epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Аматары

— Сёння зноў на рыбу пойдзеш? — асцярожна спытала Лена, наліваючы ў шклянкі чай.

— А ты думала! — сказаў Ілья і ўсыпаў у сваю шклянку тры лыжкі цукру.— Сёння рыбка павінна здорава брацца. Толькі паспявай цягаць. Вечарам я табе прыпру цэлы пуд рыбы. Свежанькай, апетытненькай. Мо і шчупачкоў парачка пападзецца, як мінулым разам. А добрыя тады былі шчупачкі, праўда?

— У магазіне і не такія можна купіць,— раздражнёна сказала Лена.

— Дык то ў магазіне, а гэта свае. Сваімі ўласнымі рукамі злоўленыя, гэта ж вунь якая розніца. Эх, нічога вы, жанчыны, не цяміце ў рыбнай лоўлі! Пахадзіла б во сама, пацягала рыбачак з вадзічкі, то і не гаварыла б гэтак.

— Але ж зноў выхадны прападае...— уздыхнула Лена.— У кіно лепей бы схадзілі або так куды. У парк, напрыклад.

— У кіно мы і ў будны дзень схадзіць можам... як-небудзь пасля работы. А парк... ну што той парк! Людзей там у нядзелю — не прабіцца. Проста ступіць няма куды.

Лена адсунула свой недапіты чай, падперла рукамі падбародак і ўтаропілася ў акно.

— Зноў сядзі дома адна цалюткі дзень... Чакаеш гэтага выхаднога дня, чакаеш, а прыйдзе ён — адно толькі засмучэнне і маеш. Аціраешся самотніцай дома, ходзіш з пакоя на кухню і назад з кухні ў пакой, бы непрыкаяная...

— Нічога, Леначка, нічога, пашукай і ты сабе якога інтэрасу. Памазгуй наконт чаго-небудзь таго-гэтага. Знаходзяць жа другія жанкі сабе нешта-нейкае.

— А я ў выхадны дзень адпачываць хачу! — ужо са злосцю сказала Лена.— Ад-па-чы-ваць!

— То і адпачывай сабе на здароўе, хіба я што кажу?.. От мела б ты ахвоту да рыбацтва, ездзілі б разам...

— Яшчэ гэтага мне не хапала! — зыкнула Лена.— Хопіць і таго, што муж чорт ведае на што траціць час!

— Эх, нічога вы, жанчыны, не цяміце ў рыбацтве. Гэта ж спорт, высакародны спорт, а не абы там што!

Ілья дапіў свой чай, закурыў і выйшаў на балкон.

Была цудоўная чэрвеньская раніца. На небе — ні хмурынкі. Сонца яшчэ не паспела нагрэць паветра, і дыхалася лёгка, вольна, на поўныя грудзі.

— Любата!..— сказаў сам сабе Ілья і чамусьці ўздыхнуў. Пастаяўшы яшчэ хвілін колькі на балконе і дакурыўшы папяросу, ён вярнуўся ў пакой.

— Харошы дзянёк! — знарок весела і нават бадзёра сказаў Ілья.— Рыбка будзе брацца дай божа!

Жонка ляжала на канапе, дэманстратыўна адвярнуўшыся да сцяны. Ілья пастаяў каля яе, пачухаў патыліцу і цішком падаўся на кухню. Там у куточку за буфетам стаялі падрыхтаваныя яшчэ звечара рыбалоўныя прычындалы. Хуценька сабраўшы іх, Ілья яшчэ раз завітаў у пакой, пахіліўся над жонкай, пацалаваў у шчаку, вінавата прамовіў:

— Ты не сярдуй, Леначка. Сама ведаеш, ну як жа мне не пайсці, калі такі дзянёк стаіць. От быў бы дождж, хіба я пайшоў бы. А ў кіно мы яшчэ сходзім, якія нашы гады. І ў кіно яшчэ сходзім, і ў тэатр, і нават, калі хочаш, у цырк. Скора там, кажуць, цікавая новая праграма будзе, от мы возьмем і сходзім. Праўду кажу, сходзім.

