epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Гаспадыня

Лямпачка цьмяна гарэла недзе ўгары, на чацвёртым ці пятым паверсе, і таму на лесвіцы стаяў прыцемак. Марына павольна пераступала з прыступкі на прыступку, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй, і калі б хто паглядзеў на яе ў гэтую хвіліну, напэўна сказаў бы, што дзяўчына да нечага прыслухоўваецца. Але ў калідоры панавала ціша, сюды ў гэты позні час не далятаў ніводзін гук ні з вуліцы, ні з кватэр вялікага шматпавярховага дома. Толькі высокія абцасы Марыніных чаравікаў стукалі па бетоне лесвіцы.

Дзяўчына ўзышла на першую пляцоўку і, глыбока ўздыхнуўшы, прыпынілася. Высокая зграбная постаць яе нібы замерла. І зноў можна было падумаць, што дзяўчына імкнецца штосьці пачуць у гэтай густой цішы, імкнецца — і не можа, бо адзінае, што чуваць зараз — гэта стук уласнага сэрца.

Вядома, шмат па якіх прычынах можа стукаць дзявочае сэрца, асабліва, калі ёй толькі дваццаць год. Хоць бы і па той, што ёй увесь вечар давялося танцаваць з маладым сімпатычным хлопцам, у якога такое харошае, гучнае імя — Антон...

Цікава, дзе ён зараз? Ці ўсё яшчэ стаіць там унізе, за знадворнымі дзвярыма, ці можа пайшоў ужо, насвістваючы паціху што-небудзь сам сабе?

— Ваша акно — вунь тое? — спытаў ён, калі яны падышлі да пад’езда, і паказаў рукою некуды ўгору.

— Не, не ўгадалі,— засмяялася яна.— Я жыву на трэцім паверсе. Вунь тое, цёмнае, якраз над намі.

— То я буду чакаць, пакуль яно засвеціцца,— сказаў Антон, і Марына не магла зразумець — жартуе ён ці кажа ўсур’ёз.

Звонку па-ранейшаму не даносілася ні гуку. Марына пастаяла яшчэ крыху,— мабыць, сэрца калоціцца проста таму, што пасля танцаў цяжка ўзнімацца па лесвіцы,— і зноў пачала адлічваць прыступкі. Вось і патрэбная пляцоўка. Налева — яе кватэра. Дзяўчына выняла з сумачкі ключ, адамкнула дзверы і, стараючыся ступаць як мага цішэй, каб не патурбаваць бацькоў, прашмыгнула ў свой пакойчык.

Рука машынальна пацягнулася да выключальніка, але Марына тут жа адхапіла яе назад. Зрабіла крок наперад, пастаяла, тады яшчэ пасунулася крыху і прыпынілася пасярод пакоя. Насупраць быў шэры чатырохкутнік акна. Хацелася, вой як хацелася падысці і зірнуць уніз, на вуліцу, але для гэтага трэба было адсунуць фіранку і прыціснуцца да шыбы, а хіба ж можна адважыцца на такое?..

Рашуча павярнуўшыся, Марына рушыла да выключальніка. Той гучна цмокнуў, і пакой заліўся мяккім ружовым святлом.

І тады за акном пачуліся крокі. Хтосьці хутка прайшоў па тратуары...

Напэўна, выпадковы прахожы...

Марыне доўга не хацелася распранацца. Яна была сёння ў сваёй любімай малінавай сукенцы, якая,— казалі сяброўкі,— дужа пасавала ёй. Ды і Антону яна спадабалася — гэтага нельга было не заўважыць.

«Хто ж ён такі, гэты Антон?» — думала Марына, узіраючыся ў акно, якое цяпер, пры святле, было чорнае-чорнае. Там, у акне, нібы ў люстэрку, відзён быў яе твар. Марына бачыла свой высокі адкрыты лоб, крыху задзёрысты нос, дзве ямачкі на шчоках,— бачыла ўсё гэта, але ўяўленне малявала другі твар — ягоны, Антонаў. І ёй пачынала здавацца, што з аконнае шыбы на яе пазіраюць і нават трошачкі ўсміхаюцца цёмныя Антонавы вочы, тыя самыя, што ўвесь вечар сачылі за ёю з-пад броваў, што амаль сышліся ля пераносся...

