epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Хавай, як я хаваю

 

Распісаўшыся ў плацёжнай ведамасці, Іван Пераход узяў пададзеныя яму праз акенца грошы і, падпарадкоўваючыся загаду на шыльдачцы, што патрабаваў правяраць грошы, не адыходзячыся ад касы, хуценька палічыў дзесяткі, пяцёркі, траячкі, рублі. Усё было правільна, касір даў якраз столькі, колькі і належала атрымаць Івану. Ён паклаў грошы ў кішэню пінжака і падаўся да выхада з канторы. Змену сваю Іван ужо адрабіў, можна было і дадому шыбаваць.

На заводскім двары Івана дагналі ягоныя даўнія знаёмыя Захар Пратасеня з кавальска-прэсавага цэха і Барыс Сівец з аддзела забеспячэння.

— Майстру такарнай справы — наша шанаванне! — сказаў Захар Пратасеня і ляпнуў Івана па плячы.

Барыс Сівец штурхануў Івана з другога боку, ахрыплым голасам прасіпеў:

— Штосьці даўнавата не бачыліся. Дзе прападаеш, айцец?

— Ды як вам сказаць...

— А і праўда, што гэта цябе нідзе не відаць? — падзівіўся і Пратасеня.— Робім на адным заводзе, а бачымся апошнім часам гады ў рады. Пасля работы ты знікаеш нібы тая ракета. Ёсць — і няма!

— Нядобра, айцец, нядобра адрывацца ад мас,— заявіў Барыс Сівец.— Няўжо гэтак моцна закілзала жонка?

— Ды як вам сказаць...

— Самі пад жонкамі ходзім, але ж во неяк вылузваемся. Нядобра, айцец, нядобра...

Яны ўтрох былі амаль аднаго веку. Старэйшы з іх, Барыс Сівец, меў трыццаць два гады. І выглядаў ён старэйшым, бо даўно ўжо адпусціў сабе бараду і вусы. Тым не менш ён да кожнага, нават маладзейшага за сябе, гаварыў «айцец».

— Нядобра, айцец, нядобра. Ты гэтак зусім адцураешся людзей. А тады ж здзічэеш, ну проста здзічэеш, чыстую праўду табе кажу. Палучка сёння ў вас у механічным была?

— Хіба не ведаеш. Сам жа, нябось, таксама атрымаў.

— І сам атрымаў, і ў Захаркі вунь, паглядзі, кішэня адтапырылася. А што добрыя людзі робяць, калі ў іх капейчына завялася? Куды яны цвёрдым крокам трымаюць кірунак? Адкажы мне на гэтае пытанне, айцец!

— Карацей кажучы — уздрыгнём, га? — падхапіў Барысавы словы Захар Пратасеня.— Сабразім на трох, га?

— Ды як вам сказаць...

Яны мінулі прахадную і апынуліся на люднай гарадской вуліцы. Прыпыніліся, азірнуліся наўкола, нібы рашаючы, куды пайсці,— направа або налева.

А надвор’е было — лепшага, здаецца, і не трэба. Чысцюткае блакітнае неба, зыркае сонца, ціхенечкі ветрык, духмянае пасля нядаўняй кароткай і цёплай залевы паветра,— усё зусім як улетку, і нават не верылася, што па календары ўжо восень і што цяпер павінна быць самая пара пранізлівых сівераў, заложных дажджоў, беспрасветнай шэрасці. Ды от жа штосьці пераблыталася, перакруцілася ў прыродзе, і ў кастрычніку зноў вярнулася да людзей лета.

— Прапазіцыя такая,— сказаў Барыс Сівец.— Паварочваем направа, тады праз два кварталы зноў направа. Там на рагу ёсць гастраном, а пры ім кафэтэрый. Возьмем, што трэба, у гастраноме, і — шмыг у кафэтэрый. Захару звесці з прылаўка шклянку — што плюнуць. І разалье пляшку — кропля ў кроплю, як у аптэцы. Будзе кожнаму роўненька па сто шэсцьдзесят шэсць цэлых і шэсцьдзесят шэсць сотых грама. Няма пярэчанняў, айцец?

