звяртаюцца да вас. Дык вось, сядайце, калі вас запрашаюць сесці. Бо як гэта кажуць рускія? У нагах справядлівасці няма, так? .

Пільц наліў каньяк у чарачкі. Павел прысеў на краёчак канапы, па другі бок століка.

— Прапаную выпіць, Павел Пятровіч. Па адзінай, як кажуць рускія ў такіх выпадках.

— Я не п’ю, пан камендант. Ніколі не піў.

— Ведаю. Але, можа, хоць раз у жыцці пакаштуеце? Каньяк, між тым іншым, з лепшых сховішчаў Францыі.

— Калі дазволіце, я хацеў бы ўстрымацца.

— Чорт з вамі, можаце не піць. Дарэчы, гэтая ваша рыса мне таксама падабаецца. А я от не магу адмовіць сабе ў асалодзе перакуліць чарку добрага каньяку. І нічога, акрамя каньяку, не ўжываю. Можа, вы чулі, што Чэрчыль п'е таксама толькі каньяк? Праўда, ён жлукціць яго конскімі дозамі. Што ж, кожнаму сваё. Ваша здароўе!

Маленькімі глыточкамі, смакуючы, Пільц выпіў сваю чарачку, асцярожна паставіў яе на ранейшае месца.

— Вы хочаце спытаць, адкуль я ведаю рускую мову? Вывучыць яе памаглі мне вы самі, рускія. Так, так, не здзіўляйцеся. Яшчэ зусім нядаўна, перад паходам Германіі па ўсход, я працаваў на адным маскоўскім заводзе. Як я туды трапіў? Эмігрыраваў з Германіі ў Савецкую Расію, як антыфашыст, даўно эмігрыраваў, як толькі на чале дзяржавы і народа стаў Адольф Гітлер.

Пільцу зрабілася горача, ён расчырванеўся. Чамусьці пільна зірнуўшы на Паўла, ён расшпіліў каўнер і сказаў:

— А цяпер, каб не кульгаць, трэба па другой.— Ён зноў наліў сабе і выпіў — такімі самымі маленькімі глыточкамі — усё з чаркі да апошпяй кроплі.— Я нават меў білет члена кампартыі. Асабіста ведаў Тэльмана. Нябога, ён цяпер...— Пільц кашлянуў.— Кожнаму сваё.

Павел сядзеў на той самай канапе, на якой сядзеў і Пільц, толькі з другога краю. Сядзеў як на гарачым вуголлі, адчуваючы амаль фізічны боль і баючыся нават паварушыцца, бо тады гэты боль, здавалася, стане нясцерпным. «Задушыць бы яго, гада печанага! — пранеслася думка ў галаве.— Схапіць за горла і задушыць!.. Але ж я нават і дацягнуцца да яго не паспею, як ён стрэліць у мяне. Вунь і кабура ў яго расшпіленая, і сам ён увесь час напагатове, хоць выгляду не паказвае. Хітрая лісіца. Аднак, што яму яшчэ ад мяне трэба?..»

— У вас не абы-якая галава, і вы, вядома, разумееце, што той мой антыфашызм — камуфляж,— тым часам гаварыў далей Пільц.— Так, я разведчык. Усё сваё свядомае жыццё быў разведчыкам. А тое, што я зараз у ролі каменданта — гэта вымушаная неабходнасць. І да таго ж — часовая. Я атрымаў загад і заўтра еду ў Берлін, каб зноў вярнуцца ў разведку.

Пра тое, што Пільц паедзе ў Берлін, Павел ужо чуў краем вуха. Афіцэры камендатуры яшчэ ўчора гаварылі між сабою пра гэта. Але ніхто з іх і слова не сказаў, куды іменна і чаго ён паедзе. Проста гаварылі, што гер камендант пойдзе цяпер угору. Відаць, ніхто з іх нічога не ведаў. «Каб ты не даехаў туды, куды ты паедзеш,— пажадаў яму ў думках Павел.— Каб з табою ў дарозе якая бяда здарылася, каб цябе трасца якая ўзяла, каб ты...»

