epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Белы капялюшык

Гэта, ці ведаеце, дужа прыемна — купляць падарункі любімаму чалавеку. У тым Андрэй цвёрда перакананы. І не было яшчэ выпадку, каб ён прыехаў з камандзіроўкі з пустымі рукамі. А ездзіць у камандзіроўкі яму, маладому інжынеру-будаўніку, даводзіцца часта. І кожны раз ён хоць што-небудзь ды прывязе сваёй нявесце Святлане. Нядаўна, калі быў у Віцебску, купіў прыгожы дыванок. Раней з Баранавіч прывёз цудоўны хрусталёвы сервіз. Ну і цяпер з Мінска што-небудзь прывязе, гэта ўжо напэўна! Тут універмаг такі, што ажно вочы разбягаюцца...

Да універмага было яшчэ два ці тры кварталы. Андрэй крочыў не спяшаючыся, пазіраючы навокал цікаўнымі вачыма. Якім прыгожым за апошнія гады стаў Мінск, як ён вырас! Колькі вясёлых, прыгожа апранутых людзей на вуліцах!

Вось насустрач па праспекце ідзе прыгожая дзяўчына ў квяцістым плацці. На галаве ў яе белы капялюшык. Левай рукой яна прыціскае да грудзей белую з залацістым абадком сумачку, на якой зверху ляжыць загорнуты ў шэрую паперу невялічкі пакуначак, а ў правай трымае дарожны чамаданчык. На твары ў дзяўчыны — шчаслівая ўсмешка.

Калі дзяўчына прайшла міма, Андрэй павярнуўся і паглядзеў ёй услед. «От бы натрапіць на такі капялюшык!» — падумаў ён. І тут раптам зразумеў, чаго так усміхалася дзяўчына. «Гэта ж яна, відаць, купіла сабе абноўку. І, напэўна, якраз па густу. А капялюшык, сапраўды, прыгожы: белы, з шырокімі палямі, перавязаны чорнай істужкай, а з правага боку гараць маленькія кветачкі... От бы Святлане такі купіць!»

Па праспекце ідуць і ідуць людзі. Быццам увесь горад выйшаў сёння на вуліцы. Каля ўвахода ва універмаг асабліва мнагалюдна. Адны заходзяць туды, другія выходзяць з пакункамі ў руках...

Шырокія масіўныя дзверы гасцінна ўпусцілі Андрэя ва універмаг. Ён рашыў спачатку абысці ўсе паверхі і ўсё паглядзець, а потым ужо купіць, што яму дзе спадабаецца.

Так і зрабіў. Прайшоўся па ўсіх аддзелах першага паверха, падняўся на другі, потым на трэці.

Можна было б купіць сумачку. Тая цёмна-карычневая акурат пасавала б да Святланінага плацця, якое яна пашыла сабе нядаўна. А можа ўзяць вунь таго блакітнага крэпдэшыну? Цудоўная блузка атрымалася б! Белыя скураныя пальчаткі — таксама рэч, якраз да сезона!.. А туфлі! Чорныя лакірованыя лодачкі?..

Не, лепш за ўсё — пярсцёнак. Вось гэты, залаты, з ярка чырвоным рубінам, які ўвесь аж гарыць агнём!

Андрэй выпісаў чэк, заплаціў у касу грошы, папрасіў прадаўшчыцу прымераць пярсцёнак. Прадаўшчыца нават пачырванела ад прыемнасці, калі надзела яго на палец. Потым яна асцярожна паклала пярсцёнак у невялічкую аксамітную каробачку і ўрачыста падала яе Андрэю.

Задаволены Андрэй адышоў ад прылаўка. Спяшацца яму не было куды, бо да адыходу поезда на Оршу заставалася амаль тры гадзіны, а спраў больш няма ніякіх. Праўда, трэба было яшчэ паабедаць на дарогу, але гэта ён паспее зрабіць на вакзале. І Андрэй пайшоў далей па універмагу — проста так, без усялякай мэты, абы хутчэй мінаў час.

