epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Самае важнае адкрыццё

Прафесар Кузьма Захаравіч Ігнатоўскі не збіраўся так доўга быць у камандзіроўцы. Паехаць назад у Маскву ён думаў яшчэ на мінулым тыдні. Але справы нечакана затрымалі яго ў Мінску. Праўда, Кузьма Захаравіч надта і не шкадаваў, што гэтак затрымаўся. Камандзіроўка была вельмі ўдалая, ён нават і не спадзяваўся, што здолее зрабіць столькі.

Цяпер ужо ўсё ўладжана, і заўтра прафесар паедзе дамоў. Нават білет ужо ляжыць у кішэні. Адно толькі трохі засмучае: чым заняць сённяшні вечар? Усе гэтыя дні прафесар быў да таго заняты, што ў яго не было і хвіліны вольнага часу. А тут раптам цэлы вольны вечар!..

У гасцініцы было цёпла, нумар Ігнатоўскаму трапіўся добры, утульны, і ісці нікуды не хацелася. Ігнатоўскі надумаў пачытаць апошнюю кніжку «Нового мира». Але, уладжваючыся з часопісам у мяккім ёмкім крэсле, ён раптам успомніў, што збіраўся пазваніць інжынеру Сцяпану Максімавічу Карпілаву. З Карпілавым ён не быў знаёмы, нават не бачыў яго ніколі, але чуў пра яго як пра выдатнага спецыяліста якраз у той галіне, у якой працаваў і сам. Незадоўга да свайго ад’езду з Масквы прафесар вычытаў у адным навуковым выданні, што інжынеру Карпілаву ўдалося вынайсці надзвычай арыгінальную рэч — першы ў гісторыі тэхнікі двухдугавы электразварачны аўтамат. Над падобнай праблемай працаваў аднойчы і сам Ігнатоўскі, але тады на шляху да стварэння аўтамата стаяла шмат не вырашаных яшчэ праблем, і прафесару прыйшлося на пэўны час адкласці працу. І вось гэтую працу, аказваецца, зрабіў нехта другі, якісьці інжынер Карпілаў з Мінска... Хто ён? Адкуль узяў ён веды і спрыт, якіх не хапіла тады прафесару?..

Напэўна, гэта быў малады, але, безумоўна, вельмі таленавіты вучоны. І таму Ігнатоўскаму дужа хацелася сустрэцца са сваёй раўнёй. У першы ж дзень пасля прыезду ў Мінск Кузьма Захаравіч разведаў тэлефон Карпілава і пазваніў яму. Аднак, як на тое, інжынера ў горадзе не аказалася, ён па нейкіх службовых справах выехаў у Гомель і павінен быў вярнуцца толькі сёння.

Сёння, значыцца, ён меўся быць дома. Згадаўшы гэта, Кузьма Захаравіч падумаў зараз жа дамовіцца з ім аб сустрэчы на заўтрашнюю раніцу. «Запрашу яго да сябе ў нумар,— падумаў Кузьма Захаравіч.— Або, яшчэ лепш, на снеданне ў рэстаран».

Па тэлефоне адказалі адразу. Даведаўшыся, хто гэта і адкуль звоніць, Карпілаў відавочна ўзрадаваўся. У трубцы загучаў яго прыемны энергічны голас:

— То чаго ж вы, дарагі прафесар, сядзіце там у адзіноце? Прыходзьце, калі ласка, да мяне. Пагаворым, павячэраем разам. Далібог, прыходзьце! Вялікую ласку зробіце!

Відаць было, што Карпілаў запрашае ад шчырага сэрца, што ён рад бачыць у сябе ў гасцях Кузьму Захаравіча, і таму прафесар не пасмеў адмовіцца.

Карпілаў жыў у цэнтры горада, недалёка ад універмага. «Другі пад’езд, чацвёрты паверх, налева»,— удакладніў ён адрас.

«Можа гэта і к лепшаму,— разважаў прафесар, збіраючыся ў дарогу.— Не трэба будзе заўтра, у нядзелю, адрываць чалавека ад сям’і».

Вечар быў марозны, але ціхі, бязветраны. Горад зіхацеў безліччу агнёў. Яны гарэлі ў вокнах дамоў, палалі рэкламамі ўгары над дахамі. Вакол чуліся ўзбуджаныя галасы людзей, недзе гучала музыка, па бруку імкліва несліся машыны...

