epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Салдаты не адступаюць

 

На палубе цеплахода было людна і шумна. На правым борце, бліжэй да кармы, забівалі «казла» пажылы чыгуначнік, два шахцёры і геолаг. Гульня ішла пад выбухі гучнага смеху. Налева ад аматараў даміно група студэнтаў горача абмяркоўвала французскі фільм «Іх было пяцёра», які ўчора паказвалі пасажырам цеплахода. Побач сядзелі прэферансісты, яны раз-пораз выгуквалі дзіўныя, не для кожнага зразумелыя словы: рэміз, пас, віст, мізэр. Воддаль ад прэферансістаў адзінока сядзеў шыракаплечы пахмуры хлопец, падобны на барца-асілка; ён пяшчотна варушыў мяхі новенькага бліскучага акардэона, і той даверліва расказваў свету аб параненым кімсьці сэрцы свайго гаспадара...

Цеплаход ішоў па Цымлянскім моры. Большасць пасажыраў, відаць, прызвычаілася ўжо і да цеплахода, і да самога мора, хоць яшчэ параўнаўча нядаўна ніякага мора тут не было, і таму цеплаход з’явіцца тады ў гэтых мясцінах ніяк не мог. Напэўна, не ўпершыню плылі па Цымле, як пачалі для зручнасці называць Цымлянскае мора ў народзе, і гэтыя вось шумныя забойшчыкі даміно, і студэнты, і тыя заўзятыя прэферансісты, і акардэаніст-асілак. Геолаг нават сказаў сваім партнёрам:

— Наша Цымля зрабілася ўжо абжытым морам. А я яшчэ памятаю, як тут буяў кавыль.

Раніцою далёка на небасхіле паказалася была невялічкая алавяна-сіняя хмарка. Хутка набліжаючыся, хмарка гэтак жа імкліва расла і расла. А калі яна падышла зусім блізка, у паветры адразу дыхнула холадам. І тады пачало здавацца, што цяпер не жнівепь, а золкі, пранізлівы лістапад. Мора пацямнела, зрабілася нейкае шурпатае, няўтульнае. Чакалі, што будзе шторм.

Але хмара раптам павярнула і падалася ў другі бок. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела, і неба зноў стала зырка-блакітнае.

Дзіўна паводзіць сябе Цымлянскае мора! Мабыць, яно яшчэ не асвойталася як след са сваім існаваннем на свеце...

На левым борце на палубе сядзелі двое: Іван Сцяпанавіч Бурак, бухгалтар хлебазавода, і Сяргей Васільевіч Сяржантаў, вайсковец у чыне падпалкоўніка. Першы з іх быў пажылы ўжо чалавек з раскошнай барадой каштанавага колеру, з шырокім спакойным і задаволеным тварам. Вочы яго пазіралі на ўвесь навакольны свет нібы з нейкай абыякавасцю. Падпалкоўнік выглядаў маладзей за бухгалтара, нават значна маладзей, але, мяркуючы па званню, таксама меў ужо за плячыма багата гадоў. Росту ён быў невысокага, твар меў адкрыты, просты. Звярталі на сябе ўвагу ягоныя рукі — яны ўвесь час былі ў руху, нібы дапамагалі падпалкоўніку гаварыць, спрачацца і нават слухаць.

Іван Сцяпанавіч і падпалкоўнік Сяржантаў пазнаёміліся сёння за снеданнем. Высветлілася, што яны землякі, абодва з Палесся, і гэтая акалічнасць адразу зблізіла іх. Увесь дзень яны былі разам. Разам слухалі радыё, разам абедалі, потым гулялі ў паддаўкі, а перад вячэрай, не згаворваючыся, узялі за губу па шклянцы «Цынандалі».

Цяпер яны сядзелі на палубе і, перад тым як пайсці спаць, абменьваліся думкамі і курылі. Падпалкоўнік смаліў адну папяросу за другой, прагна зацягваючыся дымам. Іван Сцяпанавіч смактаў люльку. Ён набіў яе тытунём трэці раз за дзень: першы раз высмактаў пасля снедання, другі — пасля абеду і цяпер вось закурыў трэці раз. Перад самым сном ён выкурыць яшчэ адну люльку. Так, чатыры люлькі на дзень, не больш і не менш.

