epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Васілёнак

Сартавальная горка

Першым выявіў гэта счэпшчык Федзя Цімафееў. Увайшоўшы ў дзяжурку, дзе сабралася перад зменай уся саставіцельская брыгада, ён з абурэннем сказаў:

— Бачылі? Віталя Шчупака нехта ўкраў!

— Як украў?.. Дзе?.. — пачуліся галасы.

— А вось так, выкралі нашага саставіцеля, і ўсё тут. Быў Віталь — і няма Віталя.

У пакоі стала ціха-ціха. Паведамленне Федзі Цімафеева было да таго неверагоднае, што ўсе разгубіліся. Хутчэй за ўсё — думалі многія — гэта быў жарт, бо Федзя лічыўся ў брыгадзе чалавекам, у якога заўсёды свярбіць язык. Але цяпер ён гаварыў сур’ёзна, і выгляд у яго быў надзьмуты. Таму, уражаныя Федзевымі словамі, сказанымі ў такім катэгарычным тоне, усе здзіўлена маўчалі, зусім забыўшыся на тое, што Віталь Шчупак у гэтую хвіліну сядзіць тут жа, у дзяжурцы...

— Цікава ведаць, хто гэта мог зрабіць? — пытаўся далей Федзя Цімафееў, чухаючы патыліцу. Вочы яго, звычайна вострыя і смяшлівыя, пацямнелі і пасуровелі, бровы насупіліся.— Гэта проста хуліганства, вось што я вам скажу!

Маўчанне зацягвалася. Пятнаццаць ці мо дваццаць чалавек, што знаходзіліся ў гэты ранішні час у дзяжурцы, збянтэжана пазіралі на Федзю і ўсё яшчэ не ведалі, як успрымаць яго словы.

— Што ты чаўпеш?! — прамовіў нарэшце сам Віталь Шчупак. Ён усхапіўся з табурэткі і пагрозліва ступіў да Федзі.— Хто мяне ўкраў?

У дзяжурцы грымнуў смех. Толькі цяпер, пачуўшы голас Шчупака, чыгуначнікі апамяталіся.

— А-а, ты тут...— Федзя працягнуў руку брыгадзіру.— Хіба ты нічога не ведаеш?

— Хто мяне ўкраў? — не беручы рукі счэпшчыка, паўтарыў Віталь і яшчэ больш грозна паглядзеў на Федзю.

— Напэўна, хуліган нейкі, хто ж яшчэ мог зрабіць такое. Проста жывасілам выдраў цябе.

Чыгуначнікі аж упокат клаліся. Не стрымаўшыся, засмяяўся і Віталь Шчупак. Яго каштанавы чуб, які заўсёды тарчаў з-пад заламанай набакір шапкі і якім Віталь дужа ганарыўся, затросся і эфектна рассыпаўся па лбе славутага саставіцеля.

— Рагачы, рагачы,— злосна сказаў тады Федзя і бліснуў вачыма.— Можа, табе і напляваць па тое, як абыходзяцца з тваёй фізіяноміяй, але я на тваім месцы паставіўся б да гэтага інакш.

Тут усе зразумелі, што Федзя не жартуе, што ён і сапраўды чымсьці абураны. Смех адразу аціх. Усе насцярожыліся.

— Ды кажы ты толкам, што здарылася? Не тамі! — узмаліўся Шчупак.

— А хіба я кажу не толкам? Я ж табе чалавечай мовай, а не якой іншай, тлумачу: сцібрылі тваю фізіяномію. Проста жывасілам выдралі!

— З дошкі Гонару? — здагадаўся нарэшце Віталь і пабялеў з твару.

— Учора сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма. Я нават вачам спярша не паверыў. Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Ажно бачу, і сапраўды няма. І вось што я табе скажу: тут справа не абышлася без рук альшанаўскай брыгады.

І тады загаварылі ўсе адразу. У брыгадзе любілі свайго важака, і здарэнне гэтае палічылі за асабістую крыўду. Кожнаму хацелася выказаць сваю думку, і ў пакоі ўзняўся страшэнны гоман.

— Гэта агіднасць! Гэта нахабства! — крычаў башмачнік Сцяпан Стукаў.

Яму энергічна падтакваў стрэлачнік Пятро Гуляеў:

— Але, але! Нахабства! Але, але!