Падышоў да аддзела, дзе прадаваліся галаўныя ўборы, зірнуў на паліцы... і вочы яго заблішчалі. На паліцы горкай ляжалі жаночыя капялюшыкі, акурат такія, як у тае дзяўчыны на вуліцы: белыя, з шырокімі палямі, з чорнай істужкай і з маленькім букецікам кветачак на правым баку. Нейкая жанчына прымярала сабе такі капялюшык, круцячыся каля люстэрка. А яшчэ тры ці чатыры жанчыны глядзелі на яе і, ухваляючы, ківалі галовамі.

Андрэй выцягнуў з кішэні бумажнік. Пералічыў грошы і ўздыхнуў... Капялюшык каштаваў семдзесят шэсць рублёў, а ў бумажніку было роўна восемдзесят. Наперадзе ж немалая дарога. Праўда, білет ужо куплены, але ж трэба харчавацца. Раніцой ён паснедаў слабавата, толькі выпіў пару шклянак чаю са здобай. Есці і зараз ужо хочацца, а ехаць трэба аж да ночы...

Але ж і капялюшыкі — лепшых не прыдумаеш! Мусіць, вялікі знаўца сваёй справы рабіў іх. Вачэй не адвесці!

Жанчына яшчэ крышку пакруцілася каля люстэрка і пайшла, урачыста несучы на галаве белую мару. Андрэй па натуры не быў зайздроснікам, але цяпер у яго душы заварушылася нешта падобнае на зайздрасць...

«Эт, даеду як-небудзь. На папяросы застанецца, і добра. Купляю!»

Капялюш загарнулі ў тонкую ружовую паперу, паклалі ў кардонку, перавязалі шпагатам, зрабілі вузельчык, каб зручней было несці. Андрэй падхапіў кардонку і з лёгкім сэрцам пакрочыў уніз па лесвіцы...

Невысокі, з простым адкрытым тварам, апрануты ў цёмна-шэры касцюм, Андрэй нічым не вылучаўся сярод іншых прахожых. Але яму здавалася, што сёння ўсе павінны былі звяртаць на яго ўвагу: ён жа валодае дзвюма такімі цудоўнымі рэчамі, прызначанымі ў падарунак найпрыгажэйшай у свеце дзяўчыне, настаўніцы Святлане Кулініч.

Тым часам людзі ішлі кожны сваёй дарогай, і ніхто не заўважаў яго асаблівага, прыўзнятага настрою. Андрэй і не крыўдзіўся. Нічога! Ёсць на свеце чалавек, для якога ён — фігура першай велічыні! Ёсць такі чалавек!

Пачку «Нёмана» і карабок запалак Андрэй купіў на пероне. Заставаўся яшчэ рубель з капейкамі. Выпіў бутэльку напітку з журавін. Выпіў і ўзрадаваўся: перастала хацецца есці... Але перастала ненадоўга. Увайшоўшы ў сваё купэ, Андрэй аж паморшчыўся: так засмактала пад лыжачкай!

У купэ яшчэ нікога не было. Андрэева месца аказалася на верхняй лаўцы.

— Вось і добра,— падумаў ён.— Забяруся і буду спаць да самай Оршы.

Увайшла бабуля ў старамоднай, з мноствам фальбон, шырачэзнай спадніцы і гэткай жа старамоднай кофце. За ёй насільшчык прынёс цэлую гару чамаданаў і клункаў.

— Дзень добры, сынку! — ласкава прывіталася бабуля і пачала рассоўваць па купэ свае пажыткі. Гаспадарыла яна, нібы ў сваёй хаце.

— Ці далёка, бабуля, сабраліся? — запытаўся Андрэй, паклаўшы ў багажнік сваю кардонку.

— І не кажы — махнула рукой бабуля.— Не ведаю ўжо нават, ці давязу свае косці. Ва Уладзівасток ажно!

Бабуля расказала Андрэю, што ва Уладзівастоку жыве яе старэйшы сын, капітан далёкага плавання. Сын гэты і настаяў, каб яна пераехала да яго жыць.

Дзверы зноў адчыніліся.

«Вось дык цуд! — здзівіўся Андрэй.— Тая самая дзяўчына!»

— Э, да мы з вамі, аказваецца, спадарожнікі!.. — весела прамовіў Андрэй.