Асцярожна, каб не рабіць лішняга шуму, ён зачыніў за сабою дзверы, а тады стрымгалоў паскакаў па прыступках уніз са свайго чацвёртага паверха. Пасля спусціўся ў падвал і там сунуў за ацяпляльную батарэю і вудачку, і бляшанку з прынадаю, і наогул усе рыбалоўныя снасці. Пакінуў толькі адну пустую авоську, ды і тую засунуў у кішэню.

На прыпынку ён сеў у аўтобус і даехаў да Камароўскага рынку. Там, выкіроўваючы ў людскім віру, знайшоў патрэбны яму стол, а за ім — пажылога каржакаватага дзядзьку ў вылінялай салдацкай гімнасцёрцы, мусіць, з сынавага пляча, і ў гэткай жа вылінялай зашмальцаванай фуражцы з блякла-зялёным аколышкам — дзядзьку Якуба. Дзядзька Якуб, як толькі ўгледзеў Ілью, на ўвесь рот заўсміхаўся, паказваючы рэдкія жоўтыя зубы. Тады выцер руку аб штаны і падаў яе Ільі.

— Пазнавата нешта сёння, малады чалавек, пазнавата,— гугнява сказаў дзядзька Якуб і зноў выцер руку аб штаны.— Я ўжо, сказаць гэта, думаў, што і не прыйдзеш зусім. Заспаў, мусіць, га?

— Пакуль яно тое, ведаеце, ды пакуль сёе...— прамовіў Ілья, таксама машынальна выціраючы сваю руку авоськай.— Аднак жа яшчэ і не дужа позна. На маім гадзінніку яшчэ толькі, ведаеце, колькі?

— Гы, калі будзеш лавіць рыбку па сваім гадзінніку, то хрэн ты яе і зловіш,— зарагатаў дзядзька Якуб.— Цяперака прымяркоўвайся во да майго, то ісць да нябеснага. А то во яшчэ прамурыжыў бы трошачкі, і будзь здароў, паплылі б твае плотачкі і акунькі ў чужыя грэбаўкі.

— А шчупачкоў хіба няма?..— з надзеяй спытаў Ілья.

— Ніводзін не ўзяўся, халера. Адзін, праўда, браўся быў, во такі, хунтаў, сказаць гэта, на пяць, а то і на ўсе шэсць, ды сарваўся, халера. Я-ак тузане, лёска трэсь, толькі яго і бачыў. Шкада было, каб ты толькі ведаў. Гэта ж ты мне за яго сама меней рублёў тры адваліў бы.

— Але, шкада шчупачка,— згадзіўся Ілья.

— Ну, то нічога, на наступную нядзелю я табе концам штучак колькі прыцягну. Так і скажы жонцы. Дзядзька Якуб, скажы, пераказаў, што шчупакі будуць. А акунькі во і зараз ёсць, і плотачкі ёсць. Небагата, але на юшку хопіць, ды і на ладную патэльню астанецца таксама.

Ілья зазірнуў у дзядзькаву торбу, дзе ў мокрай яшчэ траве было дзесятка паўтара рыбін. Дзядзька яшчэ даўней растлумачыў Ілью, як завецца каторая рыбіна, і цяпер Ілья з выглядам сапраўднага знаўцы агледзеў кожную. Рыба была няважная, дробненькая, і ён уявіў сабе, як вечарам давядзецца важдацца з ёю, пакуль паскрабае ўсю; Лена ж і не дакранецца да яе...

— Усю возьмеш? — спытаў дзядзька Якуб.

— Давайце ўсю! — бадзёра сказаў Ілья, стараючыся не паморшчыцца.