Абураліся і гневаліся ўсе члены брыгады. Маўчала, здаецца, адна толькі стрэлачніца Люся Шапавалава — ціхая, непрыкметная дзяўчына з кірпатым носікам і з шэрымі летуценнымі вачыма. Сціплая, сарамлівая, яна заўсёды трымалася ў баку ад усіх.

Думка Федзі Цімафеева пра тое, што дзіўная прапажа фотакарткі з дошкі Гонару не абышлася без удзелу каго-небудзь з брыгады Сяргея Альшанава, была небеспадстаўная. Брыгады саставіцеляў паяздоў Шчупака і Альшанава даўно спаборнічаюць паміж сабой, і ў апошнія месяцы на першае месца выходзілі шчупакоўцы. Заўтра будуць падводзіцца чарговыя вынікі спаборніцтва, і падобна на тое, што на гэты раз выйдуць наперад альшанаўцы. Нехта з іх, відаць, і паспяшаўся скінуць Віталя Шчупака з дошкі Гонару.

Да пачатку змены заставалася яшчэ паўгадзіны. Віталь Шчупак папраставаў цераз пуці да чырвонага кутка. Яму хацелася самому пераканацца ў тым, што яго фотакарткі і сапраўды няма на дошцы Гонару.

За Шчупаком, амаль не адстаючы ад яго, крочыў Федзя Цімафееў. Следам ішлі астатнія члены брыгады. Самай апошняй была Люся Шапавалава. За тры месяцы, што Люся працуе ў брыгадзе, яна ні з кім не паспела пасябраваць і заўжды прыходзіла на дзяжурства і вярталася дадому адна.

Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. У сінім бясхмарным небе зырка палала сонца. І хоць час быў яшчэ ранні, усё вакол паспела ладна нагрэцца. Асабліва распаліліся рэйкі — гэта адчувалася нават праз абутак.

Дошка Гонару знаходзілася на двары каля памяшкання чырвонага кутка. Яна была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Яшчэ ўчора тут на самай сярэдзіне знаходзіўся партрэт Віталя Шчупака. А цяпер на яго месцы была пустая пляма. Прыпыніўшыся каля дошкі, Віталь з хвіліну моўчкі глядзеў па гэтую пляму, потым павярнуўся ў бок сартавальнай горкі, дзе канчала дзяжурства брыгада Альшанава.

— Няўжо гэта яны?..

— Напэўна, Пятро Стахоўскі! — аўтарытэтна заявіў Федзя Цімафееў. Потым падумаў і гэтак жа аўтарытэтна сказаў другое: — Або, мажліва, Сашка Бабровіч!

— А можа, сам Альшанаў? — выказаў сваю думку стрэлачнік Гуляеў.

— Наўрад...— Федзя таксама паглядзеў у бок сартавальнай горкі.— Ну, даведацца б мне толькі, хто гэта зрабіў! Я яму паказаў бы, пачым фунт ліха!

— А што яму было б, а? — нечакана спытала Люся Шапавалава і пачырванела.

— Яму?.. Ды я...— Федзя павярнуўся да Люсі і акінуў яе позіркам з галавы да ног.— Ды я яму... ведаеце, што я зрабіў бы? Ды я яго... О, вы проста не можаце ўявіць сабе, што я зрабіў бы!

— А ўсё ж?

— Ну, я... я яму... А ўвогуле, якая вам справа да таго, што б я зрабіў? Будзьце пэўны, цалавацца-мілавацца з ім я не стаў бы!..

Тут да шчупакоўцаў падышла спісчыца вагонаў Тамара Яблонская, пра якую гаварылі, што яна падобна на артыстку Марыну Ладыніну. Усе ў брыгадзе ведалі, што Віталь заляцаецца да Тамары, але ці карыстаецца ён поспехам у яе, пра гэта нічога пэўнага вядома не было. Убачыўшы Тамару, Шчупак міжвольна хутка абцягнуў пінжак.

— Нашаму шаноўнаму саставіцелю далі адстаўку? — з усмешкаю прамовіла Тамара Яблонская.— Яму адмоўлена ў славе?

— Славы нашай вы не чапайце,— сказаў Федзя Цімафееў.— Таварыша Шчупака знялі выпадкова.

