epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Ірына

Мы асталіся адны — я і Алена. Я кахаў Алену і даўно збіраўся сказаць ёй пра гэта, ды ўсё не мог. За час нашага знаёмства мне неяк ні разу не выпадала астацца сам-насам. Удзень мы наогул не бачыліся — абодва працавалі на розных заводах, вечарамі яна заўсёды была з суседкаю Нінаю, а за мной, як цень, неадчэпна валачыўся Віктар Локшын. Віктар быў маім сябрам, але ў тыя хвіліны, калі мне даводзілася сустрэць Алену, ён ператвараўся ледзь не ў самага лютага майго ворага. Бываюць жа такія някемлівыя назолы! Колькі разоў намякаў яму: ну хоць бы для выгляду заляцайся да Ніны, схадзі з ёю ліманаду выпіць ці яшчэ куды-небудзь, а мяне з Аленай пакінь аднаго. Дзе там! Ні на крок не адыдзе. Сунецца побач ды яшчэ анекдоты расказвае.

Акрамя Віктара і Ніны, было і яшчэ многа людзей, якія перашкаджалі мне выказаць Алене свае пачуцці. То зусім недарэчы паяўляўся майстар Платон Кудзеля, то пачынаў даймаць нас ігрой на расстроенай гітары левы край нашай завадской футбольнай каманды Лёнька Віхор. І кожны раз яны паяўляліся іменна тады, калі мне выпадала шчасце сустрэцца з Аленай.

І вось здарылася так, што мы асталіся адны. Лёнька быў заняты сёння ў адказным спаборніцтве на першынство горада. Платон Кудзеля адвозіў жонку на дачу, а Віктар здагадаўся нарэшце запрасіць Ніну да кіёска «Сокі-воды». Мы асталіся з Аленай зусім адны. Гэта было ў чэрвеньскі вечар на адной з цэнтральных вуліц нашага горада, ля пад’езда вялікага шматпавярховага дома, у якім жыла Алена. Час ужо быў позні, і ёй трэ было ісці дамоў. Але я е хацеў упускаць такога зручнага моманту,— ці выпадзе яшчэ калі-небудзь шчасце астацца сам-насам?.. Або цяпер, або ніколі!

— Лена,— прамовіў я.— Мне трэба сказаць вам нешта вельмі важнае...

Відаць, у маім голасе гучалі нейкія асаблівыя ноткі, бо Алена, што дагэтуль абыякава стаяла і нешта ўважліва разглядала на сцяне процілеглага дома, раптам хутка павярнулася і ўтаропілася ў мяне сваімі вялікімі, нібы крыху спалоханымі вачыма.

Якая прыгожая яна была ў гэты момант! Яе постаць асвятлялі яркія промні вулічнага ліхтара, і мне добра была відаць кожная рысачка яе твару, кожная складка яе плацця. Мяне заўсёды прыводзіў у захапленне яе крыху кірпаты носік, а цяпер ён і наогул здаваўся мне найлепшым з усяго, што магла стварыць прырода, каб упрыгожыць дзявочы твар. А гэтыя тонкія чорныя бровы,— яны адны маглі любому ўскружыць галаву! І потым — вусны: на іх заўсёды дрыжала ледзь прыкметная, але такая добрая, такая ласкавая ўсмешка...

— Што ж вы хочаце сказаць мне, Толя? — спыталася Алена.

Толя! Яна назвала мяне Толем! Дагэтуль мне ні разу не даводзілася чуць з яе вуснаў майго паменшанага імя. Ну, смялей жа!

— Я хачу сказаць, што я вас кахаю, што я...

Але мне не далі скончыць. Яе маленькія вусны пацалункам закрылі мой рот. Не паспеў я апамятацца, як Алена знікла ў пад’ездзе вялікага шматпавярховага дома.

Я прытуліўся да вулічнага ліхтара...

А потым збоку ў мяне зашастаў аксаміт вялізнай заслоны, і напружаную цішыню ў зале ўзарвала бура апладысментаў...

І мне ўжо не трэба было прыкідвацца закаханым, не трэба было, абнімаючы вулічны ліхтар, усміхацца з выглядам самага шчаслівага ў свеце чалавека. Спектакль скончыўся. П’еса, у якой я выконваў ролю маладога слесара Анатоля, а Ірына — ролю гэткай жа маладой фрэзероўшчыцы Алены, сыграна да канца.

Зала ўсё яшчэ грыміць апладысментамі, здаволеная нашай ігрой і шчаслівым канцом п’есы.

Я іду за кулісы і бачу, як Алену-Ірыну абступаюць сяброўкі, віншуюць з найлепшай ігрою. Яна не заўважае мяне, яна нават не глядзіць у мой бок.

