epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

На перагоне

 

Максім Зубец зірнуў на стрэлку скорасцемера, потым на гадзіннік. Усё ішло добра, цеплавоз паслухмяна падпарадкоўваўся яму, машыністу, і спраўна цягнуў даўжэзны састаў таварных вагонаў. Мабыць, пра тое самае падумаў і памочнік машыніста Васіль Хлябцэвіч, бо раптам сказаў з відавочным захапленнем:

— Любата, Максім, га? Звер, а не машына!

— Зялёны! — сказаў Максім.

— Зялёны! — пацвердзіў Васіль.— Дыспетчар трымае слова, малайчына. Ды хіба такой машыне не дасі «зялёнай вуліцы»!

Цеплавоз і папраўдзе быў выдатны. Ён нядаўна прыбыў у дэпо з завода — усё на ім было новенькае, акуратненькае, аж зіхацела. Максім з Васілём рабілі на ім першы самастойны рэйс — перад тым з’ездзілі некалькі разоў з машыністам-інструктарам, паездкі прайшлі ўдала, былі сярод іх і з цяжкавагавымі саставамі. Цяпер яны самі ўзялі цяжкавагавы, перагаварылі з дыспетчарам, і той паабяцаў прапусціць па ўсім участку без прыпынкаў. Ім трэба было вытрымаць толькі адну ўмову — самім нідзе не затрымлівацца, ісці дакладна па графіку, які вызначыў ім дыспетчар. Папярэднюю станцыю яны мінулі мінута ў мінуту па гэтым графіку і цяпер ідуць таксама добра. Цеплавоз бярэ добры разгон, лёгка адольвае пад’ёмы,— настолькі лёгка, што Максім прыходзіць да думкі: такой машынай можна вадзіць яшчэ і цяжэйшыя саставы.

— Хвацкая, кажу, машына,— зноў пачаў Васіль.— Амаль пяцьсот тон лішніх вязём, а ёй хоць бы што. Возьме, канечне, і больш. Значна больш.

«Гэта проста дзіўна,— зазначае сам сабе Максім.— Васіль думае пра тое самае, пра што і я. І гэтак амаль заўсёды. Нібыта ён адгадвае мае думкі. Або, наадварот, я адгадваю ягоныя».

Зрэшты, нічога дзіўнага тут няма. Пра што яшчэ, акрамя работы, могуць думаць два закаханыя ў сваю прафесію чалавекі, якія складаюць пад час паездкі адну брыгаду і, значыцца, з’яўляюцца адным цэлым? Ды і ездзяць разам яны ўжо багата гадоў — раней на паравозе, а цяпер вось на самым найноўшым магістральным цеплавозе. І ўчастак знаёмы ім так, што, здаецца, і з завязанымі вачыма правядуць па ім поезд.

Наперадзе станцыя Цалік. Максім ведаў — там будзе затрыманы зборны поезд, што ідзе паперадзе, каб прапусціць ягоны, Максімаў, поезд без прыпынку. Гэта, вядома, калі Максім не парушыць свайго графіка, бо калі затрымаецца па якой-небудзь прычыне на перагоне і падыдзе да Цаліка са спазненнем, зборны адправяць раней, і Максім вымушаны будзе прыпыніцца на станцыі. Больш таго, ён будзе пастаўлены на бакавы пуць, пад абгон,— ззаду ідзе пасажырскі поезд, які ў Цаліку не мае па раскладу прыпынку.

Максім зноў зірнуў на скорасцемер, на гадзіннік.

— Нармальна,— сказаў Васіль.— Неўзабаве павінен паказацца ўваходны сігнал Цаліка.

«Але, але, праз паўтары-дзве мінуты, пасля закруглення, пакажацца ўваходны светафор Цаліка. Але якое на ім будзе гарэць святло — зялёнае або жоўтае?.. Якое?..»

Прайшла мінута. Яшчэ трыццаць секунд. Дваццаць. Дзесяць...

— Уваходны зялёны! — выгукнуў Васіль і ўвесь падаўся ўперад.