— Відаць, не зарабіў, каб заставацца на дошцы Гонару,— уедліва абвясціла Тамара і, не кінуўшы ні на Федзю, ні на Шчупака нават самага нязначнага позірку, паважна пайшла ўздоўж пуцей.

Федзя памкнуўся быў сказаць ёй нешта наўздагон, але перадумаў, чакаючы, што Тамары адкажа сам брыгадзір. Але Шчупак не адказаў нічога, ён толькі крэкнуў і схаваў свой чуб пад шапку.

А праз некалькі хвілін прыйшоў старшыня мясцкома і паздымаў з дошкі ўсе фатаграфіі.

— Будзем мяняць,— растлумачыў ён.— Заўтра павесім новыя. Паглядзім, што пакажуць вынікі спаборніцтва.

Усе ў брыгадзе павесялелі і гатовы былі забыцца на тое, што партрэт іхняга брыгадзіра знік з дошкі раней за астатнія партрэты. Не забываўся на гэта толькі сам Віталь Шчупак. На сэрцы ў яго застаўся нейкі трывожны асадак. Не знікаў гэты асадак і ў час работы, хоць сёння ўсё ішло як быццам бы і добра.

Віталь Шчупак быў віртуозам сваёй справы. Варта было паглядзець на яго ў тыя хвіліны, калі ён фарміраваў ці расфарміроўваў таварныя саставы, што бесперапынна прыбывалі на вузел! Федзя Цімафееў параўнаў аднойчы Шчупака з дырыжорам аркестра. Ён і сапраўды падобен быў на дырыжора. Толькі замест палачкі ў руках у яго сігнальны флажок. Але да гэтага флажка чыгуначнікі на пуцях прыглядаюцца, мабыць, куды больш уважліва, чым музыканты ў аркестры да дырыжорскай прылады.

Вось стаіць ён на міжпуцці — высокі, рукасты, са славутым сваім чубам над ілбом, і пільна глядзіць уперад. Перад ім веерам разыходзяцца пуці, на якія ён павінен расфарміраваць цяжкавагавы састаў, што прыбыў нядаўна з Масквы. Шчупак паварочваецца тварам да маняўровага паравоза і ўзмахвае флажком. Гэты ўзмах заўважылі ўсе — машыніст, стрэлачнікі, счэпшчыкі, башмачнікі. Састаў уздрыгвае і паслухмяна рушыць за паравозам. Міма Шчупака праплываюць цяжкія платформы з кантэйнерамі, вагоны з вугалем, цыстэрны з гаручым, лядоўні з прадуктамі... Віталь уважліва прыглядаецца да кожнага вагона, чытаючы крэйдавую разметку на сценках. Калі састаў заходзіць за стрэлку, Віталь зноў узмахвае флажком. У адказ чуецца ражок стрэлачніцы і следам за ім гудок паравоза. Счэпшчык ляскае ручкай аўтасчэпкі, машыніст пераводзіць рэверс, і састаў ідзе назад. Але частка вагонаў, што адчапіў счэпшчык, адрываецца ад саставу і з гулам і грукатам коціцца ўперад, бо рэйкі маюць пакат. Там вагоны чакае башмачнік: ён спрытным рухам кладзе на рэйку тармазны башмак, і вагоны спыняюцца.

А саставіцель тым часам зноў узмахнуў флажком, на гэты раз трошкі інакш. Машыніст адразу зразумеў гэты перасцерагальны сігнал і прытармазіў састаў. Рыпяць тармазныя калодкі. Потым зноў узмах флажка, і паравоз штурхае новую групу вагонаў. Яны накіроўваюцца на другі пуць, куды стрэлачніца паспела перавесці ўжо стрэлкі і куды хутка перабег башмачнік.

Яшчэ і яшчэ пасылае Шчупак уперад адчэпы, і кожны з іх ідзе на свой, загадзя вызначаны, пуць. Адтуль дыспетчару лёгка будзе накіраваць іх у пункты выгрузкі.

Так, сёння ўсё ідзе вельмі добра. Ва ўсякім разе, добра ішло да поўдня, і Віталь збіраўся ўжо быў з радасці шчодра дараваць невядомаму падбухторшчыку ранішняй трывогі ягоны незразумелы ўчынак, але раптам машыніст маняўровага паравоза Карпюк, чалавек ужо немаладога веку, сказаў:

— Усё! Паліва скончылася!..

Паравоз даў гудок і прыпыніўся.

