epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Будзьце знаёмы

Бралася на вечар. Сонца сплыло за небасхіл, і цяпер было не так горача, як удзень. На лавачцы, каля невялікай будыніны, што прымасцілася ледзь не поруч з пуцямі, сядзела некалькі аглядчыкаў вагонаў. Толькі што адышоў таварны поезд на Мінск: наступны будзе пасажырскі ў напрамку Масквы, але да яго прыходу яшчэ багата часу. Маючы вольную хвіліну, аглядчыкі ўшчалі гамонку — хто пра што.

Потым размова набыла больш канкрэтны характар. У цэнтры ўвагі апынуўся пралазчык Валеры Качан, малады чалавек гадоў на дваццаць тры. У яго адрас паляцелі вясёлыя і даволі ўедлівыя жарты. Разумеючы, напэўна, што адказваць хлопцам бескарысна, бо гэтым толькі яшчэ больш падліеш масла ў агонь, Качан сядзеў моўчкі і рабіў выгляд, што ўважліва чытае «Правілы тэхнічнай эксплуатацыі чыгунак».

— Што там ні кажы, а Качану я не зайздрошчу,— сказаў слесар-аўтаматчык Шыбека, невысокі чарнявы хлопец у зашмальцаванай фуражцы з адарваным казырком.— Закахацца ў дзяўчыну, якая бывае ў Заранску толькі праездам, два разы на тыдзень, ды яшчэ ўсяго па сорак мінут — гэта, браткі мае, не вельмі салодкая жытуха.

— З пункту гледжання ўсіх пунктаў гледжання,— глыбакадумна ўставіў аглядчык Малашэнка, хударлявы юнак з доўгімі пальцамі музыканта,— хоць Валеры наш і спрытны на ўсялякія вынаходствы, на гэты раз ён зрабіў як самы апошні нецямлівец.

На Заранскім пункце агляду вагонаў здаўна павялося, што калі ўжо нападуць на чалавека, дык адчэпяцца не хутка. Дзень дзяўбаць будуць, два дні, ды і на трэці яшчэ застанецца. Называлася гэта тут «прышабрываннем». Валерыя Качана «прышабрывалі» ўжо другі дзень,— гэта было відаць па выразу яго твару. Звычайна ў першы дзень чалавек, што трапляў у такую аперацыю, рабіўся чырвоны як рак, на другі бляднеў, а на трэці чарнеў. Па выразу твару Качана можна было беспамылкова вызначыць, што ён знаходзіцца недзе пасярэдзіне сваіх пакут.

Здавалася, што Качан па-ранейшаму не звяртае ніякай увагі на словы таварышаў. Аднак кніжачка «Правілаў» прыкметна ўздрыгвала ў яго руках.

Прыцемак гусцеў, рабіўся нібы важкім і нейкім дрыготкім. Па небе рассыпаліся мігатлівыя светлякі зорак. Усё больш халодным рабілася паветра.

— А дзяўчына яна ладная, нічога не скажаш,— прамовіў Шыбека.— І імя ў яе прыгожае: Люба! Нават куды лепш, як Валеры.

З будыніны выйшаў высокі і тонкі, як жэрдка, Мікола Лазнюк. У адной руцэ ён трымаў малаток, у другой зубіла.

— І чаго вы напусціліся на чалавека, не разумею,— хаваючы ўсмешку, сказаў Мікола і сеў на буфер, які нядаўна сам і ўкапаў у зямлю талеркай угору.— Рабіць вам болей няма чаго, як толькі кпіны з чалавека строіць.

«Бач ты яго, абаронца які знайшоўся,— падумаў Качан.— А сам жа і расказаў хлопцам пра Любу. Я даверыўся яму як другу, а ён...»

Нарэшце, калі разабрацца па справядлівасці, дык хлопцы маюць рацыю. Сапраўды, хіба гэта не смешна, што ён дагэтуль усё яшчэ не знаёмы з Любай? Трызніць аб ёй і дзень, і ноч, а сказаць што-небудзь дзяўчыне, перакінуцца хоць адным самым бяскрыўдным словам не можа...

Люба працуе правадніцай поезда Мінск — Масква. Яна і папраўдзе бывае ў Заранску толькі праездам. Упершыню Валеры ўбачыў яе месяцаў тры таму назад. Убачыў і — прапаў. Ні сну не ведае з тае хвіліны, ні спакою. Аднойчы не стрымаўся, расказаў аб сваіх пакутах Міколу... Ды лепей бы не расказваў! Бо спакою яшчэ меней стала, а пра сон дык і казаць няма чаго.