Яна ніколі раней не бачыла яго ў клубе, хоць бывала там даволі часта і ведала амаль усіх хлопцаў і дзяўчат з чыгуначнага вузла. Сёння ён прыйшоў сюды ўпершыню. У перапынку паміж танцамі Марына выйшла з сяброўкай Аняй Тарасевіч з залы ў фае, і ў дзвярах ледзь не наскочыла на незнаёмага хлопца. Той папрасіў прабачэння і адступіў на крок назад, саступаючы дарогу, хоць прасіць прабачэнне трэба было, канечне, ёй, бо гэта ж яна наступіла яму на нагу. Ды Марына чамусьці разгубілася і не сказала ні слова, толькі зачырванелася.

Праз хвілін колькі зноў пачала іграць радыёла, і Марына з Аняй хуценька вярнуліся ў залу. Не паспелі яны ўвайсці, як да іх падышоў той самы хлопец і запрасіў Марыну на кракавяк. І на гэты раз Марына нічога не адказала яму, толькі моўчкі, аднымі вачыма дала згоду.

Малады чалавек вылучаўся сярод усіх, хто быў у гэты вечар на танцах. На ім быў добра пашыты светла-карычневы гарнітур, у той час як большасць з тых, каго ведала яна, насілі чорныя кіцелі або гімнасцёркі — звычайную форму чыгуначнікаў. Было ў ім і яшчэ штосьці, што рабіла яго незвычайным, але што менавіта, Марына так і не даўмелася. «Проста ён не тутэйшы, таму і здаецца мне нейкім асаблівым»,— сказала яна сабе.

Танцаваў малады чалавек вельмі хораша, Марыне было прыемна з ім — Аня нават шапнула ў перапынку, што з іх атрымалася ўдалая пара, — і таму, калі ён запрасіў яе на новы танец, яна без вагання дала згоду.

Пад час танца ён штосьці спытаў у яе, Марына адказала, потым ён зрабіў нейкую заўвагу,— здаецца, наконт музыкі,— і яны разгаварыліся, і не толькі разгаварыліся, але неяк само па сабе так атрымалася, што і пазнаёміліся.

Пасля танцаў Аня пайшла са сваім жаніхом, а Марына памкнулася была пабегчы дамоў адна, але Антон затрымаў яе і папрасіў дазволу праводзіць. Нейкі ўнутраны голас гаварыў ёй, што з гэтым чалавекам можна ісці хоць за край свету, і яна, зноў жа моўчкі, але з пачуццём нейкай усхваляванасці ў сэрцы, згадзілася...

Калі яны пераходзілі віядук праз чыгунку, Марына паспрабавала высветліць, хто ён і адкуль тут узяўся, аднак Антон адно толькі і сказаў:

— Ды так... вучыцца прыехаў...

І больш нічога не дадаў, а перавёў гаворку на іншае.

«Мабыць, у наш чыгуначны тэхнікум прыехаў паступаць,— падумала Марына.— Армію, відаць, ужо адслужыў...»

За сцяною, у бацькавым кабінеце, пачаў адбіваць час гадзіннік.

«Але чаго гэта я столькі думаю аб ім?» — схамянулася раптам Марына. Сапраўды, чаго? Хіба мала ў яе знаёмых хлопцаў, з якімі яна танцуе ў клубе?..

— Глупства ўсё гэта! — уголас сказала Марына і, распрануўшыся, нырнула пад коўдру.— Спаць, спаць!

Але ж гэта толькі сказаць лёгка — спаць. А от як заснуць, калі думкі ўзварушаны, калі сэрца не-не ды і замрэ чамусьці на нейкі момант, калі... ды ці мала ёсць яшчэ ўсялякіх «калі»!..

Прыгадалася: за ўвесь вечар ён так і не пацікавіўся, дзе яна працуе і наогул хто яна такая. А можа, гэта і лепш, што не пацікавіўся? Бо што б яна адказала яму? Што толькі тое і мае, што во ездзіць у поездзе за правадніцу?.. Ні на што болей яе не хапіла, нічога такога людскага з яе не атрымалася і ўжо не атрымаецца — ні настаўніцы, пра што марылася ў маленстве, не балерыны, аб чым снілася ў восьмым класе, ні доктара, пра белы халат якога і дагэтуль не можа спакойна гаварыць маці.

