epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Горкая радасць

 

Летась свой чарговы адпачынак я здолеў выкарыстаць толькі ў снежні. Заўком даў мне пуцёўку ў адзін з мясцовых дамоў адпачынку, і мяне гэта ўзрадавала, бо які ж інтэрас ехаць узімку на Чорнае альбо на Балтыйскае мора. Увесь снежань стаяла цудоўнае надвор’е — марознае, ядранае, з зыркім сонцам удзень і з шчодрымі снегападамі ўначы.

Дом стаяў у лесе. Выйдзеш на ганак — і проста перад табою, бы салдаты ў ганаровай варце, нерухома стаяць гонкія сосны з зацярушанымі снегам плячыма-сукамі. Вакол ціха-ціха, толькі зрэдку завітае знекуль быстры ветрык-весялун, пагайдаецца на вяршалінах дрэў, сыпне з іх жменек колькі снежнай крупкі, і зноў усё ўлагоджваецца, аціхае.

Сярод абслугі больш за ўсіх мела клопату цётачка Верачка, што рабіла тут за дворнічыху. Яе гэтак усе і звалі — цётачка Верачка, хоць гэта была зусім яшчэ маладая жанчына, гадоў ёй было, мусіць, дваццаць два, сама болей дваццаць тры. А звалі яе гэтак, напэўна, таму, што пры ёй заўсёды, з ранку да вечара, круціўся хлопчык, яе сынок Барыска. Пра Барыскаў узрост мы мелі самыя дакладныя звесткі. Ён сам ахвотна адказваў кожнаму, калі хто пытаўся ў яго, колькі яму гадоў:

— На леташні Новы год мне грукнула тры гадкі з паловаю, а на гэты Новы год грукне чатыры з паловаю.

Чаму ён вёў такі даволі дзіўны адлік пражытаму на свеце часу, я ўведаў толькі пад самы канец, калі ўжо збіраўся ад’язджаць з дома адпачынку.

Так, цётачцы Верачцы хапала клопату. Дарожкі, старанна падчышчаныя і падмеценыя напярэдадні, за ноч зноў завальвала снегам, і трэба было зноў вызваляць іх з белага палону. Яна брала шырокі фанерны, абабіты па нізе бляхай шуфель, вялізную і важкую мятлу і праз увесь дзень вяла нялёгкую вайну са снегам. І цалюткі дзень пры ёй быў Барыска. Ён меў свой невялічкі шуфлік і старанна «памагаў» мацеры. Здаралася, праўда, што ягоны імпэт вынішчаўся, і тады Барыска кідаў свой шуфлік і прыбіваўся да каго-небудзь з адпачываючых, што шпацыравалі па дарожках, і вёў з імі бясконцыя гутаркі пра ўсё на свеце, а больш за ўсё пра тое, што трэба рабіць, каб не змарозіць ногі. Сам Барыска быў апрануты цёпла,— на ім сіняе палітэчка, падперазанае чырвоным шалікам, шапка з доўгімі вушамі, а на нагах чорныя валёнкі з галёшамі,— але ён, відаць, ведаў некага, хто змарозіў сабе ногі, і лічыў сваім неадменным абавязкам адвесці гэтую бяду ад кожнага. Парады яго зводзіліся галоўным чынам да той неабвержнай ісціны, што ў вялікую дарогу нельга выпраўляцца ў чаравіках або нават у ботах, а трэба абавязкова абуваць валёнкі.

Цётачка Верачка жыла з Барыскам у інтэрнаце пры доме адпачынку, у іх быў свой невялічкі пакойчык, але пакідаць ёй сына там не было з кім. Таму і гойсаў ён цэлы дзень на марозе.

Звычайна кожнаму, каго толькі сустракаў Барыска, ён гаварыў:

— Драстуй! — І пры гэтым шырока і неяк асабліва лагодна ўсміхаўся.

З ім віталіся і міжвольна таксама пачыналі ўсміхацца. І кожны абавязкова пытаўся:

— Ну як, Барыска, жыццё?

— Памаленечку,— заўсёды адно і тое ж адказваў Барыска.— Спадзяёмся на лепшае.

Ён заўсёды некуды спяшаўся і хадзіў подбегам. Аднаго разу я спытаў у яго:

— Куды гэта ты ляціш?

— Дык жа работы многа.

— А ці ж падабаецца табе твая работа?

— Дзе там яна падабаецца! Але ж некаму трэба яе рабіць.