— Ды як вам сказаць...

— Пачакайце, от толькі заначу на чорны дзень пару капеек, каб пасля не забыцца,— сказаў Захар Пратасеня. Ён выняў з кішэні пачак грошай, адлічыў некалькі паперак і, зняўшы кепку, засунуў іх усярэдзіну, па-над казырком. Астатняе паклаў назад у кішэню.— Гэта ж узяла жонка моду: як лягу спаць, перамацае ўсе кішэні, выграбе ўсе чыста, да капеечкі. От я і прыдумаў схованку. Ці мала на што мужыку жывая капейчына патрэбна, самі ведаеце. А хіба жонка разумее гэта? Ёй абы сесці на тыя грошы, як квактусе на яйкі.

— Думаеш, толькі твая такая? — зазначыў Барыс Сівец.— Усе яны, айцец, на адзін капыл.

— От і даводзіцца мазгаваць з палучкі, куды б гэта заначыць якую пяцёрку, дзе б знайсці такое месцейка, пра якое б яна нізавошта не здагадалася. От было ў мяне аднаго разу, паслухайце. Нават і цяпер, як успомню... І смех і грэх... Атрымаў я во гэтаксама, як сёння, зарплату, а зарабіў якраз добра, даў паўтары нормы. Ну і варушу, значыцца, мазгамі: куды засунуць рублёў колькі? Пра «пістончык» у штанах жонка ведае, пра патайную кішэньку ў пінжаку таксама ведае, не кажучы ўжо пра вокладку для прафсаюзнага білета, якую я неяк спецыяльна прыдбаў быў для гэтай мэты і якою мо з паўгода карыстаўся, пакуль не надыбала жонка... І тут мне раптам цюкнула. Дай, думаю, засуну пакуль што за халяву ў бот, а ўжо як буду дома і жонка сцішыцца, перахаваю куды-небудзь. Узяў я, значыцца, шэсць рублёў, а далі тады ў касе якраз аднымі рублямі, ды новенькімі, ажно хрустаюць... узяў, значыцца, шэсць паперак і шась іх за халяву. Дамоў, вядома, адразу не пайшоў, а заскочыў з адным чалавекам у адно цёпленькае месца.

— І не з адным нейкім там чалавекам, а са мною,— удакладніў Барыс Сівец.— І не ў адно нейкае там месца, а ў павільён «Марожанае», захапіўшы папярэдне пляшку ў магазіне на Камсамольскай.

— Няўжо гэта ты тады быў? А я і забыўся ўжо. Ну то слухайце, як яно далей было, я ж табе, мабыць, не расказваў.

— Расказваў, айцец, расказваў.

— Ну то Іван во не чуў. Не чуў жа, га?

— Ды як табе сказаць... Здаецца, не чуў.

— Карацей кажучы, прыйшоў я дамоў у самым найлепшым настроі. Аддаў жонцы грошы. «Усе тут?» — пытаецца. «Усе,— кажу,— да капеечкі. Можаш праверыць».

І сам выварочваю кішэні — глядзі, маўляў, нічога не заначыў. «Ды я табе і так веру»,— кажа жонка і ўсміхаецца. «Трасцу ты мне верыш,— думаю я сам сабе.— Але на гэты раз я цябе перахітру, нічога ў цябе не выйдзе. Дзе сядзеш, там і злезеш». Павячэралі мы, пагаманілі, трэба і спаць класціся. Пачаў я раздзявацца. Падышла чарга да ботаў. І тут паўстала перада мной найскладанейшая задача: як зняць правы бот, каб жонка нічога не заўважыла? А яна, як на тое, круціцца побач і то флакончыкі ды слоічкі свае на трумо пачне парадкаваць, то рамкі з фатаграфіямі на сцяне паправіць. «Схадзі,— кажу да яе,— зірні на Волечку, ці спіць яна хаця, ці не скінулася з яе часам коўдрачка». «Не,— адказвае жонка,— не скінулася, я нядаўна глядзела». «Калі тое было,— зноў кажу сваё,— схадзі яшчэ, ці мала што». «Адчапіся! — ужо злосна кажа тады яна.— Сама ведаю, што рабіць!.. А ты вунь, бачу, так назюзюкаўся, што і ботаў скінуць не можаш. Аж глядзець брыдка. Давай ужо сцягну, а то так і заснеш абуты...» «Не руш! Я сам!..» — толькі і паспеў крыкнуць я, а яна — хоп за бот, ды як тузане!.. Тут з халявы і пырхнулі яны, мае родненькія рубельчыкі... «А божа! — вырачыла вочы жонка.— Хто б мог падумаць, што ты гэткую плату за такую дробязную работу назначыш! Ды я за такія грошы буду хоць па дзесяць разоў на дзень сцягваць з цябе боты. Давай во і другі сцягну, можа, з яго не рублі, а пяцёркі або дзесяткі пасыплюцца, га?»

