epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Як назвалі станцыю

І

Поезд імчаўся вельмі хутка, і ўсё ж над ім па цьмяным небе неадступна шыбаваў маладзік. Я сачыў за маладзіком ужо некалькі хвілін, а ён усё не адставаў. Выходзіла, што поезд увесь час ішоў проста наперад, нікуды не зварочваючы.

— Дарожка, як страла...— прамовіў я і зірнуў на суседа па купэ.

— Зараз павернем направа,— азваўся сусед.

І сапраўды, маладзік раптам пачаў адставаць, а неўзабаве і зусім знік недзе за апошнім вагонам. Толькі зямля па-ранейшаму была заліта яго бледным святлом. За акном цягнуўся аднастайны, без канца і краю стэп. Зрэдку сустракаліся невялічкія дрэвы. Яны кідалі на зямлю дзіўныя ажурныя цені.

Трэба было вельмі добра ведаць дарогу, каб уночы так беспамылкова вызначыць нічым не прыкметны паварот. Я выказаў суседу сваё здзіўленне гэтай яго незвычайнай асведамлёнасцю.

— Ведаю,— няпэўна прамовіў ён і, памаўчаўшы, дадаў: — Як жа яе не ведаць...

«Негаваркі трапіў мне спадарожнік»,— падумаў я.

Нас у купэ было толькі двое. Сусед мой — чыгуначнік, на пагонах у яго бялела эмблема будаўніка. Увайшоўшы ў вагон, ён моўчкі сеў насупраць мяне, уткнуўся тварам у акно і сядзеў так вось ужо хвілін дваццаць, не варушачыся.

Што ён бачыў там, за акном? Я таксама паспрабаваў углядацца ў ноч, але нічога цікавага разгледзець не мог. Стэп, стэп, стэп... Сухая, патрэсканая ад гарачыні зямля...

Рэдкія дрэвы, з якіх амаль зусім асыпалася лісце. І гэты маладзік, што неадступна спяшаецца за поездам...

— Хутка будзе станцыя Светлая,— сказаў сусед. •

— Вы, напэўна, тутэйшы? — запытаў я.

— Не, я здалёк, з Беларусі.

— Дык мы ж землякі! — узрадаваўся я.

— Няўжо? — ажывіўся сусед. Ён адвёў позірк ад акна, яго шэрыя, крыху прыжмураныя вочы з цікавасцю пачалі разглядаць мяне.— Вы ў Магілёве калі-небудзь былі?

Я адказаў, што добра ведаю Магілёў, даводзілася не раз бываць там.

— А Мінск? Як там наш Мінск? — Сусед захваляваўся, дастаў пачак папярос, пачаставаў мяне.

Мы разгаварыліся. Сусед быў не такі ўжо негаваркі чалавек, як здалося мне спачатку. Звалі яго Іван Сцяпанавіч Шаршэўскі. На выгляд яму было гадоў трыццаць, не больш. Потым, калі мы пазнаёміліся бліжэй, я са здзіўленнем даведаўся, што яму ўжо каля сарака. Маладзілі Івана Сцяпанавіча, мусіць, яго вясёлыя, жывыя вочы, свежы загарэлы твар. Гледзячы на Івана Сцяпанавіча, няцяжка было здагадацца, што большую частку свайго часу ён праводзіць на паветры. Таму, напэўна, і голас у яго быў глухаваты, нібы застуджаны.

Я пачаў ужо здагадвацца, чаму Шаршэўскі так добра ведае чыгунку, па якой мы едзем. «Ён, відаць, удзельнічаў у яе будаўніцтве»,— падумаў я.

А Іван Сцяпанавіч, нібы адгадаўшы мае думкі, сказаў:

— Я разведвальнік... Разведваў трасу для гэтай магістралі.

Ён гэта сказаў з гордасцю, і я падумаў: якая цікавая гэта, відаць, прафесія — разведвальнік чыгуначных шляхоў!

Поезд прастаяў у Светлай усяго дзве-тры хвіліны і пайшоў далей. Я спытаў, як называецца наступная станцыя.

— Як называецца? — перапытаў Іван Сцяпанавіч.— У яе вельмі добрая назва... Хочаце, я раскажу вам, як мы далі ёй імя?

Шаршэўскі зручней уладзіўся на лаўцы і, не спяшаючыся, пачаў расказваць.