— Калі чалавеку за пяцьдзесят, ён павінен ужо стрымліваць свае жаданні,— павучальным тонам знаўцы жыцця гаварыў Іван Сцяпанавіч.

Зноў успомнілі родныя мясціны, колішніх агульных знаёмых. Але галоўнае, да чаго яны зноў і зноў вярталіся ў гаворцы, было дзіўнае мора, па якім яны плылі, канал, шлюзы, гідрастанцыя — усё тое, што за кароткі час стварыў савецкі чалавек сярод голага стэпу.

Іван Сцяпанавіч і падпалкоўнік ехалі тут упершыню, і ўсё было для іх новае, цікавае. Асабліва цікавае, вядома, для падпалкоўніка.

— Гэта ж падумаць толькі — дваццаць два мільярды кубаметраў умясціла ў сабе вось гэтае мора! — раскідаючы ад захаплення рукі, гаварыў Сяржантаў.— Дваццаць два мільярды!

— Лічба ўнушальная, — спакойна згаджаўся Іван Сцяпанавіч.

І яны пачалі прыгадваць розныя вядомыя ім абставіны, падзеі, факты, якія мелі дачыненне да гісторыі будаўніцтва, часам не заўважаючы, што пачынаюць сям-там пакрысе перабольшваць альбо нават проста выдумляць тое, чаго ў сапраўднасці не было і быць не магло.

— Летась увосень тут, кажуць, такі штармяга разгуляўся быў, што куды там тое Чорнае мора! — секануў рукою паветра падпалкоўнік Сяржантаў.

— Было, было,— пацвердзіў Іван Сцяпанавіч з такім выглядам, быццам на ўласныя вочы бачыў той незвычайны шторм.

Потым дарожныя знаёмыя перайшлі да размовы аб горадзе, да якога яны трымалі кірунак, пачалі ўспамінаць векапомныя дні сорак другога года...

Плёскаліся аб борт цеплахода хвалі. Раскінуўшы велізарныя крыллі, лунаў над морам арол. У высокім бясхмарным небе загудзеў рэактыўны самалёт, загудзеў і сціхнуў, знік.

Іван Сцяпанавіч зірнуў угору.

— Вось і гэтыя летуны хутка ўжо стануць пройдзеным этапам,— выбіваючы аб поручні люльку, прамовіў ён.— Чым жа яшчэ здзівіць нас розум чалавека?

— Яшчэ многім, бо мяжы для чалавечых магчымасцей няма.— Сяржантаў пстрыкнуў партсігарам і закурыў новую папяросу, з асалодаю ўдыхнуў дым і выпусціў яго праз нос.

— Ну, гэта вы ўжо хапілі залішне,— хаваючы люльку ў кішэню, сказаў Іван Сцяпанавіч.

— Чаму? Чалавек — бязмежны творца.

— І ўсё ж ёсць межы і для гэтага бязмежнага, як вы кажаце, творцы. Ёсць!

— Чакайце, чакайце! — загарэўся Сяргей Васільевіч і зноў секануў паветра рукою.— Вашы словы сведчаць...

— Не, не,— тонам, які не дапускаў пярэчанняў, перапыніў яго Іван Сцяпанавіч.— Вы ж, паважаны мой зямляк, не будзеце адмаўляць народную мудрасць, якая сцвярджае: вышэй галавы не падскочыш. Заўважце — не падскочыш!

— Гэта не народная мудрасць. Гэта — філасофія кансерватызму.

— Непераканаўча, і я застаюся пры сваёй думцы.

Іван Сцяпанавіч быў з тых людзей, якія, дайшоўшы ў сваіх разважаннях альбо назіраннях да пэўных вывадаў, не маглі ўжо ні адмовіцца ад іх, ні перагледзець і змяніць.