— Зялёны, Васёк, зялёны! — стрымліваючы радасць, як мага больш спакойна сказаў Максім.— На праход ідзём!

Імкліва набліжалася станцыя. На бакавым пуці відзён быў хваставы сігнал зборнага поезда. Максімаў цеплавоз прастукаў коламі на ўваходных стрэлках, памчаў да будынка станцыі. На пероне сустракаў поезд дзяжурны па станцыі, даўні Максімаў знаёмы Пятро Іванавіч Быхавец. Максім націснуў на клапан тыфона. Нізкі аксаміцісты гук тыфона ўладна ўскалыхнуў застыглую ў дрымоце цішыню начной станцыі. Вось ужо і выхадныя стрэлкі засталіся ззаду, а наперадзе зноў клікала ў дарогу вабнае зялёнае вока светафора. Поезд вылецеў на наступны перагон.

— От я думаю,— сказаў Васіль,— чаму б нам не ўзяцца вадзіць адны толькі цяжкавагавыя саставы? Паставіць перад начальствам такую прапазіцыю: маўляў, давайце нам саставы толькі павышанай вагі, звычайныя мы браць не будзем. Гэта ж колькі мы перавезлі б за пяцігодкі дадатковага грузу!

— Сотні тысяч тон, во колькі мы перавезлі б! Дзесяткі звышпланавых саставаў! І калі хочаш ведаць — я ўжо гаварыў пра гэта з Валатковічам.

— З Сяргеем Раманавічам?

— Але, з нашым парторгам.

— Вялікай мудрасці чалавек, гэты Сяргей Раманавіч. Ён мне ўяўляецца ўзорам партыйнага дзеяча. Прынцыповы, аб’ектыўны, чулы, справядлівы, і ў дадатак яшчэ нейкі... як бы гэта сказаць... надзвычай далікатны, ці што.

— У яго за плячыма вялікая школа падпольнай барацьбы на акупіраванай немцамі тэрыторыі.

— Кажуць, ён некалькі разоў быў на валаску ад смерці. І наогул пра яго расказваюць легенды.

Далёка наперадзе паказаўся пражэктар сустрэчнага поезда — гэта ішоў скоры маскоўскі. Ён імкліва набліжаўся, а насустрач яму, толькі па другой каляі, гэтак жа імкліва шыбаваў Максімаў састаў. Яшчэ некалькі секунд — і вось ужо скоры як віхор праляцеў міма.

Не першы год водзіць паязды Максім, здаецца, мог бы і прывыкнуць да бясконцых сустрэч з другімі паяздамі пад час рэйсаў, і ўсё ж кожны раз, як пралятае міма састаў, Максім трошачкі ўздрыгвае — недзе ў самай сярэдзіне, нейкай маленечкай часціначкай душы ці чаго там яшчэ. «Цікава, а ці ўздрыгвае ў гэты час Васіль? — падумаў Максім.— Мабыць, таксама ўздрыгвае, бо прывыкнуць да гэтага, відаць, немагчыма».

— Ну і што ж табе сказаў Сяргей Раманавіч? — спытаў Васіль.

— Сказаў, што з яго боку падтрымка будзе забяспечана.

— Галоўнае — дамовіцца з дыспетчарамі, каб яны не падсоўвалі любы састаў, абы з рук збыць.

— А яшчэ ведаеш, што сказаў Сяргей Раманавіч? Паездзіш, кажа, сам з цяжкавагавымі, набярэшся вопыту, а тады бяры і пішы артыкул у дарожную газету. Выступі з заклікам да ўсіх машыністаў дэпо. А мо нават і да машыністаў усёй чыгункі. Каб яны таксама вадзілі саставы толькі павышанай вагі.

— Уга, куды хапянуў! То ён жа цяпер ні на дзень не выпусціць нас з-пад увагі. За кожным рэйсам сачыць будзе, правяраць, як мы водзім паязды.

Максім міжвольна зірнуў на скорасцемер, на другія прыборы. Пачынаўся невялікі пад’ём, і скорасць стала трошкі зніжацца. Максім перавёў кантролер у наступную пазіцыю. Цеплавоз лёгка перайшоў на новы рэжым, скорасць зноў стала ранейшай.

