epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Прызванне

I вось, нарэшце, гэта здзейснілася. Яшчэ ўчора Антон Стрыжак быў памочнікам машыніста, гэта значыць, асобай хоць і важнай на паравозе, але ўсё ж не самай галоўнай, а сёння ён ужо сам — фігура першай велічыні. Цяпер Антон будзе стаяць не за левым крылом, як раней, а за правым, і менавіта яму паслухмяна будзе падначальвацца вось гэтая складаная і на дзіва разумная істота, што ў побыту завецца таварным паравозам.

Машына стаяла ля кантрольнага слупіка, чакаючы загаду пайсці на станцыю, пад поезд. Стрыжак саскочыў на зямлю, адышоў крыху ўбок і залюбаваўся сваёй «трыццаць дзевяткай», як звычайна называлі яго лакаматыў, маючы на ўвазе дзве апошнія лічбы нумара. Машына проста зіхацела. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна, на думку Антона, усім сваім выглядам павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы.

У хуткім часе прыйдзе загад, і тады Антон нетаропка падыдзе да свайго прыгажуна, паважна возьмецца за поручні, павольна паставіць нагу на ніжнюю папярочку лесвіцы, зірне налева, потым направа, а пасля падхопіцца і ў адзін момант апынецца ў будцы. Тут усё ўжо напагатове, тут ужо зачакаліся дотыку ягоных рук рэверс ходу, рэгулятар хуткасці, кран машыніста. І ён, Антон, зробіць дзіва: удыхне жыццё ў гэтую хароміну з жалеза і сталі, і тая рушыць з месца. Рушыць і паляціць. Уперад і ўперад! Насустрач самому шчасцю!

Трэба быць, напэўна, сапраўды паравознікам, каб ведаць, што адчувае машыніст перад адпраўкай лакаматыва ў рэйс!..

— Са скразным паедзеце? Ці са зборным?

Антон уздрыгнуў ад нечаканасці. Побач стаяў невысокі хлопец у форме навучэнца чыгуначнага вучылішча. Форма была старанна адпрасавана, аднак нельга было не заўважыць, што хлопец ужо вырас з яе.

— Напэўна, са скразным? — гаварыў далей хлопец, адкрыта любуючыся Стрыжаковай машынай.— Там на станцыі якраз рыхтуецца маршрут на захад. Тон, відаць, тысячы на дзве будзе!

— Са скразным, а як жа! — не стрымаўся, каб не пахваліцца, Стрыжак і ў сваю чаргу спытаў: — На ўсякі выпадак, ты на каго, хлопча, рыхтуешся — на рамонтніка ці на экспуатацыйніка? Калі не сакрэт, вядома.

— На эксплуатацыйніка, які ж тут сакрэт,— з пачуццём уласнай годнасці ў голасе адказаў хлопец. Увесь выгляд яго быццам гаварыў: хіба гэта і без таго не зразумела?..

— Правільна,— ухваліў Антон і ўсміхнуўся.

Не ўсміхнуцца ў гэтую хвіліну ён проста такі не мог. Бо дагодлівая памяць ахвотна паказала Антону яго самога ў стане вось такога ж хлапчыны. Ды толькі Антон быў тады ніякі не рамеснік, ён быў просты вясковец, і маючы столькі ж прыкладна гадоў, колькі і гэты вось зялёны юнак, не толькі не ведаў, што самая значная на свеце прафесія — паравознік-эксплуатацыйнік, як гэта зусім пэўна ведае рамеснік, а нават і не падазраваў, што такая прафесія існуе ў прыродзе.

Так, ён быў тады звычайны вясковец, бо хоць іхняя Вядомля і лічылася гарадскім пасёлкам, але пра горад тут нішто, бадай, не гаварыла. Тут не было нават чыгункі,— яна праходзіла недзе міма, кіламетраў нешта за трыццаць ад пасёлка.