Кінуўшы за борт недакураную папяросу, падпалкоўнік спакойна, без ранейшага запалу сказаў:

— Хочаце, я раскажу вам адну гісторыю. Даўно гэта было, яшчэ ў час вайны, але, можа, вам цікава будзе паслухаць. Гісторыя якраз мае дачыненне да пытання аб магчымасцях чалавека.

— Ну, ну.— Бурак паглядзеў на гадзіннік.— Спаць яшчэ рана, час у нас ёсць.

 

— Гісторыя гэта такая, што пачынаць гаворку пра яе давядзецца з сябе, хоць я тут, як кажуць, збоку прыпёка...

Падпалкоўнік выняў партсігар, але чамусьці не закурыў, а паклаў партсігар назад у кішэню.

— Дык вось. Ваяваць я пачаў салдатам, у першы бой уступіў дваццаць шостага чэрвеня сорак першага года, аднак да лістапада сорак другога ні разу не быў паранены. Шанцавала, ці што. У якіх толькі пераплётах не быў, у якія абставіны не трапляў, адусюль выходзіў без ніводнай драпіны. А вось у дзень, калі мы пайшлі ў генеральнае наступленне пад Сталінградам... вось тут, якраз у гэтых мясцінах тое было... у той дзень мяне так сцебанула, што апрытомнеў я толькі праз некалькі дзён.

Памятаю: расплюшчыў вочы, гляджу — нада мною белая столь, з яе звісае электрычная лямпа і гарыць яна так зырка, што ажно вачам балюча. Але я гляджу проста на святло і імкнуся зразумець, дзе я, куды трапіў. Раптам чую: побач, з правага боку, нехта застагнаў. Я памкнуўся ўзняцца, але ледзь толькі паварушыў рукою, як востры боль так працяў мяне, што я зноў страціў прытомнасць.

Апрытомнеў другі раз, напэўна, таму, што зноў пачуў той самы працяглы глухі стогн. Чалавек побач скрыгатаў зубамі, пасля пачаў выкрыкваць:

— Бі! Крышы!..

Лежачы на спіне, я не бачыў таго, хто крычаў, а павярнуцца не адважваўся, бо ўжо ведаў: варта мне толькі варухнуцца, як зноў адчую нясцерпны боль у руцэ. Я ляжаў і прыслухоўваўся. У выкрыках майго невядомага суседа было столькі заклікальнай сілы, што калі б гэта было на полі бою, то ён, напэўна, падняў бы ў атаку нават зусім знясіленых.

— Бі!.. Крышы!..— выкрыкваў ён.

А ў адказ пачуўся другі — ціхі і пяшчотны — жаночы голас:

— Не трэба, Васілёк... Родненькі,не трэба. Пацярпі крыху яшчэ.

— Б-і-і...— ужо не крыкнуў, а прахрыпеў чалавек і сціх.

Тады я зразумеў усё — і дзе знаходжуся, і што са мною: я ў шпіталі, паранены.

«Але куды ж я паранены? — разважаю.— У руку? Мусіць, не толькі ў руку, бо шыю таксама не магу павярнуць — яна скрозь забінтаваная...»

— Сястрыца...— паціху клічу я.

— Што, родненькі? — чую той самы ціхі, пяшчотны голас.— Апрытомнеў?

Нада мною нахіляецца твар ужо немаладой жанчыны. На ёй белы халат і белая касынка. На мяне пазіраюць яе ласкавыя блакітныя вочы.

— Апрытомнеў? — яшчэ раз перапытала сястра.— Гэта Васіль цябе растрывожыў. У яго моцная гарачка.

Сястра паказала галавою ў бок майго суседа. Блакітныя вочы яе неяк адразу пацямнелі, з-пад вейкаў выкаціліся дзве буйныя слязіны.

— Кепска яму? — шэптам спытаў я.

— Вельмі,— адказала сястра і глыбока ўздыхнула.— Яго з падбітага танка выцягнулі... Гарэў... Жывога месца на ім няма.

Па голасу сястры, па яе вачах я зразумеў: дні майго суседа злічаны... Мне зрабілася вусцішна.