Быў сярод адпачываючых чалавек дужа маленькага росту, амаль ліліпут. Выйшаў гэты чалавек на ганак, выняў цыгарэту і закурыў. Барыска падскочыў да яго і закрычаў:

— Зараз жа кінь курыць! Малым курыць нельга, хіба ты не ведаеш?!

Чалавек сумеўся. Памаўчаў, а пасля сваім басам (у яго пры невялікім росце і хударлявай, амаль дзіцячай постаці быў моцны голас) раўнуў:

— Я не малы!

Тады ўжо сумеўся Барыска. Ён залыпаў на такое дзіва сваімі сіненькімі, бы валошкі, вачаняткамі, падумаў і сказаў:

— Усё роўна кінь курыць.

Чалавек больш нічога не сказаў. Пачакаўшы крыху, Барыска павярнуўся і нібы з крыўдаю сказаў сам сабе:

— Пайду ў кацельню. Нешта качагар сёння слаба паліў, трэба, мусіць, памагчы яму. Вазьмуся кідаць торф у топку.

Назаўтра зноў падваліла за ноч снегу, і Барыска зноў памагаў маці. Ён насыпаў шуфлікам у вядзерца снег і праз два ці тры крокі высыпаў яго на дол. Карысці з такое яго работы было, вядома, аніякай, бо часцей за ўсё ён высыпаў свой снег там, дзе маці пахадзіла ўжо мяцёлкай. Але цётачка Верачка не сварылася на сына, яна нават падахвочвала яго.

Заўважыўшы, што я назіраю за ім, Барыска кінуў шуфлік і сказаў:

— Драстуй!

— Добры дзень, Барыска, добры дзень! — адказаў я.— Ну як жыццё?

— Памаленечку. Спадзяёмся на лепшае.

— Але ж і работа ў цябе цяжкая.

— Анічога, я ўцягнуўся.

— То, можа, усё ж адпачнеш крыху?

— Дык жа снегу многа найшло. Гэта ён раней... ну, калі цябе яшчэ тут не было... дык тады толькі вучыўся ісці. Пойдзе трошкі і перастане. Зноў пойдзе і перастане. А цяперака навучыўся, дык ідзе і ідзе. Каб ён хаця згарэў, адно гора з ім.

Барыска схапіў сваё вядзерца і панёс снег. І тут здарылася нечаканае. Ён праходзіў за матчынай спіною, яна не бачыла яго і, размахнуўшыся шуфлем, моцна выцяла сына дзяржальнам па галаве. Барыска паваліўся на дол. Я кінуўся да яго. Напалоханая маці таксама. Мы паставілі Барыску на ногі і не паспелі і слова вымавіць, як ён сам са здзіўленнем сказаў:

— Ты што — здурнела, гэтак біцца?!

Я зарагатаў, зарагатала і цётачка Верачка. Падзівіўшыся на нас, раскрыў рот у сваёй шырокай лагоднай усмешцы і Барыска.

Ён так і не заплакаў.

Як пасля высветлілася, шапка ўсё ж змякчыла ўдар шуфля. Праўда, цётачка Верачка казала, што гуз на галаве ў Барыскі ўскочыў ладны.

Неяк мы выправіліся з Барыскам на пагулянку, доўга блукалі з ім па дарожках і сцежках, і ён расказваў мне розныя гісторыі пра адпачываючых, часам вельмі смешныя. У яго была добрая памяць, і ўсё, што ні пачуе, ён моцна трымаў у галаве.

— А ў нашым лесе ваўкі ёсць,— раптам сказаў Барыска.— Вялікія-вялікія.

— Ты іх бачыў?

— Не, сам я не бачыў. Але адна дзяўчынка бачыла. Шэры воўк, самы вялікі, нават хацеў быў з’есці яе.

— Але ж не з’еў, га?

— Яна яго абдурыла.

— Разумная, відаць, дзяўчынка.

— Ага, разумная.

— Як жа ёй удалося абдурыць такога ваўка?

— У тае дзяўчынкі бабуля была. Вунь у тым баку яна жыла,— паказаў Барыска рукою некуды ў правы бок.— Там яе хатка была.— Барыска падумаў і дадаў: — Можа, яна нават і цяпер стаіць. Толькі там ніхто болей не жыве.

— Ваўкоў баяцца?

— Мусіць, баяцца.

— То як жа дзяўчынка абдурыла таго ваўка?