— Памятаю, быў тады прыемны цёплы вечар. Наша невялікая разведвальная партыя размясцілася на адпачынак на тым самым месцы, да якога мы з вамі хутка пад’едзем. Але тады тут, вядома, яшчэ нічога не было, толькі вецер гуляў па стэпу, ды шакал час ад часу падаваў свой незадаволены голас...

Мы сядзелі ля кастра і так захапіліся размовай, што не заўважылі, як сцямнела. Сямён Харытонавіч, начальнік нашай партыі, падкінуў у агонь сухога галля, полымя рванулася ўгору, абдаўшы нас іскрамі, і тут мы ўспомнілі, што нам даўно трэба класціся спаць.

Але спаць не хацелася. Справа ў тым, што ў той дзень мы скончылі разведку трасы самага важнага ўчастка і выбралі месца для станцыі. Месца гэтае, між іншым, прапанавала наша радыстка Надзея Баляславаўна, якую ўсе мы звалі проста Надзея.

Дарэчы, ці заўважалі вы такую акалічнасць: сустракаюцца людзі, якіх у шаснаццаць ці там у дваццаць год завуць Паша або, скажам, Янка. Мінаюць гады, тыя самыя Паша ці Янка маюць па сорак, а яны — усё яшчэ Паша і Янка. А вось ёсць такія, якіх ужо ў дваццаць пяць ці ў трыццаць год нізавошта не назавеш Сцёпам ці Наташай, а абавязкова мусіш сказаць: Сцяпан Пятровіч... Наталля Вікенцьеўна...

У чым тут справа? А? Вы ніколі не думалі аб гэтым? Разважаць тут можна доўга, але самы просты адказ прыйдзе, бадай, тады, калі мы ўспомнім, што заўсёды, як гаворым пра такіх Пашу ці Янку, то абавязкова скажам так: «Наша Паша...», «наш Янка...»

Вось такой была і наша Надзея...

Але вернемся да нашага кастра. Тады мы, як я ўжо казаў, скончылі разведку трасы самага важнага ўчастка і выбралі месца для станцыі. Вядома, стаміліся за дзень, але як толькі Косця Селіванаў, самы малады з нас, распаліў касцёр, мы адразу ж забыліся на стомленасць, і, пакуль гатавалася ежа, сама па сабе пачалася размова аб нашай нялёгкай, але цікавай рабоце.

Вы ведаеце, што такое разведвальнікі новых чыгуначных шляхоў?.. Ага, крыху ведаеце. А ці не выпадала вам быць калі-небудзь у Варкуце?.. Не? І па Пячорскай чыгунцы не ездзілі?.. Гэта самая паўночная магістраль на зямлі.

Ёсць там, на гэтай чыгунцы, станцыя Пячора, і ёсць далей наступная станцыя — Сынья. Поезд ідзе з Пячоры ў Сынью гадзіны дзве. Але, каб пакласці на карту гэтыя шэсцьдзесят кіламетраў трасы, разведвальнікі патрацілі амаль два гады працы. І якой працы! Мне самому давялося прайсці гэты ўчастак пехатой дваццаць тры разы...

Дык вось, мы сядзелі тады ля кастра і ўспаміналі розныя цікавыя гісторыі, звязаныя з нашай работай. Усе мы любілі сваю справу, і кожны з нас меў многа чаго расказаць.

Успомніў і я што-кольвечы з васьмі гадоў свайго жыцця, праведзеных у Вяліказямельскай тундры, на разведцы Пячорскай магістралі. Прыйшоў я ў тундру зусім маладым хлопцам, нават барады яшчэ не галіў, а назад паехаў сталым чалавекам са значным працоўным і жыццёвым вопытам. Узяць хоць бы такое: у 1932 годзе, калі я з таварышамі збіраўся ў тундру, ніхто нават не мог расказаць нам, як дабірацца да гэтай самай Варкуты. Нават дарогі не ведалі ў той час да яе. Прыехалі мы ў Цюмень, пераселі там на параход. Плылі спачатку па рацэ Тура, потым па Таболу, Іртышу, Обі. Пасля высадзіў нас параход на бераг, а сам пайшоў назад. Не было далей дарогі, пачыналася тундра. Што ж, пайшлі пехатой. Цэлых два месяцы прадаўжалася наша вандраванне, пакуль дабраліся да Пячоры. Вось як яно было... Ну, а паехаў я адтуль у скорым поездзе, у спальным вагоне.