Сястра расказала, што ўчора ў шпіталь прыйшло да гэтага самага Васіля Чумака — так звалі майго суседа — пісьмо. Яно доўга блукала, пакуль знайшло адрасатаў. Спярша яго паслалі ў часць, дзе служыў Васіль, адтуль пераслалі ўжо ў шпіталь. Пісьмо было ад Васілёвай маці. Жудасную вестку паведамляла яна сыну. За сувязь з партызанамі фашысты спалілі ўсё іх сяло, ні двара не пакінулі. Голае поле ды чорныя коміны засталіся на тым месцы, дзе была некалі вялікая і прыгожая вёска Лужкі. Спапяліўшы Лужкі, гітлераўцы абвясцілі, што яны надалей забараняюць людзям сяліцца і будавацца на гэтым месцы. Уся Васілёва радня загінула. Цудам выратавалася адна толькі маці. Яна доўга хавалася ў лесе, пакуль не трапіла да партызан. Адтуль і напісала сваё пісьмо-трохкутнічак.

— А Васіль ведае пра гэта? — ціха спытаў я ў сястры.

— Не, мы не чыталі яму пісьмо. Як прыйшло, мы прачыталі самі і вырашылі — не варта яму чытаць. Ён у такім стане... Пісьмо даканае яго. Галоўны ўрач катэгарычна забараніў. Мы нават успамінаць пра Лужкі баімся.

Чумак застагнаў. Сястра кінулася да яго.

— Васілёк, родненькі... Ну чаго, чаго табе? Пацярпі крышачку, пацярпі.

Я падумаў, што і папраўдзе галоўны ўрач мае рацыю. Васіль не вытрывае, даведаўшыся пра жудасны лёс родных Лужкоў. Не, не трэба паказваць яму тое пісьмо.

Раніцою ў палату прыйшоў урач. Гэта быў маленькі, хударлявы і сівы, хоць яшчэ і не вельмі стары чалавек. Ні вусоў, ні барады ў яго не было, затое на галаве дыбам стаяла капа белых, як снег, валасоў. Ён падышоў да мяне быстрай імклівай хадою, схапіў тэмпературны лісток, зірнуў на яго і, падумаўшы, нечакана спытаў:

— Ну, ці хутка ў наш клуб на танцы пойдзем, га? Праўда, у шпітальных пантофлях танцаваць не вельмі зручна, але нічога, прызвычаішся!..

Я не ведаў, што сказаць у адказ. А ўрач, паслухаўшы мой пульс, спытаў:

— Дык, значыць, радавы Сяржантаў? Так?

— Так,— чамусьці нерашуча адказаў я.

Урач усміхнуўся.

— Цікавае ў вас прозвішча... А як жа яно, голубе мой, будзе, калі вы да сержанта даслужыцеся, га? — Урач зрабіў рукой «пад казырок» і басам «далажыў»: — Дазвольце звярнуцца, таварыш сержант Сяржантаў?.. Смешна, праўда?

Мне і папраўдзе стала смешна, і я засмяяўся.

— Правільна! — сказаў урач.— Смейцеся! Смех — гэта адзін з самых моцных лячэбных фактараў.

Ён пачаў на незразумелай для мяне мове штосьці тлумачыць сястры, мусіць, прызначаў лякарствы і працэдуры. Потым, па-змоўніцку падміргнуўшы мне, падаўся да другіх параненых.

На другі дзень мой сусед, цяжка дыхаючы, прахрыпеў:

— Адваяваўся Васіль Чумак... Канцы!..

Яму рабілася ўсё горш і горш. Ён амаль увесь час быў у непрытомнасці, а калі прытомнеў, то безнадзейна гаварыў пра блізкую і немінучую смерць. Чумак быў увесь забінтаваны. Бінты былі ў яго і на галаве, і на твары, і на руках. Напэўна, на ім і сапраўды не было жывога месца... Яго часта некуды вазілі, потым прывозілі зноў..,

— Адваяваўся...— яшчэ раз прашаптаў ён.— Мабыць, заўтра... сканаю.

Я здрыгануўся.

Цяжка бачыць чалавека, які памірае. Тым больш калі ён малады і павінен быў бы яшчэ жыць ды жыць!