Дзяўчына, не разумеючы, паглядзела на Андрэя.

—Хіба мы знаёмыя? Нешта не прыпамінаю...

«Вось дзівак я! — упікнуў сябе Андрэй.— Дзе ж ёй ведаць мяне?»

— Ды не, гэта я проста так,— сумеўся ён.— Едзем у адным купэ, ну дык і спадарожнікі.

— А-а-а,— працягнула дзяўчына.— Вядома...

На галаве ў яе быў той самы цудоўны белы капялюшык. Агледзеўшы купэ, дзяўчына аблюбавала кручок каля дзвярэй і асцярожна павесіла на яго свой неацэнны скарб. Пасля зірнула на білет і ўздыхнула:

— Шкада... Верхняя лаўка.

— Маліцеся, каб чацвёртым пасажырам быў мужчына,—жартаўліва сказаў Андрэй.— Тады памяняецеся.

— Буду маліцца! — у тон яму сказала дзяўчына.— А пакуль што сяду тут.

Калі поезд ужо кратаўся з месца, у купэ ўбег запыханы мужчына,— нізкага росту, шыракаплечы, рухавы. Дзяўчына адразу ж пайшла ў атаку:

— А ваша месца — вунь! — паказала яна рукой на верхнуюю лаўку.

— Правільна! — здагадаўшыся ў чым справа, згадзіўся новы пасажыр.— Толькі дазвольце аддыхацца. Ух!.. Ведаеце, ледзь не спазніўся.

Поезд рушыў. У купэ зайшла правадніца. Яна забрала білеты, прапанавала пасцельную бялізну. У бабулі ўсё было сваё, а мужчына і дзяўчына ўзялі пасцелі.

Андрэй жа толькі буркнуў:

— Мне недалёка...

Закінуўшы на лаўку плашч і кепку і паклаўшы туды тоўсты партфель з жоўтай скуры, мужчына весела прамовіў:

— Давайце, суседзейкі, пазнаёмімся. Згода? — І, не чакаючы адказу, ён адрэкамендаваўся: — Мяне завуць Паўлам Данілавічам. Еду ў Маскву, у камандзіроўку. Увесь да вашых паслуг.— І ён прыціснуў руку да грудзей.

Павел Данілавіч быў, відаць, адным з тых людзей, якія ўсюды адчуваюць сябе, як кажуць, у сваёй талерцы.

— Уладзівасток? — узрушана сказаў ён, калі бабуля першая адгукнулася на яго прапанову.— Дык у мяне ж там брат. Стрыечны брат. Майстрам на хлебазаводзе працуе. Э-э, дык мы з вамі выходзіць, амаль сваякі.

— Ды ўжо ж, сваякі,— засмяялася бабуля.

— Я пашлю яму тэлеграму, ён зойдзе да вас. Абавязкова зойдзе. А вы яму раскажаце пра мяне, усё чыста раскажаце.

— Што ж я яму раскажу? — здзівілася бабуля.— Я ж цябе першы раз у жыцці бачу.

— Гэта нічога, нічога. Даведаецеся пра мяне ўсё. Да Масквы я ўпраўлюся расказаць вам усё да дробязі. А вы — яму. А то, ці ведаеце, другі год збіраюся пісьмо напісаць і ніяк не збяруся. А тут — жывое пісьмо. Цудоўна!

Дзяўчына паведаміла, што яе завуць Людміла, едзе яна ў Асіпаўку, працуе на Асінторфе гідраманіторшчыцай, а акрамя таго — завочніца політэхнічнага інстытута і якраз цяпер была на заліковай сесіі. Здала ўсё на «выдатна».

— З чым і віншую! — сардэчна сказаў Павел Данілавіч і, выняўшы з партфеля, падаў ёй плітку шакаладу.— Няхай ваш шлях у навуку будзе такі ж салодкі, як гэты шакалад.

Расказваючы, дзяўчына час ад часу замілавана пазірала на свой капялюшык.

Андрэй таксама расказаў што-кольвечы аб сабе.