Дзядзька пераклаў рыбу са свае торбы ў Ільёву авоську. Заплаціўшы грошы і нагадаўшы дзядзьку, што ў наступную нядзелю прыйдзе таксама, Ілья зноў падаўся на прыпынак. Там ён сеў у тралейбус і хвілін праз колькі быў ужо ў раёне парка Чалюскінцаў. Яшчэ праз нейкі час ён таропка паднімаўся на пяты паверх аднаго з новых дамоў. На ягоны званок дзверы адчыніў маладжавы з твару, але ўжо прыкметна пасівелы мужчына ў піжаме і басам праспяваў:

Уж полночь близится, а Германа все нет...

— Ёсць Герман, ёсць,— гэткім жа тонам адказаў Ілья.— А от ці ёсць Мікіта?

— Тут Мікіта, тут! — азваўся аднекуль з кватэры яшчэ адзін голас.— Цэлую вечнасць чакаем цябе, проста змарнелі ўжо, чакаючы. Усё даўно падрыхтавана, усё намалявана, усё панапісана, можна адразачку і пачынаць, каб не траціць дарагога часу.

— А ты і рыбкі, гляджу, налавіў ужо,— загрымеў смехам гаспадар кватэры.

— Якая там рыба, аднае драбязы прыцёг сёння мой пастаўшчык,— засмяяўся і Ілья.— Давай яе, Іван Пятровіч, хутчэй у ваду кінем, а то да вечара з яе чорт ведае што будзе.

— То ідзі ў ванную і адкручвай кран. Твая рыба, ты і важдайся з ёю.

— Грошы, шкурадзёр, бярэ такія, што дзе толькі сорам той дзяе пры гэтым, а рыбу возіць, дык і глядзець няма на што,— бурчаў Ілья, ідучы ў ванную.— Тфу на яе, на такую рыбу!

— А на маю думку, дык ён проста малайчына, гэты твой дзядзька Якуб,— рагатаў ужо ў гасцінай Іван Пятровіч.— Ён жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай.

Ілья напусціў у ванну халоднай вады, начапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Затым з нейкім незразумелым душэўным хваляваннем, якое заўсёды з’яўлялася ў такія хвіліны, падаўся ў гасціную.

Там за круглым сталом ужо ўрачыста сядзелі гаспадар кватэры заслужаны артыст рэспублікі Іван Пятровіч Заробкін і журналіст Мікіта Ходар. Да іх далучыўся і ён, Ілья Калетнік, інжынер упраўлення чыгункі. Перад імі на стале ляжаў вялікі аркуш паперы, счэрчаны незразумелымі для старонняга вока лініямі і лічбамі, што нагадваў нейкі таямнічы план часоў марскога пірацтва, а на ім — калода новенькіх блішчастых карт. І яшчэ перад кожным ляжаў старанна завостраны, нібы піка, аловак.

— З чаго пачнём, браткі? — абвёўшы кожнага пільным позіркам, быццам камандзір перад рашучай атакай, строга спытаў Іван Пятровіч.— З разбойніка або з распасоўкі?

— Чацвёртага ў нас сёння хіба не будзе? — пацікавіўся для прыліку Ілья.— Толькі мы ўтрох?

— Усіх чыста пулькістаў абзваніў, ніводнага дома не знайшоў,— паведаміў Іван Пятровіч.— Відаць, пацягнулі настырныя жонкі на лона прыроды. Адно слабакі цяперака пайшлі, а не пулькісты. Ну то з чаго пачнём? Для праветрывання мазгоў, га? Мо з распасовачкі, га? Ваша слова, прадстаўнік другой старажытнай прафесіі.

— Давайце сёння сочынскую распішам,— прапанаваў Мікіта.— Пяцьсот у пульку — і парадачак.

— То гэта ж на якіх пару гадзін усяе работы,— сказаў Іван Пятровіч.— А куды спяшацца? Наперадзе ў нас цалюткі дзень, ды яшчэ які дзень!

