epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Апладысменты

Руан, мой родны Руан, бывай!

Апошні раз бачу я твае цудоўныя вуліцы, твае непаўторныя плошчы... Бывай! Праз якую гадзіну я буду ў поездзе. Білет — вось ён, у кішэні. Поезд памчыць мяне на ўсход краіны, у Лонгві. Стары Бернар кажа, што праца для чысцільшчыка ботаў і там знойдзецца.

Учора прэфект Буршэ сказаў мне:

— Дваццаць чатыры гадзіны — і каб тваёй нагі тут не было!

Я паспрабаваў пажартаваць:

— Маёй нагі даўно ўжо няма ў Руане, пан прэфект. Яна засталася ў партызанскім шпіталі...— І паляпаў рукой па пратэзу.— Гэта было якраз у той дзень, калі нашы макі1 ўшчэнт разбілі гітлераўскіх карнікаў.

— Пагавары ў мяне, валацуга! — зароў Буршэ.— Дваццаць чатыры гадзіны — і ні мінуты болей! Бач ты, Адозву суне... Я табе пакажу Адозву!..

Бывай, мой Руан!

Але не таму я ад'язджаю, што напалохаўся пана Буршэ, зусім не таму. Мяне пасылае ў Лонгві партыя.

На стале перада мною стаіць люстэрка. Старое яно, ажно яшчэ з часоў партызаншчыны. Па баках скрозь пашкрэбанае, а пасярэдзіне, крыху бліжэй да левага кутка, уелася ў яго нейкая белая пляма. Таму, калі мне даводзіцца галіць перад ім бараду, я не бачу левага вока, бо пляма непразрыстая. Але гэта і добра, што не бачу: навошта занадта часта напамінаць сабе, што замест вока ў цябе пустая ўпадзіна...

Гадзіны з дзве таму назад я з дапамогай ляза «Бастон» паспяхова ліквідаваў густыя парасткі валасоў колеру ржавага жалеза, якія павырасталі на маіх шчоках і барадзе за якіх дзён тры, што быў я «госцем» пана Буршэ. Ліквідаваў, а люстэрка так і засталося стаяць перада мною, і я ўсё гляджуся ў яго.

Стары ты зрабіўся, Клод Лятрэз, ох і стары!.. Пашкрэбаны ўвесь чыста, як тое люстэрка. А зморшчын на твары колькі! Вунь, бачыш, на лбе іх сабралася ці не з дзесятак; а на скронях, а каля рота!.. Уга! А табе ж усяго толькі трыццаць гадкоў, Клод Лятрэз...

Старое, пашкрэбанае маё люстэрка, не трэба паказваць мне майго калецтва! Адсунься! Бо і сілы ў мяне яшчэ хопіць і жадання змагацца,— усяго хопіць.

Раніца. Толькі што ўзышло сонца. У садзе гаспадара дома перад маім акном цвіце белы бэз. Праз расчыненую фортку ягоны водар запаўняе мой невялічкі пакойчык. Дзень сёння будзе харошы, ясны. На небе ні хмарынкі, блакіт такі чысты, прывабны, што позірк не можа ад яго адарвацца.

Але трэба, мабыць, ісці. Чорная павязка ўжо насунута на вока, пратэз прышпілены. Колькі цяпер гадзін?.. Не, час яшчэ ёсць, можна пачытаць «Юманітэ». Гэты цудоўны хлапчук Андрэ прынёс ужо яе.

Цікава, вельмі цікава! Сёння ў газеце надрукавана справаздача аб рабоце сусветнай канферэнцыі прыхільнікаў міру. Я праглядаю выступленні дэлегатаў Карэі, Інданезіі, Бразіліі, Англіі, В’етнама... Пачакай, а ад нашай краіны хто-небудзь выступаў? Ага, вось: на трэцяй паласе, унізе, змешчана прамова французскай дэлегаткі. Эжэні Дзюфрыш... Што, што? Няўжо гэта яна, наша Эжэні?..

