epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Не ашукай сябе

Пятро Хведаравіч Біцюк вярнуўся з камандзіроўкі раненька-рана, яшчэ і сямі гадзін не было. Дзверы яму адчыніла заспаная жонка. Спачатку здзівілася, а тады, узрадаваная, кінулася яму на шыю.

— Я ж цябе чакала толькі заўтра!..— цалуючы мужа ў няголеную шчаку, расчулена сказала Марыя Міхайлаўна.

— То сёння і дамоў мяне не пусціш? — прастуджаным голасам сказаў Біцюк.— Тады, можа, мне куды да другой пайсці? — пажартаваў ён.

— Я табе пакажу — да другой! — гэтак жа жартаўліва паківала яму пальцам жонка.— Але што здарылася? Чаму ты прыехаў сёння?

— Ды от скончыў усе свае справы раней тэрміну і — гайда дамоў. Чаго, думаю, сядзець мне на тым іхнім заводзе яшчэ цэлы дзень, калі мне і так ужо ўсё чыста зразумела.

— Ты правільна зрабіў, дарагі,— памагаючы мужу зняць паліто, шчабятала Марыя Міхайлаўна.— А з горлам у цябе што?

— Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. А яно аказалася халаднаватае. Ды гэта нічога, пройдзе. Галоўнае — я дома, з табою.

— Я дам табе чаю з малінавым варэннем, і таблеткі ў мяне ёсць, якраз нядаўна ўзяла на ўсякі выпадак.

— Дома, кажуць, і сцены памагаюць.

Пачуўшы галасы, прачнуўся іхні сын Сцёпка. Угледзеўшы бацьку, з радасным віскам кінуўся да яго. Біцюк падняў сына на выцягнутых руках, патрымаў над сабою, потым асцярожна апусціў на падлогу.

Сцёпка быў рады бясконца.

— Я атрымаў дзве пяцёркі, па арыфметыцы і па фізкультуры,— абвясціў ён.— І ты павінен купіць мне новыя канькі!

— Будуць табе канькі, будуць! — сказаў Пятро Хведаравіч.— І новыя бацінкі да канькоў таксама!

У яго быў самы найлепшы настрой, і ён быў гатовы паабяцаць сыну, чаго той толькі захоча.

— Ура-а!..— закрычаў Сцёпка і пабег апранацца — яму трэба было а восьмай у школу, у свой трэці клас.

Марыя Міхайлаўна хуценька прыгатавала сняданак. Яны селі за стол — усе ўзбуджаныя, вясёлыя. Сцёпка раптам заявіў, што і ў яго нешта такое-гэткае з горлам, таму і яму таксама трэба выпіць чаю з малінавым варэннем.

— Хітрун! — шчасліва засмяялася Марыя Міхайлаўна і паклала сыну варэння нават больш, як бацьку.

І Сцёпка выпіў аж дзве шклянкі. Мажліва, выпіў бы і трэцюю, ды трэба было бегчы на ўрокі.

Калі за сынам зачыніліся дзверы, Біцюк зірнуў на гадзіннік і крадком уздыхнуў; праз паўгадзіны трэба было і яму ісці на службу.

— А можа, ты сёння не хадзіў бы, га? — па-свойму зразумеўшы мужаў позірк, асцярожна прамовіла Марыя Міхайлаўна.— Скажаш, што прыехаў не ранішнім, а вячэрнім поездам. Хто там будзе цябе правяраць, калі ты прыехаў.

— Правяраць, вядома, ніхто не будзе, але...

— І горла вунь у цябе хворае,— ужо з большай настойлівасцю пачала гаварыць Марыя Міхайлаўна.— Гэта ж пойдзеш пасля гарачага чаю на вуліцу і яшчэ горш застудзіш, потым бюлетэнь прыйдзецца браць. Тыдзень можаш праваляцца.

— Ды яно канечне...— усё яшчэ вагаючыся, пачухаў патыліцу Біцюк.

— Зрэшты, я нават лічу, што тут і думаць няма чаго. Не хадзі сёння, і ўсё! Прымі лепей ванну, паляжы, адпачні.

— Ды яно і папраўдзе стаміўся я страшэнна. Гэтыя камандзіроўкі ўсе сілы выматваюць, проста спусташаюць чалавека.

— І я ж кажу, Пеценька. Яны, гэтыя праклятыя камандзіроўкі... яны ж, каб на іх...

— Давай бялізну, лезу ў ванну! — рашуча сказаў тады Біцюк.— Потым пагалюся, і на бакавую!

— Ура-а!..— якраз як сын, завішчала Марыя Міхайлаўна.

— Тсс!..— прыклаў палец да вуснаў Біцюк.— А то яшчэ хто пачуе... І наогул, калі будуць, ці мала што, званіць, пытацца мяне, адказвай, што няма дома, што я яшчэ не прыехаў з камандзіроўкі. Ясна?

— Ну вядома ж, Пеценька. Так і буду гаварыць, ты не хвалюйся, не турбуйся. От зараз пашукаю табе бялізну. Пушчай ваду ў ванну.

Біцюк, ужо ані не вагаючыся, пайшоў у ванную. Пстрыкнуў выключальнікам, але святло чамусьці не запалілася. «Мабыць, перагарэла лямпачка»,— падумаў ён і, каб пераканацца, паспрабаваў уключыць святло ў калідоры. Але і там яно не запальвалася.

— Маша, відаць, перагарэлі пробкі,— сказаў Біцюк.— Прынясі, калі ласка, табурэтку, пагляджу на шчытку, што яно там такое здарылася.

Шчыток быў каля самых уваходных дзвярэй. Калі Марыя Міхайлаўна прынесла табурэтку, Біцюк узлез на яе і пачаў асцярожна выкручваць пробку.

Раптам у дзверы пастукалі.

— Хто там? — машынальна спытаў Біцюк.

— Гэта я,— данеслася з-за дзвярэй.— З прыездам, Пятро Хведаравіч! Мо разам пойдзем на работу, га?

— Яго няма дома! — выгукнула Марыя Міхайлаўна.— Ён яшчэ не вярнуўся з камандзіроўкі!

І тады зрабілася ціха-ціха — і тут, у калідоры, і там, на лесвічнай пляцоўцы. Пасля за дзвярыма той жа голас, але ўжо значна цішэйшы, вымавіў:

— Прабачце...

Яшчэ праз нейкі момант за дзвярыма пачуліся асцярожныя крокі — усё ніжэй, ніжэй... Тады рыпнулі дзверы на вуліцу...

З выкручанай пробкай у руцэ Біцюк саступіў на падлогу і раптам, зняможаны, апусціўся на табурэтку.

— Гэта Максім Нядзелька...— шэптам сказаў ён.

— Ага...— таксама шэптам сказала Марыя Міхайлаўна.

Максім Нядзелька быў іхнім суседам па лесвічнай пляцоўцы і, акрамя таго, працаваў разам з Біцюком у адным аддзеле.

— Нарабілі мы з табою...— зусім разгублена прамовіў Біцюк.— Паспрабуй цяпер дакажы яму, што, як быў я ў камандзіроўцы, у цябе нікога не было. Ён жа прысягаць будзе, што на свае ўласныя вушы чуў нечы сіпаты мужчынскі голас...

...Вось ужо другі год Максім Нядзелька пры сустрэчах з Пятром Хведаравічам Біцюком чырванее і апускае вочы долу. А на Марыю Міхайлаўну пазірае маслянымі вочкамі і аблізваецца.

1966


1966