Аднойчы ўвосень Антонаваму бацьку спатрэбілася паехаць нечага на станцыю, і ён узяў з сабою сына. Хлопец ніколі раней не быў на станцыі, для яго свет абмяжоўваўся адной драўлянай Вядомляй, і таму паехаў ён з вялікай ахвотай. Дарога, па якой трухаў іх нядушлы Гнядок, ішла некаторы час уздоўж чыгункі. Як зачараваны, глядзеў Антон на дзве роўныя бліскучыя стужкі, што цягнуліся некуды далёка-далёка, аж да самага небасхілу. Вось паставіць бы на гэтыя стужкі іхнія калёсы — ох і хвацка можна было б праехацца!..

Раптам недзе ззаду пачуўся дзіўны, ніколі не чуты Антонам гук. Было падобна на тое, што раве нейкі страшэнна вялікі звер, якога ламанулі даўбнёй. Антон пабляднеў і палахліва прыціснуўся да бацькі. А ззаду чуліся ўжо новыя гукі. Там нешта пыхкала, гуло, грукацела, ды ўсё мацней і мацней. Гнядок стрыгануў вушамі, збочыў з дарогі і панёсся проста па раллі. І дзе толькі тая сіла ўзялася! Калёсы падскаквалі, тарахцелі, і Антон, каб не зваліцца, абедзвюма рукамі схапіўся за бацьку. Бацька ледзь-ледзь управіўся з канём. Але канчаткова той супакоіўся толькі тады, калі ўсё сцішылася.

— Гэта і ёсць поезд, тата?— ашаломлены ўсім убачаным і пачутым, ціха спытаў Антон.

Тузаючы за лейцы, бацька накіраваў Гнядка на дарогу.

— Ага.

Бацька быў негаваркі чалавек і на запытанні Антона адказваў з неахвотай.

— А куды ён паехаў?

— Можа, у Мінск.

— Людзей павёз?

— Можа, людзей.

— А многа іх там? І ўсе ў Мінск едуць? А хто павёз поезд?

Адказаць на ўсе гэтыя пытанні было цяжка і не такому маўкліваму чалавеку, як Антонаў бацька. Антон жа, не дачакаўшыся, сыпануў новую жменю пытанняў...

Удалечыні паказаліся нейкія пабудовы. Але Антон глядзеў не на іх, яго затуманены позірк усё яшчэ бачыў поезд, адзін толькі поезд, а сэрца рвалася ўслед за ім...

Нечакана воз апынуўся каля невялічкай хаткі, што стаяла недалёка ад рэек. Хатка была такая маленькая, што Антон узяў пад сумненне, ці могуць тут наогул быць людзі. «Як у казцы!» — падумаў ён і вельмі здзівіўся, калі з хаткі выйшаў чалавек. На чалавеку быў сіні гарнітур, да самай шыі зашпілены на блішчастыя гузікі. На галаве неяк асабліва ёмка сядзела форменная шапка. У руцэ ён трымаў жоўты сцяжок, скручаны ў трубку. Выгляд у чалавека з казачнай хаткі быў такі важны, што Антон, гледзячы на яго, аж дыхаць перастаў. Незнаёмы ж, не звяртаючы ніякай увагі на Антона і яго бацьку, паглядзеў уздоўж чыгункі спачатку ў адзін бок, потым у другі, пасля падышоў да нейкай рагуліны і пачаў нешта корпацца там.

— Хто гэта, тата?..

Бацька паморшчыў лоб, задумаўся, праз хвіліну няўпэўнена адказаў:

— Стрэлачнік.

— А што ён робіць?

Відаць, на гэтае пытанне бацьку было адказаць цяжэй, і ён думаў даволі-такі доўга. Вымавіў з яшчэ меншай упэўненасцю:

— Дарогу дае паяздам... Н-но!

Гнядок трохі паскорыў хаду, і яны неўзабаве прыехалі на станцыю. Тут таксама было шмат чаго цікавага, аднак перад вачыма Антона чамусьці ўсё стаяў той незнаёмы і яго казачная хатка. Стрэлачнік!.. Напэўна, гэта вельмі важны на чыгунцы чалавек, мо нават самы найважны, калі ён дае дарогу паяздам. Захоча — дасць, а не захоча — і не дасць. Во ён які!