— От гэта ўліп! — зарагатаў Барыс Сівец.— Уяўляю, які выгляд ты меў на тую хвіліну, айцец!

— І не кажы!..— зарагатаў і сам Захар Пратасеня.— Хоць ты скрозь зямлю праваліся... Затое цяпер у мяне надзейная схованка. Кладу во сюды ў кепачку. А як прыходжу дамоў, адразу вешаю яе на самым відавоку. Жонцы і не ў галаве зазірнуць у маю кепачку, га-га-га...

— Не, айцец, і гэтая твая схованка не такая ўжо надзейная, як табе здаецца,— сказаў Барыс Сівец.— Кажу гэтак, бо маю вопыт. І магу расказаць адну гісторыйку. Калі, вядома, ёсць ахвота слухаць.

— Давай, давай! — загарэўся Пратасеня.— Дзяліся вопытам, гэта ж пальзіцельна! Праўда, Іван?

— Ды як вам сказаць...

Яны адышліся трохі ўбок, каб не замінаць людзям, што ішлі цераз прахадную — і з завода, і на завод.

— Гісторыя кароткая, я хуценька раскажу. А тады ўжо і рушым.— Барыс зірнуў па гадзіннік.— Да сямі яшчэ далёка, паспеем. Ну дык вось... Не думай, айцец, што толькі ў аднаго ў цябе такая разумная галава, змікіціў быў і я пра кепачку. І ўсё было добра, пакуль не адзін выпадак. Дзела было не так і даўно, тыдняў тры таму. Не, якраз месяц назад, таксама ў палучку. Іду гэта я сабе дамоў, вядома, пад градусам, давялося ўзяць у адной кампаніі грамаў дзвесце сорак.

— Без мяне? — здзівіўся Захар Пратасеня.

— Ты тады ў другую змену рабіў, айцец.

— А-а... то-та ж!

— Іду гэта, спяваю паціхеньку сабе пад нос «Ад панядзелка да панядзелка добра п’ецца нам гарэлка», я ж не люблю гарлапаніць на ўсю вуліцу, самі ведаеце, бо міліцыю трэба шанаваць. І раптам адкуль ні вазьміся — вецер, ды такі, што... вой! Можа, ён, халера, і перад тым быў, ды я яго не заўважаў, а тут раптам чую — падхапіла нячыстая сіла маю кепачку і па-анесла!.. Я — наўздагон! А кепачка коціцца сабе і коціцца па тратуары, і ніяк я не магу дагнаць яе. То во спынецца, а як толькі падбягу — яна ізноў пакацілася. Дзякаваць богу, прыціснула нагою нейкая стрэчная жанчына, тады я і ўхапіў сваю кепачку. Абтрос аб штаны, зноў насунуў на галаву, цяпер ужо да самых вушэй. Тады крокаў праз колькі сэрца ёк! Я шась кепачку з галавы, зірк усярэдзіну... Пуста! Туды-сюды рукою, нават падкладку вывернуў... Дзе там! І знаку няма!

— А многа заначыў быў? — давячыся смехам, спытаў Пратасеня.

— Чырвоненькую, айцец.