Пільц устаў і пачаў хадзіць па кабінеце. Павел памкнуўся быў таксама ўзняцца, але Пільц жэстам паказаў яму, каб ён сядзеў на месцы. Закурыўшы цыгарэту і зрабіўшы некалькі зацяжак, Пільц пачаў гаварыць зноў.

— У вас на языку круціцца пытанне... не, калі гаварыць больш правільна, гэтае пытанне круціцца ў вас у галаве, яно проста свідруе вашы мазгі. «Чаму,—думаеце вы,— ён такі адкрыты са мною, што гэта з ім раптам здарылася?» Ахвотна адкажу вам.— Пільц прыпыніўся перад Паўлам, выразна сказаў: — Нічога асаблівага не здарылася, тым больш — раптам. Проста, шаноўны Павел Пятровіч, вы — таксама разведчык.

— Я?.. — пабляднеў Павел.

— Вы. Так, так — вы! Наш разведчык. Мой! — Пільц зноў пачаў пахаджаць па пакоі.— Вы, вядома, памятаеце тую паперку, якую падпісалі, калі пачыналі працаваць у мяне. Я мушу ўдакладніць адну акалічнасць. Тэкст быў надрукаваны на машынцы, памятаеце? Там гаварылася, што вы добраахвотна — заўважце, добраахвотна! — даеце згоду служыць вялікай Германіі ў якасці перакладчыка камендатуры. І далей ішоў ваш подпіс. Але вы, магчыма, не звярнулі ўвагі на тое, што паміж тэкстам і вашым подпісам аставалася яшчэ пустое месца. І кропка ў канцы пастаўлена не была. Дык вось, пасля таго, як вы падпісалі дакумент, на ім з’явіўся дадатковы тэкст. На той жа самай машынцы было надрукавана яшчэ колькі слоў. Па-першае, пасля слова «камендатуры» з’явілася — «і гестапа». Значыць, вынікае, што вы добраахвотна далі згоду працаваць перакладчыкам камендатуры і гестапа. А гэта ўжо, згадзіцеся, істотна мяняе справу. І галоўным чынам у вачах вашых суайчыннікаў, вядома. Па-другое, і гэта самае галоўнае, вы давалі згоду працаваць таксама і на нашу разведку. І кляліся служыць верай і праўдай.

У Паўла закружылася ў галаве, усё паплыло перад вачыма. Каб не зваліцца з канапы, ён схапіўся рукамі за столік. Заўважыўшы яго стан, Пільц падышоў і патрос Паўла за плечы.

— Можа, усё ж возьмеце каньяку? Усё як рукой здыме. Не хочаце? Тады выпіце вады.— Пільц узяў па сваім пісьмовым стале шклянку, наліў з графіна вады, даў Паўлу. Павел прагна пачаў піць, але рукі дрыжалі, і вада вылівалася цераз край, цякла па падбародку і па шыі за каўнер, лілася на калені. Аддаўшы шклянку Пільцу, Павел выцер збольшага рукавом пінжака твар і шыю, абтрос штаны. І ашклянелымі вачыма ўтаропіўся на Пільца.

Закурыўшы новую цыгарэту, Пільц гаварыў:

— Вы можаце сказаць, што гэта шантаж. Правільна, шантаж. Але майце на ўвазе, што ўсе разведкі ўсіх краін ва ўсе часы карысталіся шантажом як самым верным сродкам вярбоўкі сваіх агентаў. У сіло шантажу траплялі і не такія галовы, як ваша. Я мог бы прачытаць вам цэлы трактат на гэту тэму, зрабіўшы экскурс у вельмі далёкае і ў больш блізкае мінулае, ды часу ў мяне, на вялікі жаль, няма. Вы павінны самі ўсё ўзважыць і прыняць адзіна правільнае рашэнне. Дарэчы, дзе ваш пропуск? Дайце яго сюды.