Змест прамовы пераконвае мяне: яна! Наша бясстрашная партызанка Эжэні Дзюфрыш, удзельніца руху Супраціўлення. Гэта яе сустракалі воплескамі на канферэнцыі людзі — прадстаўнікі народаў розных краін свету.

Я перачытваю прамову, і ў мяне таксама паяўляецца гарачае жаданне адказаць воплескамі на словы, з якімі звярнулася да народаў свету мая зямлячка. І я раблю гэта; чуеш, Эжэні, мае апладысменты?.. Эх, каб магла ты пачуць іх!..

Колькі ж часу не бачыліся мы з табою? Шмат, вельмі шмат, ажно цэлых дзесяць год. А сустрэчы нашы праходзяць перада мною, нібы ўсё гэта было ўчора ці пазаўчора...

Які ж дурань ты быў тады, Клод Лятрэз! Насіў, выношваў у сэрцы словы, што прыходзяць да чалавека толькі адзін раз у жыцці, а сказаць іх так і не здолеў. Помніш, ты збіраўся зрабіць гэта ў той жнівеньскі дзень сорак трэцяга года, калі прыйшлі вы з Эжэні, абхітрыўшы гітлераўцаў, у Парыж, каб наладзіць сувязь з партыйным падполлем? Не, раней, значна раней трэба было зрабіць гэта, дурная твая галава. Разышліся ў той дзень вашы дарогі. Так і не пачула дзяўчына слоў, што доўгія месяцы выношваліся ў юнацкім сэрцы.

Яшчэ ёсць час, ты яшчэ паспееш на поезд, Клод Лятрэз; прыгадай жа той дзень да дробязі. Тады таксама былі апладысменты, многа апладысментаў!

Прыгадай!..

...Ідуць па вуліцы двое — малады чалавек і дзяўчына. Ён сярэдняга росту, з чубам светлых валасоў на галаве, з тварам аперэтачнага першага любоўніка; яна крыху ніжэйшая за яго, твар яе строгі, карыя вочы глядзяць на сустрэчных з адкрытай пагардай. Не дзіва: дзяўчына ідзе побач з лейтэнантам войск СС!..

Яны ідуць па вуліцах Парыжа, гучна размаўляюць і бестурботна смяюцца. Мала людзей трапляе ім насустрач. Жыхары зняслаўленага горада лічаць за лепшае сядзець у гэтыя чорныя дні па сваіх кватэрах, а немцаў у такую спякоту хіба адарвеш ад піва ў кафэ-шантанах!..

Малады чалавек і дзяўчына мінаюць плошчу Згоды. Ад Трыумфальнай аркі ідуць усцяж Елісейскіх палёў. Потым скіроўваюць налева.

Каля руін, што ўзвышаюцца на тым месцы, дзе была да вайны антыкварная крама мадам Кан'ё, яны трохі суцішваюць крок.

— Здаецца, трэба пакінуць тут, Эжэні? — пытаецца ён.

— У вас кароткая памяць, пан афіцэр,— імгненна адказвае яна.— Маё імя...

— Цьфу, чорт, выбачайце, дарагая Мадлен! — Ён прыціснуў левую руку да грудзей, схіліў галаву ў галантным паклоне.— Выбачайце!

Нахіліўшыся да яго, нібы ў знак таго, што — не, яна зусім не крыўдзіцца! — дзяўчына шэптам сказала:

— Пакінуць паперку трэба будзе тут. Дарэчы, дзе яна ў цябе?

— Вось тут.— Ён паклаў руку на нагрудную кішэню.— Але ж загадана пакласці вечарам. А да вечара яшчэ далёка.

— Перадай неўпрыкметку мне,— ціха прамовіла дзяўчына. І раптам загаварыла на ўвесь голас, угледзеўшы, што насустрач ім ідзе нямецкі фельдфебель: — Дык чым мы зоймемся, пан афіцэр? Мо ў кіно сходзім?