Прыемна, ведаеце, усведамляць, што па той самай зямлі, якая сотні тысяч год ляжала дзікай і некранутай, цяпер ходзяць скорыя паязды. Ну, а калі быць чэсным да канца, дык асабліва прыемна тое, што ў гэтым ёсць доля і тваёй працы.

У размове прымалі ўдзел амаль усе. Нават самы маўклівы з нас, Жумабай Казыбекаў, казах з-пад Чымкента, і той разгаварыўся. Жумабай прыехаў да нас з будаўніцтва магістралі Моінты — Чу, добра ведаў чыгунку і цікава расказаў аб ёй.

І толькі наша радыстка Надзея ўвесь вечар сядзела маўклівая, задуменная. Гэта была невысокая чорнавалосая жанчына з прывабнымі рысамі твару і вельмі сумнымі вачыма. На кожнага новага чалавека, які сустракаўся ёй упершыню, Надзея пазірала заўсёды неяк асабліва, як бы ацэньваючы яго. Уся яна была нейкая падцягнутая, строгая, па натуры спакойная і ўраўнаважаная. Надзея карысталася ў нас славай чалавека, які добра ведае сваю справу. Нягледзячы на знешнюю замкнёнасць, яна была чулым і спагадлівым таварышам.

Усе мы ведалі сумную гісторыю яе жыцця.

Паходзіла Надзея Баляславаўна з сям’і беднага гродненскага чыгуначніка. У 1936 годзе, калі ёй споўнілася васемнаццаць, яна выйшла замуж за маладога інжынера-разведвальніка, які толькі што скончыў Варшаўскі чыгуначны інстытут. Маючы дыплом інжынера, муж яе вымушан быў пайсці працаваць дарожным майстрам, бо панская Польшча новых чыгунак не будавала. Праз паўгода пасля вяселля яе мужа зволілі з работы за «нядобранадзейнасць».

— Хоць і не хацеў, а прыйдзецца ехаць у вясельнае падарожжа,— жартаваў ён. Тады ён яшчэ быў здольны на жарты.— Але сцеражыся мяне, мая добрая Надзея, я стаў нядобранадзейны.

Некалькі месяцаў ён быў беспрацоўны. Ездзіў шукаць шчасця ў Баранавічы, Брэст, Варшаву, але работы для беларуса нідзе не знаходзілася.

Тады яны падаліся ў Францыю. Але і Францыі таксама непатрэбны былі разведвальнікі чыгуначных шляхоў. Інжынеру прыйшлося стаць пуцявым рабочым, а Надзея, якая мела спецыяльнасць радысткі, з вялікімі цяжкасцямі атрымала месца прыбіральшчыцы ў табачным магазіне. «І такое шчасце выпадае ў нас не кожнаму інжынеру і не кожнай радыстцы»,— растлумачылі ім. Гэтае «шчасце», аднак, аказалася вельмі кароткім. Месяцы праз два муж Надзеі апынуўся на вуліцы. Ён працаваў потым кандуктарам трамвая, грузчыкам, афіцыянтам...

У 1937 годзе ён зноў стаў беспрацоўным, а неўзабаве страціла работу і Надзея. Згубіўшы ўсякую надзею знайсці хоць які-небудзь занятак у Францыі, яны паехалі шукаць шчасця далей, у Інданезію. Тут ім пашанцавала. Мужа Надзеі прызначылі малодшым кантралёрам у Натальскую акругу на востраў Суматра, а сама яна нарэшце атрымала пасаду радысткі. Ды толькі нядоўга прыйшлося папрацаваць ім і тут. Убачыўшы, якія нечалавечыя здзекі церпіць малайскае насельніцтва ад сваіх прыгнятальнікаў-галандцаў, яны не згадзіліся быць маўклівымі прыладамі каланіяльнай драпежніцкай палітыкі. Маладыя людзі рашылі адмовіцца ад сваіх пасад і шукаць шчасця ў новых месцах.

Якраз у гэты час адно з малайскіх плямён — батакі — узняло паўстанне. Да батакаў далучыліся менангі і людзі іншых плямён. Па ўсёй Натальскай акрузе загучаў баявы заклік: «Мэрдэка, мэрдэка!», што азначае «Свабода, свабода!» З далёкіх джунгляў, з гор ішлі людзі, збіраліся ў атрады, зліваліся ў вызваленчую армію. Надзея з мужам далучыліся да паўстанцаў. Яна перавязвала параненых, абслугоўвала рацыю, а ў цяжкія хвіліны бралася за зброю і поплеч з мужам змагалася за лепшую долю сваіх інданезійскіх братоў.