Гэта было поўнай нечаканасцю. Шчупак у першы момант настолькі разгубіўся, што нават не знайшоўся што сказаць, і задаў зусім недарэчнае пытанне:

— Чаму скончылася?

— А таму, што ўсё ў свой час канчаецца.

— Дык едзьце на склад, чаго ж вы сталі?!

— Эге, мяне нават і раніцой туды не пусцілі, не тое што цяпер. Трэба было раней, кажуць.

Паравоз стаяў якраз недалёка ад стрэлкі Люсі Шапавалавай. Выслухаўшы гэтую размову, дзяўчына нерашуча спытала:

— Хіба на складзе няма паліва? Там жа яго цэлыя горы.

— Паліва, вядома, ёсць. Але людзям там цяпер не да нас. Яны з паязнымі машынамі ледзь-ледзь упраўляюцца. З маняўрушкай і не сунься, усё адно стаяць будзеш. Кранаў жа на складзе ўсяго толькі два, ды і на тых адны дзяўчаткі працуюць...— Машыніст скоса зірнуў на Люсю і дадаў: — Во такія самыя...

Люся нахмурыла бровы, задумалася. Потым неўзаметку паглядзела на Віталя Шчупака. Твар у яго быў усё яшчэ разгублены.

— А што, каб нам самім паехаць?..— нясмела прамовіла Люся.— Няўжо мы не здолеем накарміць гэтай няшчаснай «авечкі»!

— А і сапраўды! — усклікнуў Шчупак.— Бліскучая ідэя! Што вы на гэта скажаце, таварыш Карпюк?

Машыніст не паспеў адказаць,— Люся хутка гаварыла далей, развіваючы сваю думку і сама радуючыся ёй:

— У нас жа ўсе вунь якія малайцы. Стрэлачнікаў, глядзіце, чатыры. Два застануцца, а два паедуць, праўда? Возьмем яшчэ башмачніка ды счэпшчыка. У момант управімся!

Даведаўшыся пра Люсін план, Федзя Цімафееў з самым сур’ёзным выглядам заявіў:

—А я што вам казаў? Я даўно казаў, што нам абавязкова трэба мець на брыгаду хоць адну разумную галаву.

— Паехалі! — даў каманду тады машыніст.

— Па конях! — дадаў Федзя.

Віталь Шчупак хутка дамовіўся з дыспетчарам, каб паравоз прапусцілі на вугальны склад. І там яны самі, без дапамогі крана, за якія паўгадзіны насыпалі поўны тэндар вугалю.

А калі вярталіся назад і Люся крыху адстала, каб па сваёй звычцы прайсціся адной, ёй насустрач папалася спісчыца вагонаў Тамара Яблонская. Тая хацела была прайсці міма, але стрэлачніца прыпыніла яе і з выклікам сказала:

— А гэта яшчэ невядома, ці спраўдзяцца вашы словы наконт таварыша Шчупака.

— Якія словы?

— А тое, што ён не зарабіў, каб заставацца на дошцы Гонару.

Тамара Яблонская перасмыкнула плячыма. Сказала абыякава:

— Вы думаеце, мяне гэта хвалюе? Ані во столечкі!

І, перасмыкнуўшы яшчэ раз плячыма, Тамара пайшла ад Люсі сваёй паважнай роўнай хадою.

«А ўсё ж яна вельмі прыгожая...» — уздыхнуўшы, падумала Люся і пабегла да сваёй стрэлкі.

Там яе чакаў Віталь Шчупак. Люся сумелася.

— Вось вы якая...— прамовіў Віталь і ўсміхнуўся.— А я і не думаў... Вы мяне выручылі, Люся. Дзякую вам.

— Вас выручыла? Я мела на ўвазе брыгаду. Значыцца, і сябе таксама.

— Ну, пэўна. Але хто адказвае за брыгаду? Я. А хіба здагадаўся б я паехаць самім на склад? Гэтага ў нас ніколі не было заведзена. І думка такая нават не ўзнікала, хоць праз вугаль прыходзілася-такі сяды-тады стаяць. А вы падказалі. Выходзіць — выручылі ўсё ж мяне, бо іменна брыгадзіру трэба было шукаць выйсця. Таму дзякую яшчэ раз.

— Няма за што. Я нават і сама не ведаю, як гэта мне прыйшло ў галаву...— прызналася Люся.