— Яму, глядзі, і дома не сядзіцца,— зноў пачаў Шыбека.— Хоць і не дзяжурыць яму сёння, а ўсё адно прывалокся на станцыю. Што б гэта мела быць, хлопцы, га?

І ўсе зарагаталі, добра ведаючы, чаму не сядзіцца Качану дома. Сёння ж будзе ехаць з семдзесят другім яна, Люба. Вось і прыйшоў хлопец, каб хоць крадком зірнуць на дзяўчыну...

«Нічога,— думае тым часам Валеры,— сёння я не жыў буду, а з Любай пазнаёмлюся. Гэта напэўна!» І Качан пачаў уяўляць сабе, як ён падыдзе да Любы, што скажа ёй і што яна яму адкажа. У яго даўно ўжо былі напагатове словы, з якімі ён звернецца да дзяўчыны. Можа, сто разоў абдумаў Валеры іх, выношваючы ўсе гэтыя тры месяцы.

Зазвінеў тэлефон у пункце агляду. Першы яго пачуў Мікола.

— А ну, якая там вестка ляціць да нас? — сказаў ён і знік за дзвярыма.

Усе змоўклі, прыціхлі. І нібы нейкі цень прабег раптам па тварах вагоннікаў.

— А Сяргея Веліхава ўсё няма,— перапыніў маўчанне Качан.— Мусіць, сур’ёзна захварэў.

Пра гэта, напэўна, думалі цяпер і другія вагоннікі. Пралазчык Веліхаў з паўгадзіны назад адчуў раптам нясцерпны боль у жываце, і прыбіральшчыца цётка Тэкля павяла яго ў медпункт. Падобна на тое, што адтуль яго не пусцяць на работу. Ва ўсякім разе да прыходу семдзесят другога ён наўрад ці вернецца. А як жа аглядаць састаў без пралазчыка?..

Мікола Лазнюк выйшаў з пункта неўзабаве. За ім крочыў майстар Красовіч — пажылы каржакаваты мужчына ў ахайным форменным гарнітуры.

— Семдзесят другі прыбывае,— паведаміў Мікола, папраўляючы для нечага шапку на галаве.— Трэба, хлопчыкі, ісці сустракаць.

— Та-а-ак...— працягнуў майстар.— Што ж будзем рабіць без Веліхава? Не ўправімся без яго. Напэўна, поезд затрымаем.

— Я пайду з вамі,— нечакана сказаў Качан.— Замест Веліхава.

Аглядчыкі моўчкі ўзялі кожны свой інструмент і накіраваліся да станцыі, дзе на галоўны пуць прымаўся пасажырскі поезд.

Апошнім ішоў Качан. Ён затрымаўся быў трохі ў памяшканні пункта, дзе надзяваў зверху святочнага гарнітура рабочы камбінезон і браў сваё прыладдзе. А тое было не зусім звычайнае для слесара. Акрамя шабера і электрычнага ліхтарыка, Валеры нёс з сабою лупу, лязо ад бяспечнай брытвы, кавалачак крэйды, сцізорык. Усё гэта знаходзілася ў спецыяльным брызентавым футарале.

На станцыі аглядчыкі разышліся па пероне, дзе каму было зручней, а Качан пашыбаваў далей, насустрач поезду. У яго была звычка сустракаць паязды з ходу. Так лягчэй выяўляць непаладкі, калі яны ёсць у саставе.

Усё наўкола было ярка асветлена. Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары, пражэктары. Відно было, нібы ўдзень. І чамусьці стаяла цішыня, незвычайная для станцыі. Толькі сюд-туд зрэдку чуліся далёкія гудкі маняўровых паравозаў ды даносіліся з захаду прыглушаныя гукі ражкоў стрэлачнікаў.

Ідучы ўздоўж пуцей, Качан маркотна думаў аб сваім злашчасным лёсе... Праз некалькі хвілін прымчыць поезд тую, каго сэрца вылучыла з многіх, вельмі многіх людзей, па кім яно тужыць і без каго не можа біцца роўна; яна прыедзе, і ён кінецца насустрач ёй... толькі ў думках, толькі адным сваім тужлівым сэрцам. А тады пройдуць кароткія і хуткаплынныя сорак мінут, якіх нельга ні павялічыць, ні расцягнуць, і скончыцца час жаданага і няздзейсненага спаткання. Поезд рушыць далей і з’едзе, знікне яна — Любоў з вялікай і з малой літары...

Разлічыўшы, дзе павінен спыніцца апошні вагон, Качан затрымаўся і агледзеўся. Але, тут будзе зручна сачыць за саставам.