— Зялёны! — сказаў Васіль.

— Бачу, зялёны! — адказаў Максім.

Насустрач і папраўдзе ляцеў вабны зялёны агеньчык чарговага блок-участка. Імгненне — і ён праскочыў міма.

«Нармальна»,— сам сабе сказаў Максім, зірнуўшы на гадзіннік. Гэты блок-участак яны павінны былі мінуць менавіта ў дзве гадзіны і восем мінут.

Поезд імчаў і імчаў, паглынаючы калёсамі ўсё новыя кіламетры шляху.

— Чырвоны! — раптам усклікнуў Васіль.— Максім, чырвоны!

— Бачу, чырвоны! — выгукнуў Максім. А ягоныя рукі тым часам самі, амаль аўтаматычна, выключылі кантролер, прывялі ў дзеянне тармазы, уключылі пясочніцу. Усё гэта было зроблена яшчэ да таго, як у мозгу ўзнікла пытанне: а чаму, з якое прычыны з’явіўся наперадзе чырвоны сігнал?.. І чаму ён з’явіўся там, дзе наогул ніякага сігналу не павінна было быць — ні зялёнага, ні жоўтага, ні тым больш чырвонага?

— Пуцявы абходчык круціць чырвоным ліхтаром,— з трывогай у голасе сказаў Васіль.— Што там такое здарылася?.. Можа, з рэйкамі што?..

Але Максім таксама зразумеў, што сігнал падае пуцявы абходчык Мікіта Пацук. Значыць, выявіў нейкую няспраўнасць, магчыма, нават і папраўдзе трэснутую рэйку, і патрабуе неадкладна спыніць поезд. Цяпер усё залежыць ад таго, ці здолее поезд прыпыніцца раней, чым наедзе на небяспечнае месца. Бо хоць і затарможаны, ён усё ж прадаўжае ляцець наперад — яго суне магутная сіла інерцыі, якую набылі перад гэтым усе тыя тысячы тон, што знаходзяцца ў даўжэзнай чарадзе вагонаў.

Напэўна, пуцявы абходчык зразумеў, што ягоны сігнал убачылі, і перастаў круціць ліхтаром — чырвоны агонь гарэў цяпер на адным месцы. А поезд усё сунуўся і сунуўся наперад,— праўда, з кожнай секундай трацячы сваю скорасць, збаўляючы шалёны бег.

Вішчалі тармазы, нібы ў ліхаманцы калаціўся цеплавоз. Максім высунуўся ў бакавыя дзверы, зірнуў уздоўж саставу. Той знізу ўвесь быў расквечаны нібы якойсьці фантастычнай ілюмінацыяй,— гэта ад бандажоў і тармазных калодак феерверкамі ляцелі іскры.

— Чорт, што ж там такое?! —пачуў Максім Васілёў голас над вухам.— Няўжо наедзем?..

Максім нічога не адказаў, вярнуўся на сваё месца. Больш зрабіць ён нічога не мог, бо зрабіў усё, што трэба было. Заставалася адно — чакаць. Набрацца цярплівасці і чакаць. Хоць гэта і самае найгоршае, што можа быць на свеце — трывожнае чаканне невядомасці.

Галава была на дзіва яснай, светлай, увага гранічна сканцэнтраванай. Ад пачатку тармажэння састаў прасунуўся ўжо метраў чатырыста, Максім ведаў гэта пэўна. Мабыць, прасунецца і яшчэ метраў сто пяцьдзесят, а мо і сто семдзесят. А колькі метраў да пуцявога абходчыка?.. Няўжо меней? І яшчэ адно няяснае пытанне — дзе ён стаіць, Мікіта Пацук: там, дзе небяспека, або адышоўшыся ад яе?

Скорасць была трыццаць кіламетраў, потым стала дваццаць, пятнаццаць. Цяпер у святле пражэктара добра была відаць постаць пуцявога абходчыка — той стаяў на тым самым пуці, па якім ішоў састаў. А побач...— дзіўная рэч! — побач, на броўцы, былі відаць яшчэ дзве постаці, і, мяркуючы па ўсім, жаночыя.