З гэтага часу вядомленскія хлапчукі ні ў што болей не гулялі, як толькі ў стрэлачнікаў...

Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадою час, Антон падрос, скончыў дзесяцігодку. Ростам ён яшчэ ў дзевятым класе ледзь не на галаву абагнаў бацьку, а ведамі... у-га, ведамі ён ужо на сто галоў быў вышэй за бацьку! Таму з такой павагай узяў бацька ў рукі сынаў атэстат сталасці, таму такой вялікай надзеяй засвяціліся яго вочы.

— У каторы цяперака падасіся?— спытаў бацька, горды і шчаслівы.

— Што — у каторы?— не зразумеў сын.

— Ну, у інстытут. У каторы?

— Я, тата, на чыгунку пайду.

— Чаго?..— Цяпер ужо бацька не зразумеў сына.

— Працаваць.

Усю, мабыць, ноч уздыхаў цяжка бацька. Не менш цяжка, да рання, усхліпвала маці. А мара, што вяла юнака, у сваім імклівым руху наперад ні на што не зважала.

Дагодлівая памяць робіць сваю справу далей, паказваючы адзін кадр мінуўшчыны за другім.

...Стаіць спякотны ліпеньскі дзень. Асфальт перона нагрэўся так, што, напэўна, на ім смела можна смажыць яечню. Але Антон нічога не заўважае. Ён стаіць на пероне спінаю да вакзала і глядзіць на поезд. Гэты поезд прывёз яго сюды, у вялікі і шумлівы Заранск, з мілай, цяпер ужо далёкай Вядомлі. Антон глядзіць на вагоны і чакае, пакуль яны крануцца з месца. Тады можна будзе ўздыхнуць з палёгкай. Абарвецца тады апошняя нітка, якая яшчэ звязвае яго з былым. Поезд пойдзе, а ён застанецца.

І поезд, нарэшце, сапраўды пайшоў,— спачатку быццам з неахвотай, а потым нічога, наладзіўся. Праз якую хвіліну не толькі вагоны зніклі з вачэй, але і шуму нават ужо не было чуваць. Антон ускінуў на плечы чамаданчык з няхітрымі сваімі манаткамі, азірнуўся наўкол і пайшоў проста па пуцях.

Пячэ сонца. Не прыносіць палёгкі ветрык, што час ад часу прылятае аднекуль з-за станцыі. Паветра насычана гарачым пылам: даўно не было дажджу... Антону ж хоць бы што! Высокая постаць яго шыбуе ды шыбуе сабе па шпалах, усё болей аддаляючыся ад вакзала.

Цікаўныя вочы хлопца дапытліва пазіраюць наўкола. Ён яшчэ не ведае, што вось гэты доўгі будынак з высокімі вокнамі, мноствам жалезных комінаў і шырока расчыненымі дзвярыма, падобнымі на вароты,— паравознае дэпо, а вось гэты, не менш доўгі,—вагонныя майстэрні, а тут знаходзіцца дыстанцыя пуці, а вунь там — дыстанцыя сувязі. Не ведае ён яшчэ гэтага. Значна пазней прыйдзецца даведацца яму і пра тое, што ўсе гэтыя прадпрыемствы і ўстановы прынята на мове чыгуначнікаў называць скарочана. Дэпо — гэта ТЧ. Вагонны ўчастак — ВЧ. Дыстанцыю пуці завуць ПЧ, а дыстанцыю сувязі — ШЧ. У вымаўленні гэта гучыць так: тэчэ, вэчэ, пэчэ, шачэ... Яшчэ пазней пачуе ён і прымаўку, якую склаў нейкі чыгуначнік-весялун:

— Усё ў нас ёсць: і шачэ, і пэчэ, і вэчэ, а дах на хаце ўсё роўна цячэ...

Не, не ведае ён пакуль што ўсяго гэтага. Таму такі дапытлівы яго позірк, таму такой цікаўнасцю гараць вочы.