Аднойчы Надзея выканала цяжкае і адказнае заданне. Там у іх каля Гільсэна быў мост на дарозе, якая выкарыстоўвалася галандскімі войскамі як аперацыйная лінія ў часе правядзення карных экспедыцый. Надзея ўзарвала гэты мост. Пераправу цераз раку паўстанцы доўгі час трымалі пад сваім кантролем.

Але сілы былі няроўныя... Пад націскам войск паўстанцы вымушаны былі адысці ў горы. Акурат у гэты час Надзея захварэла на трапічную ліхаманку. Нейкая старая малайка засталася з ёю ў горнай вёсцы, а атрад пайшоў далей.

— Мы вернемся, чакай нас, мая Надзея! — гаварыў ёй муж, развітваючыся.— Надзея мая і з вялікай, і з малой літары...

Малайка выратавала яе. А калі маладая жанчына ачуняла, яна даведалася, што галандскія войскі жорстка задушылі паўстанне. Тысячы людзей былі закатаваны. Загінуў на шыбеніцы і яе муж...

Вясной 1939 года яна вярнулася на радзіму, у Гродна. Тут сустрэла яе яшчэ адна жудасная навіна: яе бацька, даведзены да адчаю доўгім беспрацоўем, скончыў жыццё самагубствам...

А неўзабаве Гродна, як і ўся Заходняя Беларусь, было вызвалена Савецкай Арміяй ад польскіх паноў, і над яе радзімай узышло сонца савецкага жыцця. Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. У той час якраз праводзілася разведка трасы для Пячорскай чыгункі. Можаце ўявіць сабе, з якой радасцю Надзея прыняла прапанову паехаць на Пячору.

Там я і пазнаёміўся з ёю. З таго часу нам якраз выпадала ўсюды працаваць разам, у адной разведвальнай партыі...

У той вечар, аб якім я расказваю, Надзея ўвесь час чамусьці сядзела моўчкі. Яе сумныя вочы задуменна глядзелі на агонь, які то згасаў, то зноў успыхваў яркім полымем. Аб чым яна думала?..

Было позна, трэба было класціся спаць. Раптам Жумабай успомніў, што мы ў гэты дзень яшчэ не слухалі радыё. Надзея ўключыла прыёмнік і пачала настройвацца. Пачулася музыка, потым урывак нечай гартаннай гаворкі, на змену ёй зноў загучала музыка, і зноў нехта загаварыў на незнаёмай чужой мове. Надзея круціла ручку прыёмніка, і радыёстанцыі хутка змянялі адна другую.

Вось стрэлка на шкале настройкі пасунулася яшчэ крыху, і раптам спакойна і велічна загучалі пазыўныя Масквы. Над ціхім стэпам паплыла мелодыя знаёмай і блізкай кожнаму савецкаму чалавеку песні «Широка страна моя родная».

— Гаворыць Масква!—урачыста абвясціў дыктар.— Перадаём апошнія паведамленні...

Вам ніколі не даводзілася слухаць «апошнія паведамленні» з Масквы, знаходзячыся дзе-небудзь, як кажуць, на краю зямлі, у далёкім глухім стэпе, або на Поўначы, або за мяжой нашай Радзімы? Не?.. Тады вам цяжка зразумець, якія гэта непаўторныя хвалюючыя хвіліны. Мне, напрыклад, у гэты час пачынае здавацца, што я ўзнімаюся некуды высока-высока, адкуль добра відаць уся наша неабсяжная краіна, і сэрца маё поўніцца радасцю і шчасцем.

Ну, вось, хоць чуваць было вельмі добра, мы ўсе міжвольна пасунуліся бліжэй да прыёмніка.

— Сёння калектыў рэйка-балачнага цэха металургічнага завода імя Пятроўскага,— гаварыў дыктар,— датэрмінова закончыў пракатку вялікай партыі рэек для пад’язных пуцей будоўляў пяцігодкі.

Жумабай весела падміргнуў нам:

— Гэтыя рэйкі і для нас прызначаюцца. Малайцы металургі!

Перадача прадаўжалася. Мы прагна лавілі кожнае слова, слухалі паведамленні аб работах на Куйбышэўскай і Сталінградскай гідраэлектрастанцыях, на Кахоўцы, аб усіх вялікіх справах савецкіх людзей. Потым пачалі перадаваць паведамленні з-за граніцы — аб падзеях у Карэі, аб руху прыхільнікаў міру ў Амерыцы, Англіі і іншых краінах, аб урадавым крызісе ў Францыі...