— А жанаты? Ці не? — цікаўна дапытваўся Павел Данілавіч.— Э-э, можаце не адказваць, яно і так відаць. Вунь на лбе напісана: жаніх. Так?.. Канешне, так. І вязе нявесце падарункі. Так?

— Вязу,— прызнаўся Андрэй.

Набліжалася станцыя Барысаў.

— Я ж тут некалі жыла,— сказала дзяўчына.— Калі была малая. Бацька тады на шклозаводзе працаваў. Выйду, можа каго знаёмага сустрэну на вакзале.

Яна зняла з кручка капялюшык, надзела яго і выйшла з купэ. Павел Данілавіч таксама выйшаў. Андрэй і бабуля засталіся.

Прастаяўшы свае хвіліны, поезд пайшоў далей.

— Не, нікога не сустрэла,— вярнуўшыся ў купэ, расчаравана прамовіла дзяўчына.

— Не сустрэлі? — перапытаў, ідучы следам за ёй, Павел Данілавіч.— Ну, гэта нічога. А паштоўку аднаму маладому чалавеку, відаць, мы ўсё ж управіліся напісаць? — хітра спытаў ён, падміргваючы не то Андрэю, не то бабульцы.

Дзяўчына, пачырванеўшы, падышла да акна. Мусіць не хацелася ёй верыць, што на вакзале няма нікога з яе знаёмых. Поезд пайшоў, а яна ўсё глядзела на перон. За акном праплылі станцыйныя пабудовы, пачалося поле...

— Ой! — ускрыкнула раптам дзяўчына і аберуч схапілася за галаву. Андрэй зірнуў і таксама ледзь не ўскрыкнуў: хваляй ветру з акна ў дзяўчыны сарвала з галавы запаветны капялюшык і панесла... Андрэй хутка высунуўся ў акно... Вось капялюшык дакрануўся да зямлі і пакаціўся — усё далей і далей... Праз якую хвіліну ён ператварыўся ў маленькую белую кропачку, а яшчэ праз хвіліну і зусім знік з вачэй...

Андрэй паглядзеў на дзяўчыну. Светлыя вочы яе пацямнелі, сталі вільготныя. Яна ледзь стрымлівалася, каб не заплакаць.

— Вось табе і маеш... — толькі змог прамовіць Андрэй і азірнуўся назад. Ні бабуля, ні Павел Данілавіч нічога не заўважылі, а можа не хацелі падаваць выгляду, што заўважылі. Бабуля сядзела ў куточку і аб нечым засяроджана думала. Павел Данілавіч вымаў з партфеля нейкія пакуначкі.

— Есць прапанова, сябры мае,— сказаў нарэшце Павел Данілавіч.— Пакінем усе іншыя заняткі і прыступім да самага галоўнага ў кожнай дарозе. Падсілкуемся! Тым больш, што нейкі мудрэц даўно зазначыў, што голад — не цётка.

Павел Данілавіч паклаў свае пакункі на столік, разгарнуў іх. У Андрэя аж слінкі пацяклі. На століку ляжалі яйкі, сала, курыца, дамашнія булачкі. Стаяў слоік з маслам, і другі — з кетавай ікрой. А Павел Данілавіч злазіў яшчэ ў свой пухлы партфель і паставіў на столік бутэльку сталовага віна. Пасля збегаў да праваднікоў і прынёс шклянкі.

— Апетыт наганяе — уга! — гаварыў ён, разліваючы віно.— Ну, прашу да стала, пакаштуйце, што мне тут Ніна Іванаўна нагатавала. Яна хваліла, што ўсё тут вельмі смачнае, але я адзін наўрад ці разбяруся. І Павел Данілавіч яшчэ раз гасцінна запрасіў бабулю, дзяўчыну, Андрэя.

— Дзякую,— сказаў Андрэй, злазячы з лаўкі, каб пайсці ў калідор.— Я ў Мінску на вакзале падсілкаваўся так, што да заўтра есці не захочацца...

— Э-э, не-не, крэўна пакрыўдзіце! — горача загаварыў Павел Данілавіч.— І мяне пакрыўдзіце і Ніну Іванаўну, жонку маю. Калі ласка, сядайце.