— Сапраўды! — узрадаваўся «лейтэнант», ён выцягнуў паперку з кішэні.— Вось тут у мяне запісана, што ідзе сёння ў кіно. Паглядзіце, калі ласка, дарагая Мадлен!

І на вачах у фельдфебеля, які аддаваў «лейтэнанту» чэсць, перадаў складзеную ўчацвёра паперку дзяўчыне. Тая прыгожым жэстам разгарнула яе, прабегла па ёй вачыма і, сказаўшы «то і добра, пойдзем!», схавала ў сваю сумачку.

Яны накіраваліся ў кінатэатр.

Крыху здзівіла іх, што зала была поўная людзей і што былі тут галоўным чынам не немцы, а жыхары горада, старыя і дзеці. Здагадаліся: гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін са сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі.

Селі ў восьмым радзе, з правага боку. Святло чамусьці доўга не гасла, і яны не ведалі, пра што гаварыць ім. Думкі ішлі ў адным кірунку і ў яго, і ў яе: хутчэй бы бег час, хутчэй бы прыйшоў вечар! Паклалі б тады яны пісульку ў вызначанае месца, ды і зноў назад, да сваіх сяброў-партызанаў.

Думаў хлопец яшчэ і пра другое. «Вось пагасне святло, узяць бы рукі дзяўчыны ў свае, сціснуць іх і сказаць, што ў яго на сэрцы. Каб сказаць!..»

Пагасла святло, пачаўся фільм. «Пасля скажу, пасля,— думаў далей хлопец.— Пасля, па дарозе дамоў. Там ніхто перашкаджаць не будзе».

Ён пеўпрыкметку зірнуў на дзяўчыну, потым на яе суседа з другога боку. Побач з ёю сядзеў высокі немаладых год чалавек. На левай шчацэ ў яго хлопец разгледзеў глыбокі шрам.

Паказвалі хроніку пра тое, як фашысцкія самалёты робяць бандыцкія налёты на Маскву. «Ох і брэшаце ж!» — хацелася крыкнуць хлопцу. На экране самалёты ішлі суцэльнай сцяной. Беспакарана пераляталі яны цераз лінію фронту, бесперашкодна дабіраліся да Масквы і бамбілі, бамбілі... Падалі дамы, беглі некуды ў паніцы людзі. «Дзе гэта яны здымалі такое? Ці не ў сваім Берліне?!»

Усё ж з адным самалётам здарылася бяда. Відаць, аўтары фільма для большай «праўдзівасці» наважылі знішчыць адзін свой бамбардзіроўшчык. У той час, калі самалёты рабілі сваю брудную справу, па іх пачалі страляць зеніткі...

Хлопец зірнуў на дзяўчыну. Яна падалася наперад, вочы яе блішчалі. Паціху, каб ніхто не заўважыў гэтага, ён сваім локцем дакрануўся да яе локця. Дзяўчына, здаецца, не адчула гэтага. Уся яе постаць нібы гаварыла: «Біце іх, гадаў, біце, любыя!»

На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык. Твар лётчыка здаволена ўсміхаўся. Навокал выбухі разрываў, а лётчык рагоча. Вось адзін снарад выбухнуў зусім блізка. Пасля яшчэ і яшчэ. А лётчык усё рагоча.

Аж раптам твар яго пакрывіўся. Самалёт уздрыгнуў і пачаў ахутвацца дымам.

У зале стаяла цішыня.

Хлопец зноў зірнуў на дзяўчыну. Яе рукі імкліва зрушыліся з каленяў, дзе ляжалі дагэтуль... Ён не паспеў схапіць іх. Гучны ўсплёск далоняў далёка разнёсся па зале,— разнёсся, але не сціх, бо ў той жа момант быў падхоплены тысячамі другіх воплескаў.

Пакідаючы за сабою доўгі хвост чорнага дыму, падаў на экране фашысцкі самалёт, а ў зале грымела бура воплескаў.

Самалёт не даляцеў да зямлі. Загарэлася святло, дэманстрацыя фільма была перапынена. У залу ўбеглі гестапаўцы.