Ніхто яна. І нішто. Хоць начальнік поезда інжынер-лейтэнант Мазолін і любіць паўтараць:

— Праваднік,— кажа гэта не абы-хто, а гаспадар вагона. Чуеце? Гаспадар! І гаспадарка ў яго не з апошніх, і адказнасць на ім ляжыць аж вунь якая!

На словах «гаспадар» і «адказнасць» інжынер-лейтэнант робіць націск і яны гучаць у ягоных вуснах з асаблівай выразнасцю.

Думкі ідуць сваім парадкам. Яны ідуць, не даючы заснуць, і ўсё больш і больш хвалююць сэрца.

Вось і раніцою, чуць толькі Марына расплюшчыла вочы, яны зноў авалодалі ёю, зноў надалі нейкую ўнутраную ўзрушанасць. Так было да тае пары, пакуль не настаў час заступаць ёй на дзяжурства, а дакладней кажучы, пакуль не стала яна ля ўвахода ў вагон і не сказала нейкаму барадатаму дзядзьку:

— Грамадзянін, дазвольце ваш білет!

З гэтай хвіліны яна ўжо была не проста Марынай, мала чым прыкметнай дзяўчынай з Вакзальнай вуліцы, а таварыш Аляксюк, правадніцай восьмага вагона поезда далёкага накіравання. І ні аб чым зараз не трэба думаць, акрамя таго, што мела непасрэднае дачыненне да абавязкаў, вызначаных у службовай інструкцыі.

Замест учарашняга малінавага плацця на Марыне была цяпер чорная шарсцяная спадніца і сіняя гімнасцёрка, перахопленая ў таліі шырокім скураным рамянём, на плячах пагончыкі з дзвюма вузенькімі беленькімі стужкамі. Кучаравыя валасы схаваны пад такі ж сіні берэт з маленькай зорачкай.

— Ваш білет! — сказала Марына, узнімаючы вочы на чарговага пасажыра, і сумелася ад нечаканасці.

Перад ёю стаяў Антон.

Відаць, Антон таксама не чакаў гэтай сустрэчы, і замест таго каб даць ёй білет, хуценька сунуў яго ў кішэню.

— Праходзьце, праходзьце! — незадаволена сказаў хтосьці ззаду Антона, і ён тады заспяшаўся, неяк нялоўка ўзяўся за поручні, гэтак жа нялоўка ўзлез на падножку і, прамовіўшы:—От гэта нумар!..— ужо больш рашуча падаўся ў тамбур.

Марына кінула наўздагон Антону кароткі збянтэжаны позірк, а тады паспешліва выхапіла білет з рук нейкай пажылай жанчыны.

Поезд крануўся. Марына выняла з футарала жоўты сцяжок і стала з ім на падножцы. Калі праехалі станцыю, яна зачыніла дзверы і падалася ў вагон.

З рэпрадуктара, што вісеў у калідоры, пачулася:

— Пачынаем канцэрт па заяўках пасажыраў дзевятага вагона. Праслухайце ў выкананні народнай артысткі СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай беларускую народную песню «Чаму ж мне не пець». Паведамляем таксама, што радыёвузел нашага поезда ахвотна прыме і выканае заяўкі пасажыраў з другіх вагонаў.

Праз момант у вагоне загучаў голас народнай артысткі:

Чаму ж мне не пець,

Чаму ж не гудзець,

Калі ў маёй хатачцы Парадак ідзець...

— А ў нашай хатачцы парадку няма,— сказаў раптам чалавек у форме артылерыйскага маёра. Ён стаяў непадалёк ад Марыны і курыў.

— Як гэта няма? — Марына падышла да яго бліжэй.— Чаму няма, скуль гэта вы ўзялі?

— От каб распісаць прэферансік ды падсадзіць каго на горачку, тады парадачак быў бы.

— Э, не, от гэта быў бы самы элементарны беспарадак,— засмяялася Марына.

Маёр прыжмурыў вочы.

— А можа ўсё ж падкажаце, дзе тут пазашываліся сапраўдныя прэферансісты, га? Бо вы ж тут гаспадыня, усё павінны ведаць.

— Партнёраў, таварыш маёр, я вам магу знайсці,— сказала Марына.— Але толькі не прэферансістаў. У шахматы вы, выпадкова, не гуляеце?

— Уявіце сабе — выпадкова не гуляю.

— А ў шашкі?