— Не, сёння позна не будзем заседжвацца,— не зусім упэўнена прамовіў Мікіта.— Мне яшчэ трэба матэрыял у газету зрабіць пра ўчарашнія спаборніцтвы матацыклістаў.

— Трэба было ўчора пра іх і зрабіць, а не адкладваць на сёння. Нішто сабе аператыўнасць!

— Дык жа ішоў афіцыйны матэрыял, увесь нумар заняў. Давайце, аднак, сочынскую.

— Прападзі яна, тая ваша сочынская, цярпець яе не магу. Лепш ужо тады зробім пару кругоў распасоўкі, скажам, па дзесяць. Вось і атрымаецца добрая горачка. Якая думка наконт гэтага існуе на чыгуначпым транспарце? — звярнуўся Іван Пятровіч да Ільі.

— Адкрыць семафор разбойніку,— сказаў Ілья.— Даць яму зялёную вуліцу!

— Я заўсёды падазраваў, што іменна вуснамі чыгуначнікаў глаголіць ісціна! — грымнуў Іван Пятровіч.— Тады і я — за разбойніка. Каб было з толкам, а не абы-як. Табе здаваць карты, Мікітка, у цябе першы туз. Ды яшчэ і твой, бубновы. Сёння табе будзе шанцаваць, як нікому, усе грошы — твае.

Мікіта пачаў раздаваць карты. З левай рукі ад яго сядзеў Ілья, яму і трэба было пачынаць гульню.

— Дзевяць чырвоных,— сказаў Ілья, узяўшы прыкуп.

— Правільна, сёрбай юшку, на дне гушча,— заявіў Іван Пятровіч.— Але і мы спаць у шапку не будзем, праўда, Мікітка? Парачку ўзятак я ўжо бачу. Ды і мар’яж ваш не пройдзе, голубе, не, не пройдзе. Гэта ўжо точненька.

— Не забывайцеся, Іван Пятровіч, на дзевятую запаведзь прэферансістаў,— нездаволена сказаў Ілья.

— Гэта на якую ж? А-а, успомніў. Наконт шуму, так?

Удакладняючы, Мікіта працытаваў:

— Найзлейшыя ворагі прэферанса — гэта шум, жонка і абрус.

— Абрус са стала я зняў, жонак з намі, дзякуй богу, няма, а шум... ну што ж, тады маўчу, Ільюша, як твая рыба ў ванне.

Ды маўчаць Іван Пятровіч не ўмеў — ён увесь час каменціраваў гульню: то жарт падпусціць, то прыказку якую прыгадае, то анекдоцік раскажа. Адно і гудзеў у кватэры ягоны бас.

Як скончылі разбойніка, высветлілася, што найбольш было на горцы ў Ільі. Ён заказаў тады яшчэ адзін круг распасоўкі, але і тут яму не пашанцавала — нахапаў узятак болей за ўсіх. «Горка» ягоная зноў падскочыла.

— Набраўся, як сучка блох..— сказаў Ілья, запісваючы на паперы, у самай сярэдзіне, умовы гульні.— Па старой капейчыне няхай ідзе, так? А ў пульку сто дваццаць.

— Малавата пры такой горцы,— паківаў галавою Іван Пятровіч.

— Пішы ўжо сто пяцьдзесят, дзе наша ні прападала,— сказаў Мікіта і ўзяўся зноў тасаваць карты.

— Няхай сабе будзе сто пяцьдзесят,— з панурай абыякавасцю, што найшла раптам на яго, пагадзіўся Ілья.

— А цяпер,— устаючы і паціраючы рукі, прамовіў Іван Пятровіч,— перш чым пачаць, собсцвенна, пульку, пройдзем на кухню, там у мяне сёе-тое падрыхтавана. Для праветрывання мазгоў. Бо, як гласіць трэцяя запаведзь, пулька без ста грамаў — усё адно, што ракі без піва.