Ён усё ідзе ды ідзе. Зніклі апошнія станцыйныя пабудовы. Абапал чыгункі цяпер цягнуліся стужкі вуліц. Дамы тут, у чыгуначным пасёлку, у большасці невялікія, з палісаднікамі пад вокнамі, толькі сям-там відаць шматпавярховыя гмахі; гэтыя нагадваюць Антону вартавых, якіх паставілі тут, каб яны пільнавалі спакой сваіх меншых братоў.

Рэйкі ўзвышаюцца над астатняй мясцовасцю — яны ляжаць на даволі высокім насыпе. А дзе ж казачная хатка, такая, як на іхняй станцыі?.. Антон ведае ўжо, што стрэлачнікі ёсць на кожнай станцыі, ды ён і бачыў іх, пакуль ішоў па пуцях, але ж яму хочацца зірнуць на будку таго стрэлачніка, які першы дае дарогу паяздам. Ага, вунь яна!

Ён сышоў з насыпу і пакрочыў па сцежцы, што цягнулася побач з палатном чыгункі. Крокаў за дзесяць ад будкі спыніўся, пастаяў крыху. Нікога не было відаць. Ён сеў на траву і цярпліва пачаў чакаць. Уяўленне малявала чалавека, што выйшаў з хаткі ў той далёкі асенні дзень... Гарнітур на ім аж да самай шыі зашпілены на бліскучыя гузікі... На галаве ёмка сядзіць шапка... У руках — жоўты сцяжок, скручаны ў трубку...

Рыпнулі дзверы. Адчыніліся. На парозе — Антон вачам сваім не верыў — стаяла дзяўчына. Прыкрываючы рукой вочы ад сонца, яна пачала ўглядацца ўдалячынь. Пастаяўшы так, апусціла руку, павярнулася ў другі бок. Цяпер яе твар быў добра відзён Антону. «Якая маладзенькая!— падумаў ён.— Гэта ж яна маладзейшая мо нават за мяне».

Размова з ёю была кароткай і на дзіва несур’ёзнай.

— Ты што ж — хочаш быць самым вінаватым?— засмяялася яна, калі ён спытаў, дзе і якім чынам можна ўладзіцца на стрэлачніка.

— Як гэта?— здзівіўся Антон.

— Ды так. Ці ж ты не ведаеш, што калі дзе што здарыцца, а вінаватага знайсці не могуць, дык заўсёды кажуць: стрэлачнік вінаваты...

Адрас яна ўсё ж дала. Трэба было, аказваецца, ісці ў пэчэ.

Ён рашыў пайсці туды неадкладна. І пайшоў быў, але з паўдарогі вярнуўся.

— На ўсякі выпадак...— сказаў ён і пачырванеў.— Я... ведаеш хто? Я — Антон. Антон Стрыжак. А ты? На ўсякі выпадак.

— А я — Зіна...— адказала яна і таксама пачырванела.

...Хлопец у старанна адпрасаванай форме навучэнца чыгуначнага вучылішча ўсё яшчэ стаіць побач.

— Калі не сакрэт — як цябе завуць, таварыш паравознік-эксплуатацыйнік?

— Які ж тут сакрэт. Васіль Немахай, во як завуць. Можа, яшчэ і працаваць разам прыйдзецца, чым чорт не жартуе. Я якраз у тэчэ іду на прызначэнне.

— Васіль, кажаш?— зацікавіўся раптам больш як трэба Стрыжак.— Немахай? А па бацьку?

— Фёдаравіч.

— Качагарыць збіраешся?

— Спярша, вядома, качагарыць. Але і рэверс ад нас не ўцячэ.

І тут нарэшце прыходзіць загад ісці на станцыю, пад цяжкавагавы састаў да Мінска.

— Бывайце здаровы,— надаючы свайму голасу спаважнасць, гаворыць Васіль Немахай.— Калі што якое, дык я, бадай-што, буду даваць згоду на ваш паравоз. А? Падабаецца мне ваша трыццаць дзевятка.