Павел машынальна выцягнуў пропуск з кішэні і аддаў яго Пільцу. Той развінуў яго, паглядзеў на фота.

— Пропуск мы таксама далучым да вашага дасье, дзе ёсць ужо адпаведныя характарыстыкі і іншыя матэрыялы, у тым ліку і адбіткі вашых пальцаў.— Ён усміхнуўся.— А фота ваша тут вельмі ўдалае, вы тут як выліты. Майстар ведаў сваю справу. Між іншым, у нас ёсць і другія вашы фота. Вы ў сёмым класе. Вы з мамай, калі вам споўнілася васемнаццаць. Вы на фоне станкоў — гэта калі вы рабілі фрэзероўшчыкам. Ну і яшчэ сякія-такія, не буду ўсе пералічаць. Той салдат, што прыходзіў да вас дамоў паліць у печы, калі вы затрымліваліся на службе, не траціў дарма час. Тым больш што вы не хавалі вашага сямейнага альбома, ваша мама нават сама паказвала яго салдату. А рабіць копіі са здымкаў ён умеў выдатна.

Пільц сеў за пісьмовы стол, пагартаў нейкія паперы. Пасля ўзяў тэлефонную трубку, але перадумаў і паклаў яе на месца. Нейкі час маўчаў, потым загаварыў нібы сам з сабою.

— Гэту вайну мы прайгралі. Не, рускія нас яшчэ не разбілі, да канца яшчэ далёка, мы будзем змагацца да апошняга салдата, але... Бліцкрыг не ўдаўся, а на працяглую вайну мы не разлічвалі і не былі гатовы да яе... Так, гэту вайну мы прайгралі. І мы вымушаны рыхтавацца да новай. Мы пачалі ўжо рыхтавацца. Рыхтавацца да нашага апошняга крыжовага паходу, які прынясе нарэшце шчасце і працвітанне нямецкай нацыі. І той, хто будзе памагаць пам, не астанецца пакрыўджаным, майце гэта на ўвазе. Мы, немцы, умеем быць шчодрымі да нашых сяброў. Але мы ўмеем быць і бязлітаснымі да адступнікаў.

Пільц зноў сеў на канапу. Дзіўна, але ён нават не спытаў у Паўла, ці згодзен той працаваць на немцаў надалей. Выходзіць, ён быў проста ўпэўнены, што Павел не адмовіцца.

— Вось вам новы дакумент, вельмі надзейны для прад’яўлення вашым органам улады. Так, так, вы скора сустрэнецеся са сваімі суайчыннікамі ва ўмовах, дзе ўжо не будзе нас, немцаў. Ні вашага прозвішча, ні імя мы не мянялі, так будзе лепей. А вось у гэтым пакеце — грошы. Трошкі нашых марак, іх вам хопіць на першы час. Астатняе — савецкія. Іх тут многа, пераканаецеся самі. Не турбуйцеся, яны не фальшывыя. Нам не было патрэбы рабіць фальшывыя грошы, мы ж столькі захапілі ў свой час вашых банкаў!.. Заўтра вы павінны знікнуць з горада, бо праз тры дні нашы войскі пакінуць яго. Самі разумееце, што заставацца вам тут небяспечна, вас адразу выдадуць і вы будзеце несці адказнасць па ўсёй строгасці вашых законаў. Таму заўтра наша машына даставіць вас у суседні горад, у Заполле. Машына пакіне вас, не даязджаючы двух кіламетраў да горада. Далей вы пойдзеце пеша. Вось гэтая паперка,— Пільц працягнуў Паўлу яшчэ нейкі дакумент,— дасць вам магчымасць без усякіх прыгод увайсці ў горад, ніхто вас не затрымае. У Заполлі вы павінны стаць дзе-небудзь на кватэру і чакаць прыходу бальшавікоў. Па маіх разліках гэта адбудзецца дзён праз дзесяць, сама болей праз дванаццаць. Тады вы знішчыце гэтую паперку і пры першай жа магчымасці з’едзеце з Заполля. І любымі сродкамі, любой цаною дабярыцеся да горада Кірава. Чулі пра такі горад? Раней ён называўся Вятка. Запомніце, як след запомніце: Кіраў, былая Вятка. Уладкуйцеся там на работу, на любую, якая вам па душы. І жывіце сабе ціха і спакойна. Пастарайцеся забыцца на ўсе непрыемнасці, якія былі ў вашым жыцці. Цудоўную перспектыву я вам прапаную, ці не праўда?