На кухні сапраўды ўсё было падрыхтавана дзеля таго, каб падмацаваць сілы перад рашучай барацьбой. Яны ўзялі па чарцы, закусілі. Пагаманілі пра цудоўнае надвор’е, пра тое, што сёлета мае быць добры ўраджай. Потым узялі па другой. Іван Пятровіч расказаў анекдот пра аднаго заўзятага прэферансіста. Той аднаго разу паехаў на курорт у Сочы і ў першы ж дзень узяўся за гульню. Калі скончыўся ў яго водпуск, ён сеў у поезд, выглянуў у акно і са здзіўленнем сказаў: «А тут, аказваецца, ёсць мора!»

Яны парагаталі для прыліку, бо кожны даўно ведаў гэты стары анекдот. Пасядзелі і пакурылі яшчэ крыху, але Іван Пятровіч болей у чаркі не наліў. Паказваючы на пляшку з рэштаю «Белавежскай», ён сказаў:

— А гэта — таму, хто падсядзе на мізэры. Як толькі хто падсядзе, мае поўнае права бегчы на кухню і кульнуць чарку. На прадмет суцяшэння, так сказаць.

Тады яны заспяшаліся ў гасціную. Кожны зноў сеў на сваё ранейшае месца. Мікіта пачаў здаваць карты на гульню.

— Першы рэміз — золата! — сказаў Ілья і стукнуў кулаком па сваіх картах, што паклаў перад ім Мікіта.

— У цёмную бярэш? — ніколькі не здзівіўся Іван Пятровіч і зазначыў: — Табе, собсцвенна, цяпер толькі цямніць і трэба, каб збіць горку. І для праветрывання мазгоў таксама.

Ды горка не збілася ні на ёту. Наадварот, яшчэ пабольшала. Бо карты прыйшлі такія, што гуляць ані не было з чым. Не дапамог і прыкуп.

Пасля Ілья два разы браў мізэра, і абодва разы «садзіўся» — адзін раз без дзвюх узятак, а другі нават без чатырох. Пад раскацісты рогат Івана Пятровіча бегаў на кухню, паспешліва глынаў там паложаныя яму чаркі, але абяцанага Іванам Пятровічам суцяшэння яны не прыносілі.

Яму цэлы дзень не шанцавала. К вечару толькі ў аднаго яго і асталася горка. Давялося яе распісваць. Мікіта накруціў на Ілью пяць «колаў», а Іван Пятровіч аж восем. Каб разлічыцца, Ілью ледзьве хапіла грошай, якія ён употай ад Лены прыхапіў з сабою і якія, між іншым, адкладваў, каб купіць кінакамеру.

— Дарэчы,— сказаў Іван Пятровіч, старанна запіхваючы грошы ў кашалёчак-падкоўку,— на наступную нядзелю трэба будзе шукаць нам якога другога прытулку. Паслязаўтра прыязджае з гастроляў мая дражайшая палавіна. Яна нам такую пульку пакажа, што не дай ты божа!..

— Не прападзём, браточкі, не прападзём! — сказаў тады Мікіта.— Якраз у суботу я адпраўляю сваю Сімачку на поўдзень, у Сакі. Абсталюемся, значыцца, у мяне. Колька, нашчадак мой, таксама замінаць не будзе, яго заўтра ў піянерскі лагер выпраўляю.

— Благадаць, маць часная! — усклікнуў Іван Пятровіч.— Тады, можа, яшчэ па адной кульнём? У мяне ў халадзільніку прызнаюся ўжо вам як на духу, прыхавана яшчэ пляшачка армянскага трохзоркавага. Бярог к жончынаму прыезду, але...

— Абавязкова кульнём, а хто сказаў, што не? — узрадаваўся Мікіта.— Цяпер грэх будзе не кульнуць пасля такой работы. А матэрыял у газету я заўтра зраблю, нідзе ён не дзенецца. Устану трошкі раней і зраблю. На свежую галаву заўсёды лепей пішацца.