Удалечыні бліснуў промень пражэктара. Поезд імкліва . набліжаўся. Качан лёг долу і ўвесь ператварыўся ў зрок і ў слых. Праз хвіліну на адлегласці двух метраў ад яго загрукалі колы паравоза, потым дробна пачалі выстукваць пошчак вагонныя цялежкі. Пралазчык пільна прыглядаўся да кожнага ската, да кожнай колавай пары. Нічога падазронага не відно было і не чутно.

Паступова поезд сцішаў ход. З шыпеннем выходзіла паветра з тармазной магістралі, феерверкам сыпаліся іскры з бандажоў. Вось і апошні вагон параўняўся з пралазчыкам. Параўняўся і замёр.

Зайшоўшы ў хвост саставу, Качан нырнуў пад вагон. Цяпер ён павінен заняцца сваёй справай. Другія аглядчыкі пойдуць паўз вагоны, яны будуць аглядаць вонкавыя часткі, а ён, пралазчык, павінен старанна агледзець тое, што схавана ад вока. Праменьчык электрычнага ліхтарыка слізгануў па адным скаце, потым па другім, асвятліў на момант калодку, бандаж, рысору, буксавы болт. Нішто не затрымлівала тут увагі пралазчыка. Гэткім жа манерам агледзеў ён другую цялежку, пасля вылез з-пад яе і апынуўся ў паміжвагоннай прасторы.

Парадкавым нумарам наступнага вагона быў дзевяты. Качан уздыхнуў. Гэтая лічба, здаецца, ніколі ўжо не выветрыцца ў яго з памяці... Прыпыніўшыся на момант, Качан прыслухаўся. Каля ўвахода ў вагон гаманілі людзі, нехта з некім спрачаўся. Жаночы голас спакойна гаварыў:

— Не ўсе адразу, таварышы, па чарзе. Усе паспееце, нікога не пакінем.

Сэрца пралазчыка рванулася было на гэты голас, але тут жа зноў стала на месца. Не, гэта голас не Любы. Пасадку робіць яе напарніца. А дзе ж сама ты цяпер, Любоў?..

Ліхтарык зноў слізгануў праменьчыкам па адным скаце, па другім, асвятліў бандаж, калодку, пераскочыў на вось і тут раптам затрымаўся. Пралазчык убачыў, што ў адным месцы на восі фарба чамусьці паднялася, як бы ўспухла. Качан выняў з футарала лупу, уважліва агледзеў гэтае месца, потым памацаў яго пальцамі. Тут, здаецца, штось нядобрае. Хуценька саскробшы фарбу шыберам, Валеры ўбачыў на метале рыску, якая, прайшоўшы пэўны шлях па восі, хавалася потым пад калодку і знікала там. Яшчэ раз паглядзеўшы ў лупу, Качан сказаў сабе: гэта трэшчына, не іначай. Канчаткова пераканаўся ён у сваёй здагадцы, калі пусціў у справу лязо брытвы: тое даволі глыбока ўвайшло ў метал.

Качан абвёў небяспечнае месца крэйдай, вылез з-пад вагона.

— Таварыш Красовіч! — паклікаў ён майстра.— Паглядзіце, што тут дзеецца.

Майстар выцер хусцінкай лоб, які немаведама чаму раптам узмакрэў, і ўдзячна паглядзеў на пралазчыка.

— Трэшчына, ды яшчэ якая! Каля самай калодкі!

Качан загадкава ўсміхнуўся. Вось ён, адзіны ў сваёй непаўторнасці выпадак, калі звычайныя, такія кароткія сорак мінут могуць быць падоўжаны, расцягнуты, павялічаны аж да намеру сутак. Бо існуе на транспарце закон: вагон з дэфектам, накшталт гэтага, далей ісці не павінен, яго трэба адрамантаваць. А рамонт робіцца вядома як: вагон адчапляюць ад саставу і вязуць у дэпо. І, такім чынам, замест звычайных сарака мінут Люба будзе тут аж да наступнага поезда.

— Значыццца, рамонт! — прагаварыў майстар.— Трэба паведаміць начальству.

Валеры ўявіў сабе, што зараз будзе... Прыйдзе ў вагон Люба або яе напарніца і скажа: «Таварышы пасажыры, наш вагон «хворы», яго зараз адчэпяць ад поезда. Калі хто хоча, можа перайсці ў другія вагоны». І тут пачнецца такое, што і бацьку роднага забудзеш як зваць. Бо ўсе ж едуць не па шпацыр, у кожнага свае справы, у кожнага час абмежаваны. Заставацца тут і ацірацца да наступнага поезда нікому не хочацца. А хіба дасі ў другіх вагонах кожнаму такое месца, якое ён займаў? Ды і наогул, дзе набрацца тых месц, поезд жа не пусты ідзе...