Пільна зірнуўшы на Паўла, Пільц далей ужо гаварыў па-нямецку.

— А ў свой час да вас прыйдзе чалавек. Мажліва, гэта здарыцца праз пяць год, мажліва, праз дзесяць, а мо і праз дваццаць. Але ён прыйдзе, абавязкова прыйдзе. І скажа вам, што рабіць далей. Хутчэй за ўсё, ён загадае вам пераехаць у іншае месца, туды, дзе вы зможаце прынесці найбольш карысці. Вядома, спачатку ён перадасць вам прывітанне ад мяне. Толькі не ўздумайце тады зрабіць выгляд, што ніякага Рудольфа Пільца вы не ведаеце. Бо ў такім выпадку ваша дасье адразу апынецца ў органах савецкай бяспекі, а гэта будзе каштаваць вам... вы самі ведаеце...

Ад лагоднага Пільцавага голасу не асталося і звання. Цяпер ён гаварыў жорстка, уладна.

— Я не выключаю і такой сітуацыі, што ў Заполлі, як толькі прыйдуць бальшавікі, вас мабілізуюць у армію. Што ж, тады маліцеся богу, каб ён пакінуў вас жывым. Няхай хоць калекам, але жывым. У якасці інваліда вайны вы будзеце мець для нас яшчэ большую каштоўнасць. Маліцеся, Павел Пятровіч, маліцеся і ўдзень і ўначы. Хаця вы ж чалавек няверуючы. У такім разе за вас буду маліцца я. І, спадзяюся, бог пачуе маю малітву. А як дэмабілізуецеся, неадкладна афармляйце праязны літар у Кіраў. Толькі ў Кіраў! Вы зразумелі мяне?

Цяпер Павел пасмялеў. І здолеў адказаць на запытанне Рудольфа Пільца даволі цвёрдым голасам:

— Зразумеў, пан камендант.

— Я рады за вас. Як гэта кажуць рускія? Бог звязаў нас адною вяровачкай, так? — Пільц пацягнуўся да бутэлькі з каньяком.— А яшчэ рускія сцвярджаюць, што бог любіць тройцу. Я ж выпіў толькі дзве чаркі. Я п’ю трэцюю за вашу ўдачу!

Ён адным глытком спаражніў чарку.

Назаўтра раніцай да дома, дзе жыў Павел, падышла закрытая машына. З яе выскачыла некалькі гестапаўцаў. Двое накіраваліся ў дом, астатнія абкружылі яго. Неўзабаве Паўла вывелі на вуліцу і штурханулі ў машыну.

«Гэтую дэманстрацыю,— падумаў Павел,— Пільц зрабіў для суседзяў. Каб тыя лічылі, што мяне схапіла гестапа. Разлік дакладны».

Пакруціўшыся па вуліцах, машына выскачыла за горад і ўзяла кірунак на Заполле.

Далей усё было так, як і гаварыў Пільц.

Амаль што так.

У Заполле Павел прыйшоў нешта гадзіны ў тры. Яго папраўдзе ніхто не затрымаў, хаця яму тройчы давялося прад’яўляць дакументы. Пад вечар Паўлу ўдалося стаць на кватэру да аднае старое жанчыны.

На адзінаццаты дзень немцы ўцяклі з Заполля. У горад уварваліся савецкія танкі. Як і раіў Пільц, Павел перш за ўсё спаліў тую ягоную паперку, пры адным позірку на якую немцы старанна казыралі яму. А яшчэ Павел пазбавіўся пакунка, дзе былі грошы. Спачатку ён хацеў і грошы спаліць, але перадумаў і «забыўся» іх у жанчыны, што дала яму прытулак. А сам пайшоў прасіцца, каб яго ўзялі ў армію.