Кузьма Захаравіч надумаў прайсціся да кватэры Карпілава пеша,— балазе ісці было недалёка. Хацелася падумаць, памарыць...

У сваім жыцці прафесар зрабіў нямала адкрыццяў. Адны з іх былі больш значныя, другія менш. Але Ігнатоўскага ніколі не пакідала пачуццё незадаволенасці сабою. Яму ўвесь час здавалася, што самага важнага, самага неабходнага адкрыцця ён так і не зрабіў. Ён не ўяўляў сабе, якое яно павінна было быць, але ведаў, што без гэтага адкрыцця жыццё прафесара будзе непаўнацэнным. «Я яшчэ прыйду да яго, яшчэ прыйду»,— запэўніваў ён сябе.

Але гады міналі, надышла ўжо і старасць, а тое, дзеля чаго толькі і варта было, здаецца, жыць, не прыходзіла. І прафесару пачынала ўжо здавацца падчас, што ён нейкім чынам прапусціў той момант, калі гэта можна было ажыццявіць, што ён сам недаравальна пазбавіў сябе магчымасці зрабіць самае галоўнае ў сваім жыцці.

Ды сёння пра гэта не хацелася думаць. Кузьма Захаравіч паспрабаваў уявіць сабе аўтамат Карпілава. І тут прафесар раптам усміхнуўся сам сабе. Рэч у тым, што аўтарам аўтамата афіцыйна лічыўся не Карпілаў, а другі чалавек. У паведамленні было сказана, што сканструяваў яго электразваршчык М. С. Макарчук. І было яшчэ сказана ў канцы, што кансультаваў гэтага электразваршчыка інжынер С. М. Карпілаў. Аднак Ігнатоўскі ні на хвіліну не сумняваўся, што іменна Карпілаў зрабіў усё ад пачатку да канца. Магчыма, што першапачатковую ідэю і сапраўды даў той рабочы, але ажыццявіць гэтую ідэю мог, вядома, толькі чалавек тэхнічнай думкі.

«Даніна часу,— зноў усміхнуўся Кузьма Захаравіч.— Гэта цяпер самае моднае захапленне — шэфства людзей навукі над работнікамі вытворчасці. Даніна часу!..»

Пра Кузьму Захаравіча нельга было сказаць, што ён не верыць у шэфства. Але ён шчыра лічыў, што ў гэтай справе больш паказнога, чым сапраўднага. Самому яму не даводзілася ажыццяўляць гэтага самага шэфства, і ён не вельмі шкадаваў аб гэтым.

«Вось і інжынер Карпілаў аддае даніну часу,— разважаў Кузьма Захаравіч.— Але са мною ён не будзе гуляць у хованкі. Бо я адразу выведу яго на чыстую ваду».

У гэтую хвіліну прафесар якраз апынуўся перад домам, у якім жыў Карпілаў. Дом быў вялікі, на пяць паверхаў, і займаў сабою ледзь не паўквартала. «Другі пад’езд, чацвёрты паверх, налева»,— успомніў прафесар словы гасціннага інжынера. Вось тут!

І ён рашуча адчыніў тугія, на спружыне, дзверы і гэтак жа рашуча пачаў узбірацца па прыступках. Але гэтай рашучасці хапіла толькі на два маршы лесвіцы, а потым Кузьма Захаравіч вымушаны быў ледзь не праз кожныя дзве-тры прыступкі спыняцца, каб адпачыць і набрацца новых сіл. «Старэеш, бацюхна, старэеш!..» — з тугою гаварыў сам сабе Кузьма Захаравіч, прыслухоўваючыся, як гучна стукае ў грудзях сэрца.

Да патрэбнай пляцоўкі ён ледзь дацёгся, увесь час лаячы мінскіх будаўнікоў за тое, што яны не робяць у жылых дамах ліфтаў.

На званок прафесара дзверы адчыніў хлопчык гадоў дзесяці-адзінаццаці.

— Вы да нас? — запытаўся ён, з цікаўнасцю разглядаючы доўгую бараду Кузьмы Захаравіча.

— Да вас, калі тут жывуць такія цудоўныя хлопчыкі,— жартаўліва адказаў Кузьма Захаравіч.— Твой тата якраз і запрасіў мяне, каб я паглядзеў, які ў яго цудоўны сын. Ты нічога не маеш супраць?

— Не, я нічога не маю супраць. А хто вы?