— Ажно дзесятку?..

— Цалюткую.

— Во, нябось, шкада было, га?

— Проста хоць плач!.. Пайшоў назад, зіркаю вачыма і туды, і сюды — нідзе нічога. Тады здуру пытаюся ў аднаго мужчыны, ці не бачыў ён маёй чырвоненькай? Той паглядзеў на мяне, як на вар’ята, і — ходу!..

Захар Пратасеня аж за жывот схапіўся, гэткі яго ўзяў смех. Дробненька хіхікаў, выціраючы слёзы, і Іван Пераход.

— А ты кажаш — надзейная схованка. Нічога надзейнага на свеце няма, айцец.

Нарагатаўшыся ўволю, Пратасеня спытаў у Перахода:

— А ты, Іване, робіш заначкі? Прызнавайся, як на духу.

— Ды як вам сказаць...

— Не можа быць, каб не рабіў. То падзяліся вопытам, мажліва, ён і нам прыгадзіцца.

— Ды было і ў мяне...

— Ты ж у нас інтэлектуал. Нябось, такое ўдумаў, што сам чорт галаву зломіць, пакуль расшалопае, дзе яно і як яно ляжыць.

— Само неяк удумалася... А пачалося ўсё з бібліятэчкі, якою мяне прэміраваў заўком. Было гэта пазалетась. Далі мне тады як не два дзесяткі кніжак. Талстога, Пушкіна, Тургенева, Шолахава і яшчэ...

— Памятаю, памятаю,— сказаў Пратасеня.— Тады цябе і празвалі інтэлектуалам.

— Зрабіў я для тых кніжак палічку, прыладзіў яе да сцяны. Добра так атрымалася, прыгожа, я і па сталярнаму дзелу кумекаю. Ну пагартаю калі каторую кніжку, але я больш люблю пра сучаснасць чытаць, а там — адны класікі... І от аднаго разу мяне асяніла. Сяджу я за сталом, пазіраю на тыя кніжкі на паліцы, а хтосьці нібы падказвае мне: «Чалавеча, ды гэтыя ж класікі могуць саслужыць табе найлепшую службу. Бяры і кладзі да іх свае заначкі, ніхто зроду не здагадаецца зазірнуць туды. Жонка нічога чытаць не чытае, бо ніколі часу не мае, а дзеці яшчэ малыя, ім да класікаў далёка». От я і пачаў даручаць свае грошы, што на чорны дзень з палучкі пакідаў, то Анне Карэнінай, то Яўгенію Анегіну, то Грышку Мелехаву...

— Вой, дык гэта ж нехта як у сук уляпіў, калі назваў цябе інтэлектуалам! — зноў зарагатаў Захар Пратасеня.

— Айцец, ты самы геніяльны з усіх мужоў! — прачула сказаў Барыс Сівец.— Табе няйначай трэба помнік паставіць ад усіх нас, гаротных! Пры жыцці!

— Але слухайце, што было далей... А далей было вось што. Выпала мне нейк узяць сваю траячачку... ну, самі ведаеце, нашто. Падпільнаваў я, калі жонка адвярнулася на кухню, і — да паліцы. Схапіў Талстога, разгарнуў на сто дваццаць пятай старонцы... дарэчы, я заўсёды клаў дзе б ні было на сто дваццаць пятай старонцы, каб потым доўга не шукаць... дык вось, разгарнуў я Льва Мікалаевіча Талстога, а там...

— Дуля з макам?..— чамусьці шэптам спытаў Пратасеня.

— Мяне ажно ў пот кінула. Ператрос я ўсю «Анну Карэніну», ператрос Пушкіна, Шолахава, Тургенева... усіх класікаў, адным словам. Смалы я знайшоў, а не траячкі!

Тут усім зрабілася не да смеху. Захар Пратасеня круціў галавою, а Барыс Сівец адно моргаў вачыма.

— Сабачы, аднак, нюх у гэтых жанок! — сказаў нарэшце Сівец.— Тфу!..