Не, мне ўжо не трэба мець выгляду закаханага. Аднак гэта вельмі цяжка, амаль немагчыма. Бо я і сапраўды кахаю яе, Ірыну, і ў жыцці нават мацней, чым на сцэне. Ірына стаіць перад маімі вачыма заўсёды, дзе б я ні быў і што б ні рабіў. Кахаю я Ірыну даўно, але калі на сцэне я ўрэшце асмельваюся прызнацца ў гэтым, дык у жыцці сказаць ёй слова «кахаю» — зусім непасільная для мяне справа.

Ірына ідзе здымаць грым, а я чакаю яе ў вестыбюлі нашага заводскага клуба. Дамоў мы ідзём разам. Не так, як у п’есе, у жыцці мы часта бываем сам-насам з ёю. Нам ніхто не перашкаджае гаварыць, аб чым мы хочам. Але сёння, як і заўсёды, мы больш маўчым, чым гаворым. Слоў, якія я так лёгка вымаўляю на сцэне, я ніяк не магу сказаць у жыцці.

Пазнаёміліся мы з Ірынай два гады таму назад, калі мяне запрасілі да іх у інстытут чытаць лекцыю аб скорасных метадах рэзання металу. Памятаю, я тады моцна захваляваўся: як гэта я, звычайны токар, буду чытаць лекцыю студэнтам вышэйшай навучальнай установы? Але мяне выручыў наш парторг. Ён памог мне скласці тэзісы лекцыі, падказаў яе асноўную ідэю. Пазней сябры гаварылі мне, што выйшла ў мяне няблага. Але ў той момант, калі я ўзышоў на кафедру і зірнуў у залу, я так разгубіўся, што мяне пачало калаціць, як у ліхаманцы. Зала была паўнюткая. На лекцыю прыйшлі не толькі студэнты, але і выкладчыкі інстытута, а ў маленькім танклявым дзядулі, які сядзеў у першым радзе, я пазнаў самога акадэміка Бязуглава. Цяжэй за ўсё мне было пачаць гаварыць. А потым — нічога, расхадзіўся. Вельмі ж блізкім і родным было мне тое, аб чым трэба было гаварыць. Людзі на нашым заводзе — золата, і расказваць пра іх можна бясконца.

Скончыў я лекцыю, папляскалі мне, а потым пачалі пытанні сыпаць. Ох, і цікаўны народ, гэтыя студэнты! То адно ім растлумач, то другое,— ну, проста замучылі. А больш за ўсіх даняла мяне яна, Ірына. Пытанняў з дзесяць задала, не менш. А пасля гаворыць:

— От вы, таварыш Казачонак, многа расказвалі нам пра сваіх таварышаў-скараснікоў, пра іх працу, а наконт свайго рэдуктара змаўчалі. Будзьце ласкавы, раскажыце пра сваё вынаходства.

І як гэта яна даведалася пра рэдуктар — дальбог, не ведаю! Бо к таму часу я толькі што скончыў канструяваць яго, нават і выпрабаваць яшчэ не ўправіўся.

Аднак нічога не зробіш, прыйшлося расказваць. На маю думку, з дапамогаю рэдуктара можна было, не перарабляючы станка, у шмат разоў павялічыць хуткасць рэзання. Лічбы я тады не назваў, бо яшчэ сам не мог прызвычаіцца да яе пяцізначнасці.

Але ад Ірыны, аказваецца, адчапіцца было не так проста. Назаўтра яна прыйшла да нас на завод, каб прысутнічаць пры выпрабаванні рэдуктара. Ды яшчэ прывяла з сабою чалавек дваццаць з інстытута, у тым ліку і самога акадэміка Бязуглава. А калі я ўключыў станок і дэталь пачала круціцца з хуткасцю пятнаццаць тысяч абаротаў у мінуту, Ірына так заскакала з радасці, што можна было падумаць, быццам гэты рэдуктар вынайшла яна, а не я.

Мусіць, тады я і пакахаў Ірыну...

З таго дня паміж калектывам нашага завода, студэнтамі і выкладчыкамі політэхнічнага інстытута пачалося шчырае дзелавое сяброўства. Шмат чым памаглі яны нам. Ну, і мы, здаецца, сяму-таму іх навучылі.

А потым Ірына стала іграць у нашым драмгуртку. Мы тады рыхтавалі п’есу «На нашым заводзе». Напісаў яе, між іншым, наш слесар Пятрусь Салодкі, той самы, што цяпер займаецца ў літаратурным інстытуце. Пачалі мы рэпетыраваць, а ў Надзі Гарэльчанкі, кантралёркі з АТК, ніяк не ўдаецца роля фрэзероўшчыцы Алены.

— Давайце я паспрабую,— сказала Ірына, якая была ў нашага парторга і пасля размовы з ім выпадкова зайшла да нас на рэпетыцыю.