У канцы дыктар перадаў такое паведамленне:

— Новая хваля крывавага тэрору пракацілася па Інданезіі. У адказ на законныя патрабаванні карэннага насельніцтва краіны аб зніжэнні непасільных падаткаў галандскія ўлады пачалі жорсткую расправу з «вінаватымі ў замаху на знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы». Галандскія салдаты зруйнавалі на востраве Суматра некалькі вёсак і расстралялі сотні ні ў чым не вінаватых людзей. Злачынствы каланізатараў выклікалі глыбокае абурэнне сярод працоўных Інданезіі. У радзе гарадоў адбыліся шматлюдныя дэманстрацыі пратэсту. Маюць месца ўзброеныя сутычкі паміж галандскімі войскамі і насельніцтвам. Інданезійскія патрыёты ўзарвалі мост каля Гільсэна, які вядомы ў народзе пад назвай «Мост Надзеі». Гэты мост стаяў на дарозе, якая выкарыстоўваецца галандскімі войскамі як унутраная аперацыйная лінія ў часе правядзення карных экспедыцый...

Ці трэба гаварыць вам, якое ўражанне зрабіла гэтае паведамленне на нашу Надзею. Твар яе пабляднеў. Рука, што ляжала на ручцы настройкі прыёмніка, задрыжала. Надзея ўстала і моўчкі пайшла ад кастра некуды ў цёмны стэп.

Мы таксама былі моцна ўзрушаны. Імем нашай Надзеі названы мост у далёкай Інданезіі!.. Там ведаюць, памятаюць яе...

Перадача скончылася. З прыёмніка выляцеў і ўрачыста паплыў над стэпам перазвон крамлёўскіх курантаў.

— Яшчэ адзін дзень пражыты,— сказаў начальнік нашай партыі Сямён Харытонавіч.— Харошы дзень... Але, перш чым развітацца з ім, давайце вырашым усе разам адно пытанне.

Ён падняўся, агледзеў усіх пас.

— Месца для станцыі мы выбралі. Неблагое, здаецца, месца.

Полымя кастра асвятляла твар Сямёна Харытонавіча. Задуменна ён глядзеў удалячынь, і позірк яго быў такі, быццам ён бачыў ужо пралёгшыя цераз стэп чыгуначныя шляхі, будынкі станцый, бачыў нават паязды, якія прыбывалі сюды, нагружаныя ўсялякім дабром.

— А цяпер давайце падумаем, як жа мы яе назавём?— спытаў Сямён Харытонавіч.— Якое дадзім ёй імя?

— Надзея! — адразу ж, не задумваючыся, выгукнуў Косця Селіванаў.

— Ай, джаксы1, ай, разумны хлопец! — усклікнуў Жумабай Казыбекаў.

Я паглядзеў на Надзею, якая ў гэты час якраз зноў падышла да кастра. Суму ў яе вачах я не бачыў. Яна ўся загарэлася ад шчасця...

3

Іван Сцяпанавіч Шаршэўскі замоўк і зноў прыпаў тварам да акна.

Поезд паволі замаруджваў ход. Міма нашага купэ прайшоў праваднік і абвясціў:

— Станцыя Надзея!

Мы выйшлі з вагона. Вакол была спакойная, нейкая зачараваная цішыня. Толькі аднастайнае пыхканне паравоза далятала да нашага слыху.

Пачынала днець.

На суседнім пуці стаяў таварны састаў, які прыбыў на станцыю раней за наш. На яго платформах стаялі велізарныя аўтамашыны. Да бартоў платформ былі прымацаваны шчыты, і я разгледзеў надпісы на іх: «Беларускія аўтамабілі — будоўлям пяцігодкі».

— Нашы зубры! — з гордасцю сказаў Шаршэўскі.

Да нас падыходзіла невысокая жанчына ў гэткім жа, як і ў Шаршэўскага, адзенні чыгуначніка. Іван Сцяпанавіч цёпла прывітаўся з ёю.

— Знаёмцеся,— сказаў ён мне.— Начальнік станцыі Надзея — Надзея Баляславаўна Шаршэўская.

Не, я таксама не бачыў суму ў вачах Надзеі Баляславаўны. А тое, што было ў іх... ці ж словамі можна расказаць пра гэта?..

1952

1 Джаксы — па-казахску «добра»


1952