— Так, рамонт,— хутка адказаў Качан.— Зробім яго самі, па нашаму метаду.

— Не адчапляючы?

— Але.

— Управімся? — майстар паглядзеў на гадзіннік.— Засталося трыццаць пяць мінут.

— Павінны ўправіцца,— упэўнена сказаў Качан, пільна ўглядаючыся ў дзверы вагона, адкуль выходзіла ў гэты момант Люба.— Поезда не затрымаем! — дадаў ён і палез пад наступны вагон.

Пакуль Качан упраўляўся пад вагонамі, перапаўзаючы ад аднаго да другога і ледзь не вобмацкам правяраючы кожную дэталь, маняўровы паравоз адцягнуў хвост саставу на бакавы пуць. Там «хворы» вагон паднялі дамкратамі, выкацілі з-пад яго старую цялежку, паставілі на яе месца новую. Усё рабілася хутка, спрытна. У рамонце брала ўдзел уся брыгада. На дапамогу прыйшлі паязны майстар і шмат хто з праваднікоў.

І вось ужо дамкраты апушчаны. Маняўровы паравоз зрабіў яшчэ адзін рэйс, і ўсё стала на сваё месца. Праваднікі знялі чырвоныя засцерагальныя сігналы. На перон выйшаў дзяжурны па станцыі.

Майстар паказаў рукой на вакзальны гадзіннік.

— Хвіліна ў хвіліну!

Пра гэта падумаў і Качан. Потым ён кінуў позірк уздоўж саставу... Вунь яна, Люба! «Яшчэ не ўсё страчана,— падбадзёрыў сябе Валеры,— магу яшчэ паспець. Я ўсё скажу ёй!..»

І Качан пайшоў насустрач дзяўчыне. Але толькі ён скрануўся з месца, як раптам і прыпыніўся. Тое, што ён убачыў, здзівіла і дашчэнту збянтэжыла яго. Побач з Любай стаяў Мікола Лазнюк, крышачку воддаль ад іх — Шыбека і Малашэнка. Мікола нешта жвава гаварыў, а Люба ўважліва слухала...

«Усё прапала!..— сумна ўздыхнуў Качан.— Пакуль я там упраўляўся, яны апярэдзілі мяне, самі пазнаёміліся з Любаю... Мікола вунь як увіваецца... Нягоднік! А яшчэ сябар называецца...»

Качан павярнуўся, каб пайсці прэч.

— Валеры! — пачуў ён голас Міколы.— Хадзі сюды, Валеры! Хутчэй!

— Чаго табе?..— абыякава і нехаця прамовіў Качан. «Зноў пацяшацца будуць...» — падумаў ён.

— От гэта і ёсць наш славуты пралазчык, пра якога я вам гаварыў,— звяртаючыся да Любы, прамовіў Мікола і паказаў на Качана.— Будзьце знаёмы!

Валеры працягнуў сваю руку, але спахапіўся, што рука не дужа чыстая. Ды было позна: дзяўчына ўжо ўзяла гэтую руку.

— Люба,— сказала дзяўчына і пільна паглядзела на пралазчыка.

— Вельмі прыемна! — заключыў Мікола.— А цяпер, калі я пазнаёміў вас, дазвольце і мне пазнаёміцца. Мяне завуць Мікола. А гэта нашы сябры, Шыбека і Малашэнка. Таксама, скажу я вам, найлепшыя хлопцы. А наогул, нам трэба бегчы, бо спраў у нас — процьма. Салют! — І, узняўшы ўгору сціснуты кулак, Мікола знік. За ім, фацэтна раскланяўшыся з Любай, рушылі Шыбека і Малашэнка.

Люба засмяялася. Яны памаўчалі крыху. Потым Качан сказаў:

— Вы будзеце ехаць назад у суботу. А я ў суботу якраз вольны ад дзяжурства...— Ён хацеў сказаць, што ўсё роўна прыйдзе на станцыю, але духу на гэта не хапіла.

— У мяне сёння апошні рэйс,— паведаміла Люба.— Я болей не буду ездзіць.

— Не будзеце? — сумеўся Качан.

— Але. Мяне прынялі ў тэхнікум. У ваш, у Заранскі.

Станцыйны звон ударыў адзін раз, потым другі...

1955


1955