— А ў шашкі — так, выпадкова гуляю.

— Адну хвіліначку.

Марына схадзіла ў сваё службовае купэ, узяла шашкі.

— Партнёраў мы зараз знойдзем,— пераканана сказала яна. І зазірнула ў восьмае купэ, у сёмае, потым у шостае. Там уладкоўваўся на ніжняй паліцы Антон.

— Ды вось бачу па вачах гэтага маладога чалавека, што ён якраз і мае ахвоту згуляць з вамі. Я не памыляюся?

І хоць Антону, відаць, не дужа хацелася гуляць, але ў Марыніным голасе было штосьці такое, што ён адразу ж сказаў:

— З прыемнасцю згуляю.

А поезд тым часам ішоў і ішоў. Ужо былі пасланы пасцелі, пасажыры зручна размясціліся на сваіх месцах, і вагон набыў выгляд даўно абжытага памяшкання. Лілася з рэпрадуктара не дужа моцная музыка. Нібы старыя знаёмыя гаманілі суседзі па купэ. Недзе ў канцы калідора звінеў дзіцячы галасок, выразна дэкламуючы верш пра тое, што такое добра і што такое дрэнна, а з другога канца даносіўся гучны рогат аматараў даміно, якія з усяе сілы ляпалі костачкамі па чамадане. Маёр жа і Антон усё змагаліся.

У купэ да іх зноў завітала Марына. Маёр нават не зірнуў на яе — так ён быў захоплены гульнёю.

— Ці не жадаеце набыць свежыя газеты або часопісы? — стрымліваючы лёгкую ўсмешку, спытала яна.— Ёсць маскоўскія, ёсць і мясцовыя.

Маёр падняў галаву.

— Вось палюбуйцеся: прадуўся ўшчэнт! — весела паведаміў ён.— І, здаецца, ані невыпадкова. Шэсць партый запар.

— З чым вас і віншую. Цяпер можаце зрабіць перапынак.

Антон пакінуў гуляць, выйшаў у калідор і пачакаў, пакуль Марына не абышла ўсе купэ.

— Дык вы і ёсць Марына Фёдараўна Аляксюк? — запытаў ён, калі дзяўчына, ідучы назад, параўнялася з ім.

Марына здзіўлена паглядзела на яго. Учора, знаёмячыся, яна сказала яму толькі сваё імя. Адкуль жа ён уведаў яе прозвішча, ды яшчэ і па бацьку?

— Так... Але адкуль вы ведаеце?

Поезд набліжаўся да станцыі, і яны не паспелі пагутарыць: Марына заспяшалася да выхада.

Да самага вечара ў яе было многа спраў, і аж пакуль не здала яна дзяжурства Ганне Тарасевіч, ёй і словам перакінуцца з Антонам не давялося. Але як толькі яна засталася ў службовым купэ адна, у дзверы адразу пастукалі. Марына здагадалася, хто гэта стукае, але нейкі момант вагалася, не ведаючы, ці дазволіць Антону зайсці. І калі б Антон пастукаў яшчэ раз, яна напэўна адмовіла б, але за дзвярыма было ціха, і Марына міжволі ціха сказала:

— Калі ласка.

Антон увайшоў шумна, грукнуўшы дзвярыма, і ад Марынінай увагі не ўнікла, што ён робіць гэта назнарок, проста дзеля таго, каб падбадзёрыць сябе.

— Чаго гэта вам не спіцца?

— Прабачце, я на хвіліначку. Вы тут пасажырам кнігі прапаноўвалі. Я тады нічога не ўзяў, а от цяпер надумаўся спытаць, ці няма ў вас выпадкова «Рэвізора» Гогаля. У вас жа вунь колькі кніг!

— Не, Гогаля нічога няма. А калі ўжо вам так патрэбна сатыра, то вазьміце Салтыкова-Шчадрына. Ён у мяне якраз ёсць, во стаіць том... пачакайце, я зараз пагляджу, што там такое...

— Дзякую, не трэба турбавацца, мне іменна «Рэвізора» хацелася ўзяць.

— А вы і самі на нейкага рэвізора падобны,— засмяялася Марына.

— Што вы!..— нібы спалохаўшыся нечага, хутка прамовіў Антон і хацеў яшчэ штосьці сказаць, ды Марына апярэдзіла яго:

— Вельмі нават падобны. Сочыце за мною, прыглядаецеся да ўсяго.