— Я не буду,— паморшчыўся Ілья.— Трэба пайсці, а то жонка... ды і наогул...

Ён выцягнуў з ванны сваю авоську з рыбай, развітаўся і пайшоў дамоў.

Ні тралейбусы, ні аўтобусы ўжо не хадзілі, а на таксі грошай не асталося. Давялося ісці пешкі.

У галаве гуло, увесь рот запаланіла нейкая прыкрая гаркота, і наогул было так моташна, што і жыць на свеце не хацелася. А яшчэ ж раніцою ў яго быў такі бадзёры настрой, так яго цягнула да гэтай пулькі!.. Верылася, што ў добрай кампаніі ён добра прабавіць час, адпачне, «праветрыць мазгі», як любіў гаварыць Іван Пятровіч. Нішто сабе праветрыў!..

І — падыходзячы ўжо да дома — Ілья адно дзёўб сабе, што ніколі і нізавошта не сядзе болей за гэты пракляты прэферанс. Не шкада было тых прайграных грошай — чорт з імі, з грашмі, на тым тыдні ён мае атрымаць прэмію за сваю рацыяналізацыю, якраз хопіць на кінакамеру,— шкада і крыўдна было, што і галава вунь як дурная, і ў роце — мо з таго, што многа курыў,— пячэ гаркота, і ўсё цела бы не сваё, бы нейкае чужое. І дзень — такі дзень! — збэйсаны чорт ведае на што!..

Падняўшыся на свой чацвёрты паверх і ўжо ўставіўшы ключ у замок, ён раптам успомніў, што не зайшоў у падвал і не ўзяў там свае рыбалоўныя прычындалы. Давялося зноў спускацца ўніз і зноў падымацца. Гэта надало яму яшчэ большай злосці на самога сябе і канчаткова вызначыла рашэнне назаўсёды скончыць адгэтуль з прэферансам.

Лена ўжо спала. Ілья ўкінуў злашчасную рыбу ў халадзільнік, праглынуў аж дзве таблеткі пірамідону, патрымаў галаву пад кранам з халоднай вадой і, не павячэраўшы, лёг спаць. Але заснуць доўга не мог. І пасля да самае раніцы спаў вельмі неспакойна, часта прачынаўся, бы ад якіх штуршкоў, і снілася яму нейкая трывожная цьмяная безладзь, і то рабілася дужа горача, а то раптам кідала яго ў халодны пот...

А ў наступную суботу яму пазваніў на работу Мікіта і паведаміў, што напраўду выправіў раніцою жонку на курорт і яны могуць распачаць пульку нават сёння звечара.

— Ёсць і чацвёрты партнёр,— таямнічым голасам гаварыў Мікіта, мабыць, прыкрываючы ад некага старонняга трубку рукою.— Пецька Худаковіч з тэлебачання просіцца ў кампанію. Слабавата, праўда, гуляе, дужа памногу думае, мізэра лавіць не ўмее, але, можа, возьмем, га? Іван Пятровіч не пярэчыць.

— Сёння я не магу,— з тугою сказаў Ілья.— Лена ўзяла білеты ў кіно. На апошні сеанс.

Ілья пачуў у трубцы, як Мікіта шумна ўздыхнуў.

Ілья міжволі і сам уздыхнуў.

— Тады давай заўтра...— нібы крыўдуючы, прасоп пасля паўзы Мікіта.— Толькі ж прыходзь раней, ты нешта заўжды познішся.

— Бу здзелана! — падрабляючыся пад Райкіна, сказаў Ілья.

І энергічна паклаў трубку на апарат.

«Уся загваздка ў тым, што я тады многа цямніў,— бы спрачаючыся з кімсьці ў думках, зыркнуў Ілья вачыма наўкола.— Уцёмную мне ніколі не шанцуе, гэта ж факт. Дык навошта мне тыя цёмныя, няхай другія цямняць, калі хто мае ахвоту. А я буду гуляць спакойненька, ціхенька, рахманепька...»