— Кожнаму сядзець на сваім месцы! — зароў таўшчэзны з чырвоным каркам обер-лейтэнант.

Гестапаўцы пачалі абкружваць тыя рады, дзе сядзелі хлопец і дзяўчына. Напэўна, яны чулі, адкуль пачаліся апладысменты.

«Абодвум гінуць нельга!» — мільганула думка ў яго, і ён шапнуў дзяўчыне: — Мы незнаёмыя! Чуеш? Незнаёмыя! — Успомніўшы пра паперку, што ляжала ў яе сумачцы, паспешна дадаў: — Выкінь яе! Хутчэй!

Ды было позна ўжо.

Той незнаёмы са шрамам на шчацэ, што сядзеў з другога боку ад дзяўчыны, ужо гаварыў:

— Дазвольце сказаць, пан обер-лейтэнант! Дазвольце сказаць! Я ведаю. Гэта тут! Тут...

Гестапаўцы падбеглі да незнаёмага. Тады «лейтэнант» ускочыў з месца і, адштурхнуўшы як мага далей дзяўчыну, кінуўся на чалавека са шрамам.

— Сапраўды тут! — гукнуў ён і з усяе сілы ўчапіўся рукамі нягодніку ў горла. Той захрыпеў і паваліўся.

Паднялася калатня. Натоўп адціснуў дзяўчыну да дзвярэй, выштурхнуў яе на вуліцу, і яна не бачыла, як скруцілі фашысты хлопцу рукі, як білі яго, як валаклі ў гестапа...

Не бачыў і ён, ці паклала яна запаветную пісульку туды, куды трэба было. Толькі ведаў сэрцам — паклала!

...Вось і ўсё...

Прыгадаў? А болей і не трэба. Бо перажыць яшчэ раз тое, што перажыў потым ты, перажыць нават толькі ў думках — не так проста.

...Хіба ж дзіўна, што цэлых дзесяць год не ведаў я, дзе ты, Эжэні, і нават ці жывая ты. А пра цябе і казаць няма чаго — ты пахавала мяне ў той пякельны жнівеньскі дзень сорак трэцяга года. Ды цуды ўсё ж бываюць на свеце: бачыш — я жывы. Мне ўдалося ўцячы тады з гестапа. Зноў падаўся я ў лес. І хоць трапіў я ў другі атрад, ты ўсё роўна была са мною, у маім сэрцы.

Як бачыш, я жывы, Эжэні!.. Толькі вось у люстэрка мне не хочацца ўглядацца...

Адсунься, старое!

Мабыць, мы стрэнемся некалі. Так, цяпер мы, напэўна, стрэнемся. Я ведаю, дзе шукаць цябе: ты па-ранейшаму з намі! Што скажу я табе, калі ўбачу? А ты мне што?.. Сяброўка дзён маіх незабыўных, адзіная ў свеце, ці сказаў табе хто тыя словы, якіх я не паспеў сказаць?..

У садзе ўзняўся лёгкі ветрык. Пад маім акном зашамацелі лісцем кусты бэзу, ды ўсё гучней і гучней...

Я заплюшчыў вочы, прыслухаўся. І ўжо не шапаценне, а гучны грукат грому чуецца мне ў парывах ветру.

А мо гэта не гром грукоча? Прыслухайся лепей, Клод. Чуеш?..

Грымяць, усё мацней грымяць апладысменты простых людзей, што патрабуюць міру ва ўсім свеце. Чуеш — яны грымяць і ў імя таго, каб нікому, нікому болей не перашкаджалі выказваць словы кахання.

З саду ліецца водар кветак бэзу. Я высоўваюся з акна і дыхаю, дыхаю на поўныя грудзі.

Усё вышэй падымаецца сонца. Хутка пачне прачынацца горад.

Добрай раніцы, любы Руан! Мы яшчэ пабачымся з табою!

1953

1 Макі — французскія партызаны.


1953