Антон зноў нічога не паспеў сказаць. У купэ, рашуча адчыніўшы дзверы, увайшла правадніца з суседняга вагона і, крытычным позіркам агледзеўшы Антона, накінулася на Марыну:

— Табе асобнае запрашэнне патрэбна, га?

— Вой, Настачка, зусім забылася! — пляснула ў ладкі Марына.

Як высветлілася, Настачка была рэдактарам насценнай газеты іхняга поезда і вельмі не любіла, калі члены рэдкалегіі не слухалі яе. А якраз трэба было выпускаць чарговы нумар.

— Давай, давай! Усе ўжо сабраліся! — строга сказала Настачка і пацягнула Марыну з купэ.

Антону нічога болей не заставалася, як падацца на сваё месца.

Вярнулася Марына назад гадзіны праз дзве, калі ўсе ў вагоне ўжо спалі. Мякка ступаючы, яна прайшла па калідоры, прыпынілася каля апошняга акна. Адчыніла яго, падставіла твар пад халаднаватыя струмені паветра...

Вагонныя колы мерна стукалі па стыках рэек. Па небе навыперадкі беглі светлячкі зорак. Адны з іх былі зусім маленькія, ледзь прыкметныя, другія ярка гарэлі. Вось адна зорка на нейкі момант як бы спынілася, а тады паляцела ўніз...

За спіною рыпнулі дзверы. Нехта выйшаў з купэ. Але не гэта прыцягнула Марыніну ўвагу. Аднекуль з-пад вагона даносіўся лёгкі, але вельмі падазроны скрогат жалеза. Марына выскачыла ў тамбур, адчыніла знадворныя дзверы, схапілася за поручні і нахілілася ўніз.

— Марына, што з вамі? — пачула яна ўстрывожаны голас Антона.

— Зрывайце стоп-кран! Хутчэй! — крыкнула яна.

Антон ірвануў на сябе рукаятку стоп-крана. Заляпалі буферы, здрыгануўся вагон, нібы яго выцялі здаравеннай кувалдай.

— Нясіце ліхтар! — загадала Марына.

Поезд прыпыніўся. Марына саскочыла на дол. Следам за ёй саскочыў і Антон, трымаючы ў руках ліхтар.

— Што здарылася?

Марына выхапіла ў яго з рук ліхтар, пасвяціла пад колы. Так і ёсць! Паміж колаў вагоннай цялежкі вісела, кранаючыся рэйкі, тармазная калодка. Відаць, згубіўся ў дарозе шплінт, які трымаў яе, таму валік вываліўся і трыангель павалокся па рэйках...

— Там, у нашым купэ, ёсць лом,— сказала Марына.— Хуценька прынясіце яго сюды!

— Навошта вам турбавацца?! Зараз прыйдзе вагонны майстар, ён і адрамантуе, і ўсё зробіць, што трэба.

— Хутчэй! — паўтарыла яна, і голас у яе быў такі, якому нельга было не падпарадкавацца.

З ломам у руках Антон палез пад вагон, а за ім і Марына. Тады і папраўдзе з’явіўся вагонны майстар. Але калодка ўжо стаяла на сваім месцы. Майстру асталося толькі зашплінтаваць валік.

Задаволеныя адно адным, яны вылезлі з-пад вагона. Марына пакруціла над галавою ліхтаром. Насцярожаную цішыню ночы прарэзаў тонкі свісток галоўнага кандуктара. Яму адразу адказаў густы гудок паравоза. Зноў заляпалі буферы вагонаў, але ўжо спакойна і разважна. Поезд рушыў далей у сваю дарогу.

Марына і Антон стаялі ў тамбуры, абое прыкметна ўзрушаныя. Стаялі моўчкі, нібы баяліся недарэчным словам спудзіць той дзіўны настрой, які валодаў цяпер імі.

Па небе зноў беглі светлячкі зорак — адны большыя, другія меншыя.

— А з вас мог бы атрымацца неблагі праваднік,— першай парушыла маўчанне Марына.— З ломам вы ўвіхаліся пад вагонам дай божа! — І яна засмяялася.

Антон таксама заўсміхаўся, але нічога на гэтыя яе словы не адказаў.