— Давай пазнаёмімся,— сказаў Кузьма Захаравіч, уваходзячы ў пярэднюю.— Я прафесар Ігнатоўскі, з Масквы, завуць мяне Кузьма Захаравіч. А цябе?

— А я Косця... Канстанцін,— паправіўся хлопчык. Ён падумаў крыху, быццам нешта ўспамінаючы. Потым узрадавана загаварыў:— Гэта вы напісалі тую тоўстую кнігу, што ляжыць у таты на стале? Там на вокладцы якраз і надрукавана: «Прафесар К. З. Ігнатоўскі».

— Яна табе не спадабалася?

— Чаму, спадабалася,— не маргнуўшы і вокам, храбра схлусіў Косця.— Але там малюнкаў мала.

— Твая праўда, мала. Каюся, вінаваты. І пастараюся як-небудзь паправіць сваю памылку.

— Тады вы распранайцеся, а я пайду скажу тату, што вы прыйшлі.

Косця знік у пакоях.

Распранаючыся, Кузьма Захаравіч чуў праз дзверы, як у адказ на Косцева паведамленне нечы мужчынскі голас усхвалявана сказаў:

— Прафесар Ігнатоўскі? Сам прафесар? З Масквы?

«Напэўна, у Карпілава сабраліся госці,— падумаў Кузьма Захаравіч.— А гаспадар, відаць, не папярэдзіў, што я прыйду».

Потым пачуўся жаночы голас, потым яшчэ мужчынскі. І ўсе паўтаралі яго імя, і ва ўсіх галасы былі, як здалося прафесару, чамусьці не то ўстрывожаныя, не то разгубленыя.

Дзверы з пакояў адчыніліся, і прафесар убачыў перад сабою надзвычай высокага мужчыну ў чорным двухбортным гарнітуры. Кузьма Захаравіч зразумеў, што гэта і ёсць гаспадар кватэры, канструктар аўтамата.

Яму было, відаць, гадоў трыццаць пяць ці мо трошкі болей. Прафесару перш за ўсё кінулася ў вочы яго вялікая галава з высокім ілбом, над якім дыбка стаяла капа цёмных кучаравых валасоў. У канструктара былі рэзкія рысы твару, буйны нос, поўныя губы. Ён неяк нязграбна адтапырваў локці, што тлумачылася, напэўна, вялізнымі памерамі ягоных рук. Кузьма Захаравіч міжвольна зірнуў на яго пальцы: яны былі важкія і доўгія, як цвікі-пяціцалёвікі.

Ад усяе постаці канструктара павявала зайздросным здароўем і дужаю сілаю. І разам з тым выгляд у яго быў засаромлены, нават збянтэжаны.

«А і здаравяка ж ты, бацюхна! — з захапленнем падумаў Кузьма Захаравіч.— Асілак!»

— Добры вечар,— сказаў ён, працягваючы асілку руку.— Прыйшоў вось пазнаёміцца з вашым аўтаматам і павіншаваць вас. Выдатную рэч зрабілі вы, паважаны калега!

— Дзякую,— грымнуў актаваю канструктар.— Я чуў, што вы ў Мінску... але я не думаў, што вы... Я вельмі рад бачыць...

Ён відавочна хваляваўся.

— Я, канешне, не стаў бы турбаваць вас сёння, каб не гэты ваш аўтамат,— перапыніў яго прафесар.— Што каму рупіць, той тое і жупіць. Мне вельмі хацелася пазнаёміцца з аўтаматам, хоць бы ў чарцяжах. Таму я і дазволіў сабе ўварвацца да вас. Заўтра я ад’язджаю. А ў вас, здаецца, госці?

— Ды тут такая рэч... Жонка сёння імянінніца.

Яны ўсё яшчэ стаялі ў пярэдняй. Нарэшце гаспадар спахапіўся і запрасіў госця ў пакоі.

Зала, куды трапіў потым Кузьма Захаравіч, была параўнальна невялікая, і ўсё тут было надзвычай сціплае, простае, але падабранае і размешчанае з густам. Пасярэдзіне стаяў даўгаваты стол, засланы белым узорыстым абрусам. Адразу направа былі дзверы ў другі пакой, а далей каля сцяны стаяла канапа з чахлом, таксама белым, і мноствам вышываных падушачак. У куце на століку-праігрывальніку знаходзіўся прыёмнік; Кузьма Захаравіч, які быў заўзятым радыёаматарам, з ухвалаю адзначыў марку прыёмніка: «Т-689». Сярэдзіну левай сцяны займаў масіўны строгі буфет, прыбраны ажурнымі карункавымі сурвэткамі. Побач на нейкім арыгінальным трохногім збудаванні красаваўся блішчасты пузаты самавар. На сценах, на самых бачных месцах, віселі ўдалыя копіі з шышкінскай «Раніцы ў сасновым бары» і «Дзевятага вала» Айвазоўскага.