— Надумалася яна схадзіць да свае бабулі, бо даўно не бачыла. Ідзе і нічога не ведае. А бабулю воўк ужо з’еў, сядзіць у хаце і аблізваецца. Убачыў ён, што ідзе дзяўчынка, надумаўся і яе з’есці. Узяў сабе і лёг у пасцель замест бабулі. І коўдраю накрыўся. Думае, прыйдзе дзяўчынка, падбяжыць да пасцелі, а я тады вазьму і з’ем яе. Але дзяўчынка адразу здагадалася, што ў пасцелі не бабуля, а шэры воўк. Яна скоранька выскачыла з хаты, узяла дзверы на палку і пазвала паляўнічых. Тыя — бах! бах! — і застрэлілі ваўка.

Прызнацца, у такой інтэрпрэтацыі казку пра Чырвоную Шапачку і Шэрага Ваўка мне яшчэ не даводзілася слухаць.

— А калі гэта было? — спытаў я ў Барыскі.

— Летась было,— упэўнена сказаў Барыска.

— А дзе ж тая дзяўчынка?

— Ды тут недзе недалёка жыве. Адна жыве, ні мамы ў яе няма, ні таты.

— Як жа яна адна жыве?

— Людзі ёй памагаюць. Во і я, як падрасту, буду памагаць.

Пад канец нашай пагулянкі я надумаўся спытаць у Барыскі:

— А ў школу ты скора пойдзеш, Барыска?

— У школу я не пайду! — як адрэзаў ён.

— Чаму ж гэта так? — здзівіўся я.

— Не пайду.

— Але ж там цябе будуць вучыць, там...

— Не пайду! — амаль злосна перапыніў мяне Барыска.— Наш бацька хадзіў летась у школу, а тады ўцёк ад нас з настаўніцай.

— Як гэта, уцёк?

— З’ехаў ад нас... на гэтую... на цаліну. Кінуў нас з мамаю, мы во і гаруем.

Я адчуў, як да горла ў мяне падкаціўся нейкі даўкі камяк. Адсопшыся, я спытаў:

— І даўно ён з’ехаў?

— На леташні Новы год, калі мне было тры з паловаю гадкі. А на гэты Новы год мне ўжо грукне чатыры з паловаю. Нічога, скора я ўжо вырасту.

Ён задумаўся, нібы штосьці ўспамінаючы, потым сказаў:

— От толькі міліцыя ў нас дрэнная.

— Чаму?

— А чаго яна бацьку нашага не шукае? Ні пісьмаў ён не шле, ні грошай. А на нашу зарплату хіба пражывеш?

Да нас далучыўся мой сусед па пакоі, чэмпіён рэспублікі па стаклеткавых шашках — малады хлопец у спартыўнай куртцы з маланкамі. Ён чуў апошнія Барыскавы словы і палічыў патрэбным уступіць у гаворку.

— То ты схадзіў бы ў міліцыю, палаяў іх.

— Гары яно, мароз вунь які стаіць, не дайду.

Калі мы вярнуліся да нашага корпуса, там непадалёк цётачка Верачка вяла сваю бясконцую вайну са снегам. Барыска сказаў да чэмпіёна па стаклеткавых шашках:

— Дзядзька, падай мне мятлу!

Чэмпіён усміхнуўся і пайшоў быў да ганка.

— Ты што — маленькі, не разумееш?! — крыкнуў яму наўздагон Барыска.

Давялося чэмпіёну вярнуцца і падаць мятлу Барыску.

І вось надышла пара ад’язджаць дамоў. Настрой у той дзень у мяне быў цудоўны — я такі добра адпачыў у гэтым старым заснежаным лесе, пасвяжэў і нібы нават памаладзеў. Раніцою ішоў апошні раз у сталоўку. І раптам пачуў ззаду:

— Драстуй!

За мною подбегам шыбаваў расчырванелы Барыска.

— А-а, дарагі мой Барыска! Добры дзень, добры дзень! Ну як жыццё?

— Цяпер ужо лепей! — радасна сказаў Барыска.— Аліменты мы пачалі палучаць!

Ягоныя вочкі-валошкі аж прамяніліся. А рот разышоўся ледзь не да вушэй.

Ах, Барыска, Барыска! Як бы мне хацелася парадавацца разам з табою — ды толькі не гэтай, не горкай радасцю!

Аўтобус адыходзіў у дзесяць. Барыска з кожным з нас развітаўся за руку. У чэмпіёна па шашках тэрмін яшчэ не скончыўся, але ён таксама надумаўся «падскочыць» на гадзінку ў горад.

— Барыска, паедзем са мною? — не то жартам, не то ўсур’ёз прапанаваў ён малому.— Да абеду вернемся назад. Паедзем, га?

Барыска адказаў зусім сур’ёзна:

— Няма калі. Работы многа.

1973

 


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васілёнак Я. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 2. Апавяданні і аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с.
Крыніца: скан