Назаўтра з самага ранку пайшоў дождж. Ён дакучліва цурбоніў па шыбах. На станцыях мала хто выходзіў з вагонаў. Ахвотнікам паспаць гэта было і добра; паснедаўшы, яны зноў завальваліся на свае паліцы. Другія ж адно бадзяліся па калідоры, не ведаючы, чым бы заняцца. За той час, што былі ўжо ў дарозе, згулялі столькі партый у шахматы і ў шашкі, забілі столькі «казлоў», што ўсё гэта абрыдала да самае макаўкі.

Як і напярэдадні, Марына зноў пачала заўважаць, што Антон уважліва сочыць за кожным яе крокам.

— Рэвізуеце? — ідучы па калідоры, усміхнулася яна, калі Антон, стоячы ля акна, рабіў выгляд, што ўважліва слухае па радыё правілы перавозкі пасажырамі багажу.

— Ну што вы, радыё слухаю. Гэта ж вельмі цікава ведаць.

— Слухайце, слухайце,— сказала Марына і пайшла была далей, але раптам вярнулася і спытала нейкім таямнічым голасам:— А скажыце, вы раман «Жніво» чыталі? Галіны Нікалаевай.

— Чытаў...— разгубіўся Антон.— А што?

— Дык гэта проста здорава! — узрадавалася Марына.— Значыць, будзем лічыць, што сямёра выступаючых ужо ёсць.

Антон нічога не разумеў, а Марына, не зважаючы на яго здзіўлены твар, гаварыла далей.

— Зараз я пайду да прафесара Чыстаклетава, ён едзе ў другім купэ. Калі ўгавару яго — ох, і дыспут наладзім!

Ужо адыходзячы, яна строга дадала:

— А калі не ўгавару, тады вы пойдзеце да прафесара!

— Чаго?

— Угаварваць!

З другога купэ яна вярнулася хутка. Усё яшчэ не разумеючы нічога, Антон сустрэў яе быстрым пытаннем:

— Ну?..

— Угаварыла! Мінут праз трыццаць, як толькі мінем Белае Возера, правядзём канферэнцыю чытачоў па раману «Жніво». Даклад зробіць прафесар Чыстаклетаў. Уявіце сабе, адразу даў згоду!.. Пайду, можа, знайду яшчэ каго выступіць.

І яна знікла за дзвярыма трэцяга ці чацвёртага купэ.

...Поезд ішоў сабе і ішоў.

Даўно перастаў дождж, і на станцыях пасажыры зноў шумліва кідаліся ў атаку на ларкі з півам і марожаным, газетныя кіёскі, латошніц з бутэрбродамі і піражкамі, і толькі дзверы восьмага вагона цэлых пяць прыпынкаў заставаліся зачыненымі. Ніхто з іх не выходзіў, нібы ў вагоне і не было нікога.

Поезд ішоў сабе і ішоў...

...Пасля яны сядзелі ў яе службовым купэ, і Марына гаварыла:-

— А вы, шчыра кажучы, няважна выступілі. Збіваліся, блыталі герояў...

— Дык я ж не рыхтаваўся...

— А маёр хіба рыхтаваўся?

— І чытаў «Жніво» я ведаеце калі? Яшчэ ў часопісе.

— А прафесар, прафесар! — захаплялася Марына.— Такі даклад зрабіў!

— На тое ён і прафесар.

— Так, але які прафесар! Ягоная ж спецыяльнасць — супраціўленне матэрыялаў. Гэта ж разумець трэба!

Раптам Марына спахапілася:

— Вой, зусім забылася! Сусед жа ваш, маёр, казаў, што дужа любіць хатні боршч. А на наступнай станцыі якраз смачна гатуюць яго. Там кухарам у рэстаране робіць Кузьма Захаравіч. Вялікі майстар баршчу!.. Ледзь не забылася папярэдзіць маёра.

Калі Марына вярнулася, Антон сказаў:

— І калі гэта вы ўправіліся вывучыць густы пасажыраў! Трэцяе купэ вунь вам калектыўную падзяку напісала. Там сабраліся адны аматары смажаных курэй, а вы, аказваецца, і падказалі, дзе іх можна танна купіць.

— То я ж правадніца,— засмяялася Марына.— А правадніца — гэта ведаеце хто? Гаспадыня вагона! — Марына сумелася, успомніўшы, што гаворыць не свае словы, але тут жа казала далей:— А кожная гаспадыня павінна быць чулай і ўважлівай да сваіх гасцей, праўда?