— Ён не адзін! — здзіўлена сказаў Васіль.— Там яшчэ людзі!

Максім зноў прамаўчаў, хоць здзіўлены быў не менш за Васіля.

Поезд ужо ледзь сунуўся. Пуцявы абходчык сышоў з каляі, далучыўся да жанчын, і ўсе яны адышліся яшчэ трошкі ўбок.

Не дайшоўшы якіх пяць-шэсць метраў да іх, цеплавоз спыніўся.

Максім ірвануў дзверы і скочыў долу. Следам за ім скочыў і Васіль.

— Што, што здарылася? — кінуўшыся да Пацука, нецярпліва спытаў Максім.

— Ды такое, браток, дзела...— неяк вінавата пачаў пуцявы абходчык. Ён паказаў вачыма на маладзейшую жанчыну.— У бальніцу ёй трэба. А сам жа ведаеш, колькі кіламетраў да Махавікоў. Ніяк не дайсці ёй...

Максім не ведаў — радавацца яму або бедаваць. Добра, што пуць усё ж спраўны, што ніякага няшчасця не здарылася. І ўсё ж... поезд затрыманы ў дарозе, графік парушаны.

— Чорт ведае што! — ускіпеў Васіль.— Я думаў — што-небудзь сур’ёзнае, а тут... тфу! — Ён ушчыльную падышоў да Мікіты Пацука, які аказаўся высокім сутулаватым мужчынам гадоў на трыццаць, і, здаецца, гатовы быў з кулакамі накінуцца на яго.— Ты не меў ніякага права спыняць нас! Мы з цяжкавагавым ідзём, ясна? У нас імянны графік, дыспетчар нам даў зялёную вуліцу, а што ж цяпер атрымаецца? Ганьба на нашы галовы, вось што атрымаецца, ясна?

— Нявыкрутка ў нас, зразумейце ж вы!..— з плачам у голасе сказала старэйшая жанчына.— Пільна трэба ў бальніцу...

— А ў нас што — карэта «хуткай дапамогі»?! — кіпеў Васіль.

Мікіта Пацук пераступіў з нагі на нагу.

— Яна... Маша... павінна радзіць...— ціха сказаў ён.

— Ну і няхай сабе раджае на здароўе. Мы лакаматыўная брыгада, а не бабкі-павітухі, ясна? У нас цеплавоз, а не радзільны дом, ясна?

— Пачакай, Вася, не гарачыся,— сказаў Максім. І з дакорам дадаў, звяртаючыся ўжо да Пацука і да старэйшай жанчыны: — То дзе ж вы раней былі, чаму не паклапаціліся загадзя паехаць у бальніцу?.. — Ён гаварыў гэта, хоць разумеў, што кажа зусім не тое. Але ж яму трэба прыняць нейкае рашэнне, ад якога, магчыма, будзе залежыць многае.

— Думалі, не пара ёй яшчэ,— сказала кабета.— Думалі, заўтра возьмем у лесніка каня, адвязём у бальніцу. Ажно во яе ўзяло і схапіла. Памажыце, людцы!

Падышоў галоўны кандуктар Слічонак.

— Можа, на тармазную пляцоўку да мяне возьмем яе, калі ўжо так трэба...— нерашуча прапанаваў ён.

— Ніякай тармазной пляцоўкі! — сказаў Максім.— Яна там адубее. Вася, памажы Машы ўзлезці на цеплавоз. Адвядзі яе ў дызельнае памяшканне.

— І я паеду, бо няможна ёй адной,— умольна сказала старэйшая.

— Добра, давайце і вы. Толькі хутчэй.

— Мы зараз, зараз...

— Чорт ведае што... — прабурчаў Васіль, аднак узяўся памагаць жанчынам.

Парадзіха застагнала.

— Асцярожней, асцярожней! — сказаў Максім.

Яны ўсе разам памаглі парадзісе ўзабрацца на цеплавоз. Потым Васіль адвёў жанчын у дызельнае памяшканне і вярнуўся назад.

Максім заняў сваё месца.