У нядзелю за сняданкам Лена спытала:

— Сёння зноў на рыбу збіраешся?

— А ты думала! — сказаў Ілья, намазваючы масла на хлеб.— Сёння рыбка павінна здорава лавіцца. Толькі паспявай цягаць. Мо і шчупачкоў парачка пападзецца.

— Мо і пападзецца,— сказала Лена.— Я такую вуду прыдбала, што на яе, казаў чалавек у магазіне, толькі адны шчупакі і будуць брацца.

— Ты купіла мне новую вудачку? — здзівіўся Ілья.

— Чаму табе? Я сабе купіла.

Апёкшыся чаем, Ілья ледзь не ўпусціў шклянку на падлогу.

— Як гэта — сабе? Чаму — сабе?..

— Ты ж сам казаў, што, калі б мела я ахвоту да рыбацтва, мы ездзілі б разам. От я і надумалася займець тую ахвоту. Сёння пагляджу, што з гэтага атрымаецца. Я ж цэлы тыдзень зубрыла кніжку. Спецыяльна купіла. Во, называецца «Спартыўная лоўля рыбы». Там у ёй усё чыста напісана, што і як трэба рабіць.

— Пакажы-тку, што там за кніжка такая, пакажы...— Ілья і разгубіўся быў трохі, і зацікавіўся не ў меншай меры.

— Па-мойму, добрая кніжка. І занятак гэты, здаецца, таксама неблагі. Сядзі сабе на беразе і цягай рыбку з вады. Я пачынаю разумець тваё гарачае захапленне рыбнай лоўляй.

Пакуль жонка збірала харч у дарогу, Ілья паспеў збольшага пагартаць кніжку. Яму, чалавеку, які ніколі ў жыцці не быў на рыбалцы, усё тут было ў навіну — і спосабы лоўлі, і звесткі пра рыб, і якую з іх на што можна лавіць. Асабліва зацікавіў яго апошні раздзел — «Вадаёмы для рыбнай лоўлі ў ваколіцах г. Мінска». Ён жа не меў аніякага ўяўлення аб тым, куды і як ездзяць на рыбу мінскія аматары...

— Паехалі? — прамовіла Лена, напакаваўшы ежаю сумку.— Ты куды звычайна ездзіш? Сёння мы таксама туды паедзем?

«Эх, прапала сёння пулька...» — падумаў Ілья, сумна зірнуўшы на жончыну новенькую вуду.

— Не, сёння мы паедзем у якое другое месцейка,— сказаў ён.— Давай ужо, калі на тое, будзем кіравацца навукай. Навука — вялікая штука. Навошта саматужнічаць, калі ў нас цяпер такая падмога ёсць. От паглядзі, аўтар піша, што непадалёк ад вёскі Крыжоўка, у заліве, абмежаваным двума вялікімі ўзгорыстымі астраўкамі, добра бяруцца шчупакі, акуні, плотка, ментузы і яршы. Гэта ж лепшай мясціны і не прыдумаеш. Хочаш — шчупакоў цягай, хочаш — акунёў, хочаш...

— Я хачу ментузоў! — заявіла Лена.— Шыбуем у той благаславёны заліў!

— Шыбуем!

Яны ўціснуліся на вакзале ў электрычку і праз дваццаць мінут былі на станцыі Крыжоўка. Пасля ім давялося прайсці яшчэ пешкі колькі кіламетраў, пакуль знайшлі яны мясціну, падобную на тую, пра якую ішла гаворка ў кнізе.

— Ды тут папраўдзе павінна быць рыбы — страшэнная сіла! — сказаў Ілья і адчуў, што яго пачынае агортваць нейкае дзіўнае, ніколі раней не зазнанае пачуццё. Ён пачаў паспешліва рыхтаваць свае рыбалоўныя спасці.

Мабыць, нешта падобнае адчувала і Лена. Яна гэтак жа, як і ён, завіхалася са сваімі прычындаламі.