— Заходзіць тут у пакой жонка, а я якраз стаўляю на паліцу апошнюю кніжку, «Злачынства і пакаранне» Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага,— гаварыў далей Іван Пераход.— Зірнуў я на яе, а яна і брывом не варухнула, бы нічога і не было, і ведаць яна нічога не ведае. Змоўчаў і я. Бо што тут скажаш. Таксама зрабіў выгляд, быццам ні пра якую траячку і чуць не чуў.

— Няўжо пасля таго табе адбіла заначкі рабіць? — з недаверам спытаў Пратасеня.— Нябось, зноў што-небудзь такое-гэткае адмачыў.

— Ды як вам сказаць...

— Не тойся, айцец, не тойся! — пажвавеў Барыс Сівец.— Давай сюды ўвесь свой вопыт, усю тэорыю і практыку!

— Падумалася мне тады вось што. Ну добра, думаю, знайсці табе траячку ў гэтых двух дзесятках кніжак было не так ужо і цяжка. За якую гадзіну або дзве можна ўсе да адзінай старонкі перагартаць. А каб гэта было кніжак у дзесяць разоў болей? Або каб у сто разоў? Знайшла б ты тады тую няшчасную траячку?

— Ні ў жысць бы не знайшла! — натхнёна сказаў Пратасеня.— Тут ужо ніякі нюх ёй не памог бы!

— Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Можа, ведаеце, гэта недалёка адсюль — налева, а тады зноў налева. Купіў Сіманава, Галіну Нікалаеву, Шамякіна і яшчэ нейкіх трох невядомых. На ўсе тыя грошы ўзяў, што звычайна заначваў. У наступную палучку яшчэ сем кніжак прыцёг. Тады — яшчэ. Давялося зрабіць другую паліцу, потым трэцюю, чацвёртую. Да самай верхатуры ўзняліся мае паліцы. А я купляю кнігі і купляю. Не хапае мне ўжо тых паліц — і на буфеце ляжаць кнігі, і на падаконніках, і ў кутку за канапай. Раблю цяперака стэлажы, каб на ўсю сцяну было, ад падлогі і да столі. У адной нейкай карціне бачыў я якраз такія, ці то ў акадэміка яны былі, ці то ў якогась пісьменніка. Пакуль што на ўсе стэлажы кніжак, вядома, яшчэ не хопіць, але нічога, гады праз тры... а калі паднатужуся, то і раней, усё чыста пазабіваю кніжкамі. От няхай тады пашукае!

— Трасцу яна знойдзе! — усё больш натхняючыся, заявіў Пратасеня.— Гэта ж столькі старонак трэба перагартаць! Тысячы! Сотні тысяч! Ачмурэць можна, звар’яцець! А то і наогул дуба даць!.. Не, такая работа нікому не па сіле, нават бабе!.. Але ж во ўдумаў, дык удумаў! Ну і Іван!

І ён ляпнуў Перахода па плячы.

— А скажы, айцец,— раптам спытаў Барыс Сівец,— ты хаця сам пачытваеш тыя кніжкі?

— Ды як табе сказаць... Прыходзіцца. Часу вольнага ў мяне многа, раней дык во з вамі бавіў яго, у губу браўшы, а цяперака не маю за што, бо кожную заробленую лішне капейчыну трэба ў кнігарню несці. Прыходзіцца пачытваць. І скажу вам шчыра, ціка-а-выя часам трапляюцца кнігі, проста не адарвешся.

— То ты і зараз пойдзеш... налева?

— Налева. А вы?

— Мы? — Сівец зірнуў на Пратасеню.— Куды, айцец, пойдзем мы, га?..

Пратасеня павярнуў галаву направа, аблізнуўся, пракаўтнуў слінкі. Тады паглядзеў налева.

— Можа, пойдзем зірнём, як Іван тыя кніжкі купляе?

— А тады ўжо заадно і на стэлажы кінем вока. Хадзем, айцец.

— Дужа ж цікавы ў Івана метад.

— І здаецца, абсалютна надзейны.

1973

 


1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васілёнак Я. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 2. Апавяданні і аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с.
Крыніца: скан