Віталь Шчупак зноў усталяваўся на міжпуцці — высокі, рукасты, з раскошным чубам над ілбом. І, паслухмяныя яго волі, зноў пабеглі па рэйках вагоны — кожны на сваё, загадзя вызначанае месца. І да самага канца дзяжурства несціхана гучалі ў паветры гудкі паравоза, спявалі ражкі стрэлачнікаў, рыпелі тармазныя башмакі.

Сонца зайшло якраз у тую хвіліну, калі шчупакоўцы расфарміравалі трэці за дзень звышпланавы састаў.

З дзяжуркі выйшла новая брыгада. Месца Віталя Шчупака заняў яго зменшчык.

Шчупакоўцы накіраваліся ў дзяжурку, на планёрку. Люся, як і звычайна, ішла апошняй. Неўзабаве яна заўважыла, што Федзя Цімафееў пачаў адставаць, а потым і зусім прыпыніўся. Калі дзяўчына параўнялася з ім, Федзя сказаў:

— Даю галаву на адсячэнне, што мы наставілі сёння нос альшанаўцам. Як вы думаеце?

— Заўтра будзе відаць.

— Дарэчы, я даўно хацеў спытаць...— гаварыў далей Федзя.— Чаму гэта вы пасля дзесяцігодкі падаліся ў стрэлачніцы? Конкурсу ў інстытут не вытрымалі?

— Не, на конкурс я і не падавала.

— Надумалі, што стрэлачніцай быць лепей, чым інжынерам?

— Не, надумала, што спачатку трэба пабыць стрэлачніцай, а потым ужо ў інстытут падавацца. Бо які ж з мяне інжынер будзе, калі я не ўведаю, як стрэлкі пераводзяцца.— Люся стрымана ўсміхнулася.— А пасля інстытута нялоўка было б ісці ў стрэлачніцы.

— Слушна...— згадзіўся Федзя.

Заўважыўшы ў Люсіных руках кнігу, ён спытаў:

— А што вы чытаеце? Дазвольце паглядзець?

Федзя дакрануўся да кнігі, але Люся нечакана рэзка схавала руку за спіну. У гэты момант кніга выслізнула з рукі і ўпала на зямлю. З кнігі нешта вывалілася.

Яны адначасова нагнуліся над кнігай. Але Федзя паспеў першы ўзяць тое, што вывалілася з яе. Гэта быў белы кардонны чатырохвугольнік памерам у звычайную паштоўку.

— Аддайце! — крыкнула Люся, вырываючы ў яго з рук кардонку.

На адваротным баку кардонкі Федзя ўбачыў фатаграфічны партрэт, на якім перш за ўсё кідаўся ў вочы раскошны мужчынскі чуб.

— Даруйце...— вінавата сказаў Федзя і накрыў партрэт кнігай.

Дзяжурка была ўжо блізка. Нейкі час Федзя і Люся ішлі моўчкі. Потым, немаведама чаго, Федзя паспешліва пачаў расказваць, што ў горад прыязджае балгарская эстрада, затым паведаміў, што ў яго ёсць сястра, якую таксама завуць Люся.

Каля ўвахода ў дзяжурку стаяў Віталь Шчупак.

— Вось што, таварыш брыгадзір,— сказаў Федзя, калі яны з Люсяй падышлі да Шчупака,— мне трэба паведаміць табе адну навіну.

— Цікавую?

Люся адвярнулася і пачала ўважліва разглядаць свае басаножкі...

— У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Я і забыўся, што ў мяне адна тэрміновая справа ёсць. Білеты, здаецца, у мяне? Ага, вось яны. На, вазьмі. А каб мой білет не прапаў, я дамовіўся з Люсяй, яна можа пайсці, у яе якраз свабодны вечар.

— Федзя, што вы...— здзіўлена пачала Люся. Але Федзя не даў ёй дагаварыць.

— Віталь, ты не будзеш пярэчыць? Нашай стрэлачніцы дужа хочацца паглядзець гэты фільм.

Віталь Шчупак не зводзіў вачэй з Люсі. І Федзя мог бы паклясціся, што яго брыгадзір раптам убачыў на твары стрэлачніцы тое, чаго раней ніколі не заўважаў: дзве чароўныя ямачкі на шчаках і вялікія трапяткія вейкі пад пышнымі бровамі.