Як не аднекваўся Андрэй, а сесці прыйшлося. Бабуля і дзяўчына далучылі да прыпасаў Паўла Данілавіча свае пачастункі. І пачалася трапеза, якая можа толькі быць у вагоне, сярод выпадковых спадарожнікаў, якія некалькі гадзін назад нават і не падазравалі аб іспаванні адзін другога, а цяпер нібыта былі звязаны даўнім трывалым сяброўствам. Павел Данілавіч увесь час сыпаў жарты, расказваў анекдоты, бабуля і Андрэй таксама сёе-тое ўстаўлялі ў размову, а на долю дзяўчыны заставалася толькі смяяцца. Але час ад часу Людміла, успомніўшы пра свой капялюшык, станавілася сумнай, задуменнай. Відаць, тады ёй было не да смеху.

...Сцямнела. Запалілі электрычнасць. Андрэй і Павел Данілавіч падаліся ў калідор пакурыць.

— Як бы гэта мне даведацца яе адрас? — распаліўшы папяросу, задуменна прагаварыў Павел Данілавіч.

— Чый адрас?

— Ды Людмілы нашай... З Масквы можна было б прыслаць ёй такі самы капялюшык.

Андрэй прамаўчаў.

За акном прамільгнуў нейкі паўстанак. Поезд ішоў, набіраючы хуткасць. Плаўна пагойдваўся вагон.

— Ну, нічога, у Асінаўцы я знайду прычыну. Прыдумаю што-небудзь.— Павел Данілавіч затушыў акурак, выкінуў яго ў акно і, накіроўваючыся ў купэ, сказаў:— Прыемна, ці ведаеце, рабіць людзям прыемнае!

Бабуля ўжо спала. Павярнуўшыся тварам да сцяны, ляжала і дзяўчына. Можа, і яна спала. Павел Данілавіч па-гаспадарску выключыў святло, запаліў сіняе начное і, пажадаўшы Андрэю добрай ночы, таксама лёг. Неўзабаве ён ужо салодка спаў спакойным сном закаханага ў жыццё чалавека. Андрэю трэба было ехаць яшчэ больш за гадзіну, і ён прылёг на лаўку.

Але спаць не хацелася, розныя дзіўныя-дзіўныя думкі круціліся ў галаве... Вось добра было б, калі б Святлана здагадалася, што ён прыедзе не заўтра, як збіраўся, а сёння, і прыйшла яго сустракаць... Або няхай здарылася б так, што яму, інжынеру трэста Сіўцову Андрэю Якаўлевічу, далі чарговы адпачынак не ў кастрычніку, як вызначана па графіку, а цяпер, у жніўні... Ці вось здарылася б такое: узняўся б каля Барысава незвычайнай сілы віхор, узняўся, ды і памчаўся наўздагон поезду; а ў тым віхры быў бы дзяўчынін капялюшык, даляцеў бы ён да вагона, а тут — скок у акно, гоп на столік...

Андрэй прыўзняўся на лаўцы, зірнуў уніз. Дзяўчына па-ранейшаму ляжала, павярнуўшыся да сцяны. Андрэю пачулася, нібы яна ўздыхнула.

Не, няма такой сілы, якая здолела б вярнуць дзяўчынін капялюшык!..

Поезд прыцішваў ход. Зараз будзе Орша.

Андрэй дастаў з багажніка сваю кардонку, злез з лаўкі. У купэ было ціха і спакойна. Толькі чуваць было, як недзе пад падлогай прыглушана рыпяць тармазы. Потым загаварыла нешта спрасонку бабуля.

Раптам Андрэй усміхнуўся нейкай сваёй думцы. Ён хутка выняў з кішэні складаны ножык, разрэзаў шпагат на кардонцы, разгарнуў паперу. Капялюш заняў амаль увесь столік...

Ціхенька, на дыбачках, Андрэй выйшаў з купэ, асцярожна зачыніў за сабою дзверы. Па дарозе ў тамбур выкінуў за акно кардонку і паперу.

Поезд спыніўся. Андрэй саскочыў з вагона і хутка пайшоў да яркіх агнёў вакзала.

Насустрач яму з вакзала бегла дзяўчына.

1952


1952