На ўсім, што было ў пакоі, адчуваўся прыкметны адбітак клапатлівай і ўмелай рукі гаспадыні. Цяпер яна стаяла каля стала, злёгку абапіраючыся на яго левай рукой, і глядзела на прафесара адкрытым светлым позіркам.

— Мая жонка Людміла Фёдараўна,— адрэкамендаваў яе канструктар прафесару.

У процівагу мужу Людміла Фёдараўна стварала ўражанне асобы надта далікатнай, нават кволай. Яна была тоненькая, як дзяўчынка, і, відаць, вельмі рухавая.

Трошкі зачырванеўшыся, Людміла Фёдараўна гасцінна запрасіла прафесара пабыць на яе свяце. Затым яна пазнаёміла Кузьму Захаравіча з гасцямі. Іх было няшмат: пажылы майстар з жонкай, малады токар і яшчэ дзяўчына, студэнтка медінстытута, якая даводзілася пляменніцай гаспадарам. Гэта былі простыя сімпатычныя людзі, яны адразу спадабаліся прафесару.

Косця таксама быў тут. Ён проста вачэй не зводзіў з прафесара. Кузьма Захаравіч пашкадаваў, што не ведаў пра існаванне гэтага мілага хлапчука зараней і таму не прынёс яму ніякага гасцінца. Каб хоць у якой меры згладзіць гэты свой міжвольны промах, Кузьма Захаравіч выняў з кішэні аўтаручку, якую прывёз некалі з Англіі, і даў яе Косцю. Той быў на сёмым небе ад радасці.

Відаць, перад тым, як прыйшоў Кузьма Захаравіч, госці вялі нейкую вясёлую размову, бо і цяпер хто-ніхто з іх кідаў рэплікі, якія выклікалі агульны смех. Прафесару не цярпелася пагаварыць з гаспадаром, таму ён, выбраўшы зручны момант, адразу звярнуўся да яго з просьбай расказаць яму пра аўтамат.

Яны перайшлі ў пакой, што быў побач з залай. Канструктар пазбавіўся ўжо сваёй нядаўняй збянтэжанасці і трымаўся амаль што натуральна, без нацягнутасці.

— Гэта наш з Кастусём кабінет,— сказаў, усміхаючыся, гаспадар.— Адзін стол на двух. Другога, як бачыце, ставіць няма дзе. Але мы не сварымся. Строга пільнуемся чаргі.

Пакой быў і сапраўды вельмі маленькі. Аднак і тут панавалі чысціня і парадак. Кузьма Захаравіч прабег вачыма па паліцы з кнігамі. «Здаецца, тут больш белетрыстыкі, чым тэхнічнай літаратуры»,— здзівіўся ён.

Гаспадар дастаў з шуфляды стала пухлую папку зялёнага колеру, развязаў матузкі, любоўна падраўняў і без таго акуратна складзеныя паперы.

— Ну, вось. Глядзіце і судзіце.

Прафесар узяў папку ў рукі, злёгку патрос яе, нібы ўзважваючы.

— Гэта, значыцца, і ёсць ваш аўтамат? — паасобна вымаўляючы кожнае слова, выразна спытаў Кузьма Захаравіч.

— Гэта і ёсць мой аўтамат,— проста адказаў гаспадар.

Непрыкметна для канструктара прафесар усміхнуўся.

«От бачыш, бацюхна, са мною не мае сэнсу гуляць у хованкі!» — гаварыла гэтая ўсмешка.

А далей прафесар з цікавасцю пачаў разглядаць матэрыялы папкі. Перш за ўсё яму трапіўся фотаздымак аўтамата. Прыкладна такім і ўяўляў яго сабе Ігнатоўскі. Надзвычай цікавая і разам з тым вельмі простая канструкцыя.

— Па гэтых трубах,— прафесар паказаў на апушчаныя ўніз і выгнутыя, як хобаты, дзве трубы,— да дуг аўтаматычна падаецца электродны дрот?

— І флюс таксама. і

— І флюс? Арыгінальна.