«Не, гер Рудольф Пільц, болей мы не стрэнемся,— зларадна думаў Павел, адзяваючы форму савецкага салдата.— Я кроўю змыю сваю ганьбу. А на тым свеце ты мяне не знойдзеш. Ты і шукаць мяне там не будзеш».

Ды, мабыць, Рудольф Пільц і папраўдзе маліўся за Паўла, бо Павел дайшоў да самага Берліна і застаўся жывым. Ён нават паранены не быў, хоць кулям не кланяўся і ад снарадаў ды бомбаў не ўцякаў на злом галавы. Ён рабіў на вайне тое ж, што і ўсе, і от жа ж неяк уцалеў, хоць у яго на вачах загінула столькі людзей, што і палічыць было немагчыма. Толькі аднаго разу яго кантузіла, і ён колькі тыдняў праваляўся ў шпіталі. Ды ад тае кантузіі потым і знаку не асталося, прынамсі, звонку.

Ні ў які Кіраў, былую Вятку, ён пасля дэмабілізацыі не паехаў. У яго быў цяпер адзін клопат — куды б гэта зашыцца як найдалей. Спачатку падумаў падацца ў Сярэднюю Азію. Самарканд, Бухара, Фергана... Гэтыя вядомыя яшчэ са школьных падручнікаў старадаўнія з адценнем таямнічасці назвы амаль увесь час, пакуль чакаў дэмабілізацыі, не выходзілі з галавы і нават у сне сніліся. Потым ён падслухаў неяк гаворку двух сержантаў, якія збіраліся ехаць на свой Далёкі Усход, і пачаў трызніць Хабараўскам, Уладзівастокам, бухтай Залаты Рог... Але, разважыўшы, прыйшоў да вываду, што ні на Далёкі Усход, ні ў Сярэднюю Азію кіравацца яму не варта. Бо якраз туды і папрастуюць цяпер усе тыя, каму ёсць што хаваць ад людскога вока — хоць чужога, хоць свайго. І Павел вырашыў палажыцца на волю лёсу. А лёс у даным выпадку аказаўся ў асобе старшыны Нічыпара Блазнюка, родам з Беларусі. Блазнюку лёгка ўдалося ўгаварыць Паўла трымацца разам.

Так ён апынуўся ў Беларусі.

Павел паставіў сабе за мэту жыць ціха, непрыкметна, нічым і нідзе не вылучацца. Ён нікому, нават Нічыпару Блазнюку, не сказаў, што мае вунь колькі спецыяльнасцей і што нават за майстра рабіў. Змоўчаў і пра тое, што ў яго за плячыма дзесяцігодка, усім гаварыў, што мае толькі сем класаў. Уладкаваўшыся на завод,— уласна кажучы, ніякага завода не было, былі адны руіны,— Павел спачатку, калі ішлі аднаўленчыя работы, насіў цэглу ды мясіў раствор, пасля скончыў кароткатэрміновыя курсы і стаў за электраманцёра. Нічыпар Блазнюк праз тры гады зрабіўся майстрам цэха, праз пяць — начальнікам участка, а Павел усё лазіў з кіпцямі па слупах, ставіў у кабінетах разеткі ды выключальнікі, укручваў лямпы ў патроны, мяняў перагарэлыя пробкі. Блазнюк скончыў завочна тэхнікум і падаўся ў інстытут; Паўла ніяк не маглі зацягнуць у вячэрнюю школу. «Цяпер сем класаў — гэта . амаль нічога,— тлумачылі яму.— Трэба расці, авалодваць ведамі, пашыраць кругагляд». Павел ведаў сваё: не высоўвацца, не кідацца ў вочы, быць цішэй вады, ніжэй травы. Нічога яму не трэба, хопіць і таго, што ён мае, няхай усе пакінуць яго ў спакоі, няхай не лезуць у душу, не акружаюць клопатам і ўвагай. Паступова Павел дамогся свайго: на яго ўсе махнулі рукой, нават Нічыпар Блазнюк.