— Ну, што ж,— пасля доўгай паўзы прамовіў Васіль.— Зрабіў я нямала... Усё, што мог, зрабіў.

І вось надышла раніца наступнага дня. Я не спаў амаль усю ноч, моцна нылі раны, але на досвітку палягчэла, і я пачаў драмаць.

Раптам пачуў, што дзверы ў нашу палату асцярожна прачыняюцца. Я расплюшчыў вочы. Бачу: у палату ўваходзіць невысокі каржакаваты чалавек у белым халаце, мяркуючы па ўсім, вайсковец. За ім ідуць урач, сястра і яшчэ двое ці трое вайскоўцаў, таксама ў халатах.

— Вось тут, таварыш генерал,— сказаў урач, звяртаючыся да чалавека, што ўвайшоў першым.

Генерал азірнуўся наўкола і ціха, нібы просячы прабачэння за тое, што прыйшоў у такі ранні час, прывітаўся:

— Добры дзень, таварышы.

— Дзень добры,— пачуліся галасы ў адказ.

Толькі Васіль Чумак нічога не адказаў. Ён раптам пачаў дыхаць яшчэ цяжэй, чым звычайна.

Генерал падышоў да першага ложка, сеў на падстаўлены кімсьці табурэт, спытаў у хворага:

— Даўно вы паранены, таварыш?

— Ужо з месяц,— адказаў той.

— Як вас лечаць?

— Добра. Ды толькі ж вельмі многа жалеза ўвагналі ў мяне фашысты.

— Нічога, усё павымаюць. І не агледзецеся, як паставяць вас на ногі,— упэўнена сказаў генерал. Памаўчаўшы, ён спытаў: — У вас будуць да мяне просьбы?

— Дзякую, таварыш генерал, ніякіх просьбаў няма.

— Жадаю вам хутчэй паправіцца! — Генерал узяў руку хворага ў сваю і асцярожна паціснуў.

Потым генерал некалькі хвілін гутарыў з малодшым сержантам, які ляжаў ля акна. Генерал падрабязна распытваў яго аб сям’і, аб дзецях. А пад канец папрасіў напісаць яму, як сустрэнуць воіна на заводзе пасля дэмабілізацыі і як рабочыя памагаюць фронту.

— Адрас мой такі...— і генерал назваў нумар палявой пошты і сваё прозвішча.

— Абавязкова напішу! — сказаў малодшы сержант.

Так генерал абышоў усіх. Засталіся я і Васіль Чумак.

— Радавы Сяржантаў,— прадставіў мяне ўрач, калі генерал прысеў каля майго ложка, і дадаў жартаўліва: — Марыць даслужыцца да сержанта. Хоча быць сержантам Сяржантавым!

Генерал усміхнуўся.

— А мне здаецца... бачу па вачах... што радавы Сяржантаў марыць даслужыцца да палкоўніка... не, да генерала! — сказаў генерал і павярнуўся да сястры.— Як вы думаеце — даслужыцца?

Сястра пачырванела, на яе кірпатым носе ярка выступілі вяснушкі, якіх я раней не заўважаў.

— Бярыце вышэй,— падумаўшы, адказала сястра.

— А што? І сапраўды, благаславім яго на маршала!

— Толькі на маршала, і не ніжэй! — засмяяўся я.

Генерал падышоў да Чумака, сеў побач і некаторы час моўчкі пазіраў на хворага.

— Цяжка? — неяк асабліва пранікнёна спытаў ён.

— Цяжка,— адказаў Чумак і ўздыхнуў.— Відаць, памру, таварыш палкоўнік... прабачце, таварыш генерал.

Тут я зразумеў, што генерал і салдат даўно знаёмыя, што гэта не першая іх сустрэча. Мабыць, генерал камандаваў злучэннем, у якім служыў Чумак, і Васіль ведаў яго яшчэ тады, калі той быў палкоўнікам.

— Гэта вы дарэмна. Вам яшчэ трэба жыць... Доўга трэба жыць. Жыць і змагацца!