Здаецца, гэтыя самыя словы, ці мо прыкладна гэтыя, гаварыў не надта каб ужо і даўно сам Стрыжак. А слухаў іх тады старшы машыніст Несцер Пятровіч Краўчук, Зінін бацька. Зіна ж смяялася.

— Што, надакучыла на ўсякі выпадак быць самым вінаватым?

На тую хвіліну Антон не мог або, дакладней кажучы, не ўмеў расказаць, як яно здарылася, што ён, парабіўшы за стрэлачніка, зрабіўся пасля менавіта паравознікам, і нікім іншым. Пазней Зіна сама растлумачыла яму гэта:

— Мой бацька кажа, што калі чалавек хоць адзін раз апынецца ў будцы паравоза, ён ужо ні аб чым іншым думаць не здолее.

Вядома, Несцер Пятровіч меў рацыю, але, бясспрэчна, справа яшчэ і ў тым, што ў старога машыніста была дачкой менавіта Зіна.

Тут вельмі дарэчы было б прыгадаць Антону тыя зімнія вечары, як прыходзіў ён у госці да сваёй старшай стрэлачніцы і як яму ў першы ж вечар хочаш не хочаш прыйшлося выслухаць з вуснаў Краўчука цэлую лекцыю аб тым, што такое паравозны крэйцкопф і для якой мэты ён служыць, але часу на ўспаміны ўжо няма, бо загад жа рушыць на станцыю прыйшоў. І Стрыжак сказаў Васілю:

— Дык вось што, таварыш Немахай, станавіся на сваё месца, гэта значыць, вось сюды,— Стрыжак паказаў на паравозную будку,— ды хутчэй, бо нам ужо час ехаць.

— Праўда? — аж захліпнуўся радасцю Васіль.— Прызначэнне ўжо ёсць? Вам сказалі?

— Ёсць. Сказалі. Пра Немахая Васіля, па-бацьку Фёдаравіча, якраз і сказалі. Шуруй, браток!

І тады на вачах Стрыжака зялёны юнак, нядаўні рамеснік Васіль Немахай неяк адразу перамяніўся. Здавалася, што ён нібыта нават падрос крыху. А рухі сталі якія! Васіль нетаропка падышоў да машыны, паважна ўзяўся за поручні, павольна паставіў нагу на ніжнюю папярочку лесвіцы, зірнуў налева, направа, а тады падхапіўся і ў адзін момант апынуўся ў будцы.

— Уперад, уперад! — выгукнуў ён.

— Ну і здорава!..— толькі і сказаў Стрыжак.

...На станцыі, як і звычайна перад адпраўленнем поезда, было мітусліва. Завіхаліся адглядчыкі вагонаў, аўтаматчыкі, спісчыкі. А як было зроблена ўсё, што трэба, выйшла са службовых дзвярэй вакзала Зіна. Дзяжурнаму па станцыі неабавязкова падыходзіць да машыніста, яму варта проста з перона падняць угору руку з сігналам, і гэта будзе азначаць, што трэба ехаць. Але Зіна падыходзіць да паравоза.

— Таварыш машыніст,— сур’ёзна гаворыць яна, але ў вачах яе несціхана бліскаюць вясёлыя іскрынкі,— вы маеце на ўвазе, што вас сёння чакаюць са сталіцы не з пустымі рукамі?

— Будзе зроблена, таварыш дзяжурны! — у тон Зіне адказвае Антон. І лічыць неабходным растлумачыць Васілю: — Сыну сёння ажно цэлы год споўніўся.

На паравозе між тым усё ідзе сваім парадкам. Вось пераведзен ужо рэверс, адкрыт рэгулятар. Прайшло імгненне, другое. Бразнулі лёгенечка буферныя талеркі вагонаў, прабег па саставу доўгі скрыгатлівы гук. Яшчэ праз імгненне пачуўся раптам моцны, як з гарматы, выхлап пары з трубы, і тады рэзкі штуршок здрыгануў усе шэсцьдзесят вагонаў поезда.

Уперад, уперад!

1955


1955