Ён корпаўся з ненавіснымі разеткамі, выключальнікамі і пробкамі, а ў галаве былі станкі, машыны, аўтаматычныя лініі... Колькі ён зрабіў рацыяналізацый, колькі абмазгаваў вынаходстваў — і ніхто не пакарыстаўся імі, ніхто нават не пачуў пра іх.

У яго была добрая сям’я. Жонка шчыра і аддана любіла яго, дзеці раслі здаровымі і паслухмянымі, добра вучыліся. Але і ад сям’і Паўлава душа была замкнёна на сто замкоў.

Па начах яго сталі мучыць кашмары. То з’яўляўся Рудольф Пільц і пачынаў душыць Паўла, і той дапраўды задыхаўся і хрыпеў, і ад гэтага хрыпу прачыналася Настася і спалохана будзіла яго; а то прыходзіў следчы з органаў бяспекі і паказваў Паўлу ягонае дасье, і тады Павел ускрыкваў і падхопліваўся з ложка, каб бегчы немаведама куды.

— Калі ж гэта яна перастане ўжо сніцца табе, тая вайна! — з роспаччу гаварыла ў такіх выпадках Настася.— Схадзіў бы ты да доктара, можа, ён даў бы якое рады. Гэта ж так пакутаваць!..

Павел як сам не свой ішоў на кухню, у знямозе апускаўся на табурэтку і так сядзеў да самае раніцы. Жонка не турбавала яго, бо аднаго разу ён быў шалёна накрычаў на яе за гэта.

Ён зрабіўся нервовы, часам яго раздражняла самая нязначная дробязь. Гэта здаралася не толькі дома, але і на рабоце.

Павел зразумеў, што няма больш страшнага суда, чым суд уласнае памяці.

Бывалі хвіліны, калі яму хацелася расказаць пра ўсё першаму стрэчнаму на вуліцы, на заводзе, на стадыёне, куды ён пачаў хадзіць на футбол з надзеяй хоць там пазбыцца чорных сваіх думак, і дзе пазбыцца іх яму таксама не ўдавалася.

Апошнім часам ён рашыў, што скажа ўсю праўду Настасі, бо не мог ўжо трымаць яе ў сабе.

Ды не паспеў. Звалілася раптам на яго чортведама скуль жудасная немач, пазбавіўшы і мовы, і рухавасці. Ён не мог ужо ні сказаць нічога, ні нават рукой паварушыць, каб хоць напісаць.

Што гэта было — новыя пакуты або збавенне ад усіх пакут?..

 

3

— А я тут, Паша, у камандзіроўцы,— сказаў прыхадзень.— Быў і на вашым заводзе, там выпадкова пачуў прозвішча — Звягінцаў. Спярша не надаў гэтаму ніякага значэння, а пасля, ужо ў гасцініцы, раптам падумаў: «А ці не ён гэта, мой школьны сябрук Пашка?» Заскочыў у адрасны стол, мне і далі даведачку, дзе ты жывеш. От так і знайшоў я цябе праз столькі год. Праўду кажуць, што гара з гарою не сходзяцца, а чалавек з чалавекам абавязкова стрэнуцца.— Ён пільна паглядзеў на Звягінцава і падкрэслена дадаў: — Павінны стрэцца. Абавязаны стрэцца.

Не, Павел Звягінцаў не ведаў яго. Не бачыў дагэтуль ніколі. Не страчаўся з ім нават выпадкова. Аднак недзе падсвядома чакаў, што ён усё ж прыйдзе.

І вось ён прыйшоў. Адтуль прыйшоў. Ад Рудольфа Пільца.

— А дзе вы цяпер жывяце? — спытала Настася.

— У Маскве-матухне. Служу там у Міністэрстве замежных спраў.

— Вунь куды дапялі.

