epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Сакрэт

Не заходзячы дамоў, Глеб Максімавіч проста з поезда пашыбаваў у сваю кантору. Дырэктар трэста любіў, каб супрацоўнікі, вяртаючыся з камандзіровак, адразу ішлі да яго і тут жа дакладвалі пра вынікі паездкі. Ведаючы гэта, Глеб Максімавіч заўсёды іменна так і рабіў.

Стаяла хмурная і даволі золкая раніца. Вясна сёлета прыйсці ў Мінск запазнілася, і нават цяпер, у маі, даводзілася насіць паліто. Ды яшчэ і шалік закручваць на шыю.

Ад вакзала да трэста было параўнаўча недалёка, таму Глеб Максімавіч не стаў карыстацца ні тралейбусам, ні таксі. Ён наогул не любіў ездзіць, а больш за ўсё хадзіў па горадзе пеша, лічачы, што ў сорак два гады рана адмаўляцца ад паслуг «сваіх дваіх» і спадзявацца толькі на «чужыя чацвярныя».

Але, нягледзячы на благое надвор’е, настрой у Глеба Максімавіча быў цудоўны. Матэрыялы, якія ён сабраў у камандзіроўцы, абавязкова павінны былі спадабацца дырэктару трэста. На іх аснове можна будзе распрацаваць новы, больш дасканалы графік выпуску прадукцыі, і гэта не магло не радаваць. Ідучы па вуліцы, Глеб Максімавіч нават разы са два ўсміхнуўся быў сам сабе, падумаўшы, што такой удалай камандзіроўкі за апошні час не было ні ў кога з супрацоўнікаў трэста.

— Прыйдзецца нават і водпуск перанесці на пазнейшы час,— сказаў сам сабе ў думках Глеб Максімавіч.— У чэрвені ніяк нельга ісці. Работы над новым графікам будзе ўга колькі!

Дырэктар трэста Пятро Пятровіч Нупрэеў сустрэў яго надзвычай ветліва, і гэта крыху здзівіла і нават насцярожыла Глеба Максімавіча. Нупрэеў лічыўся чалавекам сухаватым, у абыходжанні са сваімі падначаленымі ён ніколі не станавіўся, як кажуць, на кароткую нагу, мог нават часам ні за што нагрубіць чалавеку. Таму цяпер, гледзячы на вясёлы, нейкі прасветлены твар дырэктара, Глеб Максімавіч адно дзівіўся. Што здарылася з гэтым чалавекам, якога адны пабойваліся, другія асцерагаліся, а трэція проста пазбягалі?..

— Сядайце, сядайце, шаноўны Глеб Максімавіч,— лагодна гаварыў тым часам Нупрэеў, важна разваліўшыся ў крэсле.— Прыехалі, значыцца? То і добра, то і добра. А ў нас, от, бачыце, надвор’ейка такое, што крый божа!.. І адкуль бы, здаецца, быць такому ліхалеццю ў маі? Проста, не раўнуючы, шаленства нейкае ў прыродзе. Вы бачылі хоць калі што-небудзь падобнае?

— Не, не бачыў,— сказаў Глеб Максімавіч і прысеў на край канапы.

— То ж і я не бачыў. І старыя, кажуць, не бачылі. А? Што вы сказалі?

— Я маўчу...— прамовіў Глеб Максімавіч, зусім не ведаючы, як яму трымацца з Пятром Пятровічам.

«Што ж адбылося? — напружана думаў Глеб Максімавіч.— Якая муха яго ўкусіла?..»

— Вы ўжо снедалі? — мякка спытаў Нупрэеў і працягнуў Глебу Максімавічу пачак «Казбеку». — Курыце, калі ласка.

— Дзякую,— сказаў Глеб Максімавіч.— Я проста з поезда. Хачу далажыць вам пра вынікі камандзіроўкі. Я там на такую залатую жылу натрапіў...

— На жылу? А-а...— пазяхнуў Пятро Пятровіч.— Ну, пра гэта мы пагаворым пасля. А цяпер ідзіце, адпачывайце. А то што ж вы... з поезда і проста на службу. Берагчы сябе трэба, шаноўны Глеб Максімавіч, берагчы трэба. Бо здароўе, як казаў Казьма Пруткоў, даражэй за ўсё. Вы ведаеце Казьму Пруткова?

— Чуў сёе-тое...— няпэўна сказаў Глеб Максімавіч.

— Разумны чалавек, далажу я вам. Вельмі разумны. От, напрыклад, ведаеце, што ён сказаў пра сэрца?

— Пра сэрца?..

— На дне кожнага сэрца, кажа, ёсць асадак!