Генерал гаварыў цёпла, задушэўна, як дбайны бацька з дарагім сынам.

— Не ведаю...— прашаптаў Чумак.

— Салдаты не адступаюць, ніколі не адступаюць! Гэта наш брат, генерал, часам вымушаны даваць загад на адступленне, а салдат заўсёды імкнецца толькі наперад. Так што ў вас адна дарога — ісці наперад і перамагаць! Перамагаць ворага, сябе самога і нават самую смерць. Не адступаць нават перад смерцю. А дактары вам памогуць. Яны, я ўпэўнены, зробяць усё дзеля таго, каб памагчы вам.

Генерал нахіліўся да Чумака:

— Вас, здаецца, завуць Васілём, таварыш Чумак?

— Ага.

— У мяне сын таксама Васіль. Лётчык.

— Няхай бы ў танкісты ішоў, як бацька.

— Ну, у лётчыкаў наконт гэтага свае меркаванні.

Перадыхнуўшы, Чумак спытаў:

— Як там, таварыш генерал, наша дывізія... добра ваюе? Хлопцы нашы... га?

— Нядрэнна. Вярхоўны Галоўнакамандуючы абвясціў асабоваму саставу дывізіі падзяку за ўдзел у разгроме арміі фон Паўлюса. Даём фашыстам прыкурыць!

Генерал яшчэ бліжэй нахіліўся да Васіля.

— Лужкі чакаюць вас, таварыш Чумак.

— Лужкі? — насцярожана перапытаў Васіль.— Яны вызвалены?

Я сумеўся. Пабялела з твару сястра. Пераступіў з нагі на нагу ўрач. У палаце зрабілася ціха-ціха, ніхто, здавалася, нават не дыхаў.

— Гітлераўцы знішчылі іх, ператварылі ў «мёртвую зону». Вы павінны вярнуцца ў Лужкі, адбудаваць іх, каб зрабіліся яны яшчэ лепшыя і прыгажэйшыя, чым раней.

У цішыні выразна было чуваць цяжкае дыханне Васіля.

— Адбудуеце? — Генерал зазірнуў Васілю ў самую глыбіню вачэй.

Я пераадолеў свой боль і таксама глядзеў на Васіля.

Генерал зноў пачаў гаварыць. І такая перакананасць гучала ў ягоных словах, такая вера ў сілы чалавека, што адчувалася — думкі аб безнадзейнасці становішча ў Чумака паступова знікаюць, а на іх месца прыходзіць надзея і нават упэўненасць.

Нібы загад камандзіра свайму салдату, прагучалі словы генерала:

— Вам трэба яшчэ многа зрабіць у жыцці! Вельмі многа!

— Зраблю! — выдыхнуў Чумак. І яшчэ раз паўтарыў: — Зраблю, таварыш генерал!

Генерал пацалаваў салдата ў вусны.

— Да пабачэння, таварыш Чумак. Упэўнены, што яшчэ пачую пра вас і вашы справы. Да пабачэння!

— Да пабачэння, таварыш генерал! — ужо новым, з адценнем цвёрдасці і рашучасці, голасам сказаў Чумак.

Генерал устаў, паглядзеў на ўсіх нас, усміхнуўся сваёй шчырай адкрытай усмешкай.

— Жадаю ўсім вам хутчэй ачуняць!

— Дзякуем! — амаль у адзін голас адказалі мы.— А вам, таварыш генерал, жадаем поспехаў у баях. Ганіце фашыстаў да самага Берліна!

 

Падпалкоўнік закурыў, зацягнуўся дымам. Чуваць было, як пальцы яго рукі лёгка застукалі па метале поручняў.

— А Васіль што ж?..— нецярпліва спытаў Бурак.

— Дома. Старшынёй калгаса ў Лужках робіць. Я да яго якраз і еду ў госці. Між іншым, пазаўчора прачытаў у газеце, што яму прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Вось так, шаноўны Іван Сцяпанавіч!

1973

 


1973?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васілёнак Я. Выбраныя творы ў 2-х тамах. Том 2. Апавяданні і аповесці. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с.
Крыніца: скан