— Дзякую, браток! — данёсся да яго голас Пацука.

Кіўнуўшы галавой,— маўляў, усё будзе добра! — Максім націснуў на клапан тыфона, адпусціў тармазы, уключыў кантролер. Зараўлі рухавікі. Цеплавоз, нібы застаялы конь, адразу скрануў з месца састаў і пачаў набіраць хуткасць.

— Цяпер нам вунь колькі наганяць трэба...— прамовіў Васіль.— А ці здолеем...

— Паспрабуем! — сказаў Максім і перавёў кантролер яшчэ на адну пазіцыю.— Бачу зялёны!

— Зялёны! — пацвердзіў Васіль. І дадаў: — Мабыць, мы ўсё ж крыху затрымалі пасажырскі, што ідзе ззаду.

— Калі дыспетчар не выклікаў нас, значыць, не затрымалі.

— І то праўда. Мы ж вырваліся былі далёка наперад. Але ён недзе на хвасце ў нас.

Максім перавёў кантролер на апошнюю пазіцыю. Цяпер поезд ляцеў хутчэй за самы хуткі вецер. Максім выклікаў па рацыі дзяжурнага па станцыі Махавікі. Назваў сябе і нумар поезда, тады сказаў:

— Прашу, таварыш дзяжурны, звязацца з бальніцай, няхай прышлюць к нашаму прыходу «хуткую дапамогу».

— Захварэў хто з вас? — занепакоіўся дзяжурны па станцыі.

— Ды не, тут у нас... парадзіха, адным словам.

— Парадзіха?..— здзіўлена перапытаў дзяжурны.— Адкуль яна ў вас узялася?

— Пасля растлумачу. Званіце ў бальніцу.

— Добра, пазваню. Ідзяце па графіку?

Павагаўшыся якую долю секунды, Максім цвёрда сказаў:

— У Махавікі прыбудзем без спазнення!

Зноў праляцеў сустрэчны поезд.

— Штосьці раптам ёкнула недзе ўсярэдзіне,— сказаў Васіль.— Ці, можа, яно там заўсёды ёкае, калі пралятае сустрэчны, а я не заўважаў?..

«Заўсёды ёкае, Васёк, заўсёды,— радасна сказаў сам сабе Максім.— І будзе ёкаць, і няхай сабе, даражэнькае, ёкае!..»

Максім зірнуў на гадзіннік. Вось-вось павінен паказацца папераджальны светафор Махавікоў. Мабыць, поезд усё ж трошачкі позніцца...

— Бачу жоўты! — выгукнуў Васіль.

— Правільна, жоўты! — пацвердзіў Максім і шумна ўздыхнуў.

Махавікі — іхні пункт абароту. Адтуль яны, адпачыўшы, паедуць назад у сваё дэпо.

— Можа, толькі на якую хвіліну ўсяго і спознімся,— нібы здзіўлена прамовіў Васіль.

— Ці скора ўжо, га? — пачуўся раптам у кабіне жаночы голас.

Не паварочваючыся, Максім сказаў старой жанчыне:

— Вунь ужо станцыя відаць. Як там Маша?

— Малое ў нас! — захліпаючыся радасцю, сказала жанчына.

— Ну?..— зароў Васіль.— Дзялы!..

— Хлопчык? — спытаў Максім.

— Хлопчык! — адказала жанчына і падалася з кабіны.

— А я думаў, што будзе дзяўчынка...— як не расчаравана сказаў Васіль.— У такой незвычайнай абстаноўцы магла нарадзіцца хіба толькі жанчына, далібог...

— Дзіўна, чаму ты мог так падумаць,— сказаў Максім.— На цеплавозе мог нарадзіцца толькі будучы цеплавознік. Мужчына, адным словам.

Заскрыгаталі тармазы, зароў тыфон.

Павольна набліжалася станцыя. На пероне відзён быў дзяжурны па станцыі, а далей, там, дзе меўся прыпыніцца цеплавоз, стаялі людзі ў белых халатах з насілкамі.

1973

 


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Васілёнак Я. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 2. Апавяданні і аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с.
Крыніца: скан