Пятро Пятровіч задаволена зарагатаў. Нарагатаўшыся, пачаў гаварыць зноў.

— Нібы ў маё сэрца, чарцяка, глядзеў. Бо і сапраўды адчуваю я — ёсць на дне яго нейкі асадак. Невыразны такі, але ёсць. А вы адчуваеце? Ёсць на дне вашага сэрца асадак?

Не разумеючы, куды хіліць Пятро Пятровіч, Глеб Максімавіч сказаў па-ранейшаму няпэўна:

— Ды сёе-тое... нібы і сапраўды...

Сказаўшы так, Глеб Максімавіч асцярожна паглядзеў на Пятра Пятровіча,— як прыме яго словы начальнік?.. Але Нупрэевым, відаць, валодала ўжо нейкая іншая думка, бо ён, старанна пагасіўшы папяросу, раптам спытаў:

— Вы былі калі-небудзь у кабінеце начальніка глаўка?

— У кабінеце таварыша Малашкі? — перапытаў Глеб Максімавіч.

— Я маю на ўвазе не Малашку, а кабінет начальніка глаўка.

— А хіба кабінет таварыша Малашкі і кабінет начальніка глаўка не адно і тое ж? — асцярожна запытаўся Глеб Максімавіч.

— Не, не адно і тое ж,— самазадаволена прамовіў Пятро Пятровіч і шматзначна прымоўк.

«Няўжо?..— мільганула нечаканая думка ў галаве ў Глеба Максімавіча.— Няўжо?..»

— Вам, як старому майму саслужыўцу, я магу сказаць...— пасля паўзы таямніча пачаў Нупрэеў.— Але прашу ўлічыць — гэта пакуль што сакрэт. Таму вельмі прашу — да пары да часу нікому ні слова.

— Магіла! — запэўніў Глеб Максімавіч і ўвесь напружыўся ад цікаўнасці.

— Малашку здымаюць. Яшчэ не знялі, але хутка здымуць. Даюць нашаму міламу начальнічку па шапцы. Быў конь, ды з’ездзіўся. Капут!

— Ну-у?..— шчыра здзівіўся Глеб Максімавіч.

— Вось вам і «ну»!

— А каго ж... каго ставяць?

Пятро Пятровіч узяў з пачка новую папяросу, не спяшаючыся распаліў яе, зацягнуўся дымам і выдыхнуў:

— Мяне.

Трэба было неадкладна ўстаць з канапы і кінуцца віншаваць. Але цела чамусьці не слухалася, Глеб Максімавіч так і астаўся сядзець на канапе, таму віншаванне выйшла не вельмі цёплае. Але Пятро Пятровіч горача падзякаваў Глебу Максімавічу.

На развітанне Нупрэеў яшчэ раз папярэдзіў Глеба Максімавіча:

— Толькі ж глядзіце — нікому ні слова. Пра гэта пакуль што ніводзін чалавек у горадзе не ведае. Я нікому яшчэ не гаварыў. От прыйдзе загад, тады іншая рэч. А пакуль — сакрэт!

«Ну што ж, сакрэт дык сакрэт»,— падумаў Глеб Максімавіч і, ідучы дамоў, вырашыў нічога не гаварыць жонцы.

Сонца схавалася, дзьмуў рэзкі вецер. Глеб Максімавіч браў свой пузаты партфель з жоўтай скуры то ў адну руку, то ў другую: рабіць гэта прыходзілася не таму, што партфель быў важкі і навярэджваў рукі, а ўсё праз тое ж надвор’е,— рукі стылі, і трэба было па чарзе грэць іх у кішэнях.

Мар’я Фёдараўна ведала, што муж прыедзе якраз сёння, і таму падрыхтавалася як след. Не паспеў Глеб Максімавіч памыцца, а на стале ўжо стаяла талерка з украінскім баршчом, а з кухні чуваць было, як на патэльні верашчыць круток сялянскай каўбасы, таксама вельмі любімай.

Глеб Максімавіч еў з вялікім апетытам. Насупраць за сталом сядзела жонка і чагосьці загадкава ўсміхалася.

Нечакана Мар’я Фёдараўна сказала:

— А ведаеш, Малашку здымаюць.

— Што?..— папярхнуўся Глеб Максімавіч.

— Яшчэ не знялі, але хутка здымуць. Даюць нашаму міламу начальніку па шапцы. Быў конь, ды з’ездзіўся. Капут!

— А каго ж... каго ставяць? — ціха спытаў Глеб Максімавіч.

— Ды гэтага твайго... як яго... Нупрэева.

Глеб Максімавіч адчуў, што ў яго раптам зусім прапаў апетыт. Есці ані не хацелася.

1955


1955