Штохвіліны зазіраючы ў кнігу, яны рабілі ўсё так, як там было напісана.

І вось вуды закінуты. Цяпер асталося толькі чакаць.

І яны чакалі. З хваляваннем, з трымценнем сэрцаў, прагна ўзіраючыся ў паплаўкі і ўздрыгваючы кожны раз, як здавалася, што і тыя ўздрыгваюць...

А дзень быў ясны, сонечны, ціхі,— бы знарок прыдуманы для рыбаловаў. Дзеля таго каб рыба толькі тое і рабіла, што хапала за кручкі.

Ды рыба нешта пакуль не хапала...

Яны чакалі. Цяпер ужо з большай цярплівасцю і спакоем.

«Разбойніка яны, мусіць, ужо распісалі...— падумаў Ілья.— А можа, яны пачалі сёння з распасоўкі?..»

Недзе на другой гадзіне Ілья нечакана ўбачыў, як Лена раптам спрытна выхапіла вуду, і на лёсцы затрымцела ў паветры серабрыстая рыбка.

— А мая ж ты родненькая! — засакатала Лена і, асцярожна зняўшы рыбку з кручка, цмокнула яе ў разяўлены роцік.

Ілья таксама патрымаў рыбку ў руках.

— Гэта мянтузік? — спытала Лена.

— Плотка,— аўтарытэтна сказаў Ілья.

— А як ты думаеш, яна мае чатырнаццаць сантыметраў удаўжыкі?

— Дзіўна, навошта табе іменна чатырнаццаць?

— Бо ў кнізе сказана, што калі рыба не мае чатырнаццаці сантыметраў, то яе ні ў якім разе нельга не толькі лавіць самому, але нават купляць у другіх.

«А я ж купляў...— падумаў Ілья.— Ну, то няхай мне цяпер толькі пападзецца па вочы той дзядзька Якуб!..»

— Тады пускай сваю плотку назад у раку. Яна і дзесяці не пацягне,— сказаў Ілья.

Лена ўздыхнула і, яшчэ раз пацалаваўшы рыбку, асцярожненька пусціла яе ў родную стыхію. Рыбка адразу знікла з вачэй.

«Эх, прапала сёння пулька...» — падумаў Ілья.

— Давай пакупаемся трошкі,— прапанавала Лена.— Вада цёплая, харошая.

— Давай пакупаемся,— згадзіўся Ілья.

Яны доўга дурэлі ў вадзе, хоць тая была не такая ўжо і цёплая, пасля, нібы дзеці, бегалі берагам адно за адным да задышкі, тады доўга вылежваліся ў пяску. Спахапіўшыся, зноў закінулі вуды.

«Але, прапала пулька»,— яшчэ раз падумаў Ілья і здзівіўся, што падумалася яму пра гэта цяпер ужо без аніякага шкадавання.

Пад вечар і Ілья выхапіў сваёю вудаю з ракі рыбіну, і даволі-такі ладную, але, паколькі нічога болей так і не ўдалося злавіць, яны і гэтую ўкінулі назад у ваду.

Вярталіся дамоў стомленыя, у абаіх смылелі плечы — сонца добра падпякло іх, аднак вочы і ў яе, і ў яго адно жвавелі.

— Ат, не бядуй, Ільюша,— горнучыся да мужавага пляча, гаварыла Лена.— Наступным разам, сам пабачыш, мы возьмем аж цэлы пуд рыбы, а то нават і два. Гэта я такая няўдаліца, таму і табе не шанцавала. Але от я падзубру яшчэ кніжку...

— Трэба нам спінінг займець,— сказаў Ілья.— Спінінгам ямчэй лавіць.

— То я заўтра і куплю. Пайду зранку і вазьму.

— Бяры ўжо тады два. Найноўшай канструкцыі. Яны не дужа дарагія?

— Сэканомім на чым-небудзь іншым, нічога.