Прафесар задаваў адно пытанне за другім. Яго цікавіла ўсё — электрычныя і хадавыя дадзеныя аўтамата, лінейная хуткасць, расход зварачных матэрыялаў. Канструктар даваў падрабязныя і грунтоўныя тлумачэнні. Гаварыў ён проста, не злоўжываючы тэхнічнымі тэрмінамі, і гэта прыйшлося Кузьму Захаравічу вельмі да спадобы.

Але, гэты чалавек быў раўня яму, прафесару Ігнатоўскаму.

— Ну што ж,— сказаў Кузьма Захаравіч,— вельмі рад за вас, Сцяпан Максімавіч. Вельмі рад. Прыміце маё самае шчырае віншаванне. Выдатную штуку змайстравалі вы!

— Дзякую, Кузьма Захаравіч,— расчулена адказаў канструктар.— Сардэчна дзякую. Ваша пахвала для мяне значыць вельмі многа.

У пакой увайшла Людміла Фёдараўна і запрасіла Кузьму Захаравіча і мужа да стала.

— Папярэджваю, я магу напіцца,— жартаўліва сказаў Кузьма Захаравіч.— Бо буду піць і ў ваш гонар, і ў гонар вашага мужа, Сцяпана Максімавіча.

Канструктар раптам пачырванеў і зусім па-дзіцячы пераступіў з нагі па нагу.

— Прабачце мне, Кузьма Захаравіч...— запінаючыся і адчуваючы сябе, відаць, вельмі няёмка, вымавіў ён.— Я хацеў сказаць... Гэта, вядома, дробязь, але...

Прафесар хутка павярнуўся да канструктара.

— Што?

— Я хацеў сказаць... Мяне завуць не Сцяпанам Максімавічам, а наадварот — Максімам Сцяпанавічам. Вы некалькі разоў паўтарылі...

— Ну вось бачыце, я ўжо п’яны,— засмяяўся Кузьма Захаравіч. Потым ён паглядзеў на канструктара і пасур'ёзнеў.— Дзіўна. Я дагэтуль ніколі не скардзіўся на сваю памяць, асабліва на зрокавую. Між тым, я ўпэўнены, што ў часопісе было надрукавана іменна так: С. М. Карпілаў. Хіба там была памылка?

— Не, там памылкі не было. Інжынера Карпілава сапраўды завуць Сцяпанам Максімавічам. Там было правільна.

Прафесар ссунуў бровы, па твары яго прабег цень.

— Нічога не разумею,— пахмура сказаў ён.— Вы жартуеце, ці што?.. Гм, Карпілава завуць Сцяпанам Максімавічам, а вас Максімам Сцяпанавічам. Гм! Можа, вы яшчэ скажаце, што не маеце ніякага дачынення да інжынера Карпілава?

— Не, чаму, гэтага я не скажу. Ён вельмі памог мне. Сцяпан Максімавіч дужа добры чалавек. Я яму шмат чым абавязаны.

Вочы прафесара пашырыліся, ён утаропіўся на Максіма Сцяпанавіча нейкім дзіўным, нібы спалоханым, позіркам. Потым ён раптам пляснуў сябе рукою па лбе і гучна, на ўсю кватэру, рассмяяўся.

— Скажыце,— давячыся смехам, спытаў ён.— Гэта каторы паверх? На якім паверсе вы жывяце?

— На трэцім...— чамусьці шэптам адказаў Максім Сцяпанавіч.— А што? Высока?

— А над вамі жыве Карпілаў, так?

— Але, ён.

Прафесар усё яшчэ смяяўся. І ўсё глядзеў на Максіма Сцяпанавіча, глядзеў так, быццам толькі цяпер упершыню ўбачыў яго.

— Адбылася грандыёзная, неймаверная памылка, дарагі Максім Сцяпанавіч,— весела прамовіў прафесар.— Але я не шкадую. Будзем спадзявацца, што інжынер Карпілаў даруе мне. Не, я не шкадую. Сёння, у гэтым пакоі, я зрабіў важнае адкрыццё. Самае важнае ў сваім жыцці. Дык пойдзем і падымем чаркі за гэтае адкрыццё!

Прафесар Ігнатоўскі ўзяў пад рукі зваршчыка Макарчука і яго жонку Людмілу Фёдараўну, і яны пайшлі ў залу. Там за сервіраваным па-святочнаму сталом рассаджваліся госці.

1956


1956