— Бываю за мяжою. Даводзілася не раз на ўласныя вочы бачыць загніваючы капіталізм. Агідна робіцца, калі глядзіш на каторага з гэтых загніваючых.

«Гэта ты толькі што прыдумаў, вось тут, у кватэры,— зазначыў Звягінцаў.— Не ў Міністэрстве замежных спраў ты робіш, а ў ведамстве Рудольфа Пільца. От толькі дзе яно цяпер атабарылася, тое ведамства? У Заходняй Германіі? У Англіі? Або ў Злучаных Штатах? А сам ты, канечне ж, маеш дакументы замежнага турыста, да якіх ніхто не прычэпіцца, іх расстараўся табе сам Рудольф Пільц. Калісьці ён і мне даў быў дакумент, абсалютна надзейны дакумент, немцы тады нават казыралі мне. Толькі я той дакумент знішчыў, спаліў, а ты свой не знішчыш, табе трэба даць справаздачу. Так, маўляў, і так, дарагі гер Рудольф Пільц, бачыў я вашага рэзідэнта, якога ў свой час гэтак лоўка завербавалі, страчаўся з ім, нават на кватэры ў яго быў, толькі карысці ад яго цяпер аніякае. Я нават употайкі здымачак зрабіў, вы ж забяспечылі мяне мініяцюрным фотаапаратам, вось паглядзіце на здымачак, якраз добра атрымаўся. Бачыце, у якім ён стане, гэты Павел Пятровіч Звягінцаў, яго разбіў параліч. Так што закрывайце ягонае дасье, яно нам болей не спатрэбіцца».

— І грошы вам, відаць, добрыя плоцяць? — спыталася Настася і сама засаромелася свайго пытання.

— Грошы плоцяць добрыя, не скарджуся,— адказаў прыхадзень.— Хапае і на хлеб, і да хлеба. От толькі даводзіцца шмат ездзіць. То ў адну краіну, то ў другую, і часам надоўга.

— То гэта ж і добра — ездзіць па новых мясцінах, бо столькі можна чаго пабачыць. А мы з Паўлам нідзе і не былі, нічога не бачылі. Хоць ён-то быў, усю Германію прайшоў, але калі тое было.

— Нічога, яшчэ паездзіце, якія вашы гады,— без усякае надзеі ў голасе сказаў прыхадзень.— Дасць бог, ачуняе Павел, і тады...

«Так, цяпер дасье будзе нарэшце закрыта. Але сам я ўсё роўна астануся ў сваёй адзіночнай камеры... Зрэшты, я трапіў у яе не цяпер, калі мяне апанавала гэтая няшчадная помач, я ўсё жыццё быў у адзіночнай камеры, з тае самае хвіліны, як стрэўся на маім шляху Рудольф Пільц».

— Ну што ж, я мушу развітацца,— сказаў, устаючы, прыхадзень.— Бо спраў у мяне яшчэ да самае макаўкі. Змікіціў, Паша? Жадаю табе ўсяго, чаго ты сам сабе жадаеш. Бывайце, Настася Філімонаўна, мне вельмі прыемна было пазнаёміцца з вамі. Шкада, не пабачыў вашых дзетак. Перадайце ім ад мяне прывітанне. Бывайце!

«Затрымай яго, затрымай, Настася! Паведамі аб ім куды трэба. Ён не мае права быць тут, у нашым горадзе, у нашай краіне. Ён — гэта вайна. Няхай не цяпер, але — вайна. Калі-небудзь, у будучым. Можа, не з намі, не са мною і табою, але ў нас ёсць дзеці, значыць — з імі. Таму ён не павінен хадзіць па нашай зямлі. Ён наогул не павінен хадзіць ні па чыёй зямлі. Ягонае месца — у самой зямлі, пад тоўстым і цяжкім пластом! Затрымай яго, Настася!..»

Ён нема закрычаў. Ды ніхто не пачуў таго крыку.

І сам ён таксама не пачуў.

1973

 


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Васілёнак Я. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 2. Апавяданні і аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с.
Крыніца: скан