...Поезд падыходзіў да вялікага горада — свайго апошняга прыпынку. У вагоне ўзнялася тая мітусня, якая звычайна бывае перад канцом дарогі. Людзі збіралі рэчы, укладвалі чамаданы, запісвалі адрасы сваіх новых знаёмых, развітваліся.

Марына стаяла ў калідоры і глядзела ў акно. Шмат разоў даводзілася ёй пад’язджаць да гэтага горада. Многае тут было ёй знаёма: і той вунь пасёлак з беленькіх стандартных домікаў, і высокі комін цагельнага завода, і будынак электрастанцыі, і мост праз невялікую, але, відаць, быструю рэчку... Ды і ў самім горадзе была яна не раз. Перад тым, як пайсці ў зваротны рэйс, поезд некалькі гадзін стаіць у вагонным парку. За гэты час можна схадзіць у кіно, у музей, паблукаць па магазінах... Гэта быў украінскі горад, і Марына, ідучы па вуліцах, з цікавасцю прыглядалася да незнаёмых ёй людзей, чытала аб’явы і шыльды. Многія словы былі падобны на беларускія, толькі вымаўляліся крыху інакш, другія былі незразумелыя, і Марына дапытліва ўнікала ў іх сэнс. Незнаёмы і чужы некалі горад з кожным разам рабіўся ёй усё больш блізкім і нават дарагім.

Напэўна ў гэтым горадзе жыве і яе новы знаёмы Антон...

Хто ж ён такі, гэты Антон?.. Казаў, што прыехаў вучыцца, а сам тут жа і з’ехаў... Дзіўны чалавек...

Да Марыны падышоў начальнік поезда Мазолін.

— Ну, віншую вас! А таксама і сябе! Мільёнчык кіламетраў адгрохалі. Гэтым рэйсам закончылі.

Пра гэта Марына ведала і сама. Іхні састаў і папраўдзе прайшоў мільён кіламетраў без адчэпкі вагонаў на рамонт. Такога ні ў кога на чыгунцы яшчэ не было.

— А як ваш вучань? — запытаўся раптам Мазолін.

— Які вучань?

— Ды гэты самы, як яго, Антон Цясленка.

— Антон?.. Вучань?..— разгублена перапытала Марына, на ўсе вочы ўзіраючыся ў Мазоліна.

Поезд здрыгануўся раз, потым яшчэ раз, і нарэшце спыніўся. Мазолін заспяшаўся да выхада. З тамбура насустрач яму ішоў незнаёмы Марыне высокі чалавек у такой жа, як і Мазолін, форме.

— Таварыш Мазолін? — спытаў той і падаў руку начальніку поезда.— Будзем знаёмы: начальнік тутэйшага рэзерву праваднікоў Надзявецкі.

— Вельмі прыемна,— сказаў Мазолін.— Дык гэта ваш праваднік надумаўся павучыцца ў нашых работнікаў?

— Ён у нас адзін з лепшых праваднікоў. Аднак Антон хацеў паглядзець, як працуюць вашы людзі, як абслугоўваюць пасажыраў.

Марына прыхінулася да сцяны...

— Я накіраваў яго ў восьмы вагон, да нашай лепшай правадніцы Марыны Аляксюк,— сказаў Мазолін.— Ён тут недзе і павінен быць. А можа, куды ў другі вагон падаўся.

— Чуў, чуў пра вашу Марыну. Нядрэнна было б, калі б яна выступіла сёння на нарадзе, якую мы збіраемся правесці. Поезд жа ваш пададуць у парк, часу хопіць.

У гэты час да Марыны, трымаючы ў руках свой невялічкі чамаданчык, падышоў Антон.

— Дзякую за ўсё, Марына,— пранікнёна сказаў ён.— І мы яшчэ сустрэнемся, праўда?

— Так. Праз паўгадзіны, на нарадзе,— адрэзала Марына.

— Гэта само сабою. Але я кажу пра іншае... І яшчэ я хачу спадзявацца,— жартаўліва дадаў ён,— што наступным разам вы не прымусіце мяне гэтак доўга стаяць пад акном. Я ж магу прастудзіцца, чакаючы, пакуль запаліцца святло ў вашым пакоі.

1951


1951