Яна адразу ўвайшла ў ролю.

Неўзабаве адбылася прэм’ера. П’еса была сустрэта вельмі добра, і потым мы ставілі яе шмат разоў. І ў іншых клубах горада выступалі з ёю, і ў падшэфную вайсковую часць ездзілі, і нават на рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці паказвалі.

Ірыну я кахаў усё мацней, але яна аб гэтым ці не здагадвалася, ці ведала, ды не паказвала выгляду.

Сённяшні спектакль чамусьці асабліва растрывожыў мяне, і я ўсю дарогу маўчаў. Ірына нешта напявала, і гэта было вельмі дарэчы: маю маўклівасць можна было, у выпадку чаго, апраўдаць тым, што я ўважліва слухаю песню. І толькі тады, калі ўжо трэба было развітвацца, я сказаў:

— Як мне надакучыла гэтая п’еса! Мы ўжо дваццаць сем разоў ігралі яе!

— А мне п’еса падабаецца...— задуменна прамовіла Ірына.— Я сваю ролю іграю з прыемнасцю... Праўда, гэта нават вельмі добрая п’еса.

І, не сказаўшы больш ні слова, толькі злёгку кіўнуўшы мне галавою на развітанне, яна знікла ў цемені двара свайго дома.

Самотны, я павалокся да сябе па Першую Партызанскую. Дома доўга не мог заснуць. Гэта праўда, што ўсе закаханыя хварэюць на бяссонніцу?..

У наступную суботу наш драмгурток ставіў «Ягора Булычова». У гэтым спектаклі я не быў заняты і, забраўшыся ў час першага акта на галёрку, з сумам назіраў, як Званцоў паціху падыходзіць да Шуры-Ірыны, абнімае яе і гаворыць: «Аб чым задумалася, рыжая каза?»

Не, я ўсё ж дарэмна ганіў п’есу «На нашым заводзе». Не такая яна ўжо і дрэнная. А канец проста цудоўны! І як добра, што мы заўтра едзем у падшэфны калгас і будзем ставіць іменна яе...

І вось зноў я — закаханы слесар Анатоль, і зноў мне ніяк не даюць выказаць фрэзероўшчыцы Алене сваіх пачуццяў. То зусім недарэчы з’яўляецца майстар Платон Кудзеля, то левы край Лёнька Віхор пачынае даймаць нас ігрой на сваёй злашчаснай гітары. А гэтая някемлівая суседка Ніна! Ці адыдзе яна хоць на хвілінку ад Алены? Ці здагадаецца Віктар пайсці з ёю да кіёска «Сокі-воды»?

Але ўсё ідзе сваім парадкам. Пайшоў на стадыён і больш не вяртаецца на сцэну Лёнька Віхор, павёз у вызначаны час Платон Кудзеля жонку на дачу, і Віктар з Нінай прыйшлі да лагічнага вываду, што газіраваная вада — цудоўнейшы напітак і што ім варта пайсці ў бліжэйшы кіёск.

Мы астаёмся з Аленай адны.

— Лена,— кажу я.— Мне трэба сказаць вам нешта вельмі важнае...

Я ведаю,— зараз яна павінна павярнуцца да мяне і спытаць: «Што ж вы хочаце сказаць мне, Толя?»

Яна павярнулася і нечакана сказала зусім другое.

— Не трэба, нічога не трэба гаварыць, мілы...

І перш чым я паспеў апамятацца ад гэтых нечаканых слоў, яна гучна пацалавала мяне і знікла ў пад’ездзе вялікага шматпавярховага дома.

Я забыўся на тое, што мне трэба было прыхінуцца да вулічнага ліхтара, і кінуўся ў пад’езд, дзе знікла Алена. Вядома, пад’езд выглядаў пад’ездам толькі з глядзельнай залы, і ледзь я зрабіў крок за дзвярыма, як наляцеў на бутафорскі танк. Ля фанерных гусеніц сядзела, абхапіўшы рукамі галаву, Алена.

— Што вы зрабілі! — ускрыкнуў я.— Што гэта вам прыйшло ў галаву на дваццаць восьмым пацалунку?

Яна адняла рукі ад галавы і насцярожылася. Яна да нечага прыслухоўвалася. Але да чаго? Ці да маіх слоў, ці да апладысментаў, што даляталі з залы? Гул апладысментаў усё нарастаў і нарастаў. Гледачы, выходзіць, нічога не заўважылі. А можа, такі варыянт канцоўкі п’есы падабаўся ім нават больш?

— Які ты някемлівы, Віця,— ціха сказала раптам Ірына.— Дваццаць восьмы, гаворыш? Не, гэта мой першы... першы сапраўдны пацалунак...